|
Эва Парэцкая336
Думаю, што маё жыцьцё можна расказаць парай словаў.
Вось села да стала, каб адказаць на Вашыя пытаньні, і тут жа пачалі ціснуцца думкі, успаміны. Асабліва ўсьцяж туга за Даўгінавам, дзе я нарадзілася ў 1933 годзе й жыла: бацькі Антон і Каця Шупенькі й пяць братоў ды наймалодшая я. Найвялікшым маім горам было, што браты неяк хацелі перапісаць мяне на хлопца ў дзядзькі Жамойды, які вёў канцылярыю мэтрыкаў.
Да вайны жылі сьціпла, бацькі давалі асьвету сынам, а мне казалі, што вывучаць на “краўцову”. Аднак прыйшла вайна. Разбурыла мой малы, бясьпечны, спакойны сьвет — Даўгінава. Браты вярнуліся з “інтэрнатаў”, пайшлі ў 10-гадовую школу.
Я пачынала сваю асьвету перш з мамаю, яна вучыла мяне чытаць па-беларуску, польску й па-стараславянску з малітоўніка, выдадзенага ў Варшаве ў 1936 годзе (які й сёньня са мной).
Потым пачала пачатковую школу, і вельмі добра прыпамінаю мой першы дзень. Пасадзілі мяне з Антосем Турчановічам на адной лаўцы. Хто такое бачыў, каб дзяўчаты сядзелі разам з хлопцамі? Тое было дзіва.
Ня буду ўспамінаць пра зьдзекі ад вешаньня да вывазу на Сыбір расейцамі, немцамі, расейцамі (Саветамі). Гэтую збродню перажылі нашыя лагодныя, добрыя людзі. Усе гэта мы ведаем і носім глыбока ў сэрцах.
У 1946 годзе бацькі вырашылі пераехаць у Польшчу, дзе асяліліся на хутары ў Прусах Усходніх. Вось гэта й была мая першая эміграцыя, калі я яшчэ не разумела, што пакідала радзіму назаўсёды й што вярнуся толькі праз 46 гадоў і толькі на некалькі тыдняў. Праўда, адчувала вялікі сум па сяброўках і родных. Толькі ўжо будучы ў Польшчы дасьведчыла страх — буду жыць на чужыне.
Паслалі мяне ў гімназію з інтэрнатам. Настаўнікі ў гімназіі былі з розных краінаў сьвету. Прафэсар Сьвяцкі зь Віленскага ўнівэрсытэту — гісторык (тут мушу сказаць, чытаў Статут Літоўскі й перакладаў на польскую мову, а я дзівілася, бо мне было ўсё зразумела). Мадам Зубчынская з Сарбоны й яе мужык, капітан марскога флёту, вучыў біялёгіі й г.д. Будучы ў школе не сустрэла нікога, хто б тужыў за Бацькаўшчынай.
Па сканчэньні гімназіі я атрымала месца на эканоміі, але захварэла мама й давялося адкласьці навучаньне, ды толькі празь некалькі гадоў я здолела вярнуцца, але ўжо завочна. Спраўляліся з жыцьцём някепска. Працавалі я й брат у бюро (бугальтарам), бацька — радным ва ўправе мястэчка (гміне).
Ужо ў той час жыцьцё было падзеленае на дзьве часткі. Адно — дома, дзе гутарылі на роднай мове, выпісвалі “Ніву”, езьдзілі на зьезд беларусаў у Беласток. Другое — польская мова навокал, — як бы асьцярожна збоку глядзела я на жыцьцё.
Праца ў бугальтэрыі давала магчымасьць сустракацца з старэйшымі беларусамі, якім была патрэбная дапамога: пісала лісты, запаўняла анкеты. Я была ім удзячная, бо тое прыносіла мне вялікую прыемнасьць.
У гэтым часе сяброўка Оля й я надумалі былі вярнуцца на Бацькаўшчыну. Адно нашыя лісты да сваякоў не даходзілі. Былі мы маладыя, нецярплівыя й вырашылі тады ехаць на Захад. Выбрала я Аўстралію, краіну экзатычную, малаведамую для мяне й самую далёкую ад Эўропы. Бачу цяпер, як непаважна падыходзіла да гэтае справы.
Так я прыехала ў Сыднэй. Жыла ў Аляксандра й Ізы Смаляў (дачка іх Марыя — доктар хімічных навук). Іза мне як сястра. Спадар Аляксандар Смаль працаваў на фабрыцы каробак. Мэнэджэры прыходзілі да яго, каб дапамагаў з геамэтрычна-матэматычнай апрацоўкай фармату каробак для закладаньня ў машыны. Спадар Аляксандар ня вельмі спраўляўся з ангельскай мовай. Неяк атрымаў працу ў офісе, але па пяцёх днях ад яе адмовіўся, бо там усе сядзелі й ніхто не размаўляў цэлымі днямі — сумна. Паважалі яго ўсе беларусы: і крывічы, і зарубежнікі, бо быў сапраўдны джэнтэльмэн, ня піў, цаніў сям’ю й Аўстралію, толькі паліў зашмат. Мая сям’я любіла дзядзьку Аляксандра.
Празь некаторы час на беларускай вечарынцы я пазнаёмілася зь Лявонам. Выйшла за яго замуж, і так пачалася мая другая эміграцыя!
Нарадзіла двое цудоўных дзетак. Сын сёньня інжэнэр-электронік. Дачка — ІТ (Information technology — Н.Г.) — працуе з кампутарам. Пакуль дзеці не пайшлі ў школу, я была дома. Стала паўтарацца гісторыя: дома беларуская мова, вымаганьні пашаны й увагі да старэйшых, але школа й вуліца ўплывалі на свой лад. Маім дзеткам, таксама як і мне, даводзілася жыць у двух розных асяродках: дом і рэшта сьвету.
Я пачала працу ў 1974 годзе ў Дэпартамэньце Жыльлёвага Будаўніцтва, у Канбэры, дзе працавала да 1996 году. Праца прыносіла грошы для паляпшэньня абставінаў жыцьця сям’і. Мы змаглі набыць выгаднейшую хату (4 спальні, гасьцёўня, сталовая, сямейны пакой, кухня, 2 ванныя), наведаць родных у Польшчы, Англіі, ЗША, і самае галоўнае — нарэшце ў 1992 годзе пабываць у Даўгінаве.
Маё Даўгінава зьмянілася! Пасьля пажараў адбудавана вельмі нямнога, а й тое за Старарэчышчам. Усё, што я памятала й узгадвала, бачыла вачамі дзіцяці… Здаваліся пагоркі высокімі й нават царкоўны вал напалову вышэйшым, чым зараз. А людзі не зьмяніліся, такія ж прыхільныя, гасьцінныя й добрыя. З другога боку, вывучыліся на інжынэраў, дактароў мэдыцыны, як, прыкладам, Жора Кароль, зь якім сустрэлася на вуліцы, і каб не сяброўка мая Лена, то й не пазналіся б. Клаліся спаць мы ўсе тады а 4-й раніцы, сядзелі ўзгадвалі, як заганялі ў калгас, як пакідалі малых дзетак адных дома ды ішлі ставіць “кубамэтар дроваў”. Сымон Панкевіч — настаўнік–гісторык паказваў і расказваў пра гісторыю Даўгінава. (Праўда, у 1989 годзе была выдадзеная кніга Ф. Селіцкага “Округ Даўгінава—Будслаў—Крывічы на даўняй Віленшчыне”, напісана вельмі аднабакова.) Як бачыце, глыбейшыя й часьцейшыя думкі мае — гэта Даўгінава. З Прусаў Усходніх трымаю сувязь з братам Кастусём, яго сям’ёй і сяброўкамі па інтэрнаце.
Шмат чытаю. Часьцей не “фікцыйнае” (ад анг. fiction — мастацкая літаратура. — Н.Г.), а як кнігі нашай зямлячкі Лены Говар, што жыве ў Канбэры. Апошнюю кнігу чытала М. Мооре “Дурны белы чалавек”.
Яшчэ я вышываю краявіды, найчасьцей аўстралійскіх мастакоў. Вышыла й “Пагоню” ў Беларускі Клюб у Сыднэі. Штораз радзей ходзім у тэатар, на канцэрты. Глядзець фільмы зараз зручна, іх паказваюць ад самой раніцы, ня трэба выходзіць увечары.
Ходзім мы ў Рускую Праваслаўную царкву (за мяжой) у Канбэры. Прыход арганізавалі ў 1950-х гадах. Першым старастам быў бацька Лявона. Я сьпяваю ў хоры й чытаю — матуліны стараньні вучыць мяне па-стараславянску не прапалі дарма.
Жыцьцё пэнсіянэраў у Аўстраліі вельмі спакойнае. Шпіталі, лекі, дактары — бясплатныя. Два праезды цягніком на год таксама дарам. Павінна сказаць, што не шкадую, што пасялілася ў Аўстраліі, хаця ўсьцяж думаю пра Бацькаўшчыну. Найлепш маім думкам адпавядае верш Янкі Купалы “Я ад вас далёка”:
Я ад вас далёка бацькаўскія гоні, —
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня.
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне месца,
Устане цень зь зямлі, на крыж абапрэцца
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Спасылкі:
336 Успаміны дасланыя з Канбэры ў лісьце за 9.12.2002.
