|
Вера Шайпак331
Я нарадзілася 30 лістапада 1930 году ў Беларусі, але ў той частцы, што адышла да Польшчы, на Беласточчыне. Але я ўсё роўна беларуска. У маіх бацькоў Аляксандра й Галіны Хлябічаў было чацьвёра дзяцей, тры дачкі й сын наймалодшы. Да школы я пачала хадзіць яшчэ ў 1937 годзе, а ўжо ў 1939-м прыйшлі бальшавікі, ці расейцы, як мы іх называлі, і ў 1941-м я яшчэ ў школе была. Потым тата памёр у 1942 годзе ад сухотаў, у тыя часы не было такіх лекаў, як зараз. Тады вайна была. А ўжо пасьля вайны школы ніякай не было, бо й тата памёр, і не было каму вучыць. Быў дзядзька, і бабуля была, але дзядзька таксама на сухоты захварэў. Ён яшчэ нам дапамог бы й на гаспадарцы, але памёр пасьля вайны. Бабуля засталася, але маме найбольш трэба было працаваць. А пасьля вайны час быў вельмі цяжкі ў Польшчы, гэты камуністычны ўрад так нас душыў. У нас было трошкі больш зямлі 12 гектараў, то я па 100 пудоў бульбы адвозіла, па 500 пудоў жыта й яшчэ грошы падвойна. Усё гэта цяжка, ды яшчэ сястра захварэла на сухоты.
Пасьля вайны мае сяброўкі, што бацькоў мелі, то вучыліся, а мне трэба было працаваць і вучыцца не магла. Але з часам я прывыкла да гаспадаркі й мне ўжо гаспадарская праца падабалася. А брат і сястра вучыліся, яны скончылі дзесяцігодку. Брат пайшоў на гаспадарку, а сястра пайшла ў горад, як адвучылася, то там у горадзе засталася. Неяк мы пачалі ліставаньне зь цёткай, якая зьехала ў Аўстралію. І яна пісала й клікала мяне да сябе. Я думала-думала, многа думала: ехаць ці ня ехаць. Хтосьці казаў, што гэта ж маё шчасьце, а некаторыя зайздросьцілі: “О, Вера паняй будзе”. Ну я паехала першы раз да амбасады, але вярнулася дахаты, бо цяжка, што сваякі застаюцца. Але потым паехала зноўку, бо падумала, як ня будзе добра ў Аўстраліі, то папрацую й вярнуся.
І паехала ў 1964 годзе. Спачатку я думала самалётам ляцець, але якраз тады нейкі самалёт разьбіўся, то я — параплавам італьянскім “Галілео Галілей”. Плылі мы доўга, можа тры тыдні ці месяц. Але было вельмі добра, бо выехала я ў сакавіку й было надвор’е файнае, ні буры, нічога. Добра есьці давалі. Я там з жанчынамі пасябравала. Як мы плылі праз Суэцкі канал, то выходзілі ў порце й бачылі, як бедна жывуць людзі. І дзеці там насілі прадавалі газэты ці яшчэ што й прасілі грошай, але ў мяне ня вельмі многа грошай было. Так бедна там людзі жылі. А як праз канал плылі, то людзі зь берагоў рукамі махалі. Але як пераехалі экватар, пачала мяне браць марская хвароба й моцна я хварэла. Даехалі да Пэрту, бо там быў порт і людзі выходзілі, і я выйшла. Выйшла й думаю, што мяне чакае на гэтай зямлі? І далей нічога не магла рабіць. Села й давай плакаць. Потым мы ўжо ў Адэляйдзе не выходзілі, а проста да Мэльбурну прыехалі. Выходзяць людзі на палубу, і я іду, стаю ўсё ўглядаюся. Бачу: цётка стаіць, яе муж і дачка… Мы спаткаліся. Цётка пастарэла. Усе пыталіся, як там жывуць у нашай вёсцы, і мяне прынялі добра. Цётчына дачка ўжо замужам была, а яны двое старых. І я ў іх была аж пакуль замуж выйшла.
Муж у цёткі быў украінец, то яны мне прапанавалі неяк паехаць у царкву або беларускую, або ўкраінскую. А я кажу, што хачу да беларускай паехаць. Тады да цёткі прыехала знаёмая й ёй цётка паведаміла, што я жадаю да беларускай царквы паехаць. А тая знаёмая кажа: “О, то ў нас сусед беларус. Я скажу яму, ён цябе возьме”. І сказала, ён прыйшоў, а гэта быў чалавек, які ў царкве хорам кіраваў, Мікуліч (ён быў жанаты зь немкай і памёр ужо з раку), мы дамовіліся й паехалі. Прыехалі ў царкву, і там ён мне Грышу Шайпака прадставіў, зь якім сябраваў. Потым, памятаю, яшчэ Скабей падышоў да мяне, стаў пытаць, ці можна пасылкі з Польшчы ў Беларусь пасылаць. Я кажу, што не, не перасылаюць. Тады многа пыталіся, як жывецца, і было цікава мне зь беларусамі тут спаткацца.
Так пачалі мы час ад часу да беларускай царквы прыяжджаць. А ў кароткім часе ўжо мой будучы муж Грыша прыехаў увечары да нас да цёткі з кніжкамі, ведаў, што я чытаць любіла. Ён зьбіраўся хату будаваць, пабудаваў хату за год часу, і мы пажаніліся. Грышу тады ўжо сорак гадоў было, ці нават сорак чатыры — такі быў кавалер, і я трыццаць тры мела.
Я адразу тут на працу хадзіла, бо трэба ж было за дарогу цётцы сплаціць, а як пажаніліся, то й мэблю трэба было купляць. Грыша рэпараваў вагоны да пэнсіі, а я працавала там, дзе пяклі бісквіты. А потым фабрыку ў іншае месца перанесьлі, і я тут бліжэй да хаты працавала. Мусіць дзесяць гадоў на фабрыцы.
Ангельскую мову я тут ужо вучыла, на курсы хадзіла, але не навучылася так ёй да канца й зараз. Як кажуць: пішы карова, а кажы конь, многа такіх словаў, што напісана адно, а выгаварваць трэба іншае. Ведаеце, тут беларусы таксама часам ужо напалову гавораць па-беларуску, напалову па-аўстралійску. Асабліва нябожчыца Вольга Кукель шмат ужывала аўстралійскіх словаў: “О, ён, — кажа, — вокаець” (ад анг. walk — ісьці. — Н.Г.). У нас беларусаў знаёмых было шмат, але многа ўжо адышло, асабліва блізкіх прыяцеляў. А мы мелі тут беларускую хату, як мы яе называлі — дамоўка — Беларускі Дом. І там мы часта зьбіраліся. А цяпер пры царкве ёсьць такая заля, і там зьбіраемся, і гуляем, і сьвяткуем і Слуцкае паўстаньне, і Сакавік. Мы там троху сьпявалі. І зьбіраліся з жанчынамі разам. Зараз таксама зьбіраемся кожныя два тыдні, цяпер гэтым кіруе аўстралійка Эліс (Яшчанка. — Н.Г.), жонка аднаго беларуса.
Як я прыехала, у нас быў вельмі блізкі прыяцель Мікола Скабей. Ён быў старэйшы ад нас, але мы зь ім вельмі сябравалі. Аднойчы ён запрасіў нас дахаты, там мы рабілі трэніроўку нейкую на сьвяткаваньне. І прыехаў туды Алесь Салавей. Грыша неяк пра яго гаварыў, але я яго ня ведала яшчэ. Салавей сеў там недзе ў хаце на лаўцы, а я падумала, што гэта за чалавек — нейкі не такі, як іншыя. Ён неяк іначай выглядаў, нібы ад яго праменьні б’юць. А пасьля мне кажуць, што гэта Алесь Салавей, паэт. (Яго прозьвішча натуральнае не Кадняк, а Радзюк, гэта яго бацькоўскае, але ў часе вайны ён зьмяніў на Кадняк, ня ведаю з чаго, але мы й яго жонку называем Каднячыха.) Тады знаёмая нашая Вольга Кукель кажа, каб мне далі пачытаць верш, каб паглядзець, ці я ўмею вершы чытаць. Ну я прачытала, і тады Алесь Салавей узяўся мяне вучыць дэклямаваць. І добра вучыў. А цяпер, як яго няма, то я часам сама стараюся вершы чытаць. Ён памёр у нядзелю над морам. Патэлефанаваў нам Скабей і сказаў, што Алесь Салавей пайшоў на бераг і памёр па паўдні. Ягоная жонка Зіна, адукаваная жанчына, бо настаўніца, але тут працавала як швачка, як ён памёр, сказала, што хоча да дачкі, хату прадала й паехала на вёску за 100 кілямэтраў адсюль…
Я заўсёды любіла чытаць і паэмы, і вершы. Асабліва люблю Алеся Салаўя, у яго кожны верш цікавы. І Коласа, і Купалу чытаю. Мой Грыша ў 1991 годзе езьдзіў у Беларусь і шмат кніжак беларускіх прывёз, і поштаю дасылаў таксама.
Ведаеце, мы асабліва ў іншыя краіны ня езьдзілі. Як лета, то любілі з мужам да акіяну. Ён там і хату пабудаваў. Любілі вельмі езьдзіць і ў рознае надвор’е, і нават як вада была халодная, усё роўна плавалі. А ў іншыя краіны ня езьдзілі, бо задорага, толькі на Беласточчыну. Я як адпрацавала 10 гадоў, то паехала дахаты, паглядзець, як там і што. І потым ізноў езьдзіла, і апошні раз, то ў 1990-м паехала. Пасьля ўжо й мама памерла.
Як была на Радзіме, то ў мяне пыталіся ўсе, ці хочацца туды вярнуцца. Ведаеце, хочацца туды паехаць, яшчэ й цяпер хочацца, але ўжо здароўе не дазваляе. З аднаго боку, і хацела б вярнуцца, а з другога — я пра заўтрашні дзень тут ня думаю. Усё прайшло й ня вернецца. Праўда, яшчэ й цяпер сумую й цягне туды, як гаворыцца: тут — у Аўстраліі, а там — У НАС.
Спасылкі:
331 Успаміны запісаныя 15.03.2003 у хаце спадарыні Жэні Сідлярэвіч ў Мэльбурне. Спадарыня Вера зь вялікай ахвотай і добрай мовай распавядала пра сваё жыцьцё.
