|
Ганна Ролсан326.
Я нарадзілася 14 сакавіка 1921 году ў вёсцы Рудня Жыткавіцкага раёну, Палескай вобласьці. Бацькі я ня ведаю, мне было тры гадочкі, як я бацьку згубіла. З мамаю мы ўдваіх (я сястру яшчэ мела) жылі ў той вёсцы Рудня, дзе толькі было 20 двароў. А кругом лес, кругом журавіны, чарніцы, усе мы жылі тым. І такое нашае жыцьцё… І цяжка было. Я з 12—13 гадоў пайшла маме памагаць, на зямлі працаваць. Рабілі, дапамагалі маці, бо яна ўдава была. Нас прымусілі тады ў калгас ісьці, іначай куды? Бо мы лічыліся беднымі. У нас зямля была паганая. Не тое што ва Ўкраіне, распавядалі, чарназём. А нам было цяжка. Потым я замуж выйшла ў той самай Рудні, там і ў вайну жыла.
Муж мой быў беларус, імя яго Адам Касабуцкі. З Ільветчыны, сем кілямэтраў ад нас. Я выйшла замуж у сакавіку 1941 году, перад вайною. Вайна пачалася, і мужа майго забралі, а я засталася цяжарная сваёй дачкою. Як ён вярнуўся, у нас была вялікія партызаншчына й партызаны ўсё спалілі, а нас вывезьлі ў Жыткавічы. Вывезьлі ў Жыткавічы, а яго на працу забралі ў Тураў. Гэта я памятаю, як сёньня, ехалі шэсьцьдзясят кілямэтраў. Забралі туды падводы майго мужа, а там напалі на яго партызаны й забілі. Я яго нават і ня бачыла.
А ў 1943 годзе немцы нас забралі ў Нямеччыну. Мы ехалі ўсе разам: мама, я й мая сястра. Прыехалі ў 1943 годзе недзе перад Калядамі, у лістападзе, у вёску Арбэрген. Нас там пасадзілі. У мяне было маленькае дзіця, а нас усіх сагналі ў адзін барак, па тры-чатыры сям’і былі ў пакоі. Маю маленькую дачку пакінулі з адной жанчынай, а нас усіх на працу. Я працавала ў остаўскай кухні. Работалі зь пяці гадзінаў, то я нават дня ня бачыла. Гэта было вельмі цяжка, увесь час сядзець, і капусту, бульбу й ўсё гнілое перараблялі. Я была ўвесь час там, нас нікуды-нікуды не адпраўлялі. А потым мы, калі скончылася вайна, пераехалі ў Гановэр. А там у Гановэры ў 1946 годзе мы з адным беларусам пажаніліся. Яго імя было Павал Машэй, і я нарадзіла яму двух сыноў (аднаму зараз 52 гады, а другому — 56). І мы жылі там, пакуль у 1950-м нас не забралі да Аўстраліі. Але я тады перайшла на сваё дзявочае прозьвішча Цьвірко, бо як мы ехалі сюды разам з мамай і сястрой, то нам лепш быць на адным прозьвішчы.
Чым прывабіла менавіта Аўстралія?
Ведаеце, мы былі ў лягеры й нас усіх эвакуявалі каго куды, бо мы не маглі там заставацца. І атрымалася, хто куды патрапіў. Наша была чарга ў Бразылію, але нешта перамянілі й мы папалі сюды ў Аўстралію.
Як на параходзе плылі, то нічога не было мілае, таму што вада, то есьці не магла. Ведаеце, як яшчэ мы прыехалі ў Італію, то найбольш нам давалі макароны й соўс. А мы ж такога ня ведалі. У Беларусі, дзе я жыла, такога не было, бо ў нас і пшаніцы не было, і белага хлеба не было, толькі чорны хлеб. І не было з чаго рабіць гэтыя макароны. А ў італьянаў, мне італьянка расказвала, гэта ў іх было заўсёды: або самі рабілі, або куплялі макароны ды з соўсам. То нязручна есьці было, бо не было ж гарачай вады, толькі халодная, а тут і рукі, і ўсё бруднае ў соўсе ды няма чым выцерці. І тое было нязвыкла. Потым ужо як у Аўстралію прыехалі, то мы стараліся свае беларускія стравы варыць, звычайныя.
Увесь час, як прыехалі мы ў Аўстралію, жылі ў Вудсайдзе. Мой муж працаваў там ў Холдэна (Holden — аўстралійская аўтамабільная фірма. — Н.Г.), і добра там было. А я нідзе не працавала, таму што ў мяне малыя дзеці былі. А потым пераехалі мы ў Адэляйду й тут жылі.
У Адэляйду я пераехала можа ў 1952 годзе. І такое жыцьцё было, ведаеце, не хачу гаварыць пра ўсё тое, што ў мяне было, бо гэта вельмі цяжка. Муж мой, ён добрую работу меў і ўсё, але ён быў алькаголік, ня мог добра працаваць, і яго звольнілі. І мы жылі, можна сказаць, вельмі-вельмі бедна. Ён мяне біў, і я кінула яго. Мы разышліся з мужам, бо я не магла зь ім жыць, я засталася, можна сказаць, калекаю, то з сваімі дзеткамі выехала й у ліцьвінаў адзін пакойчык здымала. І мы там жылі. Я пакінула мужу той барак, дзе мы жылі раней, бо ён шмат піў і ўсё прапіваў. А празь некаторы час ён памёр, дакладней, яго забілі. Я засталася ўдавой. Неяк працавала, але ж малыя дзеці. Мая мама жыла зь сястрой у Мэльбурне (нас падзялілі, як мы прыехалі ў Аўстралію), і яна мне дасылала шмат, дапамагала. Так, мама дала крыху грошай, і я барак той адкупіла й жыла там.
А пасьля ў 1961 годзе я пазнаёмілася з сваім апошнім мужам Янкам Ролсанам. І мы жылі з 1961 году й дагэтуль, цяпер ужо дзевяць гадоў, як ён памёр.
А як Вы пазнаёміліся зь ім?
Пазнаёміліся мы праз адных беларусаў знаёмых. Яны ведалі, што я сама й у такім становішчы. Вось мы й пазнаёміліся, і так і жылі зь ім. Спачатку ў маім барачку на Розвотэр жылі, а як ён пераехаў праз два гады, у яго была на Гэктарвіл хатка, то ён забраў нас туды. Потым зьмянілі шмат месцаў. Я працавала ў фабрыцы, пакуль яшчэ мужа ня ведала. А як пазналася зь ім, то яго знаёмы пастараўся й знайшоў мне работу ў шпіталі. І з Гэктарвіл я езьдзіла на працу 13 гадоў. У 56 гадоў пакінула працаваць, бо мужу было 65 і ён ужо ішоў на пэнсію.
Ці было Вам страшна, калі ехалі ў Аўстралію,?
Так. Мы ня ведалі, куды едзем, ня ведалі, што з намі будзе, але ж не было як заставацца ў Нямеччыне. Хто куды хацеў, а часам ніхто нікуды не хацеў, але... Я Вам скажу праўду, мы трапілі ў добрае месца й жывем тут, можна сказаць, нядрэнна.
Ангельскую мову ведалі?
Ды дзе ж, ангельскую мову?! Я й сёньня яе добра ня ведаю. Куды там? У школу я не хадзіла. Тыя, што былі маладзейшыя ды ня мелі дзяцей, то маглі ў школу хадзіць, а я не магла.
Цяжка было прыстасоўвацца да новай краіны?
Так-так, цяжка. Для мяне й для маіх дзяцей вельмі было цяжка ў Аўстраліі, калі мы толькі прыехалі. Нідзе нічога не было. Гэта цяпер мы пойдзем у краму і ўсё набудзем, што жадаем, а тады я павінна была прыйсьці ў краму, пашукаць, што хачу, і сказаць. А я ж мовы ня ведала. Во як было. Гэта цяпер ужо па-іншаму, а раней такога не было. Не заўсёды магчыма было нават і бульбы набыць, не было так. Нас было толькі шэсьць мільёнаў, як мы прыехалі, а цяпер ужо, напэўна, дваццаць.
Надвор’е, то было цяжка, сапраўдны жах для нас, асабліва для мяне. Мне й цяпер цяжка, але здаецца, як прыехалі, то было яшчэ горш, большая сьпякота. А не было ж ні лядоўняў, то трымалі ежу ў такой спэцыяльнай скрыні. Мы куплялі лёд, што прывозілі нам, клалі ў скрыню й тады там ўсё трымалі. А фрыдж (лядоўню) мы не маглі набыць, ды тады мала іх і было. Хлеб прывозілі нам, праўда, заўсёды, і малако. Але акрамя “дрыпінг ойла” (тлуш, які вытаплены з мяса ці сала. — Н.Г.) не было іншага масла. То пагана было. А цяпер... слава Богу.
Напэўна, было штосьці, што Вас зьдзівіла, калі прыехалі ў Аўстралію?
Так. Дзіва было, што ўсё не такое, як у нас дома. Найбольш зьдзівіла тое, што ў нас у Жыткавічах лясы такія добрыя, розныя, але добрыя. А тут — дзічына, можна сказаць. Дзікае ўсё. І гэтыя людзі, яны не такія ветлівыя, як нашыя. Ёсьць і такія, што й не захочуць гаварыць з табой.
А жывёлы аўстралійскія?
А жывёлы, то я й ня бачыла, бо гэта ж толькі ў фэрмэраў, а ў горадзе, то я й ня бачыла.
Як аўстралійцы да Вас ставіліся?
Не магу сказаць, што дрэнна, але было рознае. Мы іх таксама ня надта баяліся, ды не было сваіх… Хацелася, каб сусед быў свой, а ўсе кругом жа аўстралійцы. Але як я ў барачку жыла, у мяне суседка аўстралійка была й у яе дачушка такая, як мой сын, то гэта для мяне вельмі добра. Бо яна й маіх дзяцей брала, як ехалі ў парк ці яшчэ куды. Суседка была добрая.
А Вы зь дзецьмі па-беларуску размаўлялі?
Спачатку так, і мая дачка зараз разумее й са мной гаворыць. А сыны не. Дачцэ 61 год, і я яе маленькую прывезла ў Аўстралію. Ёй восем было, як мы ехалі на параходзе. І яна тут гаворыць са мною па-беларуску. А хлопцы з аўстралійкамі жанатыя й куды там? А дачка за харватам, то яны ў хаце таксама па-ангельску гавораць. А да мяне прыедуць — то ўжо не.
Беларусаў знаёмых шмат было?
Не. Як ехала на параходзе, былі больш палякі ды усе разьехаліся. Нікога з знаёмых блізка ня мела. Беларусаў не было, больш палякі, украінцы. Я раней ні польскай, ні ўкраінскай мовы ня ведала, а цяпер ужо ўсё разумею, бо ўвесь час сярод іх, яшчэ ў лягеры польскім у Нямеччыне была.
Як арганізавалася царква беларуская ў Адэляйдзе, памятаеце?
Царква… я вам дакладна не скажу, у якім гэта было годзе, бо спачатку памяшканьне наймалі, плацілі, наймалі й там служылі. Але я далёка жыла, ды й дзеці малыя, то я не магла да царквы хадзіць. І як працавала ў шпіталі, то ў суботы й у нядзелі часта працавала. Не было тое добра, але ўсё перажылі. Цяпер ужо, слава Богу. І мужа я такога мела добрага. Толькі хварэў шмат. Год амаль у пакоі ляжаў, я даглядала яго. А потым памёр 23 студзеня, ужо 9 гадоў прайшло.
Ці Вы на беларускія сьвяткаваньні хадзілі?
Так. Так. На сьвяткаваньні беларускія хадзілі, асабліва як я ўжо з мужам гэтым апошнім маім жыла. Сьвяткаваньні былі, і выступалі на іх. Ён быў найбольш за тое, актыўна дзейнічаў.
А быў у Вас які-небудзь улюбёны занятак?
Як я працавала ў шпіталі, то вязала. Вязала швэдары добрыя, і гэта было маё хобі. Там са мной югаслаўкі працавалі, то мяне й навучылі. І вышываць навучылі, але ўжо ўкраінкі, што таксама ў шпіталі працавалі.
Жаданьне вярнуцца ў Беларусь у Вас не зьявілася?
Я Вам скажу, мне няма куды вяртацца, бо мая сястра й мама прыехалі разам у Аўстралію й мне няма да каго ехаць. У мамы былі там сёстры, але яны ўсе паўміралі. Мая пляменьніца, сястры старэйшая дачка, ужо два разы была ў Беларусі, але казала, што й вёскі нашай няма. Прыгожая такая была вёсачка ў памежнай паласе… То няма куды вярнуцца. Таксама й мой муж нікуды ня мог вярнуцца…
Вы сябе цяпер адчуваеце аўстралійкай ці беларускай?
Беларускай! Дзе там аўстралійкай, Вы што гэта гаворыце? Усё раўно нашае – беларускае. Хаця ўжо столькі часу — больш за пяцьдзясят гадоў скончылася, як прыехалі, нават ня верыцца…
Спасылкі:
326 Размова адбылася 25.03.2003 у хаце спадарыні Ганны ў Адэляйдзе.
