|
Паша Чарнагалан321
Нарадзіліся мы на Беларусі, Жыткавічы, Ляхавіцкага сельсавету. Нашая вёска Пухавічы, а мужа — Ляхавічы. Тры кілямэтры паміж мной і мужам было. Я нарадзілася 1 студзеня 1924 году. Ужо васемдзясятка падлазіць. Нас ў сям’і было сем дзяцей, я была самая старэйшая. Бацькі беларусы, у калгасе працавалі, і я працавала там, пакуль вайна прыйшла. Вучылася я ў Беларусі, але адукацыі добрай ня маю. Работаць было цяжка, дзяцей трэба было расьціць, на хлеб зарабляць. Дзякуй бацькам, што яны нас вырасьцілі, стараліся даць нам, што маглі ў жыцьці.
Калі прыйшла вайна, усё разьбілі, нашыя вёскі папалілі, нічога не засталося. Мая сям’я пераехала ў Жыткавічы. Там мы з мужам пазнаёміліся й пачалася ў нас любоў. Памаленьку моладзь сталі забіраць у Нямеччыну. А калі вы жанатыя, то вас ня возьмуць, то мы вырашылі пажаніцца. Гэта было ў 1943 годзе. Мы тады ўжо сустракаліся два з паловай гады, любілі адно аднаго, разумелі й павагу мелі. Муж у мяне — мне грэх слова сказаць, хутка будзе 60 год, як жанатыя. Ажаніліся, а праз тры месяцы й нас забралі ў Нямеччыну на працы.
Мы жылі ў Дэсаў у лягеры. Нас было дзесяць з паловай тысячаў чалавек. Цяжка было. У адным пакоі нас было трыццаць сем асобаў: трыццаць дарослых і сем маленькіх дзяцей. І мой сынок, што ў 1943 годзе нарадзіўся ў верасьні. На вузенькім ложку спалі. Як маглі, так і жылі. У Нямеччыне мы таксама працавалі, па дванаццаць гадзінаў кожны дзень, і пяць кілямэтраў трэба было ісьці раніцай і ўвечары. А трамваем нельга было езьдзіць.
Нягледзячы на тое, што я толькі нарадзіла сына, мусіла, як і ўсе, цяжка працаваць. Яму было толькі два месяцы, а я яго пакідала. Прыйшла неяк з працы, а ён халодны й мокры. Думала, што той ноччу ён і адыдзе. Тады я стала свой паёк аддаваць адной старой кабеце, каб яна майго сына сама ў пакоі глядзела. То яна мне сапраўды дапамагла.
Потым хацелі майго сына зусім забраць, каб я магла працаваць. Ведаеце, малых дзяцей забіралі: маці падпісвалася й больш яго ня бачыла. Яны кроў у дзяцей бралі, а саміх малых палілі. Але ўсё я перажыла. Як прыйшлі тры немцы й перакладнік ды пачалі мяне прымушаць аддаць сына, я ім адказала, што яны могуць мяне пасадзіць у канцлягер з сынам, але я ніколі такіх папераў не падпішу, бо нашая рэлігія гэтага не дазваляе. А добры быў перакладнік — усё, пэўна, правільна пераказваў. Я тады ўстала й запытала ў тых немцаў: “Ці вы жанатыя?” (Два былі жанатыя, а адзін не.) “А ці ёсьць ў вас дзеці? — Мне тады ўжо ўсё роўна было. — То Вы ўявіце, што расеец прыйшоў да вашай жонкі й сказаў, каб аддала дзіця, што б вашыя жонкі рабілі? Сказалі б — забірай? Не. Кожная маці сваё дзіця любіць”. Тады той немец, што нежанаты быў, намагаўся ўсё роўна забраць, але астатнія — не. Яны згадзіліся, каб мой сын са мной застаўся. Я ім тады яшчэ казала: “Дайце мне дакумэнт, каб мяне больш ніхто з сынам не чапаў”. І яны мне далі дакумэнт, і падпісаліся, што майго сына ніхто ня мае права забраць. Дагэтуль жа мне тыдзень у лягеры есьці не давалі, каб я сына аддала, а я толькі малілася, каб Бог мяне выратаваў. Так я выратавала сына свайго. І цяпер я ніколі не магу яго пакрыўдзіць, бо ён жа ўсё гэта перажыў. І што не было малака, і наогул нічога не было, толькі вошы па нас хадзілі.
Пакуль вайна скончылася, наш лягер разбамбілі й спалілі, нічога не засталося, толькі адзін вугал нашага пакою, дзе ікона вісела. Усе прыходзілі дзівіцца, як тое сталася. Гэтая ікона ў мяне даўно, і я да яе малілася. Засталіся мы голыя й босыя, усё згарэла. Толькі дзякуючы Богу выратавалі нашага сына. Але ж перажылі мы й гэтую бамбёжку, і ўсё.
Потым нас вывезьлі ў іншы лягер у Браўншвайг. Туды, дзе не было спалена. Гэта раней кашары былі. Мы там два гады сядзелі. У 1946 годзе там нарадзілася мая дачка. Але гэта быў ужо ангельскі лягер і за намі добра глядзелі, пайкі выдавалі. Я тады важыла 39 кілё, худзенькая такая была. Але памаленьку вырасьціла дзяцей, і галоўнае, што выратавала сына.
Потым мы былі яшчэ ў іншым лягеры... Пакуль у Аўстралію не прыехалі, мы сядзелі па лягерах.
Напэўна, былі розныя варыянты эміграцыі, то чаму Вы менавіта ў Аўстралію прыехалі?
Нам немагчыма было ехаць дадому, у нас там нічога не засталося. Выбралі Аўстралію. У Бразылію не было сэнсу ехаць, бо гэта была бедная краіна, Аргентына крыху лепш, але туды сямейных не прымалі, толькі адзінокіх. Аўстралія спачатку стала набіраць таксама самотных, а потым і сямейных. Тады як мы запісаліся ў Аўстралію, то муж павінны быў сам прыехаць, а я засталася ў Нямеччыне. Адтуль мяне перавезьлі ў Італію, і там мы два месяцы яшчэ чакалі на выезд.
У Італіі ў лягеры шмат дзяцей хварэлі. Але я неяк здолела сваіх захаваць. Сама ня ела, а дзяцей глядзела. Быў страшны холад, бо нас загналі ў кашары былыя вайсковыя, дзе не было ацяпленьня ніякага. А нас пяцьдзясят жанчын з малымі дзецьмі. Холад — бяда. Печка ёсьць, але дроваў няма. Я пайшла ды знайшла, дзе ёсьць дровы, але нам іх не далі. Я вярнулася ў барак і кажу: “Што гэта, дзеці паміраюць і вы, жанчыны, сядзіце й баіцеся тых паліцыянтаў, што дровы ахоўваюць? Пойдзем са мной па дровы! А хто ня пойдзе, то каля печкі ня будзе дзяцей грэць”. Так зарганізавала жанчын, і мы пайшлі. А на нас ідуць з зброяй. Тады мы сказалі: “Што хочаце нам рабіце! Мужоў нашых у Аўстралію забралі, а нам дроваў не даяце, нашыя дзеці павінны паміраць? А як я прыеду да мужа, а ён запытае, што ты рабіла, што дзіця згубіла?” І мы набралі дроваў, а яны па нас не стралялі. То мы прынесьлі тыя дровы, распалілі печкі, стала цяплей. Вады нагрэлі й дзяцей памылі. І так мы сталі за дровамі хадзіць: я ішла й яшчэ адна жанчына са мной — мы ўдвух былі сьмелыя й заўсёды разам наперадзе ішлі. А чаму былі сьмелыя? Бо за нашых дзяцей.
Якія пачуцьці выклікаў у Вас пераезд у Аўстралію?
Гэта было ў 1949-м. Было страшна. Калі я села на параход і адчула, што мы ад’яжджаем, то моцна заплакала. Ехала сама з двума дзецьмі й думала, што Радзімы ўжо ня ўбачу. Гэта вельмі цяжка распавесьці, як магчыма ўсё перажыць. І з мужам расставалася, ён на сем месяцаў раней паехаў, то цяжка было. А як жа адной з двума дзецьмі. Хто ведае, што ў дарозе здарыцца? Але дзякуй Богу, захавала дзяцей.
Як прыехалі ў Аўстралію, мой муж прыйшоў да мяне ў лягер і павёў у краму. А я ж прыехала паўбосая зь дзецьмі пасля вайны. То як зайшла ў краму, сама сабе ня верыла, як людзі жывуць тут добра... Мы таксама памаленьку жылі. Спачатку ў лягеры, ён мне знайшоў кватэру каля ягонага пакою: тры мэтры на два. І ў такім пакойчыку мы жылі тры гады й тры месяцы, пакуль набылі гэтую зямлю й сталі сабе хату самі будаваць. Людзі нам таксама крыху дапамагалі.
Я спачатку працавала на фабрыцы, а потым у шпіталі. 27 гадоў у Аўстраліі адпрацавала ў шпіталі ў доме састарэлых. Гэтую работу я любіла. Вельмі добрая праца была. А пакуль дзеці былі малыя, мне адна аўстралійка іх глядзела, яна й у школу вадзіла й забірала. А я ёй за гэта плаціла.
Ці мелі Вы складанасьці ў прыстасаваньні да новага клімату й ладу жыцьця?
Мне было вельмі цяжка. Я спачатку шмат плакала. У мяне захварэла дачка, ды так, што амаль два тыдні нічога ня бачыла. А як гэта маці? Вайну перажыла й усё перажыла, а прыехала ў Аўстралію й дачка зрок згубіла? Я так плакала й казала, лепш бы я ела хлеб і соль, абы маё дзіця бачыла. Ды з ангельскай мовай дрэнна было... Але ўсё ж такі ў дзіцячым шпіталі мне дапамаглі. А калі мы ўжо вылечылі дачку, то стала лепш. Мы жылі на кватэры й атрымоўвалі 6 фунтаў на тыдзень заробку, гэта 12 даляраў. Але фунты былі тады больш каштоўныя. Так мы назьбіралі: і зямлю набылі, і хату пабудавалі.
А якую Вы ежу гатавалі?
Я й зараз гатую сваё. Аўстралійскае мне ня вельмі падабаецца. Я сама раблю кіслую капусту й салю агуркі. У мяне нявестка аўстралійка, зяць аўстраліец. Не пашчасьціла — дачка разышлася з мужам, дзяцей не было. Сын добра жыве, трое ўнукаў маю, і праўнукаў таксама маю.
Ці добра да Вас ставіліся самі аўстралійцы?
Аўстралійцы да нас ставіліся добра, і мы іх не баяліся. Яны шмат дапамагалі. У нас суседзі былі вельмі прыемныя, іх было двое старых і сын. Калі трэба было якія паперы ці што дапамагчы, то ўсё нам рабілі. Аўстралійцы нас ніколі не пакрыўдзілі. Зь імі было цяжка толькі пакуль ня ведалі мовы. А як навучылася размаўляць і пайшла ў шпіталь працаваць, то зусім праблемаў у стасунках не было. Мне далі нават дыплём, што я даўжэй за ўсіх новых аўстралійцаў прапрацавала у шпіталі.
У мяне нявестка — аўстралійка — гэта душа-чалавек. Яны з дачкой вельмі сябруюць. Усе мяне пытаюць, як я змагла аўстралійку навучыць, каб яна ўсё са мной рабіла. Прыйдзе й усё робіць, і заве мяне “мамай”. Тут жа ўсе завуць проста па імені, але я сказала сыну: “У нас на Беларусі так: як я выйшла замуж за вашага бацьку, то ягоную маці назвала “мамай”, і яны былі добрыя да мяне, ягоныя тата й маці. І калі ты вырашыш ажаніцца, я хачу, каб твая жонка таксама мяне называла “мамай”, бо ў нас гэта так прынята. І ты павінен яе бацькоў таксама называць”. Нявестцы гэта некаторы час заняло, каб прызвычаіцца, але яна такая спакойная, і цяпер называе мяне “мамай”. А зяць мой толькі як з дачкой заручыўся, адразу стаў мяне зваць “мамай”, бо Тамара яму сказала, што я так хачу.
Я й сына, і дачку добра вучыла, яны пасканчалі школы. Па-расейску таксама размаўляюць, бо хадзілі ў расейскую школу тут шэсьць гадоў. Муж вазіў па суботах іх, а я працавала. Беларускай тады не было й царквы яшчэ беларускай не было, толькі расейская. Але я казала, што як расейскую будуць ведаць, то й беларускую зразумеюць. Сын хадзіў у скаўты, дачка ў валейбол гуляла. У нашай царкве праблемы яшчэ былі, то мы пайшлі ў расейскую, каб дзеці мову ведалі.
Але сувязі зь беларусамі мы падтрымлівалі заўсёды. Я люблю беларусаў, і прыемна ж заўсёды з сваімі. 49 гадоў я марыла прыехаць на радзіму. Спачатку ў Аўстраліі я часта плакала, хацела туды. А калі я паехала праз столькі гадоў, то супакоілася, бо забрала нарэшце адтуль сваё сэрца. Так, сваякі там яшчэ засталіся. Мы былі, калі зьезд быў у Менску, у гасьцініцы “Беларусь”, нас вельмі добра прымалі322. Першы дзень на радзіме я ўвесь праплакала, як убачыла ўсё, дзяцінства ўзгадала, як весела было. І ў Беларусі людзі жывуць, а мы на чужыне, вайна. Цяжка ўсё, што перажылі: былі галодныя й голыя, і босыя, а што было рабіць? Лёс такі.
Але мы сваё жыцьцё ў Аўстраліі працягваем і з сваімі сустракаемся. Спачатку на сьвяткаваньні больш за сотню чалавек зьбіралася. Але цяпер ужо шмат адышло. Сьвяткавалі 25 Сакавіка, Слуцкае паўстаньне, танцы наладжвалі. На Новы год таксама зьбіраліся беларусы. Я шмат прыводзіла аўстралійцаў на беларускія танцы, і ім падабалася. Нават паліцыянтаў прыводзіла аўстралійскіх, яны заўсёды мне заказвалі пад Новы год, каб стол на дванаццаць чалавек. Яны мне дзякавалі, казалі, што добра беларусы гуляюць і ніколі ніякіх боек няма. Я нават абарыгенаў і розных нацыянальнасьцяў людзей прыводзіла на нашыя сьвяткаваньні, каб паглядзелі, як беларусы гуляюць.
І самі мы заўсёды гатавалі на гэтыя сьвяты, і для ўнукаў таксама. Яшчэ й цяпер унучка й унук хоць і жанатыя любяць на Вялікдзень прыходзіць на абед да нас, калі я ўсё сваё прыгатую.
І шмат беларусаў зьбіралася на сьвяты?
Шмат ужо адышлі. У нас была вельмі добрая кампанія, мы часта зьбіраліся. І мы адзначалі 50 гадоў вясельля тут, адразу ж як вярнуліся зь Беларусі. Я ж у вайну выходзіла замуж і вясельля ня мела: павянчаліся ў царкве, яго маці ды мая выйшлі, зрабілі абед і гэта ўсё. Таму як мае сёстры выходзілі замуж, я заўсёды плакала, бо ім добрыя вясельлі рабілі. І я сабе пастанавіла, што ужо 50 гадоў вясельля я адзначу па-сапраўднаму. І ў мяне было сто дваццаць чалавек гасьцей і два дні гулялі. Я малілася дзень і ноч, каб мы з мужам дажылі да гэтага, каб справіць тое, чаго мы ў вайну ня мелі. І мы вельмі добра пагулялі. Айцец Бурнос даў нам блаславеньне ў царкве. А цяпер ўжо 60 гадоў вясельля будзе...
А ці было ў Вас нейкае хобі?
Любіла вышываць, вязаць, шмат чаго. Я люблю ў садзе працаваць. Гэтае сапраўднае хобі, бо як вы яго згубіце, то вам ужо жыцьця няма, — так аўстралійцы кажуць. Але цяпер я мала што магу ў садзе рабіць, бо я мела на дзьве нагі апэрацыі. То да мяне жанчына прыходзіць, два разы на месяц дом прыбірае, і ёй ўрад плаціць і я 6 даляраў, то яна ўсё робіць і ў садзе. Зараз, калі мы хворыя, мне ўрад транспарт аплачвае, і шпіталь бясплатны. Дзяржава глядзіць за намі.
У Беларусі, напэўна, у Вас засталіся сваякі. Сувязі зь імі падтрымлівалі?
Я як прыехала зь Беларусі ў 1993 годзе, колькі пасылак дасылала ўсім сваякам! Але гэта ўжо цяпер. А дагэтуль толькі мужаву маці падтрымлівала й брата, яны жылі ў Крыме пасьля вайны. Мы туды дасылалі. Як атрымалі першы ліст і здымак, што яна даслала, пайшлі ў краму й на 20 кілё пасылку сабралі. Па дзьве пасылкі ў год накіроўвала да яго маці, то ёй казалі, што мае не нявестку, а дачку, так я пра яе клапацілася.
А мае бацькі памерлі тут у Аўстраліі. Мы прыехалі раней, а потым іх сюды забралі праз два гады. Нашыя вёскі калі спалілі, то ўсіх у Нямеччыну зьбіраліся вывозіць. Я потым сваіх там і знайшла празь нямецкую газэту. Бацька Адам Шараевіч, а маці Надзея. Абое ўдзельнічалі актыўна ў беларускім жыцьці ў Адэляйдзе. Бацька быў асабліва заўзяты, дапамагаў будаваць царкву, і мы заўсёды на сьвяты й на абеды любілі хадзіць.
А хто зь беларускіх жанчын браў найбольш актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці?
Матушка Бурнос. Яны вельмі добрыя людзі. Яны ўсё імкнуліся арганізаваць, і дзяцей вучыць, і танцаваць, і сьпяваць. Гэта айцец Бурнос усё. Я мала сама сьпявала, бо працавала й голасу ў мяне такога не было.
Колькі часу прайшло, перш чым Вы прынялі аўстралійскае грамадзянства?
Каб узяць аўстралійскае грамадзянства, пяць гадоў трэба было. Мы ж недзе праз 10—12 гадоў, тады як дачцэ трэба было ў вышэйшую школу ісьці, мусілі браць грамадзянства. А я ж усё думала, што на Беларусь вярнуся. Але як дзеці вырасьлі ды я працавала, то ўжо ехаць не было як, і тут ужо прызвычаіліся. Спачатку ж усё пачынаць цяжка яшчэ раз.
Вы сябе аўстралійцамі адчуваеце?
Не, я сябе аўстралійкай не адчуваю. Іншы раз задумаюся: жыву, прызвычаілася. Але Радзіму ніколі не забуду. І дзеці мае пераконвалі, каб я абавязкова ехала тады ў 1993 годзе ў Беларусь. А ўнук мой, яму 12 гадоў было, то баяўся нават, што я не вярнуся, усё дні лічыў, калі мяне не было. Мусіла ж яму нават прысягу даць, што прыеду назад. І як магла не прыехаць? Цяпер ужо тут усе свае.
Спасылкі:
321 Размова адбылася 23.03.2003 у хаце Пашы (Параскевы) й Аксэна Чарнагаланаў у Адэляйдзе.
322 Паша Чарнагалан мае на ўвазе Першы Зьезд Беларусаў Сьвету ў Менску.
