|
Вера Калесьніковіч333
Я, Вера Арцямюк, нарадзілася 6 верасьня 1935 году ў Парцава, павет Бельск-Падляскі ў Польшчы. Мае бацькі Ганна й Іван Арцемюкі жылі ў вёсцы. Маці рана памерла (калі ёй было 45 гадоў) і пакінула нас чацьвёра дзяцей: двух хлопцоў і дзьвюх дзяўчын. Бацька так і жыў далей сам з намі, а разам яшчэ баба зь дзедам. Я вучылася ў Парцаве ў сямігодцы, а пасьля паехала на курсы. Вучылася ткаць бавоўну, а тады прыехала да Беластоку, дзе на фабрыцы баваўнянай працавала. Сама фабрыка была 20 кілямэтраў ад Беластоку, але мы жылі ў горадзе, а туды даяжджалі аўтобусам.
Як Вы надумалі прыехаць у Аўстралію?
Мая кузынка, якая жыла ў Сыднэі (цяпер — у Ньюкасьле), прыслала мне ліст, што адзін мужчына шукае сабе за жонку беларускую кабету. І я паехала. Але той чалавек вырашыў пераехаць у Адэляйду й я таксама за ім. Аднак у мяне зь ім жыцьцё не пайшло. Добра, што яшчэ як ад’яжджала з Польшчы, у нас у Бельску быў бацюшка Яновіч, які ведаў тут у Адэляйдзе людзей. Ён мне даў адрэсы й казаў: “Ты едзеш і ня ведаеш, што цябе спаткае. Можа людзі дапамогуць”. Нібыта ведаў сапраўды... Як у мяне з тым чалавекам жыцьцё не заладзілася, я да людзей і кінулася. Жыла троху ў Веры Бічанін, гэта бацюшкі (айца Міхала (Шчурко). — Н.Г.) дачка, хадзіла зь імі да царквы беларускай і там пазнаёмілася з Валодзем у 1964 годзе. У кастрычніку 1966 году мы ажаніліся. Зараз і дзіця прыйшло мне, а потым яшчэ адно.
Ці шмат тут беларусаў сустрэлі?
О шмат... Багата было. І Рамановічы, і Бурносы, і Яновічы... Было весела, страшна весела, бо каля царквы была заля, і мы там зьбіраліся й танцавалі, сьпявалі. І выпівалі...
Аўстралійскае жыцьцё, пэўна, адрозьнівалася ад таго, да якога Вы прызвычаіліся на Бацькаўшчыне. Ці доўга прыстасоўваліся да новых абставінаў?
Няма пра што гаварыць, я плакала дзень і ноч — хацела дадому. Як я жыла ў Яновічавых, то яго жонка казала: “Ты пакуль пайдзі папрацуй, а тады паедзеш”. А як я ўжо яго (мужа. — Н.Г.) запазнала, то нікуды не паехала. Але год часу я плакала. Самае цяжкае, што ня ведала мовы. Як хадзіла да крамы, то як немка, нічога не разумела. А пайшла да работы, таксама ж мовы ня ведала, але там нашыя людзі былі, адна полька была, то можна было паразмаўляць.
Тут я працавала, як і дома, на фабрыцы, але як пайшла замуж, то ўжо не рабіла, бо мусіла двума аўтобусамі да працы дабірацца, а гэта цяжка. Як муж матор купіў, то стала лепш, але ж дзеці прыйшлі, то я ўжо была дома. А потым пайшла да шпіталя замятаць, чысьціць, пазьней офісы вечарамі чысьціла па чатыры гадзіны...
А хата ў Вас ужо была, як ажаніліся?
Так, быў яго дом, я прыехала на гатовае. Але мы яшчэ доўга да 1977 году сплачвалі за яго пазыку. Неяк паехалі на голідай (адпачынак. — Н.Г.), а як вярнуліся, то й сплацілі апошняе.
Ці Вы тут стравы гатавалі такія, як на Радзіме?
Але ж я дома сабе не гатавала, бо як жыла ў інтэрнаце, то адна была, а мне шмат самой ня трэба: пайшла, што ў краме набыла, тое й зьела. Або часам плаціла грошы й нам гатавалі. А тут у Аўстраліі я пачала вучыцца есьці варыць, бо ўжо мужык быў. У яго матка й бацька былі, то спачатку маці гатавала, а я паціху вучылася, дый навучылася. Варылі боршч, капусту, галубцы. Я й цяпер вару тыя стравы, што звычайныя там, на радзіме. Толькі цяжка мне было адразу купіць у краме, што трэба. Ён мне гаварыў, а я запісвала, а тады ішла й глядзела, бо цяжка было з мовай. А тут у сябе мы размаўлялі па-беларуску.
А была ў Адэляйдзе беларуская школа?
Спачатку польская была, то мы дзяцей троху ў польскую аддавалі. А тады неяк бацюшка Бурнос вучыў дзяцей (тады ён яшчэ ня быў бацюшкам). А калі гэта? Паўлік нарадзіўся ў 1966-м, Аня ў 1968-м, то яны мелі 8 ці 10 гадоў, калі хадзілі ў беларускую школу пры царкве. Вучыў бацюшка Бурнос, Косьця Станкевіч, што памёр. Але доўга яны не вучылі, можа два ці тры гады, а тады ўсё раскідалася.
Як можна ацаніць удзел жанчын у беларускім жыцьці?
Пераважна ўсе зьбіраліся да залі. Там мы барбэкю рабілі, прыносілі з сабою ежу. Ой, мы ж сьпявалі! Мы выяжджалі нават да Мэльбурну й сьпявалі. Быў такі царкоўны хор, але там былі й царкоўныя, і сьвецкія. Беларускія песьні сьпявалі. Езьдзілі з хорам, калі былі зьезды, штогод то ў іншым штаце: як у Адэляйдзе, то ўсе ехалі сюды, як у Мэльбурне, то туды, а людзей разьмяшчалі па хатах. Сьпявалі Соня Бурнос, Вера Калесьніковіч, Ліда Шамшурын, Галіна Кандрусік. Мужык гэтае Галіны граў на акардэоне, а дзеткі сьпявалі (дзяўчынка мела можа пяць гадоў). І мы ўсе разам езьдзілі й да Мэльбурну, і да Сыднэю. У Сыднэі адзін мужчына, ён можа меў дзяцей дзе дома, то так плакаў, калі дзеці сьпявалі. Але ж яны, праўда, прыгожа сьпявалі. Весела было. Наш сын мог таксама гаварыць вершы, то ён некалькі разоў і ў Сыднэі выступаў, і тут.
Мы зьбіраліся пераважна на 25 Сакавіка й Слуцкае паўстаньне — на гэтыя два сьвяты нацыянальныя, і на царкоўныя таксама. А на Ражджаство, то яшчэ й Дзеда Мароза прыводзілі, і ялінка была — весела было. А цяпер ужо мы старыя, ужо дома ўнукаў пільнуем, маем чацьвёра ўнукаў. Сын жанаты зь італьянкай, дачка — з ангельцам. Спачатку яны прыходзілі на сьвяты й на барбэкю. Але як пайшла ў царкве завірушка, то больш не ідуць.
Дзе Вы звычайна бавілі час адпачынкаў?
На голідай мы езьдзілі да Амэрыкі, да Канады, да Польшчы. Але да Польшчы я больш не жадаю ехаць. Спачатку ўсё рвалася дадому-дадому, а потым сказала, больш не паеду.
Не спадабалася?
Мне спадабалася, але там людзі ўжо зусім да нас па-іншаму ставяцца. Прыемныя людзі, бо яны ж у вёсцы мяне ўсе ведаюць, на абед клікалі, прыняцьцё такое было добрае. Але нас трохі абрабавалі. Яму з кішэні кашалёк выцягнулі, во што было. І надвор’е — усё дождж і дождж. Але я радая, што ўсіх пабачыла, бо й тату яшчэ, і брата, і сястру. Усіх пабачыла.
Як да Вас ставіліся й ставяцца аўстралійцы?
Аўстралійцы добра. З аднаго боку ў нас суседзі — аўстралійцы, то вельмі добрыя людзі, а зь іншага — чэхі, то мы зь імі не гаворым. Раней было добра, бо ідзеш і цябе падвезьці могуць прапанаваць. Цяпер ужо так ня возяць, баяцца, бо ж забіваюць і забіраюць аўта. І я таксама цяпер нікога не падводжу. Аднаго разу ўзяла нейкага, але ўсю дарогу баялася, але добры папаўся... А калісьці было, то ж хаты не замыкалі. Нават на двары спалі, калі было горача. А цяпер нашыя сябры паехалі ў краму, накуплялі ўсяго, ідуць да аўта, а яго няма... Крадуць моцна... Раней такога не было, гэта як наехалі кітайцы ці адкуль яны там яшчэ. Абарыгены таксама некаторыя крадуць… Ёсьць тыя, што вучацца й працуюць, а некаторыя не. Гэта цяпер так, а раней абарыгенам нельга было ў бары хадзіць, каб не пілі. Тыя, хто працаваў і меў аўстралійскае падданства, тыя маглі хадзіць у бар, а іншыя не...
Самі калі аўстралійскае падданства атрымалі?
Трэба было пяць гадоў пражыць, але я як была жонка, а ён ужо меў падданства, то й я праз тры гады атрымала. І на пэнсію я пайшла тады, калі муж меў 65 гадоў, а я — 54. Я й магла працягваць працаваць, але пайшла, каб мы абое цалкам пэнсію атрымоўвалі. Нашая пэнсія 360 даляраў на два тыдні, я столькі й ён таксама.
Дзеці й нашыя, і іншых беларусаў ужо бліжэй да аўстралійцаў, перайшлі на ангельскую мову... Украінцы больш свайго трымаюцца неяк, але таксама моладзі мала, хаця ў іх ёсьць свая школа...
Спасылкі:
333 Размова адбылася 22.03.2003 у хаце Калесьніковічаў у Адэляйдзе ў прысутнасьці спадара Ўладзімера, мужа спадарыні Веры. Здавалася, што гаспадыня была крыху зьдзіўленая ўвагай да свайго жыцьця, але ахвотна распавядала пра ўсё.
