МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Марыя Алехна (ІНТЭРВ’Ю) // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Бразілія, Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Марыя Алехна330

Нарадзілася ў 1935 годзе ў сям’і беларусаў Мікалая й Кацярыны Альхоўскіх. Нас было пяцёра: тры браты ды я зь сястрою. У канцы вайны ўсе апынуліся ў Нямеччыне, у Гановэры, ва ўкраінскім лягеры. Спачатку туды не хацелі пускаць, бо мы ж беларусы, не ўкраінцы, але потым пабачылі, што пяцёра дзяцей, то ўзялі. І там жылі мы можа пяць гадоў. Там было добра, бо мы ж малыя былі. Толькі ў 1946 годзе бацька памёр. Маці засталася з намі адна, і ў 1949 годзе мы ўсе паехалі ў Бразылію, бо нас нікуды больш ня бралі. Жылі ў Сан-Паўлу дванаццаць гадоў.

Мы жылі ў Бразыліі вельмі бедна. Ня мелі ні лядоўні, ні печкі, нічога. Ведаеце, мы ж зь Нямеччыны прыехалі ў адных туфлях, бо вайна й нічога не было. Прыехалі ў Бразылію й нічога ня мелі. Мама варыла есьці на маленькай печцы ў двары. І што мы зараблялі? Бацькі не было, нас пяцёра дзяцей, мама не працавала. Аднаму майму брату 10 гадоў было, ён у школу хадзіў, і я вечарамі хадзіла. Мову партугальскую яшчэ й зараз добра ведаю. Днямі ж я працавала, шыла. Вельмі любіла шыць. Я не жадала працаваць сакратаркай ці яшчэ кім, толькі шыць. Два гады вучылася. Я была худзенькая, тоненькая, і вельмі хацела мець прыгожыя сукенкі. Матэрыялу было шмат, то я сабе ўсё новае й шыла.

Мы бедна жылі, але весела. Моладзі там было шмат. Беларусы зьбіраліся. Мае браты ўсе былі музыканты, гралі на баянах. Яны балі ладзілі часта, і шмат народу прыходзіла: і украінцы, і беларусы, і палякі.

Ці шмат беларусаў было ў Бразыліі?

Так, так, шмат. Але потым паехалі ў Амэрыку ў 1960 годзе. Спачатку мой брат старэйшы, ён жанаты быў, паехаў туды й напісаў, што ў Амэрыцы лепш жыць. І мы таксама пераехалі. Жылі ў Трэнтане, Нью-Джэрзі, недалёка ад Нью-Ёрку. Калі я прыехала ў Амэрыку, ня ўмела размаўляць па-ангельску. І так плакала, хацела назад у Бразылію вярнуцца. Але грошай не было, каб за дарогу заплаціць. Таму й засталася. Знайшла працу, касьцюмы шыла. Я добра шыла, ахайна, але павольна, не магла шмат касьцюмаў хутка пашыць. Затое на дапрацоўку не вярталі. Але калі мне не пажадалі заплаціць добра, бо я павольна шыла, то я кінула тую працу й знайшла іншую.

А як у Аўстраліі апынуліся?

Замуж выйшла. Мы з Кузьмом пазнаёміліся яшчэ ў Нямеччыне, у адну школу хадзілі. А потым ён паехаў з бацькамі ў Аўстралію, а мы ў Бразылію, Амэрыку. Наладзілі ліставаньне. А тады ён прыехаў да мяне ў Амэрыку, мы павянчаліся й ён прапанаваў: “Паглядзіш на Аўстралію, а тады назад вернемся”. А калі прыехалі ў Аўстралію ў 1974 годзе, ён ужо вяртацца не захацеў. Яго маці й бацька тут былі, і мы засталіся тут. Ён меў добрую працу, плацілі прыстойна. Яму тут лепей. Праўда, я ўсё роўна мусіла працаваць пару гадоў, а тады двух дзяцей нарадзіла й вырашыла, што ім сапраўды тут лепей... Але мне самой сумна... Уся мая сям’я засталася ў Амэрыцы. Я, праўда, да іх езьдзіла ўжо тры разы, і яны да мяне прыяжджалі.

Але я тут у Аўстраліі вельмі сумавала, бо зусім адна. Нават дэпрэсію дастала. Ніхто тут ня прыйдзе да цябе ў госьці, як гэта ў Бразыліі было. Дый ня езьдзім мы амаль, толькі ў царкву й назад. І на адпачынак асабліва ня езьдзім, былі толькі ў Канбэры й Ньюкасьле, а ні ў Мэльбурне, ні ў Адэляйдзе. Цяжка мне тут было: двое дзяцей, дапамогі ніякай і сумна...

Дзе Вы працавалі?

У школе прыбірала. Я яшчэ ня ведала ангельскай мовы тады добра. Гэта цяпер ужо... Я прыехала й мусіла працаваць, бо муж нічога ня меў. Пры мне ўжо гэты дом купілі, але пусты, нічога не было. Мы яшчэ дабудоўвалі шмат. І халодна тут часам было, нават вада замярзала... Тут зімою бывае халодна, то мы печку грэем цяпер...

Ці шмат Вы знайшлі беларусаў тут у Аўстраліі?

Было многа, але ўжо ўсе памерлі. Калі я прыехала сюды, вельмі многа прыяжджалі да мяне, нават не было чым пачаставаць усіх. Але прыяжджалі зь дзецьмі, калі й я ўжо дзяцей мела. Кожную суботу — нядзелю ў мяне былі госьці. А зараз нікога няма — усе вырасьлі, пажаніліся. Цяпер мала хто прыяжджае.

Наогул цяпер беларусаў вельмі мала ў Аўстраліі. Я ня ведаю Адэляйды, але тут у Сыднэі мала. Украінцаў шмат, палякаў, італьянцаў…

А ў Беларускі Клюб хадзілі?

Мы былі сябрамі яго, дапамагалі, але яны там увесь час сварыліся. А мы не хацелі ў тое мяшацца. Гэты Беларускі Клюб мусіў стаць значна лепшым. Але беларусы нідзе ня мірацца... І царкву ўвесь час дзеляць... Вось мы праваслаўныя. Царкву ў Бэнкстоўне калі будавалі, там беларусаў большасьць была, дапамагалі. А цяпер яны не жадаюць сюды хадзіць. Сёньня служба была, але толькі некалькі чалавек нашых было...

Вы сябе цяпер адчуваеце беларускай ці аўстралійкай?

Я адчуваю, што я беларуска, але ўжо да Беларусі ня маю ніякіх пачуцьцяў. Я яе ня памятаю й ня ведаю, бо болей ніколі там не была. Кузьма быў у 1992-м, то казаў, што вельмі дрэнна ўсё... Ведаеце, у нас сяброў тут больш украінцаў. Дома размаўляем па-ангельску, у царкве па-свойму... У мяне найбольш пачуцьцяў засталося да Бразыліі, дзе я вырасла. Яе я лічу за сваю Радзіму. Там быў найлепшы для мяне час. Я туды езьдзіла ў 1996 годзе, дом наш бачыла яшчэ, але знаёмых ужо мала засталося. І ўсё роўна я сумую па Бразыліі, і калі бачу па тэлевізіі штосьці пра яе, то мне аж сэрца шчэміць...

Спасылкі:

330 Размова запісаная 7.04.2003 у хаце спадарыні Марыі ў Сыднэі. Інтэрвію адбылося толькі з другой спробы (першы раз гаспадыня была занятая), і жанчына не была вельмі ахвотная да аповедаў. Толькі настойлівыя пытаньні здолелі падштурхнуць яе да некаторых урыўкавых успамінаў.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by