МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Вольга Русак [ІНТЭРВ’Ю] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія, Польшча
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Вольга Русак337

Я, Вольга Русак (раней была Алясюк), нарадзілася 26 сакавіка 1935 году ў вёсцы Парцава, Бельск-Падляскі павет, Беласточчына. Мае бацькі абое беларусы: мама Натальля й тата Мефодый Алясюк — сяляне. Мелі чацьвёра дзяцей, чацьвёра дзяўчат, я трэцяя з калеі. Вучылаcя ў беларускай школе, у беларускім ліцэі да 9 клясаў, потым вучылася ў Супрасьлі ў гандлёвым тэхнікуме. Маё жыцьцё з бацькамі было спакойнае, манатоннае, нічога цікавага не здаралася. Калі ў Бельску Падляскім паўстала Беларускае Таварыства, то нашая моладзь крыху аджыла, пачалі арганізоўвацца аматарскія культурна-асьветныя гурткі. У адным такім я разам з малодшай сястрой Марысяй брала ўдзел. Пераважна сьпявалі “солё плюс дуэт” пры суправаджэньні трыццаціасабовай групы музыкантаў, зарганізаванай у суседняй вёсцы Шчыты спадаром Кадзевічам. У 1959 годзе ў Беластоку на “інтэрнацыянальнай ілімінацыі” мы занялі першае месца.

У тым жа годзе беларуская газэта “Ніва” пазнаёміла мяне з маім цяперашнім мужам Валодзем Русаком, які жыў ужо ў Аўстраліі. Пасьля гадавога ліставаньня ў 1960 годзе пад канец я паслухалася свайго сэрца, пакінула родную вёску, бацькоў, сёстраў і прыехала сюды ў Аўстралію. Год часу нам забрала гэтыя паперы вырабіць, перш чым я змагла прыехаць. Гэта была найбольшая зьмена ў маім жыцьці.

У часе паездкі ў Аўстралію што Вы адчувалі? Ці было страшна?

Мне тады было каля 26 гадоў. Мне страшна не было, хацелася паехаць у Аўстралію, пабачыць усё іншае. Усё было цікавае. Не было мне страшна, хаця я Валодзю ня ведала, мы пазнаёміліся праз газэту, таму як ехала, я толькі думала, як мне яго пазнаць, калі выйду з аэрапляну. Але пазнала я яго па фатаграфіі вялікай, што пры сабе мела, ужо праз вакно пазнала, як ён чакаў з букетам кветак. То не было страху. У такіх гадах нічога ня страшна, хочацца ўсё новае ўбачыць, дасьледаваць.

Спадабалася Вам Аўстралія?

Аўстралія… Мне было добра, спадабалася Аўстралія. Я заўсёды казала, што як мілы па душы, то паўсюль будзе добра. І мне было добра, бо ўсё ў парадку ў сям’і. Мы маем чацьвёра дзяцей, дзьве дзяўчынкі (Марыя й Соня) і два сыны (Юрка й Андрэй). Праз чатыры гады я перацягнула сюды яшчэ сваю наймалодшую сястру, якая потым выйшла замуж у Брысбэне. Я перавезла таксама маму й тату. Яны пражылі тут: тата гадоў сем-восем, а мама больш — 14 гадоў. Тут і памерлі.

А дзе Вы працавалі?

Я працавала ў Андэрсанс сасіска фабрыка, але толькі восем месяцаў. А потым чакала першую сваю дачку, то ўжо не працавала. Калі ж дзеці пайшлі ў школу, я стала працаваць у клюбе, цэлых 17 гадоў. А цяпер ужо можа якіх 10 гадоў не раблю. У мяне ж чатырнаццаць унукаў. Ужо старая бабулька!

Як ставіліся да Вас аўстралійцы?

Аўстралійцы добра ставіліся, я й не спадзявалася. Як пайшла ў клюб працаваць, то я ж ня ведала добра ангельскай мовы, зь дзецьмі дома так не навучысься. Я ж не хадзіла ў школу ангельскую, толькі яшчэ ў Супрасьлі ў гандлёвай школе паўгоду мелі ангельскай. Гэта дапамагло мне, але я ведала многа словаў, а не магла іх павязаць. Калі я прыехала й паслухала, як тут па-ангельску гавораць, то мне падавалася, што гэта ўсё адно доўгае слова. Не магла падзяліць, дзе словы заканчваюцца, так было цяжка. А пазьней стала прызвычайвацца.

А што было самае цяжкае?

Ангельская мова была цяжкая. Трэба было пайсьці працаваць і па-ангельску зь людзьмі гаварыць... Я ж працавала з тымі людзьмі, якія прыходзяць у клюб. І мне трэба было сэрвіраваць... І часта крытыкавалі... Нам як новым аўстралійцам цяжка вымаўляць па-ангельску словы “тры”, “трыццаць”, “трынаццаць”. То некаторыя прыходзілі й пыталіся: “Why don`t you speak English?” (“Чаму Вы не гаворыце па-ангельску?”). А я гаварыла, але ў мяне не выходзіла так, як у іх па-ангельску. Усё прыходзіць з часам... Мы ўсе маем свой акцэнт і ня можам быць ангельцамі, хаця й гаворым па-ангельску.

Вы калі сюды прыехалі, ці шмат беларусаў сустрэлі?

Тут у Сыднэі? Так было шмат маладых, але старэйшых за нас. Цяпер паадыходзілі ўжо многія, мала засталося. Мы жылі ў Сыднэі сем гадоў, а потым пераехалі ў Ньюкасл.

І Вы ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, што беларусы ладзяць у Сыднэі?

Мы заўсёды. Калі тут жылі — заўсёды й цяпер амаль што кожны год прыяжджаем. Мой Валодзя вялікі нацыяналіст беларускі. Ён пакутуе, як прапусьціць што сваё.

А што Вам даюць такія сустрэчы?

Вось і  спаткацца добра, і пабачыць, як хто пастарэў, і пагаварыць, і сваю бяду, і свае радасьці кожны раскажа. Таму й хочацца паехаць, раз на год — гэта не зачаста. Яны тут зьбіраюцца й часьцей, у Сыднэі. А мы прыяжджаем на такія сьвяткаваньні раз на год.

З сваімі дзецьмі Вы на якой мове размаўляеце?

Я да сваіх дзяцей гавару, як мне хочацца. Па-беларуску яны ўсё разумеюць. Калі яшчэ мая мама жыла тут, то гаварылі толькі па-беларуску да яе, а да мяне ня хочуць. Я думаю, што яны баяцца памылку зрабіць, таму самі па-беларуску не размаўляюць цяпер. Але ўсё роўна добра разумеюць. Я гавару да іх па-свойму, а яны — па-свойму — па-ангельску. А калі мне патрэбна слова па-ангельску, то я й па-ангельску кажу. Яны па-ангельску гавораць у кампаніях, але як прыходзяць дадому, то я стараюся зь імі размаўляць па-свойму, не хачу, каб яны забываліся.

Якія ўражаньні засталіся ад часу, калі Вы на радзіму езьдзілі?

Я адведвала толькі дом, гэта было 13 гадоў таму. Была там два месяцы, і маму сваю вазіла, яшчэ яна жыла. Павезьлі яе на калясцы, бо яна была спаралізаваная, але ўсё адно павезьлі. Убачыла яшчэ сваіх сёстраў, і ўсіх сваякоў. Можна было б часьцей паехаць, але як у нас сям’я вялікая, трэба дапамагчы дзецям... Таму я думаю, мы ўжо… Валодзя сябе ня вельмі добра адчувае апошнім часам, то мы можа ўжо больш і не паедзем.

А тады мы адведалі Польшчу й Беларусь, і Расею, бо ў Валодзі там свая сям’я — стрыечныя. Нязвыкла было нам пасьля Аўстраліі, але добра ўспомніць. Стандарт жыцьця быў горшы, як у Аўстраліі, ведама. Але людзі такія самыя... Мы папросту адвыклі ад тых ранейшых умоваў жыцьця, да добрага хутка прызвычайваешся... А вярнуцца цяпер і ня хочацца, таму што тут ужо сям’я.  

Вы сябе адчуваеце аўстралійкай ці беларускай?

Я ня думаю, што адчуваю сябе аўстралійкай. Я думаю, што я больш беларуска, чым аўстралійка. Ужо 42 гады, як я ў Аўстраліі, так што нашыя карэньні ўжо глыбока ўвайшлі ў аўстралійскую зямлю. Але мы з гонарам гаворым, што мы — беларусы, і некаторым аўстралійцам гэта цікава...

Спасылкі:

337 Размова адбылася 6.04.2003 у Беларускім Культурна-Грамадзкім Клюбе ў Сыднеі, падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці БНР. Аповед быў нядоўгі, бо спадарства Русакі мусілі рушыць у Ньюкасл. Але аповед спадарыні Вольгі паклаў пачатак нашаму прыемнаму сяброўству, якое аднавілася празь некаторы час у лістах.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by