МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Тамара Субач [ІНТЭРВ’Ю] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Тамара Субач329

Нарадзілася ў 1943 годзе ў Карэлічах. Бацькі выехалі ў Нямеччыну, былі ў лягерах, а потым скіраваліся ў Аўстралію. Чаму менавіта ў Аўстралію? Бо была эміграцыя... Пасьля вайны кожны жадае мець лепшае жыцьцё, працаваць, дзяцей выхоўваць. Людзі маглі ехаць ці ў Амэрыку, ці ў Канаду, ці ў Аўстралію. Тады якраз была аказія, то бацькі ў 1949 годзе вырашылі ехаць у Аўстралію.

Пасьля Другой Сусьветнай вайны ў Аўстралію прыехалі многа людзей іншых нацыянальнасьцяў і пасяліліся ў Мэльбурне, Сыднэі, Адэляйдзе, Пэрце й Квінслэндзе. Тыя, што прыехалі сюды, былі пад кантрактам і не маглі абы-куды ехаць. Так, напрыклад, мой тата мусіў працаваць на калеі (чыгунцы. — Н.Г.). Вельмі цяжка было ўсім. Шмат людзей мусілі жыць у хастэлях, як у нас тут іх называлі, а пасьля гэтага, калі сабралі сабе трошкі грошай, то куплялі кавалак зямлі, будавалі хатку. Такую, як мая мама тут мае. Мы дзеці яшчэ былі, то хадзілі ў школу аўстралійскую. Часта ў школе нас прасілі распавесьці пра свае нацыянальныя традыцыі, бо было ж многа нас: і палякі, і украінцы, і расейцы, і ліцьвіны, і беларусы. А мае бацькі заўсёды любілі гаварыць пра сваё, як яны гулялі раней, напрыклад. І мне ўсё гэта было цікава. Калі ў нас былі канцэрты для аўстралійцаў, то мама паказвала мне беларускія танцы, што яны танцавалі з сваімі сябрамі, сьпевы. І я ўсё гэта бачыла й тым захапілася.

Аўстралійцам было цікава пабачыць, як розныя народы выступалі. Праўда, спачатку беларусаў тут лічылі, што мы ёсьць “белыя расейцы” (белагвардзейцы. — Н.Г.), і часта ў школе я мусіла геаграфію й гісторыю расказваць, каб давесьці, што мы не расейцы, але асобны народ.

Беларусы ж тут самі зьбіраліся, бо ў нас была праваслаўная царква, дзе людзі маглі сустрэцца й пагаварыць па-свойму. Былі й іншыя арганізацыі. Сьвяткавалі ў нас 25 Сакавіка, канцэрты ладзілі. Я ў тыя часы была маладая, то мне было цікава пачуць беларускія сьпевы, дэклямацыі. Адсюль і пачалося маё захапленьне, каб пашыраць беларускае. Быў час, што мяне запрасілі, каб я таксама вучылася танцаваць, грала на акардэоне... Як арганізавалася “Каліна”, я ад самога пачатку ў ёй была...

А дзе Вашыя бацькі працавалі?

Мама на скураной фабрыцы, а тата па кантракце мусіў рабіць там, куды паслалі, то на калеі працаваў. Вельмі цяжка, бо не было транспарту. Я малая была, і мы жылі ў хастэлі. Мама ўставала а шостай гадзіне раніцы, ехала аўтобусам, а тады цягніком ды яшчэ пешкі ішла да працы. І так працавалі цэлы час, аж пакуль маленькі кавалак зямлі купілі, збудавалі хату. Гады тры спатрэбілася.

На будоўлю таксама час быў патрэбны. Спачатку быў адзін пакойчык і мама мыла на двары, і есьці варыла на прымусе там. Не было як цяпер. І маразы былі, і ўсё. У гэты час вельмі цяжка было. Каб не суседзі… Тут, дзе мы цяпер жывем, пасялілася тады шмат украінцаў і палякаў, то хаця трошкі знаёмая мова была. Вы мусіце зразумець, вельмі цяжка было, таму што чужая мова навокал. І старэйшым вельмі цяжка навучыцца. Як малыя дзеці пойдуць у школу, то магчыма мову хутка апанаваць... Мама й тата працавалі ўвесь час, каб даць нам школу, бо трэба былі грошы... І за гэта мы мусім дзякаваць ім.

Што было ў Аўстраліі найбольш нечаканае для Вас і Вашых бацькоў?

Мы прыехалі ў Аўстралію, каб мець прытулак, бо былі ў Нямеччыне па лягерах. Таму калі прыехалі сюды, то мы рады былі, што кавалачак зямлі купілі, пабудавалі сабе хату й ужо спакойна жылі.

А як Вы да клімату прыстасоўваліся?

Было трошкі горача... Самае важнае, што клімат і ежа зусім інакшыя. Мала было ў крамах звыклага для нас. Можна сказаць, іміграцыя прынесла для Аўстраліі ўсяго, ня толькі культуру й традыцыі, але й сваю кухню… Мама, добра што яна ўмела ўсё, то й агуркі заварвала й усё-ўсё рабіла сваімі рукамі. Мы калі прыходзілі ў школу з сваімі сьняданкамі, аўстралійцы ўвесь час прыглядаліся, што мы прыносілі, ім гэта было незвычайна. Або калі які дзень народзінаў, то запрашалі тых дзяцей, яны таксама цікавіліся, каб пакаштаваць усё смачнае, беларускія стравы.

Аўстралійцы, трэба сказаць, бачылі, што прыехалі людзі зь дзецьмі й мовы ня ведаюць, то часам бралі нас, дзяцей, да сябе, частавалі таксама, паказвалі, як жывуць, каб прызвычаіць нас да аўстралійскага ладу.

Як наогул да Вас аўстралійцы ставіліся?

Добра. У той час у нас не было бяды. Мы проста не былі сьмелыя. Але як малыя дзеці, то дзіцё можа лягчэй прыстасавацца… А бацькі нашыя, яны на працы былі сярод іншых, у тым ліку й аўстралійцаў. І яны жылі так: як ты добра да чалавека ставісься, то й ён табе дапаможа. Ва ўсім сьвеце так, як ты маеш дабрыню да людзей, то так і да цябе будуць.

Зараз Вы беларускія стравы гатуеце?

Гатуем ведама ж. Заўсёды. Тут у Аўстраліі можна знайсьці ў рэстаранах стравы ўсялякай кухні сьвету. Але мы й нашыя дзеці прызвычаеныя да свайго. І баршчы, і дранікі, і галубцы, і кісялі, і печыва рознае, што жадаеце, усё робім. Самае галоўнае, што бульба ў нас ёсьць. Нават дачка мая навучылася варыць нашае, а гэта ўжо іншае пакаленьне.

А аўстралійскую якую ежу?

У іх іншая кухня. Яны як англасаксы, то з Англіі свае прывезьлі. Але зараз у іх тут усё зьмяшанае й нельга сказаць пра штосьці чыста аўстралійскае.

Якія Вашыя дачыненьні зь іншымі беларусамі?

Спачатку кожны, хто вызнаў сябе беларусам, прыходзіў на ладжаныя сьвяткаваньні, бо там можна было абмяняцца сваімі думкамі. Ведаеце, кожная сям’я мае свае гора, то каб пажаліцца сваім ці што, таксама прыходзілі. Было яшчэ, што як адзін будаваў хату, то іншыя ішлі дапамагаць.

Тут хастэль быў недалёка, Бродмэдоўз месца называлася, то набывалі зямлю блізка. Пакуль нашыя там жылі, то будавалі адзін другому, дапамагалі. Жылі дзесьці кілямэтрах у трыццаці навокал, але не ў адным месцы ўсе. Як чулі, што нешта будзе, то зьбіраліся. Таксама й пазьней было, як у нас царква зьявілася. І гэта было месца, дзе людзі зьбіраліся, прытулак для сваіх. Спачатку будынак для царквы наймалі й гэта не было сваё, бо не было столькі беларусаў, якія маглі даць сродкі, жыцьцё было цяжкае. Але рабілі вечарыны, зьбіралі грошы патрошку, адкладалі на царкву. Наш сьвятар пастараўся й каб мы мелі свой пляц зямлі на могілках, мы купілі тую зямлю й там пабудавалі свой беларускі помнік. А пазьней патрошку-патрошку пабудавалі цэркаўку. Гэта вялікае жаданьне было, каб мець сваё. І ня толькі для нас, але каб паказаць аўстралійскаму народу, што мы таксама людзі з сваёй культурай.

На Вашую думку, якая роля ў эміграцыйным жыцьці належыць жанчынам?

Як для мяне, то яны былі падтрымка сям’і, бо многа жанчын мусілі працаваць, каб мець сёньня тое, што яны маюць. То іхняя роля была самая галоўная — гэта трымаць сям’ю. Каб дзяцей глядзець, звычайна наймалі людзей і плацілі. Часам якая бабулька старэнькая глядзела, а мама плаціла. Што яшчэ можна сказаць пра іх ролю... Я думаю, што тое найважнейшае — трымалі сям’ю, бо я ішла ў школу й ведала, што ў мяне ёсьць маці, і мы дагледжаныя былі, заўсёды было штосьці для нас на стале. Галоўная была падтрымка для нас, што мы вучыліся й пачуваліся паміж аўстралійцамі як людзі.

Вы мелі магчымасьць атрымаць адукацыю?

Я не была ва ўнівэрсытэце, скончыла школу да 12-й клясы. У той час з бацькам было вельмі цяжка, а ва ўнівэрсытэт трэба было мець добрыя грошы. А бацькі шмат не атрымлівалі й усё, што яны мелі, было нажытае іх рукамі. Я ж стала працаваць як адміністратар-мэнэджэр.

Зь першым мужам сваім (Басарыновічам. — Н.Г.) пазнаёмілася праз “Каліну”, танцавалі некалі разам. Ён таксама беларус, прыехаў з бацькамі. Працаваў бугальтарам. У нас двое дзяцей, а цяпер ужо й унукі, бабуля я. Тады ён памёр, і я зноў выйшла замуж. Другі муж (Мікалай Субач. — Н.Г.) таксама беларус, але ён быў раней жанаты з аўстралійкай. Пазнаёміліся мы празь беларускае нашае жыцьцё. Ён цяпер ужо на пэнсіі.

Ці Вы адчуваеце сябе аўстралійцамі?

Я магу сказаць, што я аўстралійка, бо мне было толькі гадоў пяць, калі я сюды прыехала. Але дух заўсёды ў мяне свой, беларускі, бо немагчыма забыць, кім бацькі былі. І мае дзеці таксама, яны тут нарадзіліся, але ад бацькоў маюць дух беларускі, сваю культуру, і гэтага ніколі не забудуцца.

Па-беларуску размаўляюць?

Як маленькія былі, то размаўлялі, але пазьней... Цяпер ужо можна сказаць, што не гавораць, але разумеюць. Часам, калі хто пытаўся ў сына, хто ты ёсьць, то адказваў: “Я беларус, мая баба беларуска, мая мама беларуска, мой тата беларус”.

А школа беларуская тут была?

Была, спачатку й я пабыла можа з тры месяцы, але было задалёка езьдзіць туды, трыццаць кілямэтраў. Увесь тыдзень бацькі працавалі, а ў суботу — нядзелю трэба нешта ў хаце й на агародзе зрабіць, то везьці кудысьці дзяцей было цяжка. Але мы стараліся. Я, можна сказаць, сама навучылася мове беларускай. Пасьля першай паездкі ў Беларусь у 1980 годзе я стала з сваякамі перапісвацца. Пісала па-аўстралійску, а тады ішла да якой мамінай знаёмай, каб яна мне тое кірыліцай напісала па-беларуску. Тады праз год я ўзяла слоўнік расейскі, вывучыла алфавіт і стала чытаць кірыліцу. Як чалавек хоча нечага, то можа дасягнуць.

Якое ўражаньне на Вас зрабіла Беларусь?

Я першы раз была ў Беларусі ў 1980 годзе, калі яшчэ быў камунізм, таму я магла толькі ў гатэлі пабыць у Менску. Вы ведаеце, у мяне было такое адчуваньне, што я тут сапраўды нарадзілася. Хацелася пабачыць сваякоў, і яны былі радыя са мной сустрэцца. Я была з маімі дзеткамі малымі. Муж памёр тады, то я хацела выехаць пабачыць сьвет. І мне нічога больш не хацелася, як сустрэць сваякоў, бо мама заўсёды гаварыла пра сваё, успамінала, як усё было. Калі вы маеце такое жаданьне, то гэта найважнейшае.

Пасьля я была ў Беларусі яшчэ пяць гадоў таму. Самае важнае там ёсьць не матэрыяльнае, не будынкі, а людзкое… Мне ня верылася, што гэта тое месца, адкуль я прыйшла. Вельмі спадабалася. Прырода й усё... Калі была першы раз, то толькі ў Менску, а ўжо другі раз мы паехалі ў Карэлічы, лясы пабачылі, і паўсюль вельмі-вельмі прыгожа...

Спасылкі:

329 Размова адбылася ў хаце Ганны Карп, маці Тамары, у Мэльбурне 15.03.2003. Беларускую мову Тамара вучыла толькі ў стасунках з бацькамі й знаёмымі беларусамі, але ў аўстралійскай школе й на працы больш прызвычаілася да ангельскай. Аднак цікавасьцю да ўсяго, што зьвязана з жыцьцём бацькоў і беларускай культурай, быў прасякнуты ўвесь аповед.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by