|
Алег Шнэк
Успаміны з жыцьця ў Аўстраліі346
Праца й сям’я
Я, Алег Шнэк, нарадзіўся 7 лютага 1930 году.
Нэапаль, Італія, 27 красавіка 1950 году на караблі U.S.A.S. General A.W. Greely нашая сям’я: мой бацька Сьцяпан Шнэк, маці Аўгенія Шнэк (Даўгалевіч), брат Уладзімір, я — Алег і сястра Ліна. Ужо 20 траўня 1950 году мы прыбылі ў Мэльбурн і адразу цягніком направіліся ў часовы лягер у невялікім горадзе Банагіла, куды зьмяшчалі новапрыбылых эмігрантаў. Тут офіс працы прапанаваў альбо з згоды накіроўваў на розныя працы. Кожны эмігрант (DP) яшчэ перад ад’ездам павінны быў падпісаць працоўны кантракт на два гады, за тое везьлі нас у Аўстралію бясплатна.
Праз два тыдні пасьля прыбыцьця ў Банагілу я й мой сябра зь Нямеччыны Фанік Корбут ды яшчэ якіх з 30 маладых хлапцоў выехалі ў Мэльбурн працаваць на чыгунцы. Я пачаў працаваць на станцыях, як у той час называлі, “портэрам” (зараз гэта называецца station assistant), гэта поўная абслуга станцыяў. На чыгунцы я адпрацаваў шэсьць гадоў, за якія ўвесь час вучыўся ўсяму, што датычыць абслугі станцыі, і атрымаў чын — заступнік начальніка станцыі. Затым перавучыўся на сыгналізацыю, гэта цікавіла мяне больш, атрымаў усе пасьведчаньні па сыгналізацыі й бясьпецы руху цягнікоў і чын дыспэтчара чацьвертае клясы.
Але гэтая праца адымала вельмі шмат ад вольнага часу, і я вырашыў зьмяніць яе, каб мець сталы працоўны час і займацца тым, што мяне больш цікавіла. Марыў пайсьці вучыцца ў тэхналягічны інстытут (Royal Melbourne Institute of Technology), каб набыць новую прафэсію, якая мяне заўсёды прыцягвала — тэхнічнае чарчэньне. Таксама хацелася больш займацца беларускімі грамадзкімі справамі й асабліва спортам і скаўтынгам.
Дзеля гэтага я спачатку ўладкаваўся на фабрыку абутку закройшчыкам, на што атрымаў афіцыйнае пасьведчаньне, а затым стаў нарміроўшчыкам па хуткіх і прадукцыйных вырабах. Але хоць гэта была цікавая й добрааплатная праца, я паступіў на вячэрні курс у тэхнічную школу ў раёне Гленрой. Гэта было абавязкова патрэбна, каб здаць іспыты й атрымаць рэкамэндацыю ад дырэктара для паступленьня ў тэхналягічны інстытут. Пасьля чатырох гадоў вячэрніх курсаў я атрымаў пасьведчаньне тэхнічнага чарцёжніка. Адразу па заканчэньні інстытута пачаў працаваць чарцёжнікам. Спачатку тры гады на заводзе, пазьней уладкаваўся шмат бліжэй да дому на тэлефоннае прадпрыемства “Эрыксан”, дзе трэба было выконваць працу як мэханічную, так і электронную й дакумэнтацыю. Таму ўправа “Эрыксана” паслала мяне на курсы электронікі й дакумэнтацыі ў тэхналягічны коледж Прэстану, дзе я атрымаў пасьведчаньне, дастатковае для маёй працы. Пазьней я перайшоў на кантракты й працаваў для вайсковай радарнай сыстэмы ды ў іншых месцах. Працу скончыў як Senior Design Draughtsman (галоўны чарцёжнік. — Н.Г.). Адгэтуль і выйшаў на пэнсію.
У міжчасе я быў сябрам клюбу аматараў радыётэлефона й належаў да Мастацкага Клюбу Гленрой, але гэта толькі як хобі. У 1955 годзе ажаніўся з Вольгай Хамутоўскай, і ў нас нарадзіліся трое дзяцей: два сыны Георгі (Юрка) і Пэтэр ды дачка Луіза, на вялікі жаль, на 33-м годзе жыцьця яна памерла. Пасьля сямнаццаці гадоў супольнага жыцьця з Вольгай мы разышліся, але да гэтага часу трымаем нармальныя адносіны.
Яшчэ ў 1951 годзе мы з братам Уладзімерам і маці купілі хату ў вельмі добрым месцы Муні-Пондс і пасьля шасьці гадоў прадалі, а замест набылі блёк зямлі ў раёне Гленрой, дзе я й пабудаваў амаль усю хату сам. У 1952 годзе, адпрацаваўшы год у Сыднэі, мой бацька Сьцяпан пераехаў да нас у Мэльбурн, але ў хуткім часе памёр трагічнай сьмерцю.
Брат і сястра мелі свае сем’і. У брата дзьве дачкі Люся й Рэня, і ў сястры таксама дзьве, Ліза й Джулі.
Увесь час пры нагодзе я стараўся дадаткова працаваць як цясьляр, маляр і г.д., пераважна ў партнэрстве з маім добрым сябрам Віктарам Мельнікам. Таксама яшчэ ў 50-х гадах трэба было дапамагаць сябрам Беларускага Аб’еднаньня будаваць свае хаты на так званай талаке.
Ужо доўгі час як я спаткаўся з надзвычай добрай жанчынай Нінай Флейшэр. Яна мне вельмі спадабалася, выглядае, што й я ёй. Мы набылі добрую хату вельмі блізка ад мора, і нам абаім вельмі падабаецца падарожнічаць. За гэты час мы аб’езьдзілі шмат краінаў па Эўропе, Азіі, па трапічных выспах. У 1993 годзе пабываў я нават у Беларусі, Расеі й Англіі. Ведама, падарожнічаем мы й па Аўстраліі й Новай Зэляндыі. Разам мы належым да некалькіх клюбаў, што дае нам магчымасьць з групамі езьдзіць на экскурсіі й пікнікі ды мець шмат сяброў.
Нататкі з грамадзкай дзейнасьці
Яшчэ ў школьныя гады я быў акцябронкам і піянэрам, а калі ў часе Другой Сусьветнай вайны ў Слуцку сфарміраваўся Саюз Беларускай Моладзі, я адразу стаў юнаком СБМ, а ў хуткім часе й Дружыновым (дружына — 12 хлопцаў). Тут я спазнаў праўдзівую беларускую гісторыю. Упэўнены, што той, хто быў юнаком СБМ, ужо ніколі ня здрадзіць сваёй Бацькаўшчыне.
Па заканчэньні вайны, будучы ў беларускім лягеры Ватэнштэт, я адразу ўступіў у Першы Сьцяг Беларускіх Скаўтаў і Беларускае Спартовае Аб’еднаньне пры групе YMCA. Удзельнічаў ва ўсіх паходах, спаборніцтвах, скаўцкіх зьлётах, улучна з самым найвялікшым скаўцкім зьлётам, які адбыўся 7 ліпеня 1947 году ў горадзе Мітэнвальд (Баварыя), дзе нас з Ватэнштэту было блізу 30 хлопцаў і дзяўчат. Пазьней да нас далучыліся яшчэ шэсьць хлопцаў зь беларускага лягеру Міхельсдорф (амэрыканская зона). На заканчэньні зьлёту мы паказалі ў агульным заліку найлепшыя вынікі ва ўсіх спаборніцтвах, у тым ліку спартовых, і ў выступах на разьвітальным вогнішчы. Гэта прыблізна з трох тысячаў скаўтаў, што бралі ўдзел у зьлёце!
Як сябра Беларускага Спартовага Аб’еднаньня я таксама быў рэзэрвовым грачом валейбольнай дружыны, якая заняла першае месца на спаборніцтвах у ангельскай зоне. Капітанам валейбольнай дружыны быў ведамы спартовец, мой сябра да канца Юрка (Жорж) Хахолка.
У той арганізацыі YMCA / YWCA недалёка ад гораду Брэмэн залажылі курсы для моладзі з шырокай праграмай навучаньня: радыётэхнікі, сталярства, будоўлі, фізычнага выхаваньня й шмат іншага. Я падаў заяву на спорт, і пасьля трох месяцаў напружанага вывучэньня тэорыі й практыкі ўсіх відаў спорту, лёгкай атлетыкі й гімнастыкі, я атрымаў дыплём як кіраўнік ва ўсіх відах фізычнага выхаваньня хлопцаў.
Пад канец нашага жыцьця ў лягеры Ватэнштэт я служыў у лягернай паліцыі й разам з Нэляй Навіцкай, таксама скаўткай, чыталі гэтак званую “Жывую Газэту”. Кожны тыдзень у лягернай залі мы прадстаўлялі астатнія навіны з радыёперадачаў і лісты, дасланыя ад людзей, што выехалі ў розныя краіны сьвету: ЗША, Англію, Францыю, Бэльгію, Аўстралію й іншыя. Памятаю вельмі добра, як я чытаў ліст ад спадара Міхася Бурноса з Аўстраліі.
Пішу гэта як бы прадмову да маёй грамадзкай дзейнасьці ў Аўстраліі. Я заўсёды цьвёрда верыў і верыць буду, што праца з моладзьдзю й асабліва ў галіне нацыянальнага спорту для папулярызацыі сваёй нацыі мае самае вялікае значэньне. І галоўнае, што спорт злучае й трымае разам і хлопцаў, і дзяўчат. Але спорт трэба падтрымліваць, усёй грамадой падтрымліваць!
Адразу па прыезьдзе ў Мэльбурн мы з маім ватэнштэцкім сябрам Фанікам Корбутам даведаліся, што тут ужо існуе Беларускі Клюб, які знаходзіцца ў памяшканьні YWCA. Пазнаёміўшыся з удзельнікамі Клюбу, я даведаўся, што адзін зь іх, Аляксандар Грыцук, быў сябрам беларускага скаўтынгу ў Аўстрыі. Запрапанаваў яму й іншым сабрацца, абгутарыць і арганізаваць скаўцкую адзінку ў Мэльбурне, каб аб’яднаць як мага больш беларускай моладзі ў Аўстраліі. Так быў заснаваны скаўтынг у Мэльбурне. Пазьней сюды прыехаў мой брат Уладзімер Шнэк, і скаўтынг прыняў больш належную форму. Да гэтага часу я ўжо сабраў досыць грошай на залог для куплі сваёй хаты, што мы й зрабілі. Нашая хата ў Муні-Пондс дала прытулак скаўтынгу. Мы спрабавалі стварыць групу народных танцаў (але безвынікова), арганізавалі групу выкананьня спэктакляў і скетчаў, якія сапраўды мелі нядрэнны посьпех.
Беларускі зьвяз хлопцаў і дзяўчат стаў называцца “Ўсяслаў Чарадзей” і, каб усё было як належыць, быў заснаваны аддзел моладзі пры арганізацыі Беларускі Вызвольны Рух (пазьней зьменена на Беларускі Вызвольны Фронт), начальнікам Краёвага Штабу на Вікторыю стаў Сяргей Розмысл. Кіраўніком аддзелу моладзі — Уладзімер Шнэк.
Каб скаўтынг не застаўся толькі ў Мэльбурне, мы зьвярнуліся да спадара М. Булаўскага, былога скаўта, які жыў у Сыднэі, каб ён прыняў агульнае кіраўніцтва над беларускім скаўтынгам на Аўстралію, і дапамог стварыць аддзелы ў іншых гарадах. Спадар Булаўскі ахвотна прыняў гэтую прапанову. На адной скаўцкай зборцы сябры Алег Шнэк, Аўген Груша, Зьмітро Груша, Уладзімер Бахітаў, Віктар Смольскі, Лявон Сьвяты і Ўладзімер Шнэк вырашылі заснаваць футбольную каманду пад назовам “БВР—Зубр”. Я заўсёды быў сакратаром створанага Спартовага Клюбу БВР, бо гэта вымагала найбольш працы. Па-першае, патрэбна было зарэгістравацца ў Футбольнай Фэдэрацыі Вікторыі, атрымаць усё, што да гэтага належыць. Першы год, як і ўсе іншыя новыя каманды, нас улучылі ў гэтак званую “пробную групу”, дзе мы занялі першае месца й атрымалі кубак. На наступны год нас перавялі ў групу “4”.
Далей Футбольная Фэдэрацыя вырашыла ўзяць прыклад з Англіі, і кожны клюб павінны быў дадаць да назову месца, дзе гэты клюб знаходзіцца, і мы сталі называцца “БВФ Яравіл—Зубр”.
Зразумець, колькі трэба прыкласьці намаганьняў і працы да ўтрыманьня футбольнай каманды ў нашай сытуацыі, без фінансавых сродкаў, у нястачы сваіх грачоў і ў той самы час працуючы на пражыцьцё, можа толькі той, хто да гэтага меў дачыненьне.
Праца сакратара, ведама, з падтрымкай сяброў, складалася з падрыхтоўкі поля, брамаў, лініяў і сьцяжкоў на полі, раскладу гульняў, судзьдзяў, паведамленьня вынікаў гульняў ды іншых справаў, зьвязаных з футболам. Да таго яшчэ нагляд за ўніформай, мячамі, і самае галоўнае, забесьпячэньне складу каманды й набыцьцё фінансаў. Для гэтага мы пэрыядычна рабілі платныя забавы (балі, часам маскарады, пікнікі, лятарэі й іншае). Скарбнікам клюбу ўвесь час быў Аўген Груша, які выконваў свае абавязкі вельмі сумленна, найперш збор сяброўскіх складак.
Нашая футбольная каманда праіснавала чатыры гады, заўсёды з добрымі вынікамі, але з прычыны недахопу грачоў, фінансаў і нецікавасьці нашай грамадзкасьці мы вырашылі спыніць яе дзейнасьць і заснаваць валейбольную каманду з назовам “БВФ Зубр—Гленрой”, бо наша пляцоўка знаходзілася ў месцы Гленрой. Замест футбольных зялёных кашуляў здабылі белыя безрукаўкі. Валейбольная каманда праіснавала таксама чатыры гады з добрымі вынікамі, кожны год на другім месцы.
У той самы час я належаў да баксэрскага клюбу, але толькі дзеля трэнінгу.
Я заўсёды быў актыўным сябрам ва ўсіх беларускіх арганізацыях. Належаў да стваральнікаў Камітэту Набыцьця Беларускага Дому ў Байбруку і быў адным зь фінансавых складчыкаў. Галоўным загадчыкам Дому быў спадар Уладзімер Сідлярэвіч. Я браў самы актыўны ўдзел у рамонце, абслузе й усіх працах на працягу існаваньня Беларускага Дому. Адразу пасьля набыцьця Дому афармленьне сцэны, дэкарацыя, асьвятленьне й іншае было зроблена мной, Уладзімерам Шнэкам і маім добрым сябрам Віктарам Мельнікам. Дапамагаў заснаваньню й утрыманьню беларускай школы для дзяцей, галоўнымі ініцыятарамі якой і настаўнікамі былі спадар Адам Жураўлевіч, спадар Уладзімер Сідлярэвіч, спадар Мікола Нікан і спадарыня Лілія Яцкевіч.
Цягам усяго жыцьця тут у Мэльбурне мы штогод сьвяткуем усе нашыя нацыянальныя сьвяткаваньні: як 25 Сакавіка — дзень абвяшчэньня ў 1918 годзе незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Другі Ўсебеларускі Кангрэс 1944 году і Слуцкае збройнае змаганьне 1920 году. Маім абавязкам было й ёсьць да сёньняшняга дня падрыхтаваць сцэну з адпаведнымі плякатамі, асобна да кожнага сьвяткаваньня. У пачатку нашага жыцьця тут на сьвяткаваньне Слуцкага збройнага змаганьня Ўладзімер Шнэк, як афіцэр Беларускай Краёвай Абароны, перад макетам магілы зь бярозавым крыжам загінуўшаму жаўнеру чытаў рэфэрат на тэму дня ды пасьля хвіліны цішыні чытаў імёны ведамых загінуўшых змагароў, а я, заўсёды ў скаўцкай уніформе, пасьля кожнага прозьвішча адказваў: “Загінуў за Бацькаўшчыну!” Пазьней, калі прозьвішчаў стала вельмі шмат, каб скараціць час, прозьвішчы чыталіся ўсе разам і па заканчэньні я адказваў адзін раз: “Загінулі за Бацькаўшчыну!”
Астатнім часам мой абавязак ад Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі быў падрыхтаваць і прачытаць на ўсіх сьвяткаваньнях рэфэраты на тэму дня.
З таго часу як старшынём Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі быў абраны спадар Аўген Груша, я заўсёды займаў становішча заступніка старшыні.
У 1993 годзе спадар М. Сазановіч з Сыднэю запрасіў старшыню Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” Аўгена Лецку ў Аўстралію, які прыехаў з намерам запрасіць прадстаўнікоў мясцовых беларусаў на Першы Зьезд Беларусаў Сьвету, што меў адбыцца ў Менску 8—10 ліпеня 1993 году. З Сыднэю спадар Лецка прыехаў да нас у Мэльбурн і затым у Адэляйду. Я з прыемнасьцю прыняў гэтую магчымасьць наведаць Беларусь і як прадстаўнік ФРБАА, а мой брат Уладзімер Шнэк як прадстаўнік Беларускага Вызвольнага Фронту 17 чэрвеня 1993 году адправіліся ў Беларусь.
Першае спатканьне зь беларусамі адбылося ў Маскве. На аэрадроме нас сустрэў Антон Сабалеўскі — сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў Маскве. Якое незабыўнае ўражаньне было ўбачыць наш бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры Масквы над будынкам консульства Рэспублікі Беларусь! Пазьней былі знаёмствы зь сябрамі Таварыства Алесем Глодам, Іванам Глодам і, дзякуючы спадарыні Анне М. і спадару Алесю Глоду, тры дні мы прыемна вандравалі па Маскве.
Прыехалі ў Менск 4 ліпеня 1993 году. Спаткалі нас Аўген Лецка й спадар Стук. Стаялі мы ў гатэлі “Беларусь”. На ўсіх афіцыйных мерапрыемствах я выступаў як сябра ўправы ФРБАА, дэлегат на ІІІ Усебеларускай Палітынай Канфэрэнцыі 6—7 ліпеня 1993 году, дэлегат на Першым Зьездзе Беларусаў Сьвету 8—10 ліпеня 1993 году.
На другі дзень Зьезду я прачытаў прывітаньне ад ФРБАА і быў запрошаны ў Прэзыдыюм, дзе заставаўся да канца. На заканчэньне Зьезду, па рэкамэндацыі Аўгена Лецкі, я быў выбраны ў Вялікую Раду Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”.
Пасьля афіцыйнай часткі для ўдзельнікаў была арганізаваная паездка па паўднёва-заходняй частцы Беларусі. Мы наведалі славуты Жыровіцкі манастыр, слаўны Мірскі замак, Белую Вежу, Белавескую пушчу, засталіся на ноч у тым самым гатэлі, дзе ў 1991 годзе Станіслаў Шушкевіч (ад Беларусі), Леанід Краўчук (ад Украіны) і Барыс Ельцын (ад Расейскае Фэдэрацыі) падпісалі пагадненьне аб утварэньні СНД, гэта было канцом Савецкага Саюзу. Затым паехалі ў горад Брэст і пабачылі ўсім ведамую Брэсцкую крэпасьць, а наступна спыніліся ў горадзе Пінску, дзе наведалі некалькі цэркваў. Пазьней паволде маёй просьбы, хоць гэта было не зусім па дарозе, заехалі ў горад Слуцак, куды мы накіраваліся на даўжэйшы час праз пару дзён.
Я меў адмысловую прамову на сьвяткаваньні ў дзіцячым лягеры “Зубраня” на возеры Нарач. Быў запрошаны Міністэрствам Культуры Рэспублікі Беларусь у Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры ў Менску.
Быў таксама ў Лідзе на сьвяце, прысьвечаным Дню Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, дзе пры адкрыцьці помніку Францішку Скарыну перад шматтысячным натоўпам прывітаў лідчанаў ад беларусаў Аўстраліі. На другі дзень быў запрошаны ў Прэзыдыюм на літаратурным зьезьдзе гораду Ліды.
У часе нашага побыту ў Слуцку былі мы запрошаныя ў музэй гораду й затым на вельмі добры пачастунак, прыгатаваны супольна з Клюбам міліцыі гораду. У часе побыту ў Беларусі мне пашанцавала пазнаёміцца з шматлікімі значнымі асобамі, як Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, Петра Краўчанка — міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь, Зянон Пазьняк — старшыня Беларускага Народнага Фронту, Ганна Сурмач, Лідзія Савік і шмат-шмат іншых, і афіцэраў узброеных сілаў, і прадстаўнікоў ураду, прэсы, тэлебачаньня. Таксама правёў двухгадзінную дыскусію з Алегам Трусавым на тэму, які крыж мае быць правільным на шчыце Пагоні, ці “патрыяршы”, як ён называў, ці гістарычнае двукрыжжа. Я базаваўся на наш пратэст, высланы ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь супраць “патрыяршага”.
Зь Беларусі мы яшчэ наведалі Англію, дзе ў горадзе Лідс жыў мой вельмі добры сябра яшчэ зь Нямеччыны Жорж Хахолка, капітан ватэнштэцкай валейбольнай каманды. Ён быў трэнэрам валейбольнай жаночай каманды, якая заняла другое месца на эўрапейскіх спаборніцтвах. У Лёндане мы адведалі таксама спадарыню Алену Міхалюк.
Па прыезьдзе зь Беларусі маёй афіцыйнай функцыяй пры Беларускім Цэнтральным Камітэце ў Вікторыі была лучнасьць з рознымі замежнымі краінамі.
Я заўсёды браў самы актыўны ўдзел у запросінах і прыёме гасьцей як зь іншых гарадоў Аўстраліі, так і зь Беларусі й іншых краінаў сьвету. Так, увесь час у нас стаяла частка групы Ганны Сурмач. Фільмоўцы таксама спыняліся ў нас. Жорж Хахолка з Англіі, Аўген Лецка былі ў гасьцях і шмат хто зь іншых гарадоў Аўстраліі.
Я заўсёды забясьпечваў транспарт для прыёму гасьцей і для падарожжаў па прыгожых мясьцінах Вікторыі, асабліва замежным гасьцям, а таксама дзецям з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі.
Неяк яшчэ калі жыў у Гленроі (раён Морэланд), я даведаўся, што ёсьць магчымасьць узьняць там наш беларускі нацыянальны сьцяг на дзень, які адпавядае нацыянальнай ідэі. Ведама, гэта 25 Сакавіка — Дзень Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Я адразу зьвярнуўся да Аляксандра Грыцука, які таксама жыве ў тым раёне, і мы даведаліся, у якія дні адбываюцца сустрэчы этнічных групаў. Прыехалі на сустрэчу й зарэгістраваліся як “Беларускае Аб’еднаньне”. У далейшым да нас далучыўся Аўген Груша, і мы рэгулярна наведвалі ўсе сустрэчы. 25 сакавіка ў прысутнасьці сяброў нашага клюбу, а, дарэчы, грэкі маюць нацыянальнае сьвята ў той самы дзень, служачая ўправы Морэланд узьняла на флагштокі адразу два сьцягі: наш бел-чырвона-белы й блакітны зь белым сьцяг Грэцыі. Яны правіселі там як належыць цэлы тыдзень.
Ад таго часу як я стаў заступнікам старшыні ўправы ФРБАА, я заўсёды быў адным з дэлегатаў ад яе на сустрэчах з прадстаўнікамі парлямэнту штату Вікторыя й міністрамі Фэдэральнага парлямэнту Аўстраліі. Меў сустрэчу з фэдэральным міністрам іміграцыі спадаром М. Радэкам, каб дамагчыся палітычнага статусу імігрантаў зь Беларусі. Таксама было некалькі сустрэчаў з прэзыдэнтам Камісіі па шматкультуралізму парлямэнту Вікторыі спадаром Б. Раманівам.
У Мэльбурне таксама адбылася сустрэча з будучай амбасадаркай Аўстраліі ў Маскве спадарыняй Пэтай Шэпэрд у пытаньні візаў у Аўстралію для беларусаў. Былі сустрэчы зь Нікаля Роксан, ценявым міністрам іміграцыі, якая зрабіла для нас і Беларусі вельмі шмат. І шмат іншых сустрэчаў.
Яшчэ адзін мой абавязак ёсьць напісаньне афіцыйных лістоў ва ўрадавыя ўстановы ад ФРБАА і БЦКВ. Адным з важных пытаньняў, якое закраналася ў стасунках з Алімпійскім Камітэтам Аўстраліі напярэдадні Алімпіяды 2000 году ў Сыднэі, была нашая просьба невызнаньня паўнамоцтваў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Ад 3 студзеня 1992 году з прычыны сьмерці маёра Міхася Шэкі, згодна з Статутам Беларускага Вызвольнага Фронту, я быў вызначаны начальнікам Краёвага Штабу БВФ у Аўстраліі.
Ужо доўгі час таксама зьяўляюся сябрам парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а таксама сябрам Беларускага Сацыяльнага Клюбу ў Мэльбурне.
На пашыраным паседжаньні ўправы Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі 15 кастрычніка 2003 году аднагалосна быў абраны яго старшынём.
На запрашэньне сакратара Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня Аўстраліі Віктара Кавалеўскага як прадстаўнік БВФ у Аўстраліі прысутнічаў на сьвяткаваньні 25-годзьдзя Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі з дэлегацыяй з Мэльбурну.
Важна дадаць, што дзякуючы падтрымцы маёй жонкі Ніны грамадзкая праца давалася мне шмат лягчэй. Усё, што датычыла прыёму гасьцей і падрыхтовак да агульных сяброўскіх пачастункаў на беларускія сьвяткаваньні, Ніна заўсёды брала ў гэтым самы актыўны ўдзел. Сьпявала ў жаночым хоры беларускія песьні й ня раз выступала солё. І самае галоўнае, гэта тое, што хата нашая, дзякуючы Ніне, была заўсёды гасьціннай для наведнікаў зь іншых гарадоў і краінаў.
Спасылкі:
346 Дасланыя ў лістах увесну 2004 году.
