|
Акуліна Хаванская320
Я нарадзілася ў 1924 годзе ў Моталі, у польскай частцы Беларусі. У сям’і Мацукевічаў нас было шэсьць асобаў: бацька Фёдар, матка Кацярына й чацьвёра дзяцей. Ну й жылі добра, мы ж маладыя былі. На польскую ўладу я асабіста не магу наракаць, бо была большая дэмакратыя, чым ва Ўсходняй Беларусі. Хадзілі ў школу, я польскую школу скончыла й добра польскую мову ведала, а па-расейску я ня знала, бо палякі не дазволілі расейскую ці беларускую школы. А потым, у 1939 годзе, калі немец ударыў, яны падзялілі Польшчу. Заходнюю Польшчу немцы забралі, а ва ўсходнюю частку прыйшлі таварышы. Я гэта добра памятаю. “Ой, свае ідуць, свае ідуць. То будзе добра!” — людзі іх віталі. І сталы выносілі на вуліцу, і хлеб і соль. Я памятаю, як сама нарвала кветак у агародзе й аддала іх аднаму, што на коніку ехаў. А потым дайшло да таго, што мы мусілі ўцякаць. За адзін год, як “свае” былі ў нас, бацька згубіў дзьве каровы. Доўг трэба было аддаць, мяса аддаць, жыта аддаць, яйка аддаць, масла аддаць. Апрача таго, яшчэ якісь падатак пагалоўны. Як у цябе сям’я з шасьці чалавек, то будзеш плаціць за шэсьць. І гэта было, пакуль немцы не прыйшлі. Саветы таксама адчынілі расейскую школу, і я пайшла ды яшчэ вучылася, рускую, беларускую мовы. Але яны нядоўга былі, і немцы ў 1941 годзе зноў ударылі на рускіх і пагналі іх.
А як немцы пайшлі на ўсход, то партызаны ў нас зарганізаваліся. Тыя партызаны, то яны ж свае, сапраўдныя бандыты, яны каровы пасьвілі за Польшчай. А як прыйшла савецкая ўлада, то яны сталі кіраваць намі. І калі ў вас дзьве каровы — больш, чым у каго іншага, — то ты кулак, едзь Беламорканал капаць. А пасьля, за немцамі, тыя партызаны ўсіх зь вёскі перацягалі ў балота, у лес. Прыходзяць уначы — адчыні, а як не адчыніш, то лупяць у вокны. Прыехалі аднойчы да нашае хаты, паставілі пад сьценку ўсіх, а бацьку сказалі запрэгчы воз і каля хаты паставіць. І ўсё забралі. Цэлая дзежка сала была, то забралі. А маці прасіла: “Як гэта вы астаўляеце нас, у мяне ж сям’я, а безь нічога?” То партызан два кавалкі адкінуў убок — бяры. А цэлую дзежку забралі на воз. І ўбраньне якое было, тужуркі, касьцюмы. Нават былі на абразах ручнікі, была мода вешаць, і тое забралі. Усё, нават і што прыгатоўлена было да праньня. Брудную бялізну — і тую забралі. Сьвіньні забралі. У бацькі былі каровы, каровы забралі адну па аднэй.
І так, як прыйдзе ноч (удзень бо яшчэ паліцыя была, удзень цішыня), а ўначы бралі ўсё, вывозілі ў балоты й там складалі сабе. Усё забіралі. Нам так дакучылі, што мы сталі ўцякаць. Прыйдзе вечар, то ня ведаеш, дзе хавацца. Бо як прыйдуць у хату, то або цябе заб’юць, або цябе забяруць з сабою, павядуць у тыя балоты, то ўжо канец, назад ня вернесься. А немцаў мы не баяліся. Немцы сваё рабілі, яны ваявалі й далей пайшлі, а мы сваё — працавалі на гаспадарцы. Але праз партызанаў тых мы пабачылі, што там жыцьця няма й ня будзе. То мяне немцы ня вывезьлі, ды я сама пайшла ў горад на работу. І ехалі людзі ў Нямеччыну добраахвотна многія, бо як хочаш спакойна спаць, то трэба ехаць. І я паехала сьледам за братам. А бацькі яшчэ заставаліся там у Моталі, а пад канец таксама зьехалі, бо пажар быў, як біліся з тымі партызанамі, ды ўсё пагарэла. Нічога не засталося.
Разам зь іншымі сем’ямі я была ў адным маёнтку блізу Познані. Гэта польская зямля, але немцы акупавалі, і мы там рабілі. Потым як пачаў набліжацца фронт, савецкае войска стаяла на Вісьле каля Варшавы можа паўгоду. То мы сталі прасіць свайго гаспадара: “Адпусьці нас, каб мы маглі выехаць на Захад раней”. А ён кажа, што ня можа, бо немцы яго падазраюць, нібыта паніку робіць. Але пазьней даў нам коней і вазоў і мы цёгаліся там далей на захад. Былі ў Ульме, каля Штутгарту, потым Мюнхен, Дырынген, Ціроль, у тых месцах мы былі. Мы хацелі патрапіць на захад, у заходнія зоны акупацыі. Ужо ў Нямеччыне я пайшла зноў працаваць. Далі мне работу на кухні, дапамагала варыць, чысціць, посуд мыць. Раскошы не было. Што з сабой мелі, якое ўбраньне, то й ужывалі, а набыць нічога не маглі, бо забаронена. Гэта яшчэ вайна ня скончылася.
А потым як фронт блізка быў, то гэты баўэр, ці гаспадар таго маёнтка, забраў усіх працоўных, былі ўкраінцы, палякі, ррасейцы, і ўсялякія там, нават французы палонныя былі. І кажа: “Сёньня або заўтра тут будуць ужо новыя ўлады, ратуйцеся, як хочаце. Я за нікога не адпавядаю”. І ратаваліся хто куды. А я была ў таго баўэра добрай знаёмай, і як ён зь сям’ёй стаў хавацца ў падвал, то я за імі. А іншыя ў лес пабеглі. Сядзім і чуем — страляюць, бомбы кідаюць — фронт ідзе... Потым як крыху сьцішылася, мы яшчэ пасядзелі з гадзіну ў падвале. Тады выйшлі, бачым — ужо амэрыканцы прыйшлі. То ўсе павыходзілі, стаяць перад тым домам, дзе працавалі. Прыйшлі амэрыканцы ў дом таго фэрмэра, а ён схаваўся на ўсялякі выпадак. Выйшла гаспадыня. Амэрыканцы кажуць, каб аддала зброю. Яна пайшла ў хату, вынесла нейкі карабін, пару пісталетаў аддала, і яны паехалі далей.
Тады абвесьцілі, што ўсе свабодныя й хто хоча на радзіму, трэба сабрацца ў былых ваенных лягерах. Ну нашыя палякі, што разам са мной працавалі, сталі сьпяваць, шум паднялі. І фэрмэр сказаў: “Я вас адвязу, куды вы хочаце, у які лягер ці які горад”. І так і было. Нагрузілі ўсе свае рэчы, гаспадыня напекла яшчэ булак ім на дорогу. А я засталася. Мяне ўсё пыталіся: “Чаму, чаму ты ня хочаш ехаць?” Я кажу, што мая сям’я ўся параскіданая ў Нямеччыне. Пакуль не знайду сваіх, не паеду. Але ў фэрмэра таго я не засталася, пайшла ў лягер.
Гэта быў беларускі лягер. Потым я знайшла брата аднаго. Ён быў у Кёнігсбэргу. Паехала да яго ў іншы лягер Ватэнштэт і там пазнаёмілася з мужам маім Кастусём Хаванскім. Ён быў таксама палонны, як і мой брат. Ягоны бацька перад першаю вайною паехаў да Амэрыкі на працу, а як тая вайна скончылася ў 1918-м, то ён вярнуўся, тады як Польшча толькі заняла Беларусь. Набыў маёнтак, які меў даўгі. Ведаеце, тады зрабілі парцаляцыю й хто мае грошы — купляй кавалак зямлі. А бацька майго мужа прывёз даляры — сем жа гадоў жыў у Амэрыцы. І купіў вялікі кавалак зямлі, працаваў ад рана да вечара. Трэба было як жніво, то наймаў. Бульбу капаць, ці ў жыта — як хто не мае работы — прыйдзе, і ён плаціў. А як прыйшлі Саветы, сказалі, што кулак, і выслалі на Сыбір. А Кастусь яшчэ як у палоне быў, пра тое дазнаўся, хацеў ехаць па вайне на Сыбір бацькоў шукаць. Але яму вытлумачылі іншыя й застаўся, не паехаў.
Бацькі ж ягоныя, зь імі яшчэ два браты Кастуся, былі на Сыбіры. А як стала армія Андэрса арганізоўвацца, адзін з братоў у тую польскую армію пайшоў. Быў пад Монтэ-Касына, а потым разам з арміяй у Ангельшчыну выехаў, стаў шукаць сям’ю, вярнуўся да Саветаў. А сям’ю ўжо з Сыбіры вярнулі, хаця жыць у старой хаце не далі. А як той сын з Ангельшчыны прыехаў, то ўсю сям’ю яшчэ раз на пяць гадоў на Сыбір. Усіх, і яго, і жонку, і бацьку за тое, што сын за мяжою быў. Пасьля яны вярнуліся на польскую тэрыторыю й жылі там, пакуль не паўміралі.
Мая ж матка й сястра загінулі ў Нямеччыне. Як фронт з захада надыходзіў, ня ведаю, ангельскі, амэрыканскі ці францускі, то стралялі й яны бедныя загінулі там. А бацька застаўся таму, што немцы як адступалі, то забралі яго акопы капаць. Калі ж вярнуўся назаўтра да таго фэрмэра, як сьціхла ўсё, то яны ўжо пахаваныя. І бацька прыстаў да нявесткі з двума дзецьмі, і Бэльгія іх забрала да сябе, там яны на фэрме працавалі. Мы пасьля вайны доўга шукалі адны другіх і знайшліся. Мы шукалі іх у Нямеччыне, і яны нас шукалі. А потым мой стрыечны брат, уладыка Мікалай, то дапамог разам у Канаду перабрацца й нявестцы з бацькам. Празь некаторы час мы бацьку забралі да сябе ў Аўстралію, бо там яны жылі ў адной хаце й зь нявесткай сварыліся ўвесь час. Бацька напісаў, каб забралі, калі сможам. І яшчэ жыў шэсьць гадоў разам з намі.
У Нямеччыне мы былі ў Ватэнштэце, я езьдзіла па закупы ў Браўншвайг. Тады ў лягерах былі многія людзі. Побач быў расейскі лягер, літоўскі й іншыя. Нашыя знаёмыя былі ў тым адным лягеры расейскім, каля Мюнхену, і я аднойчы паехала іх адведаць. А яны мне кажуць, што заўтра прыйдуць савецкія забіраць сваіх людзей, каб везьці на радзіму. Амэрыканцы ж не разумелі таго і лічылі, што як вайна скончылася, то свабода ды едзь дадому й там будзеш жыць, як раней. А тыя людзі ў большасьці ж менавіта ад гэтай савецкай улады паўцякалі й не жадалі вяртацца. А чырвоныя гвалтам забіралі й везьлі, а тады людзі вырэзвалі вагоны й як цягнік ішоў па мосьце ды сьцішваў хаду, то выскоквалі. Не хацелі ехаць дадому. А хто й хацеў. Расейцы тады такую прапаганду рабілі, яны й транспарт давалі, толькі запішыся, што хочаш вярнуцца на радзіму. Многа паехалі, а потым назад давай уцякаць.
А нам не было куды вяртацца. У Нямеччыне мы й пажаніліся з Кастусём. Я маю нямецкія дакумэнты. І адзін сын там нарадзіўся, то нас не пускалі ў Аўстралію спачатку, пакуль яму году не было, бо замалы. Людзі ж хацелі з таго лягеру зьехаць. УНРА (UNRRA. — Н.Г.) нас карміла, але мы хацелі хутчэй, каб штось мець сваё, сталае. Праз год мы зноў падалі да Аўстраліі, і нас прапусцілі. Ну й пачалася эміграцыя. Тыя першыя зь Нямеччыны выяжджалі ў Амэрыку й у Канаду, але гэта хто гарантаваў кватэру. У нас не было такіх. А мой муж выслухаў недзе, што ў Аўстраліі найлепш. І ў 1950 годзе мы ўжо прыехалі ў Аўстралію, у жніўні месяцы. Прыехалі, а было халодна, бо тут зіма, а мы ня ведалі. Спачатку мы ноччу мерзьлі, а ўдзень выходзілі на сонца грэліся. А ў верасьні ўжо вясна пачалася.
Раней Аўстралія не была такая, як цяпер. Горш было. Бо тут яшчэ нічога не было, толькі стаялі баракі, што ад амэрыканскага войска засталіся, як вайна была. І ў тыя лягеры памясьцілі нас. А там ужо давай нас разьмяркоўваць, каго куды. Хто на работу, хто на калею… Тады сюды шмат беларусаў прыехала. У хаце мы заўсёды размаўлялі па-свойму. А ў крамах ужо трэба было па-ангельску, а мы таго ня ведалі. Спачатку было шмат сьмешных выпадкаў, бо першых узялі на працу мужчын, а сем'і пакінулі ў лягерах, пакуль ты там знойдзеш ім кватэру, ці гараж паставіш. І старэйшыя людзі папрыяжджалі, а мовы ня ведалі. Адна жанчына пайшла неяк у краму, дзе мяса прадаюць, хацела халоднае зрабіць, заліўное, але як жа яно па-ангельску? То яна паказвае на руках і нагах, во што хачу для халоднага, а аўстраліец у краме глядзіць на яе й кажа: “Мы чалавечае мяса не прадаем”. То жанчына ня ведала, што рабіць, і ўцякла з тае крамы. Сьмешна было.
Празь некаторы час нас паслалі да фэрмэра ў Інвэрэл, гэта пад Квінслэнд, блізка да мяжы штату. Тады яшчэ фунты былі, то плацілі нам 9 фунтаў на тыдзень. І я ў фэрмэра працавала. Але там толькі авечкі былі. То я на двары нічога не рабіла, а працавала тры дні: адзін дзень прыбірала хату, чысьціла, другі дзень прала бялізну, а трэці дзень прасавала. Далі нам такі кшталту гаража, і мы там жылі. Раз на месяц нас бралі ў горад, набыць сабе што. А так яны нам давалі яшчэ да дзевяці фунтаў харчаваньне: тры кілё бульбы, слоік мёду, масла. Я пісала, што мне трэба, а гаспадыня тое, што ня дасьць, выкрэсьлівала, а іншае — прывозіла. І лічылася, што кватэра гэтая іхняя. А не было ні кірасіны, ні электрыкі ніякай. І мы там два гады былі, пакуль кантракт, а потым ужо маглі ехаць куды заўгодна.
Нашыя знаёмыя ў Сыднэі пасяліліся. І я фэрмэру сказала, што не жадаю жыць больш у гэтай пустэлі, дзе фэрмэр ад фэрмэра пяць міляў (не кілямэтраў, а міляў) і больш нічога няма, і нават няма з кім па-свойму паразмаўляць. А фэрмэрка была незадаволеная тым. “Што вы едзеце? — кажа, — там столькі беспрацоўных, тысяча ці дзьве…” А я адказваю: “А мы будзем тысячу першымі”. І мы пераехалі ў Сыднэй. Тут прадавалі кавалкі зямлі й далі дэпазыт на гэты ўчастак, то мы былі абавязаныя, як скончым кантракт і дастанем грошы, даплаціць рэшту й зямля будзе нашая. Тут мы паставілі гараж, і ў гэтым гаражы дазволілі нам пяць гадоў жыць. Пяць гадоў мы варылі на прымусе. Затое гэта ўжо быў свой дах. А потым пачалі будаваць і збудавалі гэтую хату.
Аўстралійцы да нас ставіліся нармалёва. Перш яны там трошку чмыхалі на нас, што работы няма. А потым аказалася, што як нашых возьмуць да работы, то яны лепш працуюць за аўстралійцаў. І тады бос, начальнік, кажа: “Вы на іх нічога не кажыце, бо яны дужа добрыя работнікі, паслухмяныя”. І не было ніякіх праблемаў. Працу дастаў, працуеш, заробак дастаў — гуляй, купляй што табе падабаецца. Улады таксама пабачылі, чым больш эмігрантаў, тым лепш жыць. На гэтай вуліцы як мы прыехалі, ўсё гаражыкі былі толькі, людзі жылі, пераважна эмігранты — палякі. А цяпер гэтыя павярховыя дамы стаяць.
Мы тады будавалі доўга, можа два гады. Грошы зьбяруцца, то мы купім цэглы. Далей зьбяруцца, то купім яшчэ што. Наймалі нам майстра на дахоўку. А як хлопец наш пайшоў у школу, то я — на працу тут таксама, і стала лягчэй. Змаглі набыць мэблю, і такім чынам уладкоўваліся. Цяжка спачатку было, што зь ежы звыклай ня ўсё было. Масла толькі салёнае, не такое, як у нас. І бульба была, але мала. Але потым стала лепш, бо з Эўропы многа людзей прыехала й сваё сталі заводзіць. І я раней агародам займалася, памідоры мела з свайго агароду й агурочкі, і саліла, і маласольныя былі.
Я спачатку працавала на аэрадроме, тут недалёка офісы чысьціла. Там былі канторы розныя, там дзе сядзелі аўстралійцы. А мы мовы ня ведалі, мяне паслалі былі спачатку ў школу, а пасьля патрапіла на гэтую працу. Мне тут было блізка езьдзіць. Потым аэрадром пачаў зьмяняць свае пляны й людзей звальняць, то я пайшла тады шыць. І працавала там, дзе ўніформы школьныя шылі, рубахі мужчынскія. Я на машынцы шыла. І так мы дажылі, што ўжо мужу (ён быў старэйшы) сказалі, што трэба сыходзіць на пэнсію. Ну а як муж ідзе на пэнсію, а я раблю, то тады пэнсія яму меншая, то я таксама кінула працу й дастала пэнсію.
А потым муж памёр у 1984-м. 19 гадоў таму. Ад таго часу я жыву адна. Сын ажаніўся, мае хату лепшую, чым я. Можа мая хата забедная, але мне хапае. У мяне ўсё ёсьць.
