|
Аўгенія Сідлярэвіч332
Я нарадзілася 22 траўня 1924 году ў Беларусі, але пад Польшчай, у Люшчы Лунінецкага павету ў сям’і беларусаў Парэцкіх. У мяне было тры сястры, я чацьвертая, і тры браты. Вялікая сям’я. Бацька рабіў на калеі ў канторы. Беларускіх школаў пад Польшчай не было, і я ня мела магчымасьці навучыцца чытаць і пісаць па-беларуску, толькі тое, што чула. І як скончыла сямігодку, то якраз вайна, потым прыйшлі Саветы. Яны нас там яшчэ на нейкія вячэрнія курсы пасылалі, а мы не хацелі ісьці. А тады немцы прыйшлі, забралі мяне на работы ў 1943 годзе. І два гады была на прымусовых работах у горадзе Эрфурт. Я працавала на кухні ў рэстаране.
Пасьля вайны паехала назад у Беларусь, але атрымалася, што бацькоў немцы, як адступалі, забралі ў Нямеччыну й яны былі далёка пад чэскай мяжой недзе, мястэчка Вальдэн. Бацька мне пісаў і казаў, калі вайна скончыцца, то старайся злучыцца з намі. А як чалавек малады, то дурны. Я каляжанку мела, якая казала: “Едзем дадому, як ня будзе тваіх бацькоў там, будуць мае”. Паехалі й прыехалі — няма ні яе бацькоў, ні маіх. Што рабіць, як нікога няма? Зь Беларусі мы давай ехаць у Польшчу як эмігранты. Прыехала ў Польшчу, бо я там мела цётку й стрыечную сястру, і тады даведалася, дзе мае бацькі. Наладзіла зь імі ліставаньне, а яны якраз прайшлі камісію, каб ехаць у Аўстралію. Гэта быў дзесьці 1949 год. То мы дамовіліся, што калі яны прыедуць у Аўстралію, будуць старацца мяне туды сьцягнуць.
Яны прыехалі ў 1950-м ці 1951-м і адразу сталі прыкладаць намаганьні, каб мяне перавезьці. Аўстралія прымала, але Польшча не выпускала. У той час я жыла ў Польшчы. Не рабіла нідзе, бо сястра мела гаспадарку й я пры іх жыла ды дапамагала. Мела нават кавалера й зьбіралася выйсьці замуж, але трэба было для таго мэтрыкі мае зь Беларусі дастаць. Пайшла я ў тую кантору, каб мэтрыкі дастаць, а мне жанчына й кажа: “Навошта табе мэтрыкі, навошта табе жаніцца. Ужо пускаюць за мяжу ехаць”. Тады я думаю — і праўда. Давай я старацца. Два гады цягнулася, пакуль мяне выпусьцілі з Польшчы. Даведку па даведцы трэба было зьбіраць. Але прыехала сюды.
Караблём ехала, італьянскім, месяц часу ў 1958 годзе. Прыехала ў Квінбіен, мястэчка каля Канбэры, там бацькі былі. Ды Квінбіен той малы, Канбэра таксама тады малая была, працы не дастаць. Цяжка было. Хто меў працу, то яе трымаўся. І я падумала, чаго буду там сядзець, напісала да сёстраў, якія ў Мэльбурне жылі, і спыталася, можа гэта большы горад і прасьцей працу дастаць. Брат, што зараз у Канбэры жыве, мне пазычыў грошы — едзь. Прыехала сюды да сёстраў у 1959 годзе й тады ў 1960-м пазнаёмілася з сваім чалавекам Уладзімерам Сідлярэвічам. Ён з 1922 году, перад вайной скончыў гімназію й быў настаўнікам. Вучыў дзяцей. На сьвяткаваньнях беларускіх пазнаёміліся мы тут і пажаніліся.
Хоць у нас дзяцей няма, але таксама цяжка было. Чалавек мой хату пабудаваў, але даўгі засталіся, бо ж пазычаў грошы — трэба аддаваць. То адразу нават не было на чым сесьці, на чым гатаваць. Толькі ложак ён меў. Ды памалу ўсё купілі. Выкруціліся з даўгоў.
Мы ніколі ня мелі аўта, бо муж мой тым не цікавіўся. Жылі блізка станцыі, недалёка ад працы й крамаў. Ён быў дасьведчаны ў маторах яшчэ зь Нямеччыны, але не хацеў сабе. Пасьля вайны ў Нямеччыне муж вучыўся ў інжынэрным будаўляным тэхнікуме. Але па сваёй спэцыяльнасьці тут не працаваў, бо мовы ня ведаў. Ён рабіў тую працу, якую далі на фабрыцы, дзе выраблялі вокны й дзьверы. Потым убачылі, што ён ведае працу тэхніка будаўлянага, то ўзялі яго ў кантору, дзе ён і рабіў каля дваццаці гадоў.
Самі Вы дзе працавалі?
Я ня мела ніякай спэцыяльнасьці. Мой швагер працаваў на алюміневай фабрыцы, дзе таксама вокны й дзьверы выраблялі, то казаў мне, пакуль дастану работу, ісьці на гэтую фабрыку, бо ён быў там “босам”. І я як прыйшла, так і працавала там да пэнсіі. Скончыла недзе ў 1975 годзе, бо як тата строк (інсульт. — Н.Г.) дастаў, то мусіла яго даглядаць. І больш не працавала. Падпрацоўвала, бывала, на пагадзіннай працы яшчэ.
Якія ў Вас былі стасункі зь іншымі беларусамі?
Прыязныя, але небагата было тут беларусаў. У Валодзі больш знаёмымі былі тыя, што яшчэ ў Нямеччыне ў школу разам хадзілі, як Шэка й Гладкі (цяпер на вёсцы жыве). Але ён любіў быць дома, любіў тут сядзець і кніжкі чытаць, пісаць. Яму найлепш было ў хаце.
Ці хадзілі ў царкву беларускую?
Мы позна пачалі хадзіць у беларускую, бо мой муж меў зь імі розныя погляды. Толькі ўжо як прадалі Беларускі Дом і Валодзя даў грошы на царкву, гэта ў 80-х ці ў 1990-м было. Але мой муж вельмі любіў Беларусь, праўдзівы патрыёт быў. І цяжка было працаваць часам, але ж трэба было рабіць камусьці, то й працаваў.
Распавядзіце, калі ласка, пра Жаночы Камітэт, які тут быў.
Гэта як Сустрэчы сталі рабіць, мусіць у 70-х Жаночы Камітэт наладзілі. Цэнтральны Камітэт падштурхоўваў, што павінныя жанчыны дапамагаць, то й сабраліся нарэшце. Быў Жаночы Камітэт, і хор быў пры ім. Калі якое сьвяткаваньне, то мы сьпявалі. Да таго ж нашае заданьне было старэйшых даглядаць, адведваць хворых, старшыня была Оля Сьлесарэвіч доўга, потым яна памерла. Заступніцай была я. Мы наладжвалі барбэкю, вечарыны рабілі й з таго мелі прыбытак. Ды як Беларускі Цэнтральны Камітэт сьвяткаваньні рабіў, то мы дапамагалі. Тое ўсё разьвязалася, бо маладыя не прыйшлі, а старыя паўміралі. То ўсё разьвязалі, а што грошы засталіся, то перадалі ў Фэдэральную Раду.
А шмат было жанчын у Камітэце?
Багата. Першая Оля Сьлесарэвіч — старшыня, потым яна памерла, то я (Жэня Сідлярэвіч), потым Надзя Груша была скарбнік і сакратар, Вольга Кукель, Вера Шайпак, Тося Гуз, Ганна Корбут… Ды яшчэ былі некаторыя…
Ці езьдзілі Вы адпачываць куды?
Нікуды ня езьдзілі, бо ён не любіў. Казаў, што найлепш у сваім ложку. Толькі былі мы ў Беларусі ў 1995 годзе. Мой Валодзя доўга ні з кім не перапісваўся, бо казалі, пасьля вайны як хто меў сваякоў за мяжою, то гэта ня вельмі добра трактавалася. То сваякі думалі, што Валодзя памёр. Але потым наш знаёмы Розмысл (ён з маім з адной вёскі й у Нямеччыне былі разам) напісаў да сваіх і даслаў здымку, дзе з Валодзем быў. А там і пазналі, што чалавек мой жывы. Тады сталі пісаць, бо хтосьці даў адрас. Там сястра яго якраз ужо ўдава й мела сына нежанатага. І Валодзя напісаў таксама, каб да нас прыехалі, а адказаў пляменьнік, што мама Валодзева памерла й найлепш будзе, каб мы прыехалі самі. І ён адразу, ня думаўшы, на мяне: — “Паедзеш?” — “Паеду. І заедзем у Польшчу, бо ў мяне там сястра стрыечная, што я ў яе жыла”, — я хацела яе пабачыць.
І мы хутка на цапу-лапу праз два месяцы — адразу як візу далі — і паехалі. Вельмі цяжкія былі перажываньні, як да Валодзевай сям’і паехалі, у вёску Праважа, паміж Горадняй і Лідай. Не пазнаў ён сястры нават, бо як выехаў, яна мела 12 гадоў, а цяпер па 60. І паехалі ў царкву, хацелі паніхіду зрабіць за памерлых бацькоў і за дзядоў, каб уся сям’я сабралася. Валодзя вылез уперад з братам, а потым яго выводзілі, бо самлеў, цяжка было стаяць, бо даўно ў царкве ня быў, а гэта ж свая царква... Паніхіду адправілі. Вельмі добрая служба была, прычасную сьпявалі па-беларуску.
А тады паехалі на могілкі. Потым сястра запрасіла ўсіх да сябе. І нас добра прымалі. Жывых, праўда, толькі брат і сястра ягоныя засталіся, а пляменьнікі нас ня ведалі, але вельмі добра прымалі. А потым тая пляменьніца, што за нас паперы афармляла, у 1996 годзе ў нас тут была.
Спадабалася Вам у Беларусі?
Так, але там усё ня так нам было, як мы калісьці памятаем. Усё ня так…
Спасылкі:
332 Размова запісаная 15.03.2003 у хаце спадарыні Жэні ў Мэльбурне ў прысутнасьці Веры Шайпак. Аповед па характары гаворкі нагадваў папярэдні (Веры Шайпак), хаця гісторыя ў жанчыны іншая.
