МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Яўгенія Юрша [ІНТЭРВ’Ю] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Аўгенія Юрша327

Я нарадзілася 22 кастрычніка 1926 году ў вёсцы Трыбушкі Слонімскага раёна, цяпер называецца гэтая вёска Мірная, каля Новых Дзявяткавіч. Бацькі абое былі беларусы, бацька памёр за пару гадоў перад вайной. Мама ў 1942 годзе разам зь іншымі жыхарамі нашае вёскі была расстраляная немцамі, а мяне забралі ў Нямеччыну.

Скажу па праўдзе, я ня маю нічога супраць расейцаў, але тое, што прыйшлося бачыць, калі ў 1939 годзе да нас прыйшла савецкая ўлада й тыя зьмены... Як бы ні было ў Польшчы, мы такога ня бачылі раней: была вольнасьць рэлігіі, падатак заплаціў — і ніхто да цябе не мяшаўся, у хаце гаварылі па-беларуску, у школе — па-польску. А пры Саветах жа вывозілі сем’і арыштаваных бацькоў асаднікаў, якія з Польшчы пасяліліся ў Заходняй Беларусі, гэтых нявінных людзей, жанчын і дзяцей вывозілі ў Сыбір...

А пасьля з-за партызанаў загінула й нашая вёска. Так было, у дзесяць кілямэтраў адлеглую вёску Сурынку прыходзілі партызаны й, пакуль яшчэ сьнег ня ўпаў, яны затрымаліся там, нават патруль быў у купале царквы. А беларусам немцы загадалі аддаваць падатак збожжам, мясам, яйкамі. І людзі везьлі гэта, калі ўжо скончыліся палявыя работы, сабралі, што было наказана. А партызаны выйшлі на гасьцінец, што вёў з Слоніму ў Косаў, ды абрабавалі два вазы. А правадыр партызанаў яшчэ напісаў картку й сказаў, каб немцам аддалі яе замест падатку й яны залічаць тое. Людзі ж нашыя простыя так і паехалі ў Слонім, здалі немцам гэтую картку, а іх схапілі й пабілі моцна, так што яны вярталіся ды жыватом ляжалі на саломе. А як спаткалі па дарозе людзей, то распавялі ім, за што іх пабілі, ды асьцераглі, пакуль не ўпадзе сьнег, ня везьці падаткі, бо партызаны будуць забіраць. А пазьней, як сьнег ляжа, у іх ужо ня будзе столькі сьмеласьці. І сталі людзі прытрымліваць выплату падатку немцам. А гэта ды тое паквітаваньне разьюшыла немцаў, і яны прыехалі, чамусьці мінулі тую Сурынку, а да нас адразу. Акружылі вёску, забралі нас усіх на сярэдзіну, аддзялілі моладзь, здольную да працы ў Нямеччыне, а астатніх амаль усіх расстралялі. Яшчэ тыя, што мелі квітанцыю, аб здадзеным немцам падатаку, ацалелі.

Так я апынулася адна ў Нямеччыне. Працавала ў Люфтганза пры направе самалётаў. Ад немцаў стаўленьне да цывільных было людзкае, але мы мусілі ўсё рабіць дакладна, бо яны пагражалі, што адказваць будзем перад уладамі. Як сканчалася вайна, для маладых жанчын было небясьпечна, бо калі праходзіў заходні фронт, вельмі агрэсіўныя былі войскі, што ўвайшлі ў Заходнюю Нямеччыну. У той час я схавалася ў адной сям’і нямецкай, якую вельмі міла заўсёды ўспамінаю, бо яны мне вельмі дапамагалі ў часе вайны. Паўтара году я ў іх жыла яшчэ пасьля. А як зьяжджаліся ў лягеры, то пайшла спачатку ў расейскі, дзе было многа людзей зь Беларусі. Аднак немаральныя паводзіны разбэшчанай моладзі мне там не спадабалася й я пайшла туды, дзе былі мае таварышкі — у польскі малы лягер для жанчын. Гэта быў палац у мясцовасьці Гэцынген. Там я праходзіла курс навучаньня на мэдсястру. У гэтым лягеры я заставалася аж пакуль пазнаёмілася зь першым маім мужам, ваеннапалонным Станіславам Дуданцом. Тады я выйшла замуж і перайшла ў лягер у Бэблінген, дзе працавала яшчэ ў вайну й мела многа знаёмых. Таксама працавала ў шпіталі. Тады як першы сын нарадзіўся, то я перастала працаваць і не працавала аж пакуль прыехалі ў Аўстралію.

Мы мелі жаданьне паехаць у Канаду, куды зьехалі ўсе нашыя знаёмыя. Але не ўдалося, тады мы выбралі Аўстралію. Нас прынялі, 31 студзеня 1950 году мы прыехалі мараплавам з Італіі, з Трыесту ў порт Мэльбурн. Адтуль цягніком нас прывезьлі ў Банагіля, гэта быў такі транзытны лягер, адкуль расьсяляліся людзі на месцы працы. Пасьля першых двух тыдняў, калі мы трохі аджылі пасьля мараплаву, мужчыны падаліся на працу. У сярэдзіне чэрвеня мы ўжо змаглі дастаць ад аўстралійцаў у Бароса Валей (мястэчка недалёка ад Адэляйды. — Н.Г.) чатырохпакаёвую кватэрку. На ўзгорку там было чыстае паветра. Людзі прынялі нас ахвотна. Дапамагала мне тое, што я добра ведала нямецкую мову й год часу ў Нямеччыне вучылася ангельскае. А ў Бароса Валей, дзе жыло шмат немцаў, размаўлялі па-нямецку й былі прыхільныя да нас. Аўстралійцы далі нам дапамогу й мэбляй, і адзежы мы мелі дастаткова. І наогул вельмі прыхільна да нас паставіліся.

Тады было цяжка з працай. Якраз у тым часе будавалі вялікі рэзэрвуар водны, хацелі ў Адэляйду хутчэй ваду даць, таму сталі рабіць вялікія помпы з ракі Мары (Murrey (анг.) — Мурэй. — Н.Г.). І тады мы пераехалі жыць да гэтае будоўлі. Там былі доўгія домікі адмысловыя, дзе мы й жылі. Але было выгодна, бо там электрычнасьць ужо была. Жылі ў тым месцы таксама два гады. А ў 1954-м пераехалі ў Адэляйду. Купілі маленькі двухпакаёвы домік, пакойчык яшчэ дабудавалі й так жылі шэсьць гадоў. Тады зьмянілі ўжо на гэты адрас, дзе зараз жыву.

Дзяцей я паслала ў каталіцкі коледж, дзе яны мелі добрую адукацыю. Гэта была школа вышэйшае клясы, і нам было цяжка плаціць за яе. Але настаўнікі школы й дырэктар дазволілі, каб мы плацілі, што маглі, а рэшту сплацілі ўжо, калі дзеці пайшлі вучыцца на стыпэндыю. Два сыны мае маюць вышэйшую адукацыю, а меншы быў занядбаны, бо мела замала часу, каб прыпільнаваць яго, і ён перастаў добра вучыцца. Мусіў навучаньне перарваць яшчэ ў сярэдняй школе.

У 1964 годзе загінуў у выпадку пры працы мой першы муж. Ён тады меў толькі сорак шэсьць гадоў. Пачаліся цяжкія часы для мяне. Але знаёмыя, зь якімі я разам яшчэ ў Люфтганза працавала, і суседзі, каторыя прыехалі з Польшчы ў 1959 годзе, хросны бацька й сябра майго першага мужа дапамаглі мне фінансава, і я ўратавала тое, што мела. Тое, дзе мы жывем зараз, нічога тады яшчэ не было пабудавана, быў толькі фундамэнт. Быў домік малы, дзе жылі гадоў трынаццаць. Пазьней аднак з маёй упартасьцю, нягледзячы на тое, што перашкаджалі й намаўлялі, каб гэта прадала, я вырашыла ўсё захаваць і дабудавала сядзібу. Не было лёгка. Спрыяла тое, што я сабе адзеньне ніколі не купляла (у нас тут дарагое адзеньне), а заўсёды сама сабе шыла й дзецям часта што-небудзь спартовае. І вось у 1975 годзе скончыла я будаўніцтва, а тады ўжо пазнаёмілася з Паўлам, маім цяперашнім мужам. І мы вырашылі тут застацца жыць, у гэтай хаце. Муж мне троху дапамог грашыма. І так жывем: часам паспрачаемся, часам пасьпяваем, пасьмяемся...

Зь якімі пачуцьцямі Вы ехалі ў Аўстралію? Ці не было Вам страшна апынуцца ў такой далёкай краіне?

Я не баялася ехаць, бо шырока ведала нямецкую й ангельскую мовы, а таму мы ведалі многа пра Аўстралію. Ну баяліся павукоў, зьмей. Павукоў тут бачыла, зьмей два разы толькі бачыла за ўвесь час.

Ці шмат часу заняло прыстасаваньне да новага клімату, да ежы?

Мы гатавалі ўсё сваё й пяклі сваё. Там, дзе мы жылі ў Вільямстаўн на ўзгорку, горача не было, заўсёды прыемны ветрык, але вечарам былі праблемы з вадой. Як вада заканчвалася, то працадаўца, на якога мужчыны працавалі, будавалі рэзэрвуар водны, прывозіў нам ваду.

А дзе Вы працавалі?

Я працавала больш у “Філіпса” ў электрычнай фабрыцы. Мела добры зрок, лёгкую працу. А калі яны пачалі пераяжджаць дзесьці ў Азію й старэйшых жанчын звольнілі, у мяне не было цяжкасьцяў зь іншай працай. Я з ангельскай мовай была абазнаная, навучылася таго бядою. Моцна пакутавала, што не старалася раней вучыцца нямецкай мове, можа я б з маёю сьмеласьцю змагла выратаваць жыцьці тых 147 чалавек у вёсцы... А я ня ведала мовы, таму як прыехала ў Нямеччыну, хаця горкая мне гэтая мова была, шыбка навучылася. Тады ж старалася навучыцца й ангельскай, бо ведала, што мы выедзем дзесьці далёка ад камуністаў у які-небудзь англамоўны край.

Калі прынялі аўстралійскае грамадзянства?

Я прыняла аўстралійскае грамадзянства ў 1960 ці 1961 годзе, а мой першы муж так і не прыняў. Гэтыя людзі, што былі пяць гадоў у нямецкім палоне, жылі галодныя патрыятызмам. Ён сябе лічыў палякам, бо быў жаўнерам у польскім войску. Муж марыў калісьці паехаць і застацца ў Польшчы, але не пры камуністах. Жыў той надзеяй, што зьменіцца СССР.

Вы з сваімі дзецьмі па-беларуску размаўлялі?

Не, мы не маглі па-беларуску размаўляць, бо я была троху крывога настаўленьня да нашых тут беларусаў. Усё праз тое, што мы зь іншай гісторыяй выяжджалі з дому. Некаторыя тут ахвотна ехалі, іншыя ведалі куды схіліцца. Расейскія партызаны ня вельмі добра ставіліся да беларусаў, не лічыліся з намі. Многа беларусаў згінула ў вайну праз тое, што нас партызаны не шанавалі. Таму тыя маладыя хлопцы, што пайшлі ў Самаахову, ды іх потым забралі ў Нямеччыну на розныя работы, я іх цяпер не асуджаю. Яны перажылі таксама й холад, і голад, і бомбы... У мяне было спачатку неразуменьне іх... Трэба было многа чытаць, каб зразумець гэтых людзей. Але сямнаццаць гадоў я не размаўляла праз тое па-беларуску. Мой муж лічыў сябе палякам, належаў да польскай школьнай асьветнай арганізацыі, таму дзеткі мае хадзілі ў суботу на пару гадзінаў у польскую школу, вучыліся па-польску пісаць, чытаць і мы дома размаўлялі па-польску. Каталікі схільныя больш да польскай мовы.

Толькі недзе ад 1967—1968 году я стала больш мець стасункаў зь беларусамі тут. Але я каталічка, каталічка з выбару, бо была хрышчана ў праваслаўнай царкве. Дзяўчынкай мяне маці пасылала ў касьцёл, каб я магла, калі буду мець 18 гадоў, вырашыць сама, да якой веры далучыцца. А ў нас у вёсцы была жывая памяць пра тое, як некалі сілаю пераводзілі людзей у праваслаўе й касьцёл, Сьлізьнямі (старажытны шляхецкі род. — Н.Г.) яшчэ пабудаваны, на царкву перараблялі. Людзі адчувалі яшчэ ў гады майго дзяцінства ад таго жаль і многа пра тыя часы згадвалі. І я ведала гісторыю тых пярэхрыстаў зь бізуном, таму сьведама далучылася да каталіцкай царквы. Маці мяне да гэтага не змушала, яна засталася праваслаўнай.

А як беларусы ставіліся да таго, што Вы каталічка?

Тут беларусы навучыліся талераваць. Дома перад вайной халодна адны да другіх... Але як было якое сьвята, то, прыкладам, праваслаўныя стараліся ня стукаць на каталіцкае сьвята. Калі каля вёскі касьцёл званіў, то на полі хто працаваў, ціхенька здымаў капялюш. І тое ж, як былі праваслаўныя сьвяты. Каваль быў у вёсцы каталік, то ён ніколі ня стукаў у кузьні на праваслаўнае сьвята. Была ўзаемная пашана...

І тут мы зразумелі ўсе патроху… Есьць часам яшчэ халодныя адносіны, але гэтага мы мусім пазбавіцца.

Ці шмат у Адэляйдзе жанчыны ўдзельнічалі ў беларускім грамадзкім жыцьці?

Жанчыны так, ня менш за мужчын. Мужчыны будавалі старую царкву, старую залю. Жанчыны таксама там працавалі, дапамагалі, абеды супольныя рабілі. Цяпер гэта ўсё зьменшала. Беларусам у Адэляйдзе тут патрэбны малады праваслаўны сьвятар, які б меў супольнасьць, паразуменьне з маладымі людзьмі. Айцец Касацкі, цяперашні сьвятар, ён ёсьць украінец. Але ў царкве засталіся ўсе старыя, я ня бачу, што беларуская моладзь у Адэляйдзе мае столькі ж духоўнае апекі, як, прыкладам, польская ад сваіх ксяндзоў. Але, праўда, палякаў тут многа больш... А ў беларусаў прыедзе цяпер сьвятар, адправіць у нядзелю службу, а зьбіраюцца людзі толькі старэйшыя, і няма блізкасьці маладзейшых да гэтага сьвятара... Вось айца Бурноса можна было пахваліць, бо ён актыўна духоўна працаваў, і матушка Вольга...

А хто з жанчын былі найбольш актыўныя?

І полькі зь беларусамі жанатыя, і харваткі, і немкі бралі чынны ўдзел, дапамагалі абеды арганізоўваць, шылі народныя вопраткі для танцораў. Шэсьць месяцаў я сама працавала на пасадзе сакратара Беларускага Аб’еднаньня. Мяне выбралі людзі. Тады было, здаецца, 150 гадоў Паўднёвай Аўстраліі, і мы рыхтавалі свае экспанаты ў Этнічны Музэй, лісты рассылалі й гэтак далей. Але потым я арганізавала свой бізнэс, які патрабаваў шмат майго часу, таму падала просьбу аб звальненьні з пасады сакратара.

Зь якімі пачуцьцямі была зьвязаная Вашая апошняя паездка ў Беларусь?

Я паехала ў Беларусь толькі калі яна абвесьціла незалежнасьць, у 1992 годзе. Паехала на гадавіну расстрэлу нашае вёскі. Сабраліся мы, хто засталіся жывыя, — моладзь, што тады сагналі ў Нямеччыну, калі старэйшых і дзяцей, і жанчын, і бацькоў расстралялі. Мы правялі гэты дзень так, як мы апошні з нашымі роднымі. Потым пайшлі на могілкі ў вёсцы Мірная. У гэты дзень адбыўся малебен у касьцёле каля нашае вёскі, а таксама й у Пэрце, і была інфармацыя на беларускім радыё ў Пэрце й у Сыднэі, і тут у Адэляйдзе айцец Бурнос адпраўляў малебен. І ў праваслаўнай царкве каля вёскі пазьней служба была.

У Беларусі я тады многа пабачыла. Зіма была, але аўтобусы былі ацепленыя і я аб’ехала многа месцаў. Мы з Аўстраліі прывезьлі троху дапамогі грашовай некаторым людзям, то трэба было разьвезьці. А я многа аб’езьдзіла, гаварыла зь людзьмі з гарадоў і зь вёсак. Шмат нашая радзіма адстае матэрыяльна й звычаёва ад заходніх краінаў, у чым, я думаю, вінаватая савецкая ўлада. Але ў параўнаньні з тым часам, калі мяне вывозілі, стала лепш, бо шмат людзей атрымалі адукацыю за апошнія пяцьдзясят гадоў. Вельмі высокай думкі я пра нашых беларускіх жанчын. Думаю, што гэта менавіта беларускія жанчыны, бабулі перадалі дзецям веру ў Бога й родную мову...

Спасылкі:

327 Размова запісана 25.03.2003 у хаце спадарыні Юршы ў Адэляйдзе. Аповед быў найбольш маналёгам жанчыны, якая пасьлядоўна й лягічна, нібы загадзя рыхтавалася, узгадвала сваё жыцьцё й гаварыла надзвычай правільнай беларускай мовай.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by