|
Марыя Супрунчык324
Бацькі мае былі беларусы з Старых Дарог, але калі мы ехалі ў Нямеччыну, я малая была, можа якіх 12 гадоў мела, то з таго часу я шмат ня памятаю. Толькі 4 клясы скончыла ў Беларусі, але вучылі нас па-расейску ў Старых Дарогах...
У мяне сястра была старэйшая, а я меншая. І ў мамы яшчэ тры сыны малымі памерлі, то калі ехалі ў Нямеччыну, бацькі мяне ўвесь час за руку трымалі, нікуды не пускалі... І я так была, пакуль замуж ня выйшла. Мы былі ў Мюнхене, у лягеры нейкім, кашары там такія вялікія... Тата мой Ананьня Сакаў працаваў і сястра старэйшая таксама, а маці была ўжо немаладая й я, малая, то не працавалі...
А ў Нямеччыне я выйшла замуж. Мне было 16 гадоў, мужу майму Івану — 19 (ён з 1927 году, тры гады старэйшы ад мяне). Мы знаёмыя былі яшчэ з дому. Ён таксама з Старых Дарог, некалі там дзецьмі ён за мною з палкай лётаў. Яго бацька загінуў у Фінляндыі, калі вайна была, то ён толькі з маці застаўся, а яна тады трымалася майго таты, каб разам быць.
Пажаніліся мы ў 1947 годзе... За яшчэ ня цэлы год я дачку нарадзіла. Але ж я выходзіла замуж таму, што мяне тата нідзе адну не пускаў, баяўся. Ведаеце, калі тыя амэрыканцы прыйшлі, яны п’яныя ці чорныя былі… А я думала, замуж выйду, то ніхто нічога гаварыць ня будзе, будзем у кіно хадзіць (я кіно вельмі любіла). Ну так і выйшла замуж, і дачку нарадзіла. Гэта добра, што мае бацькі й мужава маці дзіця глядзелі, а мы ў кіно хадзілі, усё так, як я й думала.
А ў 1950 годзе мы ў Аўстралію паехалі...
А чаму менавіта ў Аўстралію?
Муж малады быў і нікога ня слухаў і не разумеў, рабіў, што яму падабалася. Калі пачалі эміграваць, ён запісваўся й у Бразылію, і ў Чылі. І грошы там камусьці даваў, але нас нікуды не выклікалі. І ён не сказаў ні майму тату, ні сястры мужу, што запісаўся ў Аўстралію, а нас выклікалі адразу на камісію. Былі мы на камісіі ў лягеры ў чэрвені месяцы, але я сказала, што я на камісію паеду, а ў Аўстралію — не. Але ж нам прыслалі паперу, што трэба ехаць. Я плакала-плакала, крычала: “Я ня еду, я ня еду!” Грузавая машына (трак, як у нас называюць) прыйшла, чэмайдан мой і што было туды паклалі. Мужа сваяк прыйшоў, дапамог, і мяне туды ўкінулі, так у Аўстралію й паехала.
А бацькі засталіся й потым у Амэрыку паехалі: і тата, і мама, і сястра.
Зь якімі пачуцьцямі Вы прыехалі ў Аўстралію?
А мяне ж палохалі тады суседзі (украінец з намі жыў такі), казалі: “Маня, куды ты паедзеш? Там авечкі будзеш пасьвіць”. Але што ж, я мужа любіла, то й паехала…
Мы прыбылі ў Вэст Аўстралію (Заходнюю), у Пэрт. Прыехалі ў порт Фрэмантал, нас пасадзілі на цягнік і павезьлі ў лягер. У цягніку горача, як у печцы. Як ён спыніўся, усе кінуліся піць. Мужава маці пабегла да тых кранаў, а там — гарачая вада. Яна вярнулася й плача — ня буду тут, я пайду назад, можа яшчэ той параход не пайшоў, то вярнуся ў Нямеччыну, тут ня буду!
Ды там жа спачатку й не было работы, і вельмі горача. Сонца пячэ, сьпёка страшная. Кватэраў не было... Пяць месяцаў сядзелі мы чакалі, пакуль мужу майму работу дадуць. Але там нас кармілі. Я была цяжарная другой дзяўчынкай, але нашая ежа не падобная да аўстралійскай. То я прыходзіла на кухню, нюхала й убягала — нічога не магла есьці. Але як ужо мне штосьці падабалася, то й мужава маці мне давала сваё, і ён таксама, то ўжо я наядалася. А мяса была толькі з барана, а яно пах такі мае, мы да яго не прызвычаеныя, бо ніколі ж ня елі такога. Цяпер мы яе ўжо любім, а тады не... Я на тое мяса не магла глядзець. Але там было шмат зайцоў дзікіх, то мой муж і іншыя знаёмыя пойдуць наловяць тых зайцоў, і мы насмажым і добра наядзімся.
Так мы й сядзелі ў лягеры. Яму работу прапаноўвалі, але такую, што далёка ад мяне, а я не жадала адна ў лягеры застацца. Ну й нарэшце на чыгунцы далі працу, а ў палатцы жыць. Два гады мы ў палатцы жылі, і дачку я там нарадзіла.
Паставілі палатку, а яна невялікая, толькі адзін ложак умяшчае. Тады муж узяў яшчэ для маці палатку, і дзецям палатку — разам тры палаткі паставілі ды з жалеза тры сьцяны для кухні зь печкай на дровах. Муж там на чыгунцы, дзе працаваў, шпалы браў для хаты, а таксама неяк палатку вялікую такую прынёс, што вагоны накрываюць, чорную. То мы ўсё разам накрылі й атрымалася як цэлая хата. Я толькі памалявала, каб такой страшнай чорнай не была… І так мы жылі два гады, бо кантракт мелі, які трэба было адпрацаваць.
Пасьля кантракту муж знайшоў работу на лесапілцы. А мы тады ў Сыднэі мелі знаёмых, зь якімі перапісваліся. Гэта мае сястры зь Нямеччыны кума была. Мы напісалі туды ліст, як нам цяжка, а яны адказваюць: “Прыяжджайце да нас. Работу вам знойдзем і кватэру”. І мы вырашылі, усё там пакінулі, узялі валізкі як зь Нямеччыны толькі, і прыехалі сюды ў Сыднэй. Але тады цягнікі не хадзілі такія, як зараз, то пяць дзён мы ехалі зь дзецьмі, а дзеці маленькія... Прыехалі... Я думала, яны ня маюць дзяцей і ўжо пабудавалі хату, а яны самі жылі ў маленькім барачку, дзе нам зрабілі ззаду адзін пакойчык. І мы ў тым пакойчыку чацьвёра спалі цягам шасьці месяцаў.
Я пайшла да работы, муж таксама, а дзеці — так. Малодшай дачцэ было чатыры гады, і я яе вымушана была саму пакідаць. Зараз бы, пэўна, ня кінула, але раней было ў Аўстраліі спакайней. Працавалі мы й ужо крыху грошай сабралі. Набылі кавалак зямлі й паставілі з “файбры”, як яе называюць, домік у дзьве спальні. У ім мы пажылі яшчэ два гады, а можа й болей. А тады з Амэрыкі тата й мама сталі намаўляць-плакаць, што жадаюць мяне побач бачыць. То мы прадалі ўсё гэта й паехалі ў Амэрыку й там жылі дзевяць месяцаў. Але ж таксама ў адным доме: у сястры шасьцёра дзяцей, ды тата й мама, ды нас чацьвёра. Не сварыліся мы, у нас сям’я добрая была. Але як зіма прыйшла й вельмі халодна стала, то мы вырашылі вярнуцца зноўку ў Аўстралію.
І вярнуліся зноў да тых сваякоў. Але яны ўжо тады зрабілі хатку, то дзяўчаткі спалі ў хатцы, а нам тады таксама пакойчык маленькі такі й мы ў ім мясьціліся. Потым зноў набылі зямлю й пабудавалі сваё. Нам знаёмыя дапамаглі добра, сябры, то й пабудавалі й сталі жыць. Працавалі цяжка.
А дзе Вы працавалі?
Я 12 гадоў працавала на фабрыцы, дзе робяць колы для машынаў. Цяжка працавала. І муж там таксама. Потым я кінула, пайшла на “Эстэрборд”, там у машыны сядзеньне робяць і яшчэ такое рознае. Працавала-працавала й захварэла, дастала рэўматызм. Так мяне скруціла, што не магла нічога рабіць. Хадзіла па дактарах, але нічога не дапамагала. Але зяць у добры шпіталь адвёў да спэцыяліста, то ён мяне падлячыў. Тады зноў пайшла да работы. Працавала на бялізьне жаночай, правярала, каб дзірак не было ніякіх, каб роўна ўсё было, за якасьцю сачыла. Так і працавала, пакуль не састарэла. Так пражылі мы ў Аўстраліі.
Ці гаварылі Вы па-ангельску, калі прыехалі?
Не, і вельмі цяжка было. Думала, ніколі не скажу так, як яны гавораць: “Сэнкью вэры мач”. Хадзіла й паўтарала ўсё гэты выраз. Гэты “вэры мач” у мяне не выходзіў ніяк, язык не варочаўся. Думала, ніколі не навучуся. Але потым патрошку-патрошку. А як пайшла працаваць, то й па-аўстралійску размаўляць навучылася.
Колькі беларусаў ехала з Вамі разам у Аўстралію?
Калі прыехалі ў Вэст Аўстралію, нас было дзесьці чатыры фаміліі. Ведаеце, цэлы лягер з палатак быў і ўсё палякі. А я па-польску ня чула раней ніводнага слова й не разумела. Мне было тады 20—21 год, то я саромелася моцна, калі трэба было ісьці да кранаў з вадой, якіх было некалькі, два ці тры, на лягер, а мужчыны сядзяць, глядзяць ды кажуць нешта па-польску. То я вады набірала, пакуль яны прыходзілі з працы, каб пазьней на вуліцу не ісьці. Але потым і па-польску навучылася, нават добра размаўляла. А як пайшла на працу, дзе югаслаўкі дзяўчаты, то й па-югаслаўску. І зараз мяшаю разам усе мовы дый сама ня ведаю, якой размаўляю.
Якія дачыненьні ў Вас былі з аўстралійцамі?
Аўстралійцы добрыя людзі. Яшчэ ў Вэст Аўстраліі я пайшла працаваць у шпіталь, дзе жанчыны дзяцей нараджалі. Тыя аўстралійкі, якія там былі, то вельмі добрыя. Мяне ўзялі прыбіраць памяшканьне, дзе жылі старэйшая сястра зь сям’ёй ды іншыя сёстры-нэрсы (nurse (анг.)— сястра ў шпіталі. — Н.Г.) У мяне там вялікай працы не было, то я яшчэ зь дзецьмі тае старэйшае сястры гулялася. І ведаеце, захапілася коміксамі, стала патрошкі чытаць тыя дзіцячыя кніжкі й мову вучыла.
А часам, як працы не было асабліва, у шпіталь ішла. Іншы раз дзяўчаты-сёстры не папрыходзяць і няма каму даглядаць тых жанчын у шпіталі, то мяне клікалі: “Марыя, занясі дзіця той жанчыне!” (місіс МакНіл ці, прыкладам, місіс якая МакДоналд.) Праўда, мне ўсё патлумачаць, каму й куды несьці, але я ж мовы не разумела, то прынясу гэтае дзіця ды іншай маці дам. А яна паглядзіць, ды крычыць: “Марыя, ітс нот майн.!” (Не маё!) Але ніколі на мяне ня лаяліся. Людзі добрыя былі й абыходзіліся з намі адпаведна.
Калі Вы прыехалі ў Сыднэй, ці шмат сустрэлі беларусаў?
Адразу тут нікога зь беларусаў амаль і ня ведалі. Пазьней ужо па клюбах, на танцах пазнаёміліся. Як прыехалі сюды ў Сыднэй першы раз у 1954-м, яшчэ не было Беларускага Клюбу. А як ужо вярнуліся з Амэрыкі, то пачалі хадзіць. Мы тут тады моцна не дзяліліся, ці палякі, ці расейцы, ці яшчэ хто — усе былі. Беларусаў тут, можа, было й шмат, але кожны ў свой бок цягнуў. Адзін жанаты з полькай, іншы — зь немкай, і гэтак далей, то яны нават не казалі, што беларусы.
У якой мове Вы размаўлялі ў сям’і, беларускай ці ангельскай?
Ды па-беларуску. Ужо калі дзяўчынкі мае вырасьлі, то трэба калі й па-ангельску, бо яны не заўсёды разумелі. Але я старалася па-нашаму, яны ж адказвалі па-ангельску. Цяпер старэйшая яшчэ крыху разумее, а гаварыць — не, а малодшая, дык зусім...
Калі Вы прынялі аўстралійскае грамадзянства?
Калі прыехалі ўжо з Амэрыкі, у 1960 годзе, або ў 1962-м.
А ня мелі жаданьня вярнуцца ў Беларусь?
Я Беларусі й ня ведала, можна сказаць. Я зьехала, колькі мне было? Адно памятаю наш дом у вёсцы й школа недалёка. Толькі гэта...Толькі цяпер, шэсьць гадоў таму, паехала паглядзела.
Засталіся там татавыя браты, было два ці тры... І маміныя таксама... Аднаго яе брата немцы застрэлілі разам з жонкай і дзіцём маленькім. Сястра ў мамы была, але калі я езьдзіла, яна ўжо памерла. А аднаго дзядзьку, татавага брата, я застала яшчэ жывога. Цяпер ён таксама памёр.
Вы сябе адчуваеце беларускай ці аўстралійкай?
Аўстралійкай. Прабачце, я ўжо адчуваю сябе аўстралійкай, а не беларускай. Я ў Беларусі пражыла няцэлых 12 гадоў, а тут ужо 53 гады. Цяпер ужо тут мая Радзіма.
Спасылкі:
324 Размова адбылася 1.04.2003 у прыватнай хаце спадарыні Марыі ў Сыднэі. Гаспадыня ветліва, але крыху насьцярожана сустрэла прапанову распавесьці пра сваё жыцьцё, а таму гутарка складалася зь безьлічы пытаньняў і невялікіх на іх адказаў, якія пры падрыхтоўцы інтэрвію да друку давялося аб’ядноўваць у большыя па памерах кавалкі тэкстаў. Толькі аповед пра складанае жыцьцё ў Заходняй Аўстраліі атрымаўся больш менш самастойным і працяглым.
