МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Матушка Тамара Грыцук [ІНТЭРВ’Ю] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Матушка Тамара Грыцук328

У мяне дужа складаная сытуацыя, бо мой бацька з Глуску, а маці з Уралу. Але адно, што калі мая маці памерла, мне не прыйшлося даведацца, адкуль яна з Уралу, бо дужа маладая памерла. Калі выслалі дзеда, то й бацька мусіў туды ехаць на Урал. Ён там працаваў і пазнаёміўся з мамай, і яны жылі там. Не жаніліся, бо не было такога, каб жаніліся, пайшлі расьпісаліся й то ўсё. І я нарадзілася ў 1937 годзе на Урале, але ня ведаю дзе. Тады дзесь у 1940—1941 годзе мы вярнуліся ў Беларусь, я ўжо памятаю свайго дзеда й Глуск. Усё гэта я памятаю. Мы там пражылі да 1943-га, бо як партызаны дзеда забілі, сталі шукаць усіх, зьнішчылі ўсё.

Дзе Ваш бацька працаваў?

Тое я таксама ня ведаю. Маці, як памятаю, у шпіталі працавала. А бацька, ня ведаю дакладна дзе.

А ў школу Вы хадзілі?

Я толькі мусіла зачынаць ісьці ў школу, але ж мы зьехалі. Ужо было ўсё прыгатаванае, і кніжкі, і ўсё, але ж не прыйшлося. Мая навука такая. Я як ужо ў Нямеччыне — хадзіла да ўкраінскае школы, а тады да нямецкай. Як прыехала ў Аўстралію, то да аўстралійскай. Але я ня скончыла гай скул (сярэднюю школу. — Н.Г.), як тут яны кажуць, праз тое, што мне было толькі 16 гадоў, як мая мама захварэла й за два гады памерла, то я ўсё мусіла кідаць і ісьці працаваць.

У якім месцы Вы былі ў Нямеччыне?

У Аўгсбургу. А тады з таго лягеру нас не ўзялі ў беларускі, бо мама была не беларуска. То мы й яшчэ тут ёсьць дзьве сям’і сышліся ў места й тата працаваў для французаў, рэзалі лес. То жылі так, французы нам дапамагалі, знаходзілі кватэры ў немцаў, і мы жылі там нейкі час, пакуль не падалі дакумэнты на выезд. Гэта было каля Мюнхену, 25 кілямэтраў. Мы ўжо жылі ня ў лягеры, а тая француская кампанія давала нам жыцьцё. Нас было сем’яў сем—восем. Гэта былі мяшаныя сем’і. Той чалавек, што ў нас у царкве зараз хорам кіруе, Усьцінаў, яго жонкі сястра й маці там былі, тады цётка мая знайшла нас.

Ці ў Вашай сям’і было шмат дзяцей?

Нас двое было толькі: брат і я. І бабка мая, татава мама, увесь час была з намі, але з прычыны таго, што татава сястра жыла ў Сыднэі, як мама памерла, бабка перабралася туды да дачкі й, фактычна, там пахаваная, і тата мой там пахаваны, толькі мама тут на Фоўкнэры.

Як Вы патрапілі ў Аўстралію? Чаму менавіта сюды?

Там былі розныя пагалоскі, хто куды хоча ехаць, бо кожны чалавек хацеў выехаць ці ў Амэрыку, ці ў Аргентыну. І падавалі такія запросіны. Ну й нас прынялі да Аўстраліі. Я думаю, што бацькі мае падавалі й у Амэрыку, і ў Аргентыну, але добра, што мы ў Аргентыну не паехалі, бо там вельмі цяжка. А ў Аўстралію прыехалі ў 1949 годзе параплавам. Мы выяжджалі з Кобленц да Італіі, а тады ўжо з Нэапалю сюды.

Мне гадоў толькі дванаццаць было, то я ня дужа страшылася. Наш параплаў быў вельмі вялікі, і шмат было ўсялякіх выгодаў. Можна было пакупацца, і вада была пітная, а нам дзецям, то й шакаляды давалі…

І прыехалі адразу ў Мэльбурн?

Так, у Мэльбурн мы прыехалі, але адсюль нас пераслалі ў Банагілю. У Банагіле мы былі пару тыдняў, а тады тата мой паехаў, бо мусіў кантракт адпрацаваць, а нас перавезьлі ў Коўру, гэта ў Паўднёвай Аўстраліі. Там мы былі якіх дзевяць месяцаў з маці. А тады мы пераехалі зноў у Вікторыю, бо бацька пачаў нас патрабаваць, у Іналю. Там мы пабылі якісь час, бацька купіў зямлю, паставіў маленькую будачку, і мы ўжо там жылі. Я яшчэ ў лягерах хадзіла ў школу, то там пайшла ў аўстралійскую.

Ангельскую мову Вы ўжо тут вывучылі?

Так. Але ж я не гавару стопрацэнтовай ангельскай мовай і зараз. Бо не прыйшлося мне добра павучыцца. А тады ўжо падвучвалася, як старэйшая была. То кнігі, то яшчэ што…

А дзе Вашыя бацькі й Вы працавалі?

Маці працавала ў фабрыцы як швейка. А я працавала таксама ў фабрыках. Тут ў Бродмэдоўзе (раён ў Мэльбурне — Н.Г.) на адной адпрацавала 28 гадоў, пачынаючы ад 1962-га. Мы там джынсы шылі. А да таго працавала кругом, дзе была работа. Тут калісьці так было. Як паехалі вы ў горад і пайшлі па вулічках, то гэтыя габрэі стаялі каля сваіх дзьвярэй і як толькі вы пачыналі гаварыць, то ён “Прыходзь да мяне рабіць, я буду добра плаціць, ты толькі прыйдзі да мяне”. І магчыма было дастаць працу лёгка, як ты мог бы рабіць дзень і ноч, то й працаваў бы дзень і ноч.

Шмат беларусаў тут сустрэлі, калі прыехалі?

Я б сказала, што не. Пазьней трошкі, як зачалі мы тут гуртавацца. Гэта дзесь як мы ажаніліся, у 1954 годзе.

А як Вы пазнаёміліся?

Акурат жа цераз знаёмых. Мы жылі якіх 100 кілямэтраў адсюль, у Інале. Як нас бацька забраў туды, то зачалі перапіску з усімі нашымі знаёмымі тут. І адзін прыехаў да бацькі й Корбут прыехаў разам. Яны ня зналі, што мы тут ёсьць, бо з аднаго месца зь імі. І Фанік гэты Корбут прыехаў. А я акурат дастала ліст ад нашых знаёмых, яны мяне запрасілі ў Мэльбурн, каб я прыехала. І я сабралася ехаць, а гэты Фанік учапіўся й кажа, што паедзе са мной. Я кажу: “Я не магу з табою ехаць, мяне людзі запрасілі, якія будуць чакаць на станцыі”. Але ён — не. Такі нахабны быў. Вылезла я ўжо зь цягніка на Фліндэрсстрыт (цэнтральная станцыя ў Мэльбурне. — Н.Г.), а ён за маю валізку й пайшоў, нічога не пасьпела зрабіць. Прыехалі, прывіталася зь яго маці, бацькам, зачалі гаварыць. Ён кажа, знаёмся. Я іх з дому ня ведаю, але ведаю, хто яны такія, бо яго бацькі былі кумаўя з маёй цёткай. Ну я там толькі ноч пераначавала й кажу: “Не, я тут ня буду, не магу. Людзі ўчора на мяне чакалі, а ты тут такое зрабіў, забраў мяне”. То ён мяне да знаёмых прывёз. І тое ж машын не было, цягніком. І я тут мусіла выбачыцца, бо людзі чакалі. А ён зачаў не адставаць, гэты Фанік. А тады гэтыя людзі, дзе я была, былі кумаўя з маім будучым мужам, яны яму далі знаць, што ёсьць дзяўчына, і ён прыехаў. І так пазнаёміліся, а праз год пажаніліся. Зачалося нашае жыцьцё.

І свой дом хутка займелі?

Ужо ў яго быў свой дом, ён ужо меў. Там брат жыў і маці яго жыла. У той хатцы мы жылі ўсе разам якіх восем гадоў, пакуль брат яго не пабудаваў сабе хату. А мы ўжо тады дзесяць гадоў пражылі й купілі гэтую. Грошай падабралі. І маці яго жыла з намі да таго часу. То была нам найбольшая дапамога, якую яна магла зрабіць, гэта што яна пільнавала дзяцей. Тады мы маглі вольна працаваць, бо ведалі, што дзеці дагледжаныя. Ніна нарадзілася ў 1955-м, а Філіп чатыры гады пазьней, у 1959-м.

Якія Вы дома стравы гатавалі?

А стравы, так было. Як я працавала, то ня мела часу, то маці варыла. Усялякія дамашнія, якія дома варыла, такія й тут. Беларускія.

А аўстралійскія?

Не. Аўстралійскія не. Адкрыта Вам сказаць, аўстралійскіх страваў было мала. У іх так — баранью нагу ці мяса ў печ, а тады вакол там бульба, якая морква ці што. Во такая ў іх была страва. А як сталі наяжджаць з Эўропы, то зьявіліся ўсялякія стравы, каўбасы й усё. А раней не было.

Якія былі дачыненьні з аўстралійцамі?

Адразу некаторыя былі ўрэдныя, я б сказала. Заўсёды заўважалі, як гаворыш на сваёй мове, то “Спік інгліш”. Некаторыя адносіліся вельмі файна. Але я думаю, тыя ставіліся добра, хто мелі нейкія сувязі з Эўропай, ці на вайне хто быў, ці што, то яны былі лепей. А тады патроху-патроху стала лепш. Як мы апанавалі ангельскую мову, то ўжо маглі ім адказаць што. Аўстралійцаў мы не баяліся, але мы зь імі шмат кантактаў і ня мелі. Больш з нашымі людзьмі: палякі, югаславы, украінцы, расейцы — з гэтымі. А зь імі... яны іншыя. І да сёньня. Побач людзі купілі дом, суседзі, а я ня ведаю, як іх зваць. І таксама іншыя.

А як у Вашай сям’і абавязкі разьмяркоўваюцца? Што лічыцца мужчынскім, а што жаночым?

Ага. Ну мужчынскае, я думаю, як і ўсюды: прыйшоў з працы, сеў і то ўсё. А жанчына мусіць кругом... І так ва ўсіх беларусаў было. Гэта сёньня я яму магу сказаць “Памый посуд!”. А ён ня любіць.

Якія Вы мелі дачыненьні зь іншымі беларусамі?

Як гэта адказаць? Мы сустракаліся заўсёды, як мелі нейкія сьвяты. Асабліва калі быў Беларускі Дом, то мы рабілі вечарыны, забавы. Раз на два тыдні ці раз на месяц.

Хто быў ініцыятарам усяго гэтага, беларускага?

Вольга Сьлесарэвіч, Паўла Гуз, Аўген Груша — ужо пазьней. Тады яшчэ й іншыя былі, але пераважна Паўла Гуз і Вольга Сьлесарэвіч.

А якую ролю наогул жанчыны адыгрывалі ў беларускім жыцьці?

Толькі гэтая справа, што мы варылі. Калі зьбіраліся, то трэба было штось прыгатаваць, то ў гэтым сэнсе. І ў арганізацыі сьвяткаваньняў, і сьпявалі. Але я ніколі ня брала ў сьпевах удзелу, бо ў мяне няма голасу. Ня тое, што голасу, я ня маю слыху.

Раскажыце пра Ваш удзел у жаночых арганізацыях.

Удзел мой быў такі. Час нейкі я была старшынёй Жаночага Камітэту, дзесьці ў 90-х гадах. Праца была такая, як прыяжджалі якія беларусы, то арганізоўваць ежу, прыняцьцё, і барбэкю як мы рабілі, то ўсё было на маіх руках.

Як моцна ўплывае на жыцьцё беларусаў фактар веры (рэлігіі)?

Гэта цяжка сказаць. Бо ёсьць людзі веруюць, а ёсьць — не. Мы, напрыклад, я была яшчэ малой дзяўчынкай, то верыла ў Бога й хацела, каб мае дзеці таксама, то я іх прыглядала, каб яны гэтага пільнавалі. Мы хадзілі й да ўкраінскай тут царквы, і да расейскай. Дзе праваслаўная царква, там і мы былі. А тады ўжо да беларускай. А потым, як Аляксандар меў сваю парафію, то мы хадзілі разам.

А як Вашыя бацькі перажывалі эміграцыю?

Дужа цяжка. І цяжка прыстасоўваліся. Найперш, што ня ведалі мовы. Гэта самае галоўнае было. У маёй сям’і, як мама хварэла, гэта таксама цяжка было. І клімат яшчэ... Я неяк заснула на двары, то бацька ня мог дабудзіцца. Наогул прыходзілася дужа-дужа цяжка гадоў тры-чатыры-пяць, пакуль мы трохі прывыклі. Але ж тут так бывала, што адзін год горача, другі ня дужа.

Хто, на Вашую думку, цяжэй перажывае эміграцыю мужчыны ці жанчыны?

Я б сказала, што аднолькава.

А з новымі беларускімі эмігрантамі якія маеце стасункі?

Яны цураюцца нас. Я ня ведаю, колькі іх тут ёсьць у Мэльбурне. Пару разоў прыйшлі да царквы й цураюцца. Ня ведаю, чаму. Яны ўсе ідуць да габрэяў.

Ці было ў Вас нейкае хобі, улюбёны занятак?

Так. Я любіла калісьці вышываць. Але цяпер ужо не вышываю, бо вочы ня тыя. Гэта яшчэ мама мяне навучыла. Яна добра вышывала й шыла, яна краўчыня была. Усё было ад мамы.

Куды Вы звычайна езьдзілі адпачываць?

Мы езьдзілі ў Балі, Тайлянд, Малайзію. Былі два разы ў Амэрыцы, раз у Беларусі. А ў Эўропу мы думалі ехаць, але нешта нам ня выпала й не паехалі. А цяпер ужо, думаю, і не паедзем. А магчымасьці адпачываць у нас былі. Мы выяжджалі й на два-тры тыдні.

Вы былі ў Амэрыцы й бачылі, як там жывуць беларусы, ці можна параўнаць з жыцьцём у Аўстраліі?

Там як хто ўладкаваўся. На мой погляд, лепш тут, як у Амэрыцы. Багата чым лепш. Я, напрыклад, зімы не люблю, холаду. Другое, што там вельмі хутка ўсё робіцца, усё мамэнтальна — таго я не люблю. Але беларусаў там больш. Там у Саўт-Рывэр адзін раз была нават беларуская паліцыя. Калі едзеш на вуліцы, то яна цябе й затрымоўвала, і адпускала. Тое калісьці было, цяпер ня ведаю.

Ці засталіся ў Вас якія сваякі ў Беларусі?

Гэтага я ня ведаю. Ад майго бацькі можа хто й ёсьць, але я ня ведаю. Майго бацькі прозьвішча Калянкоўскі, можа хто там і застаўся...

Як Вы былі на Радзіме ў 90-х гадах, ці ня ўзьнікла жаданьня вярнуцца?

Не, з-за таго, што я ўбачыла, як там людзі жывуць, у параўнаньні з нашым жыцьцём. То не.

Дзеці Вашыя ўжо аўстралійцы?

Дзеці, я б сказала, на 80 адсоткаў, а ўнукі то ўжо на 100. Але старэйшая ўнучка вельмі цікавіцца, адкуль мы, і яна зрабіла, як першы год пайшла ва ўнівэрсытэт, такую працу — біяграфію, дзе апісала, адкуль яе дзяды й усе, ды атрымала высокія адзнакі за тое.

Ці Вы цяпер, пражыўшы гэтулькі гадоў у краіне, адчуваеце сябе аўстралійцамі?

Не. Я ня ведаю, але чамусьці не адчуваю. Мы доўга не прымалі аўстралійскага грамадзянства. Толькі ў 1965 годзе. Усё спадзяваліся, што вернемся у Беларусь. Але й тут мы ўсё адно беларусы.

Спасылкі:

328 Размова запісаная 20.03.2003 у хаце спадарства Грыцукоў, дзе я гасьцявала цягам цэлага тыдню ў Мэльбурне.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by