МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Раецкі Міхась. Успаміны пра Веру Раецкую й іншых беларускіх жанчын Пэрту // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Успаміны
Краiна: Аўстралія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Успаміны пра Веру Раецкую й іншых беларускіх жанчын Пэрту341

Вера нарадзілася 7 ліпеня 1932 году ў Ленінградзе. Бацька Мікіфар працаваў на чыгуначнай станцыі, маці Натальля была гаспадыняй у хаце. У 1941 годзе ленінградзкае “НКВД” расстраляла Верынага старэйшага брата Івана, а ў 1943-м партызаны замучылі бацьку Мікіфара толькі за тое, што вяскоўцы (на той час яны перабраліся ў Беларусь) абралі яго на старасту. У 1944 годзе маці Веры, зь дзецьмі вывезьлі ў Нямеччыну, горад Любэк. Там старэйшыя дзеці разам з маці працавалі на рыбнай фабрыцы, а Вера, нягледзячы на малады век, мусіла даглядаць малодшых. Пасьля заканчэньня вайны сястра Антаніна з братам Уладзімерам вярнуліся на “Родину”, дзе ўлада працоўных пакарала Антаніну дзесяцьцю гадамі зьняволеньня, а Ўладзімера скіравазі ў “ФЗО”(?).

У Любэку ў 1945 годзе маці Веры выйшла за Леаніда Кавалёва, казака з Дону, які зьмяніў сваю нацыянальнасьць на беларуса, а прозьвішча на Кавалевіч. Прычына зьмены — магчымая прымусовая рэпатрыяцыя савецкіх грамадзянаў. Гэтае прозьвішча ўзяла й Вера, якая разам зь сям’ёй пераехала ва ўкраінскі лягер Гамбург. Што да парадку ў лягерах Эўропы, дык мушу адзначыць, што яны былі арганізаваныя вельмі добра. Мелі сваю адміністрацыю, школы пачатковыя й сярэднія, тэатры, клюбы й бібліятэкі, скаўтаў. Час не марнавалі! Па нейкім часе сям’я Веры пераехала ў латыскі лягер, а адтуль у канцы 1949 году — у Аўстралію. Куды ехаць з Эўропы, асабліва ніхто не выбіраў, бальшыня накіроўвалася туды, дзе набіралі працоўных, абы хутчэй забыцца на вайну й перажытае.

Прыбыла Верына сям’я ў Пэрт 6 студзеня 1950 году. Першай працай, якую ёй далі тут, была праца нянькі ў багатай сям’і грэкаў Міхаледыс. Але таму, што яна для гэтай працы была замаладая, яе перавялі на папяровую фабрыку, а трохі пазьней уладкавалі афіцыянткай у грэцкім рэстаране Вотсіс. Там яна працавала аж пакуль выйшла замуж. Пазнаёмілася Вера зь Міхасём Раецкім на пераломе 1952—1953 году. Але паважна мы пачалі гутарыць між сабою на Вялікдзень 1953 году, два месяцы пазьней мы заручыліся, а 18 кастрычніка 1958 году мы павянчаліся. З тае прычыны, што Вера нарадзілася ў Ленінградзе, першыя два месяцы яна размаўляла са мной па-расейску, але калі гэты час мінуў, перайшла на чысьценькую беларускую мову.

У 1957 годзе ў нас нарадзіўся сын Міхась, у 1960 годзе купілі хату, а ў 1963-м нарадзіўся яшчэ сын, якога назвалі Антось. Сыны былі ахрышчаныя ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве архіяпіскапам Сяргеем. Прыдбаньне дзетак дало нам сілаў і духу для працы ня толькі для сям’і, але й у нашых арганізацыях. Адно, што не паменшала нашае тугі за Бацькаўшчынай! Да гэтага мушу дадаць, што мы ў хаце й дзе б не было размаўляем толькі па-беларуску. Праўда, гэта англамоўным не падабаецца, але Вера ім заўсёды казала: “Я навучылася вашай мове, а чаму вы ня хочаце навучыцца нашай?” І гэта супакойвала іх.

Неабходнасьць быць з суродзічамі можна назваць хваробай кожнага эмігранта, і ён ёсьць безупынна ў пошуках землякоў, каб быць разам і нешта рабіць, што чыніў на Бацькаўшчыне. Так паўстала й нашая грамада ў Пэрце. Першай арганізацыяй, якая была тут створаная, стаў аддзел Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў. Але з увагі на тое, што да яго належалі толькі мужчыны, у 1958 годзе замест аддзелу заснавалі Беларускае Аб’еднаньне ў Заходняй Аўстраліі. Да яго мог належаць хто толькі меў жаданьне. Жанчыны сталі паўнапраўнымі сяброўкамі Аб’еднаньня. Да таго ж у 1956 годзе сьвятар БАПЦ Барыс Камінскі арганізаваў у Пэрце парафію Жыровіцкае Божае Маці. Мэтай дзейнасьці як вэтэранаў, так і Аб’еднаньня было вышукваньне суродзічаў і заахвочваньне іх у беларускай дзейнасьці, супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі ўстановамі й іншымі нацыянальнымі групамі. Тут жанчыны працавалі сябрамі й гаспадынямі. Асабліва Вера брала актыўны ўдзел у антыкамуністычных дэманстрацыях, сьпявала ў царкоўным хоры, але й нямала сваіх сілаў яна прыклала для зарганізацыі радыё. Гэта яна сказала: “Наш сьвяты абавязак пусьціць беларускі голас у этэр. Я ня дам Вам спакою, пакуль гэтага ня зробіце!” Для радыё яна зрабіла ўсё, што трэба: архіў, рассылала праграмы ў іншыя радыёстанцыі, а таксама суродзічам у Амэрыку, Канаду й Эўропу. Яе няма сем з паловай гадоў (памерла 19 ліпеня 1995 году), радыёвысланьні я вяду далей, але штодня ўсё больш адчуваю нястачу ейнае падтрымкі.

Што да дзейнасьці нашае арганізацыі, дык апрача ўнутранай працы па адзначэньні нацыянальных сьвятаў, юбілеяў, гістарычных падзеяў, рэпрэзэнтуем Беларусь перад урадам Аўстраліі й іншымі нацыянальнымі групамі. Маем сваю Грамадзкую Хату, у якой у адной палове адпраўляюцца Божыя службы, а ў другой — справы арганізацыі. Ва ўправе Аб’еднаньня ёсьць дзьве жанчыны. Ды наогул на эміграцыі арганізацыі безь сябровак жанчын ёсьць слаба дзейнымі. Толькі жанчыны ёсьць падмуркам існаваньня сьведамай эмігранцкай групы. Жыць на чужыне ёсьць нялёгка — усё чужое й ніхто цябе ня любіць. Кожны пазірае на цябе з зайздрасьцю, што быццам ты зьеў ягоны кавалак хлеба...

Калі ўзгадаць іншых беларускіх жанчын Пэрту, то можна вызначыць наступных:

Марыя Мароз: паходзіць з Рэчыцы, належыць да царкоўнага хору, даглядае за Беларускай Грамадзкай Хатай, падрыхтоўвае пачастункі для сяброў Беларускага Аб’еднаньня й гасьцей падчас зборак і ўрачыстасьцяў, зьбірае грошы на беларускую прэсу й рассылае яе для падпісчыкаў.

Лінда Ёлаб: рахункавод нашай арганізацыі, прыяжджае толькі на афіцыйныя зборкі. Бываць часьцей перашкаджае праца на пражыцьцё.

Марыя Ёлаб: сакратарка Беларускага Аб’еднаньня й больш году працавала пры высыланьні ў этэр беларускай радыёпраграмы.

Ефрасіньня Дамброўская: сьпявала ў царкоўным хоры, больш як год чытала скрыпты беларускіх радыёпраграмаў. Перарвала чытаньне хвароба.

Ірэна Зайка: жонка айца Ўладзімера, вядзе царкоўны хор, да Беларускага Аб’еднаньня не належыць, але дапамагае пры заарганізаваньні гасьціннасьці для людзей.

Зося Ёлаб: дапамагае ў падрыхтоўцы пачастункаў пасьля зборак і розных урачыстасьцяў.

Магу сьцьвярджаць, што сама прысутнасьць жанчын — аснова дзейнасьці нацыянальных арганізацыяў, а пры тым і шчасьлівай сям’і!

Спасылкі:

341 Гэтыя ўспаміны — вынік ліставаньня зь сьвятой памамяці Міхасём Раецкім, які быў адным зь першых беларусаў Аўстраліі, які зацікавіўся праектам збору інфармацыі пра жанчын на эміграцыі. Спачатку ён даслаў зьвесткі пра сваю памерлую жонку Веру, потым пра іншых беларускіх жанчын Пэрту й пра грамадзкае жыцьцё беларусаў у гэтым аўстралійскім горадзе. Кавалкі лістоў склаліся ў пададзены тэкст, які толькі крыху адрэдагаваны, але захоўвае й інфармацыю, і пачуцьці, і стыль аўтара. Магчыма, расповед атрымаўся б больш поўным, калі б сьмерць Міхася Раецкага не перарвала нашага ліставаньня.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by