МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Лісты Ўладзімера Русака // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Лісты Ўладзімера Русака338

30.09.03

Паважаная Натальля!

У Вашым лісьце, напісаным да Олі Русак, пытаецеся яе, адкуль я паходжу й якім спосабам папаў у Аўстралію. Оля ўголас прачытала Ваш ліст, і тады прыйшоў я да высновы, што лепш мне самому апісаць Вам свой жыцьцярыс. Олі цяжка апісваць маё мінулае, да таго ж ня мае замілаваньня адпісваць складаныя лісты. Ня буду зважаць на граматыку, бо я яе крыху прызабыў, аднак шчыра й бяз выдумкі апішу збольшага, што зьвязана з маім жыцьцём.

Нарадзіўся я 20 красавіка 1929 году ў вёсцы Любішчыцы Івацэвіцкага раёну (цяпер Брэсцкай вобласьці). Паходжу зь беднай сялянскай сям’і. Пачаў пасьвіць дзьве свае каровы яшчэ да школьных гадоў. Як прыйшоў час ісьці да школы, мама прасіла настаўніцу, каб яшчэ хоць год не ішоў, казала, што я яшчэ малы. А настаўніца глянула на мяне й маме сказала: “О, ён не малы!” У запраўднасьці — быў патрэбны пасьвіць каровы. Навука пачалася з вывучэньня польскае мовы. У нашай хаце й наогул ва ўсёй вёсцы не гаварылі па-польску. Па заканчэньні другое клясы прыйшла Савецкая армія. Усіх прымусілі паўтараць апошнюю клясу. Праз два гады немцы напалі на Саветы й таго ж дня на зьмярканьні занялі нашую вёску. Пад нямецкай акупацыяй нармальнае школы не было. Хадзіў з хутару ў вёску на заняткі, але ня знаю, што за клясы гэта былі. Не было ніводнага папярэдняга настаўніка. На гэтым і закончылася маё хаджэньне да школы.

З тагачаснае адміністрацыі прыходзілі розныя загады. Да нас на хутар прыяжджаў упаўнаважаны чалавек, які казаў майму бацьку: “Ты, Сьцяпан, скажы сваім хутаранам, колькі здаваць літраў малака”. Каб было ціха ліха, бацька, як меў самагонку, даваў выпіць.

Жыцьцё выглядала як бы й спакойнае, але зь цягам часу партызаны рабіліся больш чутныя й актыўныя. Аднекуль прыйшла ідэя стварыць так званую “самаахову”. У Любішчыцах аднаго дня было скліканае вялікае зборышча людзей на пляцы перад школай. Зроблена была якаясь трыбуна. Паставілі сярод пляцу жэрдку, на якой быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, ды блізка трыбуны была невялікая духавая аркестра. Школу заўсёды займалі вайсковыя адзінкі. Нядоўга былі літоўцы, унгары, украінцы, аднак галоўнымі лякатарамі былі немцы... Мітынг гэты закранаў жыцьцё й лёс любішчанаў. Прамоўцы, што прыехалі, заклікалі, каб людзі бралі зброю й бараніліся ад партызанаў-бандытаў, ды казалі, што нямецкая армія пераможа. Пасьля прамоваў і цырымоніі была зроблена ліста ў выглядзе сшытку, дзе запісваліся асобы, каторыя будуць з зброяй ноччу пільнаваць сяло. Першым запісаным былі дадзеныя савецкія вінтоўкі. Ня памятаю, як гэта ўсё скончылася. Магчыма, пайшоў я дадому, бо неабавязкова мне было там прысутнічаць. Ня ведаю, колькі налічвалася самаахоўцаў. З Любішчыц былі такія, што служылі ў паліцыі. На падабенства Любішчыц і ў Борках залажылі самаахову. У дзень гэтае самааховы не было відаць. Заданьнем іхным было не пускаць партызанаў у сяло, гэта азначала ўначы вартаваць. Розьніца паміж Боркамі й Любішчыцамі вельмі вялікая. Боркі — невялікае сяло каля лесу.

Час ішоў без асаблівай увагі. Бывала, міну партызаны пад цягнік падкладуць, і гэта выглядала, як бы ўсё нармальна. Аднак адным надвячоркам на зьмярканьні партызаны на вазах проста прыехалі ў Боркі й пачалася вялікая страляніна. Запалалі Боркі агнём, віск жывёлаў і людзей быў страшны, жудасны. Расправа партызанаў над вяскоўцамі працягвалася доўга, і ніхто не пайшоў іх ратаваць. Немцы ахоўвалі блізенька чыгуначны пераезд, але яны сядзелі ціхенька, як мышы ў норах. Казалі, што загінула якая сотня людзей і сяло да тла было спаленае. Самаахоўцы й выстралу не зрабілі, і вартаваць негатовыя былі.

Недалёка быў і наш хутар. Пасьля зьнішчэньня Борак хтосьці прыйшоў да адной хутаранкі й запароў яе, дзяцей пакінулі жывымі. Усё гэта давяло да вялікага страху. Аднойчы бацька прыйшоў дахаты й сказаў, што цераз нашае поле ідуць адбіткі ног пяціасабовае групы. Адразу ж задумаўся, чаму да нас не зайшлі. Пэўны быў, што гэта партызаны й яны яму не давяраюць і падазраюць. Апанаваў бацьку страх, стаў спаць у гумне, баяўся, што яго заб’юць, нібыта быў якім-небудзь нелегальным пераносчыкам для хутаран. Вырашыў тады пайсьці ў вёску спаць. Пераначаваў ноч ці дзьве, даведаліся пра гэта вясковыя кіраўнікі й проста яму сказалі, калі хоча начаваць тут, мусіў, як і яны, па калейцы на варту выходзіць. Хочаш ці ня хочаш, далучыўся да іхнага гурту. Стаў самаахоўцам. Але цяпер ужо была пагроза ўсёй сям’і. Дзеля гэтага сям’я перабралася жыць у вёску. Пасяліліся мы ў адной стараватай жанчыны й яе немаладое дачкі.

Ня ведаю, колькі тыдняў мы падсуседзямі былі, аднак фронт набліжаўся ўсё бліжэй і бліжэй. Паўстала вельмі сур’ёзная праблема. Бо ў той час была распаўсюджаная парада: той, хто баіцца Саветаў, няхай лепш едзе на захад. Бацька вагаўся, што рабіць, а мама пачала на яго крычаць: “Трэба ўцякаць, цяпер цябе ўжо не памілуюць, а я сама безь цябе жыць не хачу”. Запрог бацька каня, паклалі сваё беднае лахмоцьце, мех мукі й сьвініны. Прывязаў да возу ззаду дзьве каровы, і пасунуліся да Івацэвіч. Мы былі апошнія, што пакідалі вёску. У Івацэвічах убачылі некалькі сем’яў сваіх аднавяскоўцаў. Першую ноч правялі ў нейкім адхоне каля возу. Даведаліся, што можна будзе заладавацца на цягнік. Адзін быў ужо нагружаны й гатовы да ад’езду.

Праўда, на другі дзень быў падагнаны цягнік. Людзі пачалі ладавацца на яго й торг наладзілі: тыя, што мусілі ехаць коньмі, аддавалі сваіх кароў за каня. Усе тыя, што насілі паліцэйскую ўніформу, мусілі ехаць конна. Заладоўваліся мы так: жывёлу прывязвалі ў адным канцы вагону, з другога складалі свае пажыткі й ежу, на гэтым багажы мусілі самі сядзець. Нас было тры сям’і ў вагоне. Прыйшлося некалькі дзён жыць, пакуль нарэшце ўладкавалася чыгуначная абслуга й тыя, што служылі немцам перакладнікамі. Цягнік быў гатовы ад’яжджаць, але казалі, што брат аднаго паліцая падклаў вялікую міну й у такі спосаб перакуліў бранявіка. Нашаму цягніку закрыла праезд. Склікалі ўсіх мужчын, яны правялі збоку браневіка каляю. У той самы час пачалі паліць Івацэвічы, узарвалі станцыю, аж шпалы пачалі гарэць. Як толькі мужчыны прыйшлі да сваіх сем’яў, цягнік памаленечку пачаў ехаць, пакідаючы кругом дым і агонь. А ўводдалі дымілася нешта. Было гэта 10 ліпеня 1944 году. Пад вечар дабраліся мы да Брэсту. Ехалі чорт ведае куды, пакідаючы свой край. Вярнуся ж зараз да свае хаты й аднаго эпізоду з папярэдняга часу.

Навокал нашае хаты было вельмі балаціста, на альховых пнях расло многа алешніку, а далей шмат лазы. У 1941 годзе разагнаныя савецкія чырвонаармейцы швэндаліся як п’яныя па карчах, напэўна ім і есьці хацелася. Прыблізна па пару тыднях салдаты пачалі зьбірацца на полі ў групы. Пасьля прыехалі на матацыклах немцы й усіх байцоў пагналі на зборны пункт. Потым немцы хадзілі дзе ня надта мокра й зьнішчалі пазасталую зброю. Ад вінтовак адрывалі прыклады, а ствалы гнулі. Але многа засталося нязнойдзенага ўзбраеньня. Спачатку я баяўся зачапіць вінтоўку, але за якіх два дні навучыўся, як яна страляла. Потым і пару вінтовак ня страшна было на плечы ўзваліць. Мы ўсе пастухі бавіліся зброяй як цацкамі. Многа пазьней прыперся да нас адзін знаёмы паліцай і крыкнуў злосна, дзе вінтоўка, што ты страляеш. Мусіў завесьці ў карчы й паказаць яе. Я быў перастрашаны, але ён утрымаўся ад біцьця мяне. А я ўсё роўна адну вінтоўку захаваў. Прынес яе дадому й перахоўваў у розных месцах. Торбу патронаў і гранату захаваў у дупле пня. Прайшоў некаторы час, і стала чутна пра партызан. Калі яны надакучылі немцам, тыя паслалі карныя атрады. Неяк пайшлі чуткі, што карацельны атрад прыедзе правяраць і наш панадворак. А ў нас там валялася некалькі пабітых і загнутых вінтовак, я іх пазьбіраў і хутчэй закапаў каля плоту, а добрую сваю прыхаваў у агародзе пад табаком, прысыпаўшы трохі зямлёю. І праўда, карнікі прыехалі. Пастаялі яны каля студні, выцягнулі крынку халоднага малака, дзе аддзялялася сьмятана, папілі, забралі бацьку й пагналі, разам зь іншымі мужчынамі трымалі ў царкве. Празь нейкія суткі ўсіх мужчын выпусьцілі. Падумаць толькі, каб адзін з карнікаў зайшоў у табак ды капнуў нагою сьвежую зямлю, усёй бы нашай сям’і быў канец.

Але гэта ўсё ўжо прошлы ўспамін, яно перажытае. Тым часам цягнік, на якім едзем, цяпер пыхкае й пшыкае па Польшчы. Перад мяжою ў Чанстахове (тагачасная мяжа) забралі жывёлу (даўшы паквітаваньні), забралі зброю, хто вёз, і прымусілі ўсіх мыцца, пасыпаючы галаву нейкім парашком. Мыліся групова, мужчынскі пол у адной, а жаночы ў другой. Дадзены строгі загад, каб нічога ня бралі, пакуль ехалі. Прыехалі ў Рэгенсбург 20 ліпеня 1944 году. Сустрэў нас там невялікі амэрыканскі налёт. Першы раз пачуў выцьцё сырэнаў. Быў зьменены плян, нас павезьлі назад 100 кілямэтраў у горад Вейдэн. Памясьцілі ўсіх у бараках па некалькі сем’яў у адным пакоі. Спалі на нарах, агароджы не было. З аднаго боку былі памешчаныя італьянскія салдаты, з другога — французы. Кармілі нашых тою самаю баландаю, што італьянцаў, французы даставалі лепшую ежу. Усе дарослыя працавалі на фабрыцы. Шэф фабрыкі паглядзеў на мяне й сказаў ісьці назад у лягер. Празь некалькі дзён прыйшоў да лягеру стараваты бавар, паклікалі нас: траіх хлапцоў і адну дзяўчыну, і гэты бавар сказаў, каб ішлі за ім. Завёў ён нас у dorf (сяло) і пачаў разводзіць па дамах, апошняга мяне ўзяў да сябе. Аказалася, што ў яго ўжо працуе немалады Сямён беларус, які быў трохі паранены на фінляндзкай вайне, паляк, украінец з Галіччыны, якога я спачатку ня так добра разумеў, полька й немачка малодшая трохі мяне. У бавара была замужняя дачка, унучка й ненармальная дачка. Зяць яго паранены на фронце з палякамі, працаваў у Рэгенсбургу ў бюры, тры сыны былі ў марынарцы й арміі, ня ведаў ён, ці жывыя яны, ці не. Нам было добра, бо мы былі ўсе славяне. Ён не любіў, каб мы ў часе ежы гаварылі, таму што нас не разумеў. Мы елі тое самае, што і яны (немцы).

Англа-амэрыканцы вялікімі налётамі бамбілі гарады. Году не прайшло, і Нямеччына скапітулявала. Мы аказаліся пад амэрыканцамі. Усе савецкія падданыя падлягалі рэпатрыяцыі на “Родину”. Вельмі многа людзей амэрыканцы адправілі ў Саюз. Напрыклад, у горадзе Вейдэн амэрыканцы акружылі лягер танкамі й усіх прымусам адправілі ў СССР. Беларусы, каторыя не хацелі або баяліся вяртаньня, запісваліся ў паперах, што жылі пад Польшчай, і не падлягалі рэпатрыяцыі. Спачатку мы жылі пад польскім штандарам у польскім лягеры. Празь нейкі час зьявіўся першы беларускі лягер у Рэгенсбургу. Дзейныя асобы даведаліся, ці можна й беларусам стварыць свой лягер. Зрабілі сьпіс людзей. UNRRA дала згоду на аддзяленьне ад палякаў. Пару сотняў асобаў былі пераведзеныя ў Вогенстраус блізенька чэскай мяжы. Пасялілі ўсіх у прыгожых трохпавярховых дамох ды ў цэнтры гэтага гарадку. На новым месцы мне й многім малодшым не было чым займацца. Пачалі ствараць школу. Але толькі да чацьвертае клясы. На год маладзейшы за мяне Валодзя Бычкоўскі, які паходзіў дзесьці з-пад Мазыра, пачаў угаворваць мяне паехаць у Міхельсдорф, каля Хаму. Хто хоча, той можа ехаць, бо там заснаваная якаясь гімназія. Міхельсдорф, гэта былі тыя самыя беларусы, што стварылі свой першы лягер у Рэгенсбургу, але іх адтуль вывезьлі. Я быў ужо ня школьнага веку, але неяк згадзіўся пабачыць чаго іншага. Усе разам нанялі немца, заладавалі свае манаткі на яго грузавік, і каля сямнаццаці асобаў прыехалі ў Міхельсдорф. Там было пабудаванае лётнішча, а для лётчыкаў былі баракі. Вайна скончылася, лётчыкі зьніклі, і толькі недалёка ляжалі ў гурбах разьбітыя самалёты, на фоне якіх нават рабілі фатаздымкі. Нас, прыежджых, разьмясьцілі групкамі, абы было дзе спаць. На другі дзень пачалі настаўнікі нас экзамэнаваць ды прыдзяляць да адпаведных клясаў. Пасьля доўгае пярэрвы я ізноў сеў за школьную лаўку.

Гімназія называлася імем Янкі Купалы. У Міхельсдорф зьехала шмат беларускай сьмятанкі. Тут былі й паслы ў польскі сойм, настаўнікі, паэты й артысты. Прыемна было жыць і бачыць штодзень гэтых людзей. У гімназіі рабілі націск на вывучэньне розных моваў. Чым вышэй кляс, тым больш моваў. Выкладалі ангельскую, нямецкую, францускую, лаціну й сваю родную. Дырэктарам быў Аляксандар Орса. З другога боку Хаму былі пустыя баракі, і неўзабаве туды перавялі беларусаў. Перавезеныя былі туды таксама нашыя бацькі. Мы ўсе, што не жылі разам з бацькамі, і ўсе адзінокія карміліся ў агульнай сталовай. Толькі хлеб давалі штодвадні, яго й на дзень замала. Акрамя беларусаў у самым Хаме паўстаў і жыдоўскі пасёлак. Займалі яны добрыя дамы, мелі таксама футбольную каманду. Пару разоў яны гралі (змагаліся) з Міхельсдорфам. Цырымонія якаясь раз адбылася сумесна. З нашага лягеру артысты давалі канцэрт для ўсіх у Хаме. Мне здаецца, яны цэліліся дабрацца да Ізраілю.

У беларускай лягернай цішыні пачала накапляцца палітычная напруга. Частка людзей не хацелі звацца беларусамі, яны прагнулі замяніць Беларусь на Крывію. Беларусь пісалася ў дужках. Нарэшце дайшло да таго, што крывічы аддзяліліся, пераехаўшы ў Віндышбэргердорф, а Астроўшчыкі — БЦР — пераехалі ў Міхельсдорф. Крывічы прызнавалі Абрамчыка як прэзыдэнта БНР. Пажылі так падзеленыя прыблізна год, а тады прыйшло апытаньне, куды кожная асоба або сям’я хацела выехаць на пасяленьне з прапанаваных краінаў. Трохі пад маім уплывам наша сям’я запісалася да Аўстраліі. Неўзабаве прыйшло заведамленьне ехаць у Будзбах на доктарскае абсьледаваньне, а потым абвясьцілі, што Аўстралія прымае нас і каб пакаваліся й садзіліся ў прызначаны цягнік, які павязе ў Італію.

Гарыстую Аўстрыю хутка пераехалі, ды завіднеліся італьянскія надпісы. Памясьцілі ўсіх у пераходным пункце Банолі, горад Нэапаль. Паехаў я пабачыць вулькан Вэзуві й Пампэю, Капры ня зьведаў, ліраў не было. У Банолі было зборышча людзей, нават расейцы, што ехалі ў Амэрыку (Кітай іх выпускаў), баптысты спансаравалі.

У Аўстралію прыехалі 15 студзеня 1950 году. На параплаве хварэў моцна ад марскога качаньня. Параплаў “Нэлі” прычаліў у Сыднэй. Высела якіх тысяча асобаў і вечарам на цягніку павезьлі нас у гарадок Батгурст. Быў гэта вялікі лягер, але ўсіх новапрыбылых не зьмяшчаў. Халасьцякоў разьмясьцілі ў палатках. Кармілі ўсіх бараньім мясам, і яно ў хуткім часе збрыдла. Да месяца часу жыў у палатцы. Нарэшце паклікалі праз рупар, каб ішоў у пэўнае бюро даведацца, куды мяне адсылаюць на працу. Аказалася, што папраўляць тэлефонныя правады. Але найперш трэба было прайсьці месячны курс. Да сарака пяці асобаў было адпраўлена да затокі Нэльсана каля Ньюкаслу ў экс-амэрыканскі лягер. Па заканчэньні курсу групкамі рассылалі нас па розных месцах, гарадках (заўвага — у Аўстраліі няма сёлаў. — Ул. Р.). Мяне накіравалі да Джэрылдэры (Jerilderie).

Усе мы падлягалі пад двухгадовы кантракт, гэта азначала працаваць два першыя гады, дзе прызначылі. Нас новапрыбылых сабралася пяць асобаў. Ежу варылі (вучыліся) па чарзе. Адзін дзень — паляк-варшавяк, другі — сэрб, славенец, кожны варыў нешта сваё, а рэшта гуляла ў карты. На выплатны дзень расплачваліся з магазынамі. Пасьля аднаго году я парваў кантракт, кінуў там працу й уладкаваўся ў Сыднэй. Кругом былі патрэбныя рабочыя. Выбраў сабе працу пры будоўлі пасажырскіх вагонаў, электрычак.

Празь якія два гады сям’я мела дастаткова фунтаў на задатак хаты. Выбралі пасяліцца ў горадзе Ньюкасл, ды ўся сям’я разам сабралася ў адным кутку. Бацька дастаў працу ў вялікай сталёўні, дзе працавала да пятнаццаці тысячаў асобаў. Цяжка было выбраць штось лепшага з прычыны няведаньня ангельскае мовы. Доўга не прапрацаваў, бо ў 1954 годзе папаў у фабрычную аварыю, у выніку якой страціў сваё жыцьцё. Бацька меў 56 гадоў. Прыблізна ў 1957 годзе я пачаў выпісваць газэту “Ніва” зь Беластоку. Аднаго разу ўбачыў абвестку аднаго беларуса з Канады, які хацеў пазнаёміцца зь беларусачкай. Пасьля роздумаў вырашыў і я зрабіць абвестку ў газэце “Ніва”. Оля была першай, што прыслала мне ліст. Пасьля пары лістоў вырашыў зь ёй сур’ёзна спалучыць сваё жыцьцё. Зьвярнуў увагу й яшчэ на адну дзяўчыну, але ёй паабяцаў, што пазнаёмлю з кім другім. Так і зрабіў, яна тут у Аўстраліі.

Оля прыляцела ў Сыднэй 22 сьнежня 1960 году. Празь месяц часу мы пажаніліся. Па шлюбе паехалі жыць у Сыднэй. Чаму я стараўся выпісаць дзяўчыну з Бацькаўшчыны? І таму што мне ўжо ішло на 31 год, і каб дзяліць сваё жыцьцё з асобай, якая мяне добра разумее й учуваецца. Олі ня трэба было лезьці ў кішэню за словамі. Выйшла дакладна так, як у той песьні “За гаворкай не прыкмеціш, як і ночка праляціць”.

Гэтым разам у Сыднэі пачаў працаваць як кандуктар у гарадзкім транспарце. Да году здаў экзамэны на аўтобуснага кіроўцу. Вазіў сем гадоў людзей у Сыднэі. Нарадзіліся нам чацьвёра дзяцей. З просьбы мамы зноў вярнуліся, ужо вялікай сям’ёю, у Ньюкасл. Тут ізноў дом трэба было купляць. Гэтым разам дастаў перавод у тым самым прадпрыемстве. Як правяралі здароўе кіроўцаў, мне сказалі, што маю вельмі высокі ціск крыві. Каб жыць, трэба таблеткі глытаць. Папрацаваўшы яшчэ якісь час кіроўцам, потым перайшоў на фізычную працу ў дэпо для дабра свайго й бясьпекі пасажыраў. У 62 гады звольніўся з працы зусім. Далі мне пэнсію й дармовы пажыцьцёвы транспартны білет у нашым штаце. Пасьля й Олі далі такі прывілей. Два разы папраўлялі ўжо сэрца, маю й іншыя праблемы. Добры й высокі дагляд мэдыцыны дзяржыць мяне жывым, але адбіваецца нядобра на сьне маім. Дрыжаць рукі, памяць зусім ня тая, што была. Мне ўжо 74 гады. Аднак мая матрымальная абвестка ў “Ніве” 1958 году прама ці апасродкавана пасяліла шэсьць асобаў у Аўстраліі.

Жыцьцё часта зусім непрадбачанае. Узяць бы хоць такое: мой дзед (па маме) паехаў у Амэрыку, баба пабаялася ехаць за ім (плысьці). Дзед вярнуўся дадому, прывёз троху даляраў. Хутка пачалася вайна. Узялі яго ў царскую армію, патрапіў у нямецкі палон і памёр ад кайзэраўскага голаду. Царская армія адступала й паліла сёлы ад Беластоку да Баранавіч. Людзям казалі ехаць да Расеі, па дарозе зьявілася крываўка, ад якой паміралі. Калі частку Беларусі аддалі Польшчы (мір быў падпісаны), уцекачы вярталіся на свае месцы. Мой бацька служыў у Чырвонай Арміі, спрабаваў здэмабілізавацца, яму не дазволілі. Што меў рабіць? Пакінуў усё сваё вайсковае ды перайшоў мяжу, вярнуўся дадому, дзе стварылася Польшча. Быў арыштаваны. Палякі насьміхаліся зь яго: “Ты, псякрэў, камуніста” і ў кій цалаваць прымушалі. Нарэшце выпусьцілі з астрогу, тады зноў пачалі будавацца, пакутавалі ад страшнага голаду. Як бачыце, спачыць прыйшлося ў кукабаравай Аўстраліі. Канчаецца старонка, і ужо час скончыць сваю пісаніну. Жадаю Вам усяго найлепшага на Вашым жыцьцёвым шляху.

З пашанай

В. Русак

***

24.11.2003

Паважаная спадарыня Натальля!

Прабачце, мне неяк цяжкавата робіцца адпісваць. Вы ў сваім лісьце пытаеце, каб больш падрабязна апісаў пра сям’ю сваіх бацькоў. Гэта трохі складана, бо мала што знаю. Наш бацька меў аднаго старшага брата й дзьве сястры. Адна была замужам у вёсцы Панкі, каля Івацэвіч, а другая жыла дзесьці ў Бярдзічаве, або каля Бярдзічава, ва Ўкраіне. Яна там выйшла замуж, калі нашыя людзі былі ў бежанстве. У 1940 годзе бацька троху перапісваўся зь ёй і аднаго разу нават выслаў правіянтовую пасылку. Цётка, што жыла ў Панках, не засталася мне зусім у памяці, яна не адведвала нас, а мы яе. Дзядзька быў многа больш заможны, бо ажаніўся з досыць заможнай асобай. У іх было сямёра дзяцей. Спачатку мы жылі на адным панадворку.

Як я нарадзіўся, то не было жывых ні дзеда, ні бабы. Пра сям’ю свае мамы ня памятаю, ці пісаў, што баба наша мела вельмі блізкага сваяка, які жыў у Севастопалі, меў там якуюсь краму. Цягам часу ён дапамог бабе пераехаць з Разані ў Севастопаль, але калі прыйшла расейская рэвалюцыя, яго забілі як клясавага ворага.

Нашая сям’я была такая:

Бацька зваўся Сьцяпан, маці Ганна. Я нарадзіўся 20 красавіка 1929 году. Надзя сястра — 1931 год. Вася брат — 1933 год. Ваня брат —1937 год. Вера сястра — 1940 год (памерла 20 кастрычніка 1998 году). Жэня / Аўгенія — 1946 год. Яна нарадзілася ў Нямеччыне.

Надзя першая выйшла замуж за Аўгена (Жэніка) Урублеўскага. У той час яшчэ жыў бацька. Жэнік нарадзіўся каля возера Нарач, здаецца, у вёсцы Шчопаты. Няма ўжо ў жывых, не дажыў поўных 60 гадоў. У Жэніка была тут замужняя сястра за Мікалаем (Колем) Івашкам. Мелі яны аднаго сына трохі з фальшам. Ён утапіўся, прабуючы пераплысьці вечарам вусьце ракі, быў адліў, і вада занесла яго ў мора.

Сястра Вера была другою, што выйшла замуж. Мужык яе паходзіў з Галіччыны. У 1983 годзе Васіль і Вера паехалі пабачыць Беларусь і Ўкраіну. Васіль быў хворы, але ня верыў, што ён такі хворы. Пры залатвеньні паваротнага адлёту, у Чарнаўцах, упаў на сходках і да сябе ўжо больш не прыйшоў. Атак сэрца быў сьмяротны. Сястра мела безьліч праблемаў, каб мёртвую асобу прывесьці ў Ньюкасл. Яна таксама памерла, маючы 58 гадоў, ад раку.

Расповед пра брата Васю. Ён паехаў у Мэльбурн, там знайшоў дзяўчыну, што жыла ў адным лягеры ў Нямеччыне, і зь ёю ажаніўся. Дзявочае яе імя Аляксандра Харанека, родам, здаецца, з-пад Бабруйску.

Брат Ваня ажаніўся з аўстралійкай, зь якога яна паходзіць этнасу, цяжка сказаць, ды мяне гэта й не цікавіла.

Наступна ажаніўся з Оляй я. Вам ужо апісаў у папярэднім лісьце.

А тады выйшла замуж наймалодшая сястра Жэня. Яе муж таксама аўстраліец. Маюць дзьве дачкі, якія паканчалі ўнівэрсытэт, адна мае тытул доктара. Абедзьве граюць на скрыпках і піяніна й маюць ужо свае сем’і.

У Аўстраліі нацыянальнасьць вызначаецца паводле мовы. Як вядзецца перапіс людзей, то кожны запісвае свой ethnic (этнас. — Ул.Р.) і на якой мове ў хаце гаворыць. Напрыклад, мала людзей падало, што карыстаюцца беларускай мовай, таму й закрылі беларускую радыёпраграму ў Сыднэі.

Адносна бацькоў, як яны ўспрынялі Аўстралію?

Праўду сказаць, чуліся трохі адзінокімі й ізаляванымі. Не маглі яны з суседзямі паразмаўляць ды з людзьмі тае вуліцы, дзе жылі. Найбольш яны былі радыя ўбачыць кагосьці знаёмага. Нашая мама да доктара хадзіла, які быў жыдоўскага паходжаньня з Польшчы, ён разумеў добра яе, і яна яго.

З матэрыяльнага пункту гледжаньня, то ніколі бацькам і нам не было так добра й выгодна. У бальшыні выпадкаў рабочага чалавека дом павінен мець тры спальні, умывальню, кухню, ядальню, сьціральню й два пакоі для жыцьця. Цяпер мае дзеці ды іншыя робяць па чатыры спальні. Двое дзяцей, а пакояў так многа, што здаецца, гэта хіба што для бабы, калі папросіцца пераначаваць. Цяпер моладзь як скончыць 17—18 гадоў, прагне мець аўта. Бацька з маці стараюцца ня новае, але хаця патрыманае купіць.

Калі прыпомніць мінулае міхельсдорфскае жыцьцё, то яно было разнаякаснае. Галоўным для мяне было адрабіць лекцыі. Ды належаў да беларускіх скаўтаў. Пару разоў уся дружына езьдзіла на шматнацыянальныя Jamboree (зьлёты. — Ул.Р.). Для мяне гэта была не навінка, дастаў дасьведчанасьці будучы гарцэрам у польскім лягеры. Для разрыўкі адбываліся ў вялікай ядальні танцы й час ад часу канцэрты й кіно.

Адносна настаўнікаў, прыватнасьцяў іхных ня знаю. Дырэктарам гімназіі быў А. Орса, яго жонка (забыў імя) выкладала беларускую мову. Быў настаўнік Каханоўскі. Наступныя прозьвішчы выкладчыкаў: Адамовіч, Акановіч, Паланевіч, Рагажэцкі, Арсенева, Аляксандар Смаль, Трысмак, Заруцкі, Мікалай Лапіцкі — рэлігія. Тры настаўнікі пасяліліся ў Аўстраліі, гэта спадар Трысмак (Парфіры Трысмакоў. — Н.Г.) з жонкай і дачкой Лёляй у Адэляйдзе. Лёля выйшла за кагось замуж, бацькі паўміралі. Наступныя — гэта сям’я Заруцкіх. Бачыў кагось у Адэляйдзе, аднак іхнае фаміліі нідзе ня згадвалася ў прэсе.

Спадар Аляксандар Смаль быў у Сыднэі. Спачатку ў правінцыі Ньютаўн. Пару разоў яго там наведваў. Аднойчы ён мне сказаў, што мае пад свае гады дзяўчыну з Польшчы. Смаль ажаніўся не ў хлапцоўскіх гадах. Пасьля я толькі сустракаўся з пакойным настаўнікам у Беларускім Клюбе. Смаль быў лагодны чалавек і добры настаўнік. Калі што ня так, то прыжмурыць вока, трохі нахіліўшы на бок галаву. Ніколі не ганарыўся, нібыта вось так прасьцячок. Абарвалася ягонае жыцьцё пры пераходзе дарогі. Чуў, што дачка ягоная высокаадукаваная.

Адносна беларускіх арганізацыяў ці плыняў, то я ведаю тры. Гэта БНР — БЦР і некалькі асобаў, што сымпатызавалі Хмару. У Канадзе Хмара выдаваў газэту “Беларускі Голас”. Хмаравымі прадстаўнікамі былі тут Уладзімер Клуніцкі й Янка Макарэвіч. У газэце было часта многа памылак.

З спадаром Лужынскім мы ня так збліжаныя. Былі раз у ягонай хаце, але гэта быў візыт, зьвязаны з музыкай. Мы яму пазычылі пласьцінку ці дзьве, гэта былі беларускія песьні, якія ён перадаваў на сваёй праграме. Спадар Лужынскі меў вельмі добрую памяць, выразную гаворку й прыгожа размаўляў. Па-ангельску гэта называюць “He has the gift of the gab” (Адзін з найлепшых. — Ул.Р.) У Нямеччыне яны былі ў ангельскай зоне ў Ватэнштэце.

[...]

Адносна сябе, я зусім ня важная асоба, ніколі жаднага кіруючага становішча не займаў. Як я пісаў раней, мы жылі ў Сыднэі й усіх людзей, што прыходзілі на сьвяткаваньні й іншыя абыходжаньні, з выгляду ведалі. Як быў маладзейшым, то тры ці чатыры разы на год езьдзілі ў Сыднэй з Ньюкаслу. Людзі сьпяць, а мы ноччу едзем назад дадому. Оля стараецца гаварыць са мной, каб не заснуў а другой ці трэцяй гадзіне ночы. Кажа, што больш са мной не паедзе, але заведамляюць нас і мы зноў едзем сваім аўта ў Сыднэй. Што нас зьвязвала з Сыднэем, гэта тое, што ў часе нашага жыцьця там паўстала жаданьне купіць грамадзкі куток беларусам. Спачатку спадар Зуй Міхась спрабаваў гэта зрабіць, і я быў у яго падтрымцы, але не назьбіралася дастаткова сродкаў, каб гэта зрабіць. Прайшоў год, і трэба было зьвярнуць укладчыкам грошы. На зборы ўкладчыкаў я запрапанаваў, каб гэтую справу зрабіць усеагульнай. Зь невялікай ахвотай некаторых асобаў, было сказана, што трэба склікаць такі сход. Прылучылі да гэтай справы яшчэ Мікалая Антуха. Напісаў я зварот да ўсіх беларусаў, такі: без увагі на палітычныя й рэлігійныя перакананьні, усе запрашаюцца на сход адносна куплі беларускага дому. Гэты зварот я аддаў Міколу Антуху. Ён аддаў Алесю Алехніку, які адпячатаў і разаслаў па людзях лісты. Незадоўга сабраліся зацікаўленыя асобы й пачалі дыскусію, як трэба зрабіць. Доктар Малецкі быў энтузіяст, але настойваў, каб зрабіць акцыі. Некаторыя баяліся, што доктар Малецкі найбольш укладзе й у такі спосаб стане ўладальнікам клюбу. Павярхоўна дайшлі да згоды. Я больш ня браў удзелу, бо атрымаў перавод у Ньюкасл на працу. Быў я ўкладчыкам і сябрам Клюбу, але з часам перастаў плаціць сяброўскія складкі, таму што ня мог прысутнічаць на зборках.

Перагледзеўшы ўсё, што маю, я моцна шкадую, што не захавалася нічога з аўстралійскіх часопісаў...

З пашанай і прывітаньнем

Валодзя Русак

Спасылкі:

338 Першы ліст Уладзімера Русака быў поўнай нечаканасьцю, бо стаў адказам на ліст, адрасаваны да ягонае жонкі Вольгі, запісанае інтэрвію зь якою патрабавала некаторых удакладненьняў. Дасланы падрабязны расповед пра самога спадара Уладзімера, ягоную сям’ю, шлях да Аўстраліі й далейшае жыцьцё ў гэтай краіне цікавы сам па сабе, а таму зьмешчаны тут амаль у тым выглядзе, у якім быў атрыманы, толькі зь невялікімі граматычнымі праўкамі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by