|
Матушка Вольга Бурнос319
Мая вёска называлася Вядом, каля Сьвятой Волі й Целяханаў. У бацькоў Данілы й Агрыпіны Пашкевічаў была вялікая сям’я, і вельмі цяжка было. То ў школу я не хадзіла, бо толькі дзесяць гадоў мела, калі мы выехалі ў Нямеччыну. Гэта быў ваенны час, партызаны нас спалілі, таму калі вайна канчалася ў 1944 годзе, мы выехалі зь Целяханаў. Адступалі немцы, і мы адступалі разам зь імі. Маці калі выяжджала ў Нямеччыну, была цяжарная й ужо там нарадзіла дачку, назвалі Вандай. Немцы хацелі маці пакінуць у Брэсьце, хай спачатку народзіць дзіця, а тады паедзе далей, не пускалі ў Нямеччыну. Але бацька настояў, як яна застанецца, то й мы застанемся. А тое было ўжо блізка паўтара месяца перад заняцьцем нашых земляў.
Мы патрапілі ў Нямеччыну й былі там у працоўным лягеры ў малым мястэчку Эльцэ недалёка ад Гановэру. Нашае малое мястэчка мала бамбілі, а вось на той Гановэр шмат бомбы падалі. А ўжо па вайне, калі Саветы забіралі, казалі, што ўсе мусяць ехаць дадому, мы не хацелі ехаць, бо ведалі, што камуністы не былі добрыя людзі, таму мы паехалі ў польскі лягер. І туды саветчыкі прыяжджалі, але ў нашых дакумэнтах было напісана, што мы нарадзіліся ў Польшчы, хоць паводле нацыянальнасьці беларусы. Гэта ў бацькавых дакумэнтах было, бо нашыя ўсе папаліліся. Саветчыкі прыяжджалі да польскага лягеру, каб аддалі людзей. Але польская лягерная паліцыя сказала, што тут няма ніякіх рускіх (хаця там былі й рускія, і ўкраінцы). А нам параілі зьмяніць прозьвішча з Пашкевіч на Пашкоўскі. Казалі, што як зьменіце, то лепш будзе жыць палякамі. І мы засталіся.
З часам сталі высьвятляць, куды мы хочам ехаць, ці ў Амэрыку, ці ў Аўстралію. Але мы не маглі нікуды ехаць, бо нашая сям’я была завялікая. Трэба, каб рабочых рук была палова на палову, а ў нас больш непрацоўных, бо маці ж і дзеці. То нам сказалі, што зможам ехаць да Аргентыны ці да Аўстраліі, а ў Амэрыку нас ня возьмуць. А мой бацька кажа, абы дзе, хоць у моры, толькі не ў Беларусі. Дадому не хацеў вяртацца, бо там усё спалена ў вёсцы. І тады мы запісаліся да Аўстраліі й да Аргентыны й чакалі з тых двух месцаў, адкуль перш прыйдзе запрашэньне, туды мы й паедзем. І перш прыйшло з Аўстраліі.
З таго лягеру польскага мы мусілі перайсьці да іншага, адкуль вывозілі, — эміграцыйнага й мусілі прайсьці камісію. Памятаю, я яшчэ бацьку вучыла чытаць, бо трэба было, каб умеў чытаць. А тады паехалі ў шпіталь нямецкі й там праходзілі камісію, якая была вельмі строгая, каб усё было ў парадку: і ногі, і зубы, і сэрца. А калі што было ня так, то яны вымушалі яшчэ застацца на месяц ці на два, каб тое паправіць. Але давалі сваіх дактароў, каб, напрыклад, зубы паправіць. Чырвоны Крыж глядзеў гэта ўсё. Мы прайшлі камісію, і прыйшло нам запрашэньне ехаць у Аўстралію.
Там больш бацька кіраваў, я маладая тады была, як мы ехалі сюды.
Сюды прыехалі параходам, што называўся “Фарсі” (анг. Fairsea. — Н.Г.). Як спачатку ехалі, то так было горача, што думалі, пагарым тут. Бацька дзівіўся, дзе мы едзем, ці не ў Сахары. Але я яму адказвала, што ён жа сам хацеў ехаць хоць у мора. І прыехалі мы ў Мэльбурн. Нас разьвезьлі сем’і ў лягер Банагіля, там была мая мама з малодшымі дзецьмі. Сьцяпан брат быў у Адэляйдзе, і мой другі брат быў тут таксама. А бацька быў у Ваялі, недалёка Адэляйды. Ён там працаваў на параходзе, жыў у хастэлі.
Мы як прыехалі, тут беларусы былі ўжо ад 1949 году, бо перш бралі халасьцякоў. І мы ведалі, як тут эмігранты жывуць. Калі прыехалі, то ў Аўстраліі ежа была недарагая й шмат. Але такога разнастайнага, як цяпер, не было. Памятаю, што аўстралійцы былі ўсе худыя, бо елі яны тут толькі тыя фрыткі й чопсы (смажаная бульба й бараніна. — Н.Г.). Таму эмігранты ўсе наракалі, што няма выбару харчаваньня. А як панаяжджалі эўрапейцы й нарабілі рознага выбару ежы, то цяпер людзі парабіліся тоўстыя. А мы як умелі, так варылі.
Кожны стараўся як мага хутчэй асесьці й здабыць сабе хатку, каб сваё мець. Аўстралійцы спачатку не пускалі, думалі, што мы як тыя дзікусы. Яны ня ведалі, што прыедуць эўрапейцы, і казалі, што мы дзікусы. На нас глядзелі коса, называлі пагардліва. Нам тое не падабалася, але мусілі цярпець, бо не было ніякага выйсьця. Мы ж былі іншай мовы, а для іх тое дзіка. А потым яны пабачылі, што народ эўрапейскі й добрай натуры, і сяброўскі, і прызвычаіліся да нас, больш не чапляліся.
Адразу ўсім цяжка было, бо мусілі кантракт адрабіць два гады. Я была ў Мэльбурне. Мяне паслалі па кантракце, каб працавала сястрой у шпіталі. І я там парабіла паўгоду, а тады ўцякла. Бо там толькі былі жанчыны й мужчыны, хворыя на рак скуры, а я не магла тое ўсё зносіць, усялякія раны, не магла на тое глядзець. Аднаго дня пайшла да матроны й сказала, што не магу тут больш быць і мушу ехаць да сваіх бацькоў, бо бацька тады ўжо назьбіраў грошы й вырашыў сям’ю ўсю прывезьці да сябе ў Ваялі.
А матрона мне кажа: “Ты ня можаш ехаць, ты маеш скончыць кантракт”. А я ёй: “Я ёсьць у Аўстраліі й кантракт скончу, дзе я пажадаю”. Але яна казала: “Не, ты не паедзеш”. Тады адна полька, што працавала са мной, кажа: “Едзь, пані, да сваіх бацькоў, бо пані прападзе тут”. А я ж ня маю грошай, бо нашыя грошы забіралі за ежу, за ўніформу, за жыцьцё тут. То тая полька кажа: “Едзь, пані, я пазычу, а як пані даедзе, то можа мне аддаць грошы, а можа й не аддаваць, бо я не такая бедная”. Я ж адказала, што толькі дайце грошы, а я як прыеду, скажу бацьку — ён вышле. І так было, уцякла я.
Я першай прыехала да бацькі свайго. Потым ён перацягнуў Сьцяпана, потым маму зь дзецьмі малымі й рэшту. Пазьней яшчэ сын нарадзіўся самы малодшы. Але я Вам скажу, што там было горача, дзе мы спачатку жылі — у Ваялі — сапраўдная гарачка й вятры гарачыя, бо ж каля пустыні.
Бацька набыў тады ўжо дом. Ён даў грошы на дэпазыт, і трэба было выплачваць. Як я прыехала да бацькі, то ён мне знайшоў працу ў хастэлі, дзе можа тысячу чалавек самотных былі, працавалі на караблях. А потым праз тры месяцы паліцыя прыйшла туды й кажуць: “Чаму ты нічога не сказала, як выяжджала з Мэльбурну?”. А бос мой новы падышоў да паліцыі: “Я яе буду тут глядзець, я ёй даў тут працу, то напішыце, што яна ёсьць тут і ўсё будзе ў парадку”. І яны згадзіліся, а я засталася. І праўда, той мой кіраўнік быў як бацька для мяне. Дапамагаў мне. Я ж па-ангельску не гаварыла, бо я тут у школу не хадзіла. Але як працавала паміж людзьмі, а я рабіла ў тым хастэлі паміж аўстралійцамі пяць гадоў, то трэба было гаварыць, і паступова навучылася. Я там працавала ў кухні, а ўсе грошы аддавала бацьку, каб плаціць за хату, пакуль астатнія дзеці прыехалі. А тады ўсе прыехалі й ужо працавалі, дапамагалі бацьку сплачваць.
Там, дзе я працавала, было многа мужчын, а я апранала тое, што яшчэ зь Нямеччыны прывезла, бо не было ў што пераапрануцца. Як прыехалі ж, мы нічога ня мелі. Той бос неяк быў прыйшоў да мяне й кажа: “Што ты ходзіш у тым самым убраньні ўвесь час? Тут мужчын многа маладых і ты маладая, як гэта? Я ж табе плачу. Дзе твае грошы ўсе?”. А я кажу, што мушу бацьку аддаваць за хату. А ён мне: “Я табе дам больш грошай, а ты бацьку толькі заплаці рэнту, колькі ён скажа, а рэшта, то грошы твае будуць”. Я кажу: “Мяне бацька выганіць з хаты”. А бос: “Як выганіць, то я табе дам пакойчык”. І так было, ён даў мне пакойчык.
А потым мы запазналіся зь Міхасём, гэта дзесьці ў 1952 годзе. Ён працаваў у Ваялі на тых караблях і прыходзіў есьці ў хастэлі, дзе я працавала. Першы прыходзіў, а астатні сыходзіў. А там жа трэба было хутка ўсё пазьбіраць, памыць. То мой бос і кажа (а бос вельмі любіў Міхася): “Там сядзіць для цябе бойфрэнд”. Я пагляджу-пагляджу й думаю: мая ж калісьці бабка казала, што калі маеш свайго хлопца, то перш пакліч яго ў хату, пастаў для яго абед і глядзі, як ён будзе есьці. Калі будзе есьці памалу, так памалу будзе й працаваць. І я тое кажу босу, а ён сьмяецца — не, штосьці тут іншае. Але так было, першы прыходзіў, астатні выходзіў. І я думаю: ужо зьбіраць усё трэба й злосьць бярэ, што то за кавалер будзе мой, як першы прыходзіць, а астатні выходзіць. А гэта ж ён цераз мяне ўсё.
І як той бос казаў, так і сталася. Увесь час Міхась за мною хадзіў. А там ад калору да выбору тых мужчын. Бо калісь у Аўстраліі было так: сем мужчын на адну жанчыну, то тады можна было выбраць. Але гэта нейкі лёс сапраўды быў.
Мы пажаніліся й пастанавілі прыехаць у Адэляйду, бо Міхась сказаў, што без сваіх і без царквы ня можа жыць. У Адэляйдзе ён знайшоў працу й я знайшла ў шпіталі. Прыехалі, але хаты ня мелі, пайшлі да людзей, якіх ведалі, і тут пабылі троху, пакуль знайшлі хату. У 1955 годзе мы тут пасяліліся. Спачатку хадзілі ў расейскую царкву, бо ня ведалі, ці беларуская царква наогул ёсьць. І ў расейскай жа шлюб узялі царкоўны. А потым і бацька мой зь сям’ёй прыехалі, бо тут да Ваялі з Адэляйды 250 міляў.
Спачатку нам было вельмі цяжка, бо трэба было сплачваць тыя грошы, што на хату ўзялі. І абое мусілі працаваць, і абое так ашчадна жылі, каб нам хапіла й на хату, і на сьвятло. Мы мусілі 17 фунтаў плаціць працэнтаў і пару шылінгаў за хату. Працэнты бралі значна большыя, ды яшчэ казалі, каб не плацілі хутка, каб больш працэнты ішлі, тое для банку выгадней. Праз два гады як прыехалі ў Адэляйду, мы ўзялі падданства аўстралійскае, а дагэтуль шэсьць гадоў у Ваялі жылі так. Але тут як падданства ня возьмеш, то не дастанеш пэнсіі. То мы мусілі ўзяць.
У Адэляйдзе знайшлі мы беларусаў. Міхась жа страшна любіў свой народ. І мы ўдвох працавалі добра, стараліся, каб тут што было, каб быць разам зь беларусамі. Арганізоўвалі хоры, танцы, а Міхась быў дырыгентам хору. А калі ў нас не ставала песень, то я мусіла выбіраць ад Янкі Купалы й Якуба Коласа вершы й пісаць музыку. І многа панапісвала, дасылала нават у Амэрыку, Англію й дастала водгук, што вельмі добра напісаная музыка.
Спачатку беларуская грамада ў Адэляйдзе была вялікая. Мы як рабілі мерапрыемствы, то прыходзіла 200—250 чалавек. Адразу нас было шмат, бо яшчэ ўсе маладыя, стараліся трымацца свайго. А потым ужо як пажаніліся й аселі, то сталі казаць, што часу няма. Але былі слупы, якія трымалі беларускасьць, яны ўвесь час прасілі людзей, каб зрабіць штосьці. І забавы рабілі, і прыходзілі людзі, і да тысячы чалавек. І на канцэрты прыходзілі, і на 25 Сакавіка, і на царкоўныя сьвяты, і ў лістападзе.
Аднойчы выступалі нашыя дзеці на канцэрце на тэлевізіі. А іншы раз мы па вуліцах машаравалі. Кожная нацыянальнасьць ішла пешкі ў нацыянальным усім і з надпісамі: “Беларусы”, “Кітайцы” й г.д. Гэта было на 150-годзьдзе Адэляйды, дзесь у 80-я гады. Вельмі добрыя мы мелі ўборы, бо я тыя ўборы купіла за свае грошы. Толькі нашай вышыўкай аздобіла, старалася ўсю ўніформу прыгожую беларускую зрабіць, камбінавала. І зрабіла ўсім убраньне добрае, няхай выглядаюць як мае быць.
А зь дзецьмі сваімі мы размаўлялі па-беларуску, як яны былі малыя ў хаце. Мая дачка Галіна разумее ўсё па-беларуску, але гаварыць ня будзе, бо як яны пачалі да школы хадзіць, то ці ім гавары па-беларуску, яны адказваюць па-ангельску. У сёмую клясу пайшлі й сталі гаварыць толькі па-ангельску. Але дзеці нашыя ў хоры сьпявалі, навучыліся добра чытаць і вымаўляць тыя словы. Бралі ўдзел у канцэртах з намі. Адзін час наладзілі мы тут беларускую школу, гэта ўсё Міхась з памерлым ужо Кастусём Станкевічам дзетак вучылі.
Увесь час мы столькі канцэртаў рабілі. Былі ў Сыднэі з канцэртамі, і ў Мэльбурне, як ладзілі Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі, спачатку раз на год, потым раз на два гады. Пачалі ў Мэльбурне, потым у Сыднэі, а пасьля ў Адэляйдзе.
Зь Беларусьсю мы сувязі займелі толькі як Гарбачоў стаў. Міхась у 1990 годзе паехаў адведаць сваякоў, бо меў дзьве сястры й аднаго брата там. Потым мы дапамагалі тым, хто быў на Чарнобылі, зьбіралі хто што мог. Чатыры тысячы даляраў сабралі з Адэляйды. І ў Літву высылалі, і на Беласточчыну на будову музэю. Мы працавалі вельмі-вельмі добра. Некаторыя гавораць, што так немажліва, але па-нашаму ўсё было мажліва, бо ад сэрца ішло й у душы дабрыню мелі. І ўсё было добра да 1997 году, калі пачалі пераносіць нашую царкву, бо яна была ня ў добрым месцы, каля стадыёну, які патрэбны быў для алімпіяды. Тады пачаліся сваркі й на нашую працу ніхто ўжо не глядзеў. Папсавалі нам людзі нэрвы, бо ўсе пастарэлі, і няма моладзі й ніхто ня хоча больш працаваць.
Але мы зь Міхасём хаця й хворыя, а разам. Відаць, сапраўды лёс такі, ужо больш за пяцьдзясят гадоў разам.

