МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Галіна Падгайская [ІНТЭРВ’Ю] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Гардзіенка Натальля
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Галіна Падгайская323

Дзед мой па маці быў з роду Гурыновічаў, вайсковец яшчэ за царскім часам, а потым пайшоў у адстаўку. Тады яшчэ за царом яму давалі... як у нас гавораць, “гатэль” — піўнушка й крама, і яны з бабуляй гэта трымалі ў Сьлепні, сем кілямэтраў ад Менску (але цяпер гэта ўжо ў горадзе, пэўна). Бабуля мая Ядвіга з роду Капліньскіх. Брат яе стрыечны ўдзельнічаў у паўстаньні “стычнёвым” (1863 году), і ў турме праз гэта быў. Капліньскія, відаць, шляхта была, бо герб мелі, але ня памятаю які. То бабуля мая полька была. Калі дзед яшчэ на турэцкай вайне ваяваў, то падабраў там недзе маленькага турэцкага хлопчыка й прывез у Менск, аддаў вучыцца ў гімназію. А калі яму было 17—18 гадоў, сталі хлопчыка шукаць бацькі-туркі. І бабуля казала, каб аддалі, а дзед — не. І не аддалі. То, можа, Бог за тое пакараў, бо якія не нараджаліся ў бабулі зь дзедам хлопчыкі, то ўсе паміралі, толькі дочкі засталіся й адзін апошні. Сярод тых дзяцей была мая мама Ганна. Бабуля вельмі хацела, каб мама выйшла за паляка й каталіка, а атрымалася — і не паляк, і не каталік, а сьвятар праваслаўны Сяргей Родзевіч. Тата паходзіў з Мазыра, ягоныя бацькі мелі шмат зямлі, ягоны дзед быў таксама сьвятаром. То й тата скончыў у Пінску царкоўнуювучэльню, а потым і сэмінарыю праваслаўную ў Менску. А калі скончыў, стаў вайсковым сьвятаром. Калі ж была рэвалюцыя, то яны ўсё згубілі, раней бацька ўцёк на польскія землі, а пазьней і мама з старшым маім братам Усеваладам, ён з 1916 году.

І я ўжо таксама нарадзілася за Польшчай, у Пінску ў 1920 годзе, 28 сьнежня. Тут у 1930 годзе яшчэ малодшы брат нарадзіўся мой, Георгіем назвалі, я сама імя выбірала. Вучылася ў пачатковай школе там, дзе бацька быў сьвятаром. Пазьней у гімназіі ў Пінску, і скончыла яе якраз у 1939 годзе. Год і дзесяць месяцаў былі ў нас Саветы, флятылія рэчная й пяхота стаяла. А пазьней у 1941-м — немцы наступалі й праз шэсьць дзён прыйшлі да Пінску. Ну як прыйшлі... Кагосьці тое мінала, а былі, як каля Лунінцу, там і вёскі палілі, і бралі на работы ў Нямеччыну адзінокіх хлопцаў і дзяўчат.

Як немцы прыйшлі, я магла размаўляць па-нямецку, бо вучыла гэтую мову, таму працу дастала й працавала. Немцы ня ўсе нядобрыя. Мой бос быў вельмі добры. Праўда, аднойчы прапанаваў, каб я да яго прыходзіла, як гэта казалі, “кватэрку прыбіраць, чай згатаваць”. Я разумела, што мелася на ўвазе, а таму адказала: “Ведаеце, містэр Зіг, я не на тое маю сярэднюю асьвету, каб табе гарбатку гатаваць. Ты ж знойдзеш багата тых, хто захоча тое рабіць”. І ён пакінуў тое, і застаўся да мяне ў добрых адносінах, але больш ніякіх размоваў такіх не было.

24 траўня 1944 году я выйшла замуж за майго мужа Аўгена Падгайскага. Мы раней у пачатковай школе пры Польшчы разам вучыліся, на Брэсцкай вуліцы ў Пінску, гэта была пачатковая школа нумар два. Потым ён паехаў у Вільню ў тэхнічную школу, а я засталася ў Пінску ў гімназіі. У 1944 годзе мы павянчаліся, і дзесьці праз два месяцы нас вывезьлі ў Польшчу. Маёй мамы сястра жыла ў Варшаве, то мы да яе прыехалі, а адтуль з Рускім Камітэтам за два дні перад Варшаўскім паўстаньнем выехалі ў Чэхаславаччыну. А пазьней там таксама пачаліся праблемы, то мы зьехалі зноў да Польшчы да Закапанаў. Адтуль пасьля — у Нямеччыну.

Пазьней перабраліся да Марыенбаду (гэта ў Судэтах) і былі там, пакуль вайна канчалася й да нас прыйшлі амэрыканцы. Сюды да нас прыяжджаў мой старэйшы брат Усевалад, быў ад’ютантам у прэзыдэнта Астроўскага. Месца Марыенбад было добрае, там воды мінэральныя карысныя...

Праз два месяцы пасьля прыходу амэрыканцаў быў дадзены такі загад, што калі мы не жадалі вяртацца на ўсход, то мусілі сабрацца на спэцыяльным пляцы а другой гадзіне ўдзень, каб ехаць на захад. І так выйшла: яны праўда павезьлі нас на захад. Цягнік дайшоў да Швайнфурту й там адразу расьсялялі нас па вёсках, дзе школы нямецкія былі раней. Гэта быў чэрвень–ліпень, а пазьней арганізавалі два лягеры: адзін польскі, а другі ўкраінскі. У польскі мы не хацелі ісьці, бо палякі нядобра ставіліся да праваслаўных, а ўкраінцы таксама пры Польшчы цярпелі за веру, то мы пайшлі да ўкраінскага лягеру й там жылі. Гэта былі вайсковыя кашары. Нас было разам некалькі сем’яў, то коўдрамі зрабілі кожны для сябе адмысловыя кабінкі маленькія, і так жылі. Кармілі нас тры разы на дзень. Часам украінцы гаварылі, што ва ўкраінскім лягеры нельга на “кацапскай” мове размаўляць, а трэба толькі па-ўкраінску. Але нічога, неяк жылі.

У гэты час мама мая была ў Мюнхене з старэйшым братам Усеваладам, а тата з малодшым Георгіем апынуліся пад Бэрлінам, 100 кілямэтраў ад яго быў вялікі горад Карлсруэ ці нешта падобнае. Потым бацька наш быў у беларускім лягеры, але ў ангельскай зоне.

Мама тады нас паўсюль шукала й знайшла. Як была ў Мюнхене, то пойдзе ў царкву, возьме маю фатакартку й паказвае ўсім. Адзін чалавек тады сказаў, што бачыў мяне ў Швайнфурце. Тады ўжо мама Ўсеваладу наказала, каб садзіўся на таварны вагон (яшчэ тады цягнікі не хадзілі, а хадзіў таварны транспарт, то забярэсься на дах вагону й падвязе цябе куды трэба) і ехаў да Швайнфурту. Там ён прыйшоў спачатку ў польскі лягер, але нас не знайшоў. Тады пайшоў да ўкраінскага лягеру й забраў нас да Мюнхену. А потым сабраліся старэйшы й малодшы браты, паехалі й тату забралі, каб ужо ўся нашая сям’я была разам у Мюнхене, на Богенхаўзэн (так называлася месца). Малодшы брат пайшоў там у гімназію расейскую. Я — ва ўнівэрсытэт, скончыла фармацыю за той час.

Там тады багата беларусаў было ў Мюнхене, потым больш паехалі ў Амэрыку, менш — сюды. Нашая зона амэрыканская была лепшая, багацейшая, чым ангельская. Але мы жылі ня ў лягеры ўжо, таму нам ніхто нічога не даваў. Жылі з гандлю. Каву ад амэрыканцаў, какаву куплялі й прадавалі, так і жылі…

Калі жылі ў Мюнхене, то да брата Ўсевалада прыяжджаў прэзыдэнт Радаслаў Астроўскі. Мілейшы чалавек, можна яго слухаць, слухаць, слухаць і слухаць...

У Мюнхене ж памёр наш бацька. Ён меў 60 гадоў і здабыў запаленьне крыві. Там і пахавалі яго на Вальфрыдгофе.

А ў 1950 годзе старэйшы брат, ужо ў яго было двое дзяцей, выехаў на камісію й на тры месяцы раней за нас паехаў да Аўстраліі. Прыехаў у Мэльбурн, а тады апынуўся ў Банагіля, а пасьля тут каля Сыднэю быў такі лягер Рутэгіль, і яго жонка працавала там пры кухні. А мы (астатнія) прыехалі тры месяцы пазьней 23 сакавіка 1950 году ў Сыднэй, якраз дзень Галіны быў. Раскідалі нас тут зноў па лягерах. Мама была акушэркай, то працавала сястрой удзень, а я — уначы, бо яшчэ ў Нямеччыне нарадзіла сына Яраслава. Яму было два гады й сем з паловай месяцаў, калі мы прыехалі ў Аўстралію. Ён размаўляў тады й нашай мовай, і нямецкай, бо немка была ў яго за няню ў Нямеччыне й цэлы час зь ім гаварыла па-нямецку...

Прыехалі ў Аўстралію... Чаму было цяжка, бо мужчыны мусілі падпісваць кантракт, а жанчыны не. Як я мела дзіця, то мусіла зь дзіцем быць. Спачатку наогул бралі ў Аўстралію толькі адзінокіх хлапцоў ці дзяўчат, потым мужа й жонку безь дзяцей, а далей прымалі й з адным ці двума дзецьмі. У рэшце рэшт дазволілі й бацькам ехаць. Вось мы й прыехалі з мамай. Брат мой малодшы яшчэ быў кавалер, 19 гадоў, то пайшоў па кантракце працаваць на чыгунку. А мама як старэйшая ўжо засталася, і мы зь ёй сёстрамі так і працавалі, пакуль не набылі нарэшце на тры сям’і хату: брат, мы й мама. Тады ўжо яна засталася ў хаце, а мы хадзілі да працы. Пазьней яны нам сплацілі, і засталася адна мама з кавалерам-братам у той хаце. Мы сабе ўласны дом набылі, але ён быў благі, то мы яго прадалі й другі купілі, блізка ад маёй работы й у добрым раёне.

Ці ведалі Вы ангельскую мову, калі прыехалі ў Аўстралію?

Ой не. Яна мне, ведаеце, не падабалася моцна. Амэрыканцы па-адному размаўляюць, тут па-іншаму. Але калі Вы працуеце сярод людзей, то ж навучыцеся. І я прывыкла... мы ж больш па-беларуску й па-расейску, а калі каго сустрэнеш, то й па-польску. Але польскую мову, калі так падумаць, то ад 1939 году я на ёй не размаўляю, толькі прыпадкова. А яшчэ калі немцаў спаткаю, то па-нямецку гавару. Францускай ня ведаю, але сэрбскую таксама разумею, бо калі ведаеш польскую, украінскую й расейскую, то чэскую й сэрбскую таксама зразумееш, яны падобныя.

А як да Вас аўстралійцы ставіліся?

Я толькі адно Вам скажу, на мяне тут ніхто ніколі дрэннага слова не сказаў. Я спачатку ў шпіталі парабіла, пакуль мы хату ў Блэктаўне набылі, а пазьней на фабрыцы мэталёвай, дзе таксама Ўсевалад працаваў. А тады, як я трошкі ангельскую мову падвучыла, то пайшла на біржу працы й мяне накіравалі ў інстытут па дасьледаваньні прадуктаў. Там у аддзеле мікрабіялёгіі я й працавала 30 гадоў і на пэнсію пайшла.

Мой муж, ён у Вільні калісьці скончыў тэхнічную школу, але пайшоў у Аўстраліі на фабрыку тую, што й я рабіла. Ён там добрую меў працу, езьдзіў кожны дзень мераў, бо рабілі людзям дзьверы спэцыяльныя й вокны па замове. То ён меў бясплатнае аўта й бэнзін таксама.

Сынок наш Яраслаў добра скончыў “праймары скул” (пачатковую школу — Н.Г.), тады скончыў “гайскул” (сярэднюю школу — Н.Г.), “інтэрнатуру” здаў, пайшоў на мэдыцыну й скончыў чатыры гады, калі трапіў разам зь сябрам у аварыю за два кілямэтры ад нашае хаты. Гэта была якраз пятніца, дзень Сьвятой Барбары, апошні тыдзень канікулаў, калі ён мусіў ужо вяртацца да навучаньня. І разам зь сябрам сваім сэрбам Драгамірам ехалі на аўта, а нейкі п’яніца на грузавіку... Сябра той адразу загінуў, а Славіка да шпіталя давезьлі, і там памёр. Ім было па 21 годзе.... Славік загінуў, а праз два месяцы й маці мая памерла. Пахаваныя побач: бабуля й унук...

У Сыднэі было шмат суайчыньнікаў?

Сюды прыехалі беларусы, хлопцы й дзяўчаты. Хлопцы пажаніліся яшчэ ў Нямеччыне, бо ім гаварылі, што ў Аўстраліі няма дзяўчат і яны застануцца тут бяз жонак. Усялякіх там немак сабе панабіралі, бо баяліся застацца адзінокімі. І было тут багата нашых, зьбіраліся, танцы рабілі там у Блутаўне (гэта тут каля Сыднэю раён такі). Быў у нас Міхась Зуй, вечная яму памяць. Таксама кавалер, але яшчэ бяз жонкі. Выпісаў сабе адну з Польшчы, а хлопцы нашыя перахапілі яе, другую — таксама забралі. Толькі ён надумаецца пазнаёміцца, а на іншай кватэры яе хлопцы забяруць. Ужо калі гэтую Рэню выпісаў, то набыў хату й яе адразу да сябе дахаты прывёз, каб ні з кім іншым не пазнаёмілася.

І Вы хадзілі разам на беларускія сьвяты?

На сьвяты так. А сьвяты… адзначалі, прыкладам, сьвята Другога Кангрэсу Беларускага, дзе мой брат яшчэ ўдзельнічаў.

А ў царкву адразу сталі хадзіць?

Канечне. Мы ж як прыехалі, то на Робэртсан Роад ужо была праваслаўная царква. Раней жа яшчэ да рэвалюцыі людзі нашы прыяжджалі, то ў Брысбэне адна была царква й тут у Сыднэі на Сэнт Элен Парк з дому зрабілі царкву. Пазьней, ужо ў 1953 годзе, сабор Пятра й Паўла, то нашыя, з Эўропы, пабудавалі. А цяпер багата цэркваў ёсьць, і манастыры таксама. Грэкі багата папрыяжджалі й сэрбы. Сэрбы ўсе багатыя, бо яны зямлю купляюць і таматы й усялякае такое гадуюць, цяжка працуюць, але штосьці маюць. У царкву мы хадзілі, а як жа ж? Дзе ж мы знаёміліся, толькі ў царкве. То аддушына такая вялікая...

Тутэйшая ежа ці Вам падабалася?

Мы ж па-свойму заўсёды варылі. І агуркі садзілі, і салілі, і марынавалі, а потым знайшлі, што рыжыкі тут растуць, то давай у лес езьдзіць... І ўсё сваё мелі… Мы іхняе кухні не любілі, бо яно ўсё салодкае, гэтыя “сконсы”, гэтыя “фіш энд чыпс”, не… Яны нашую ежу любяць вельмі...

Аўстралійскае грамадзянства Вы адразу прынялі?

О не, цераз пяць гадоў, нам адразу не давалі. Цяпер яны цераз два гады даюць, а тады не.

Вы прыяжджалі яшчэ калі-небудзь у Беларусь? Якое ў Вас уражаньне засталося?

Ведаеце, мы былі ў Менску толькі чатыры дні. Наш знаёмы мае кватэру блізка ад Курапатаў. Мы туды хадзілі, па Менску гулялі, езьдзілі ў вёску Хатынь. Усё было цікава, многа не раскажаш...

А як Ваш старэйшы брат Усевалад у Аўстраліі жыў?

У яго жонка Алена й двое дзяцей, што нарадзіліся яшчэ ў Нямеччыне: Юрка (Георгій) старшы й дачка Ганна, як і мама нашая. Ён вельмі добра размаўляў па-беларуску... Памёр... 17 ліпеня будзе пяць гадоў ужо. Памёр тут у шпіталі, у Сыднэі й пахаваны каля нашага сыночка...

Спасылкі:

323 Размова адбылася 30.03.2003, калі пасьля нядзельнай службы ў царкве беларусы Сыднэю паехалі ў адзін зь мясцовых клюбаў бавіць час. У гэтым клюбе спадарыня Падгайская пагадзілася распавесьці пра сваё жыцьцё й размова цягнулася болей за дзьве гадзіны. Галоўнымі тэмамі аповеду былі ваенныя падзеі й сьмерць сына, аднак апублікаваны тут варыянт інтэрвію ўтрымлівае гэтыя часткі размовы ў скарочаным выглядзе. Зьвесткі ж пра жыцьцё брата Ўсевалада Родзевіча, пададзеныя сястрой, выкарыстаныя ў зьмешчанай ніжэй ягонай біяграме.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by