|
О, Вільня родная, каханая,
Цябе зальле Крывіцкі рух!
Ул.Жылка, 1921
ЗЬМЕСТ
Паваротная дарога Ліпецк-Вільня
Вільня. Унівэрсітэт
Судовая практыка (аплікатура)
Перад першым «вызваленьнем»
Першае «вызваленьне» і сьметанаўская Летува
Другое «вызваленьне»
Трэцяе «вызваленьне»
Менск 1941-1944
Дадаткі:
1-шы. Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада
2-гі. Куды Ідзеш Беларускі Студэнце?
3-ці. Пратакол Другога Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску (27.06.1944)
КНІГА 2
Райх
Ангельская акупацыйная зона Нямеччыны
Нью Ёрк, штат Нью Ёрк
Паслоўе
Дадаткі
Дапіска...
Cogito ergo sum.
Зьбіраць пачнем зярно к зярняці
Былое ў думках ускрашаць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Пачнем дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўдаў, бед...
Янка Купала
Шэрагі нашае эміграцыі штогод малеюць, адыходзяць на вечны адпачынак тыя, хто ведалі многае... Маладое пакаленьне неяк ня вельмі да нас далучаецца... Большасьць адыйшоўшых, за невялікім выняткам, не пакінулі будучыні сваіх жыцьцёвых назіраньняў і практыкі жыцьця з пройдзенае дарогі змаганьня за Беларушчыну, за дзяржаўнасьць...
Гэта тым больш непакоіць, што нашыя ворагі спрытна падкідаюць нам розныя фальшыўкі, недамоўкі і нават выдумкі, ды стараюцца дысарыентаваць нашую эміграцыю рознымі спосабамі.
Цяпер мы выдаем тое нямногае, што напісана праўдзіва, бяз хлусьні, бяз цэнзуры, без запалоханьняў...
Першая кніга «Успамінаў» магістра права Леаніда Галяка, які адыйшоў ад нас нечакана і прадчасна, - гэта ўдакумантаваная праўда ягонага беларускага жыцьця ад 1928 году да яго апошніх дзён. Гэта найлепшае сьведчаньне ня толькі для нас, але галоўнае, для гісторыі нашае эміграцыі. Успаміны закранаюць амаль усіх нашых дзеячоў з якімі прыходзілася яму мець дачыненьні...
Леанід Галяк жыў уяўленьнем асабістых ведаў, ідэяў і пачуцьцяў адносна роднай Беларусі і асабліва Вільні; быў ён амаль адзінокім, як у сваім часе Франьцішак Скарына...
Пасьля першае кнігі «Успамінаў» адразу пачнём друкаваць другую, якая будзе ахопліваць час ад 1944 да 1980 гг.
Аддаючы наш доўг ягонай памяці, ягоным працавітым рукам, забудзем згрызьню пустых турботаў і... пашкадуем, што той час, калі гэтыя рукі працавалі, ня вернецца.
Рэдакцыя выдавецтва «Летапіс»
Гэй, ськінь, Беларусь,
Ярмо цьмы прошлых лет!
Жыве, Беларусь,
Каб жылі: воля, сьвет!
Л.Родзевіч
Я, Леанід Галяк, сын Яна і Аўгеньні, нарадзіўся 18 кастрычніка (ст.ст.), а 31 кастрычніка ў пералічэньні на новы (грэгарыянскі) стыль у 1910 годзе ў сталічным горадзе Вільні, на Зарэччы - частцы гораду за ракой Вілейкай, у частцы Зарэчча называнай Папоўшчынай, на Папоўскай вуліцы ў доме Буйкі. Частка гораду называлася Папоўшчынай дзеля таго, што ўся зямля ў гэтай ваколіцы належала да Сьв. Духавага манастыра, паходзячы з розных магнацкіх запісаў-падарункаў. Папоўшчына пачыналася больш-менш ад зарэчнага рынку і ляжала ў вілах агранічаная з правага боку Полацкай вуліцай, а тады Полацкім трактам (тракт Батора за польскіх часоў), а з левага боку Папоўскай вуліцай, што ляжала насупроць Бэрнардынскага саду, уздоўж Вілейкі, і далей жыдоўскім могільнікам, і даходзіла да Роўнага Поля (такі быў назоў вуліцы і ваколіцы).
Дзеля мешаніны стыляў у адных дакумантах я фігураваў, як народжаны 18 кастрычніка, а ў іншых 31. У ўнівэрсытэцкім дыплёме дата нараджэньня была 18 кастрычніка.
Бацька мой, Ян Галяк, нарадзіўся ў 1883 годзе ў мястэчку Іўі, Лідзкага павету за польскіх часоў, а Ашмянскага павету за царскіх часоў, з бацькі Яна і маці Юстыны зь Ліхарадаў. Прадзед мой называўся Казімір. Бабка мая з бацькавай стараны Юстына, паходзіла з мястэчка Любчы над Нёманам і была праваслаўнай і таму дзеці іхныя, згодна з тагачаснымі расейскімі законамі, былі ахрышчаныя, як праваслаўныя, хіба адзіныя на цэлае Іўе.
Радзіўся мой бацька ў Іўі, у доме пры пачатку вулачкі, што адыходзіла ад Крывой вуліцы (афіцыяльна называнай Мікалаеўскай, бо вяла ў мястэчка Мікалаева) і вяла да татарскай калёніі ў Іўі, што называлася Мураўшчына. Пазьней дзед купіў пляц пры Крывой (Мікалаеўскай) вуліцы, амаль за рагом ад ранейшай сялібы, бліжэй да рынку, а на старой сялібе зрабілі гарод.
Дзед мой, Ян Галяк, сын Казіміра быў сталым жыхарам Іўя, меў там траціну надзелу зямлі і апрача апрацоўкі зямлі займаўся гандлем салам і мясам ды мяснымі вырабамі. Крамы ня меў, але толькі два разы ў тыдзень вывозіў свае вырабы на рынак, ды апрача гэтага йшоў бойкі гандаль з хаты.
Ня ведаю колькі зямлі было ў той траціне надзелу, але прыпамінаю назовы ніваў: Шырокія, Вузкія, Папярочныя, Блізкія Маргі, Далёкія Маргі, Пад Слупом, За Клябаняй, апрача таго былі дакупленыя нівы - Талуцішкі і Татарскія (купленыя ў Татарына).
Апрача гэтага быў вялікі гарод на Татарскай вулачцы, што пачынаўся ад вулачкі і паволі абніжаючыся пераходзіў у луг, аж да рэчкі. Аснаўны-ж луг кілямэтраў хіба з сем ад Іўя, над Нёманам. Памятаю, што трэба было пераяжджаць даўгі драўляны мост у Збойску. Памятаю гэта, бо ў дваццатых гадох некалькі летаў правялі там.
Бацька мой быў адзіным сынам (меў адну сястру, што называлася, як і мая бабка Юстына) і дзед мой пастанавіў даць яму нейкую асьвету, паколькі былі на гэта фінансавыя магчымасьці. Пасьля сканчэньня мясцовай школкі ў Іўі, мой бацька быў высланы на навуку ў Наваградак у «Городское Училище», пасьля чаго паехаў у Вільню, дзе па нейкім часе здаў эгзамін за шэсьць клясаў сярэдняй школы (без лаціны), а тады паступіў на нейкія ўрадавыя курсы, што прыгатаўлялі паштовых урадаўцаў. У каторым годзе мой бацька пачаў службу на пошце ў Вільні ня ведаю, ведаю адно, што ў 1905 годзе бацька прыймаў актыўны ўдзел у тагачасных непарадках і страйку, і калі праца на пошце ўзнавілася, дык бацька за сваю актыўнасьць быў з працы звольнены (быў амаль цэлы год бяз працы), пакуль ізноў ня быў прыняты. У тыя часы ў Вільні дастаць неўрадавую працу было вельмі цяжка, бо індустрыі амаль як ня было, а гандаль зьверху да нізу быў у жыдоўскіх руках. Бацька быў сталым чытачом «Нашай Долі» і «Нашай Нівы» ды ўсіх тагачасных кнігаў у беларускай мове; быў сталым бывальцам у рэдакцыі «Нашай Нівы», якая, выглядае, адыгрывала ролю беларускага клюбу і знаў усіх, хто там гуртаваўся.
У бацькавай сястры, што бязвыездна жыла ў Іўі, - Юстыны было тры дачкі: Ганна, Марыя і Габрыня. Муж яе - Галіца, у часе Першай Сусьветнай вайны недзе загубіўся і дзеля адсутнасьці ў хаце мужчынаў (дзед памёр у часе вайны) быў прыняты (ў прымы) муж для Ганны Язэп (Юзік) Федаровіч з недалёкай вёскі Дукашана, які і пачаў гаспадарыць, пераймаючы і мясны гандаль.
У ваколіцах Іўя да сягоньня знаходзіцца найвялікшае на цэлую Беларусь загушчэньне балцкіх геаграфічных назоваў, і выглядае, што гэтыя ваколіцы былі зьбеларусізаваныя пазьней за іншыя часткі Беларусі. Згэтуль, праўдападобна, я заўважваю ў сваім характары многа рысаў больш пашыраных у Балтаў, чым у Беларусаў. Беларуская мова ў Іўі была вельмі добрая, характэрная сваім поўнагалосьсем, так што напрыклад тое, што ў іншых мясцовасьцях называецца гляк - у Іўі называецца галяк, і з любоўю да гуку «г», такім чынам у Іўі гавораць гавечка, гавёс. Як пагадзіць гэта з тым, што балцкія мовы гуку «г» ня маюць - ня ведаю.
Маці мая Аўгеньня радзілася ў 1887 годзе ў сям'і вайсковага ўрадаўца Васіля, сына Франьцішка Мікалаені і ягонай жонкі (маёй бабкі) Валерыі з Петкевічаў, дачкі Адама Петкевіча, зьбяднелага шляхціца, здаецца, бяз зямлі, але з легендаю аб князёўскіх калігацыях. Сям'я Петкевічаў паходзіла з ваколіцаў Мэрэча (паміж войнамі Мэрэч, пад назовам Мэркіне знаходзіўся ў ковенскай Летуве. Пішу паходзіла з Мэрэча - гэта адносіцца да канца 19 стагодзьдзя. Папярэдня сям'я Петкевічаў памінаецца ў дакумантах, як віленскія жыхары, якія займалі становішчы пры вялікакняжым двары, а адзін зь іх паводле захаваных (не ў мяне) дакумантаў меў у Вільні дом на Падзамчы, які прадаў Жыгімонту-Аўгусту. Бабка мая Валерыя была рыма-каталічкай, а дзед Мікалаеня праваслаўны, але таксама, як і ў выпадку івейскіх дзядоў, мае дзяды не стараліся ўзаемна наварочваць на сваю «праўдзівую» веру. Бабка мая Валерыя была моўна спольшчаная, але калі яе нехта называў полька, дык яна вельмі актыўна запярэчвала, гаворачы, што зь вякоў Літвінка, і што наагул Палякі недзе над Віслай, а ня тут.
Дзед мой Васіль Мікалаеня пакінуў бабку Валерыю маладой удавою з трыма дзяцьмі: найстарэйшай Марыяй, маёй маці Аўгеньняй і сынам Уладзімірам. Паколькі дзед яшчэ ня меў права на пэнсію, дык бабка Валерыя мусіла шукаць нейкай працы і ёй удалося дастаць працу - загадчыцы пасьцельнай бялізны ў гатэлі «Шляхоцкі» ў Вільні. На гэтай працы мая бабка выгадавала трое дзяцей і дала ім такую-сякую асьвету. Дзьве сястры скончылі нейкія школы, ніжэйшыя ад гімназіяў, а Ўладзімір скончыў рэальную школу ў Вільні, пасьля вучыўся ў гор. Томску ў Палітэхніцы, а летнім часам зарабляў, як праваднік на таварных цягнікох з Сібіру. У часе Першай сусьветнай вайны быў забраны ў войска, у флёту, і адбываў службу на Чорным моры, як інжынер-мэханік на розных караблёх, між іншым памятаю, што служыў на крэйсеры «Память Меркурия». Дзядзька Ўладзімір, калі яшчэ быў вучням заўсёды марыў аб тым, каб быць мараком і ягоныя імкненьні зьдзейсьніліся. У нашай хаце ў Вільні да вайны перахоўваліся ягоныя шматлікія рысункі з аднэю тэмай: мора і караблі. Сярод ягоных папераў я знайшоў, паміж іншым, верш прысьвечаны лейтэнанту Шмідту, што прыймаў удзел у 1905 годзе ў паўстаньні ў Чорнаморскім флёце і быў пазьней асуджаны на сьмерць. Верш, як памятаю, пачынаўся: «Шмидт не спит...» Дзядзька Ўладзімір ажаніўся з зрусыфікаванай немкай Верай Тышбэйн, дачкою інжынера-будаўніка, здаецца Палескай чыгункі, - сястрой ягонага калегі з рэальнай школы. Пасьля рэвалюцыі асеў у былым Пецярбурзе, скончыў палітэхніку, меў дачку, быў некалькі разоў арыштаваны і зноў выпушчаны. Служыў у Балцкім флёце. Паміж войнамі бацькі мае падтрымлівалі рэдкую перапіску. У адным часе хацеў вярнуцца ў Вільню, але відаць яму гэта ўлады адрадзілі, бо на пару гадоў спыніў перапіску, а пазьней больш аб гэтым не ўспамінаў.
Матчына сястра Марыя выйшла за настаўніка Міхала Патомскага і мела трое дзяцей: Аўгена, Юрыя і Натальлю. Міхал Патомскі быў інтэлігентным чалавекам, але як аказалася меў дзьве заганы, - адну незалежную ад яго - захварэў на сухоты, і другую ад яго залежную - быў карцёжнікам. Стала ўсе грошы праігрываў у карты і вечна быў у даўгах.
Недзе ў 1912 годзе бацька мой быў прызначаны, на ягоную просьбу, начальнікам пошты ў мястэчка Бэйсагола ў шавельскім павеце на Жамойці.
Першыя мае ўспаміны адносяцца толькі да Бэйсаголы, бо свайго першага пабыту ў Вільні не памятаю. З Бэйсаголы прыпамінаю даволі многа, хоць у адарваных фрагмэнтах. Памятаю расклад памешканьня, дзе мы жылі, у тым самым будынку, дзе мясьцілася пошта, на рынкавым пляцы; чырвоны з белым касьцёл з правага боку пляцу, калі на яго глядзець з вакна. Памятаю поўнае сонечнае зацьменьне, здаецца гэта быў 1913 год. Памятаю вялізарны парк са статуямі, што быў у маёнтку тутэйшага вялікага абшарніка Комара, куды мы часта хадзілі на спацыр. Памятаю маю няньку Аніську, паштовага стоража Осіпа. Як прыпамінаю, у хаце ў нас бываў сусед аптэкар, паляк, кіраўнік сельска-гаспадарчай дасьледчай станцыі ў маёнтку Комара, Казімір Славінскі і, бацькаў падуладны паштовы ўрадавец, Шахлевіч, які жыў у паштовым доме. З намовы Шахлевіча бацька прабаваў езьдзіць на ровэры, але навука яму нешта не пайшла і аднойчы вярнуўся да хаты добра пабіты і з парванымі порткамі. Спачатку мы былі ў Бэйсаголе толькі ўтраіх, але праз нейкі час пераехала да нас на жыцьцё бабка Валерыя. Памешканьне, дзе мы жылі было вялікае: дзьве спальні, гасьцінная, сталовы пакой і вялікая кухня. Аднойчы бацька паехаў нечага ў Вільню і прывёз мне падарунак - трохколавы ровар і смаргонскіх абаранкаў, якія я начапіў на кіраўніцу ровара і езьдзечы навокал стала ў пакоі размалоў іх.
Чаму мы вярнуліся ў Вільню ня ведаю, але вярнуліся на пачатку 1914 году і пасяліліся на вуліцы, што за польскіх часоў называлася Філярэцкай, а за цара называлася Першым Панамарскім завулкам, недалёка ад таго мейсца, дзе разыходзілася Папоўская і Філярэцкая, трохі бліжэй да зарэчнага рынку, у невялічкім доме, каля вялікага шэрага двупаверховага дому. Калі наймалі памешканьне, дык не агледзеліся, што столь у памешканьні была такая нізкая, што ня ўлазіў буфэт і мусіў стаяць расстаўлены. Дзеля гэтага адразу пачалі шукаць іншага памешканьня і знайшлі яшчэ далей у глыб Папоўшчыны, на Другім Панамарскім завулку (за польскіх часоў Крывое Кола), у доме Аляксея Курачкіна, у двусямейным доме, - тры пакоі з кухняй. Аляксей Курачкін гэта быў расеец, здаецца, казак, які служыў у войску ў Вільні ў чыне ні то прапаршчыка, ні то падпаручніка. Жонка яго была мясцовая полька з дому Вычалкоўская Станіслава. Сястра жонкі Кручкіна, Анна была замужам за Казімірам Тжэцякам, які валодаў на праве доўгатэрміновай арэнды ад Сьвятадухавага манастыра вялікім кавалкам зямлі. Частку гэтай зямлі ён за нейкае ўзнагароджаньне адступіў на такіх самых правох свайму швагру Аляксею Курачкіну, які на гэтай адступленай зямлі пабудаваў той дом у якім мы ўзялі ў наём памешканьне. Дом стаяў блізка ад граніцы Тжэцяка і да яго належаў кавалак зямлі. З другога боку дому (супроцьлеглага фронту) быў лог, які на некаторых падрабязных плянах называўся Іванаў роў.
Хутка пасьля пераезду ў дом Курачкіна ў памешканьні пацясьнела, бо памёр муж маёй цёткі Марыі, - Патомскі, які ў апошнім часе, здаецца, быў настаўнікам у вёсцы Суцькава, мабыць каля Ашмяны. Марыя Патомская пераехала да нас са сваімі трыма дзяцьмі нямаючы сродкаў да жыцьця. Яна пачала працаваць у Ўпраўленьні Палескіх Жалезных дарог, хоць ужо ў гэтым часе была таксама хворая на сухоты, ад якіх памёр яе муж. Пражылі мы аднак разам ня доўга, бо ў жніўні 1914 году пачалася нямецка-расейская вайна. На пачатку вайны раз прыяжджаў на пабыўку сам Курачкін і як памятаю паказваў нямецкую пікельгаўбу і трафейную здабычу з Прусіі вялікі нямецкі куфаль да піва з напісам: «Ін тіфэн келлер зітц іх гір». Напіс я прачытаў, ясна, многа пазьней. Выглядае, што звычай браньня ваенных трафеяў з прыватных памешканьняў ня ёсьць савецкай навінкай, а належаў ужо папярэдня да традыцыяў расейскай імпэрыяльнай арміі. У Курачкіна было двое дзяцей: мой равесьнік Нікадзім і пару гадоў маладзейшы Мікалай.
Хутка пасьля пачатку вайны пачалася эвакуацыя сем'яў дзяржаўных урадаўцаў. Было дазволена ехаць у кожную мясцовасьць Расеі. Бацькі выбралі горад Новазыбкаў, чарнігаўскай губэрні. Выбралі дзеля дзьвюх прычынаў. Па-першае, бацька не хацеў адбівацца далёка ад хаты, а па-другое, у Новазыбкаў эвакуаваліся зь Вільні родныя: сястра маёй бабкі Валерыі - Марыя, жонка Міхала Гержода, служачага Палескай жалезнай дарогі са сваёю сям'ёй - дзяцьмі: Міхалам, Казімірам, Тэрэсай, Ганнай і Марыяй. Марыя - наймаладзейшая, была старэйшая за мяне ўсяго на адзін дзень, але ўсёроўна была маёй цёткаю.
Калі выяжджалі зь Вільні, дык мелі магчымасьць забраць усё ўмэбляваньне, але бацька быў супроць гэтага, лічачы, як лічылі тады ўсе, што вайна будзе кароткатрывалай і дзеля гэтага мэбляў з сабою ня бралі, а пакінулі (лепш сказаць пакінуў бацька, які з намі не паехаў, а заставаўся ў Вільні амаль да яе заняцьця нямецкім войскам). Рэчы пакінулі пад апекаю Тжэцяка, які заставаўся. Сям'я гаспадара А.Курачкіна выехала дзень пасьля нас.
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе ня маю сілы!...
Я.Колас
Эвакуацыя адбывалася таварнымі вагонамі, і з усяго падарожжа прыпамінаю толькі самы выезд зь Вільні і парудзённае стаяньне на станцыі ў Гомелі. Цётка Марыя Патомская паехала ня з намі, але асобна, бо ёй службова вызначылі месца эвакуацыі - станцыю Жудзілава, здаецца не за надта далёка ад Новазыбкава. У Новазыбкаве маці знайшла пакой з вэрандай на Кладбішчанскай вуліцы ў доме Літвінова. Вуліца называлася Кладбішчанскай, бо пры канцы яе з двух бакоў былі могільнікі. Дом Літвінова стаяў на рагу іншай вуліцы і праз вуліцу ўжо пачынаўся магільнік. У часе нашага пераезду ў Новазыбкаў там быў даволі ажыўлены рух, бо панавала халера і часта прыяжджалі шпітальныя карэткі, звозілі хворых у шпіталь, скуль многія траплялі на суседнія магільнікі.
Бабка Валерыя паехала разам са сваёй дачкой Марыяй на станцыю Жудзілава, дзе ўсе зьмяшчаліся ў адным вялікім пакоі прыстанцыйнага будынку барачнага тыпу. Раз былі паехаўшы туды ў адведзіны.
Новазыбкаў гэта быў невялікі горад заселены, амаль выключна, расейскімі стараверамі (раскольнікамі паводле афіцыйнае расейскае тэрмінагёгіі), што ўцякалі ў свой час з Масковіі ад рэлігійнага прасьледу афіцыйнай расейскай царквы ў Вялікае Княства Літоўскае. Усе гэтыя стараверы дзяліліся на розныя юрысдыкцыі, толкі ды падзелы пад іншымі назовамі. Былі такія, што мелі сваіх сьвятароў, былі безпапоўцы, без сьвятароў, дзе ў пэўнай меры гаспадар сям'і выконваў ролю сьвятара, вядучы хатнія набажэнствы, дзе ўжываліся ў часе малітваў гліняныя кадзільніцы. Пры малітвах заўсёды ўжываліся гэтак званыя «лестовкі» - гэта накшталт каталіцкіх ружанцаў, толькі разоў пяць даўжэйшыя і зробленыя з скуры, а замест пацеркаў ружанцу да скуранога паяска былі прымацаваныя скураныя цыліндрыкі. «Лестовкі» ўжываліся для адлічваньня колькасьці сказаных малітваў, заклікаў «Господи, помилуй» ці паясных або зямных паклонаў, якія былі ў шырокім ужываньні пры малітвах. Як уторны ўжытак, «лестовкі» падмянялі дзягу для пакараньня дзяцей.
Усе жыхары Новазыбкава, нягледзячы на свой рэлігійны падзел, былі згодныя ў тым, што кожны нестаравер ёсьць рытуальна нячысты-паганы, тое самае, што ў Жыдоў-трэфны. Словам паганы, азначаўся таксама сабака. Калі ў стараверскую хату, старавераў строгага «толку» зайшоў нехта паганы-сабака ці нестаравер, дык хату спэцыяльна акаджвалі, акраплялі сьвятой вадой з малітвамі, каб выгнаць тую паганасьць. Тое самае, калі нехта напіўся вады з іхняга кубка. Новазыбкаў прадстаўляў сабою замарожаны ўклад расейскага жыцьця з перад некалькіх стагодзьдзяў. Зразумела, што пры такім падыходзе, «паганаму» чалавеку было цяжка знайсьці мейсца для жыцьця. Сьляпы жабрак, якому бабка нешта дала, кінуў ёй данае пад ногі, калі з акцэнту зразумеў, што яна нетамтэйшая, прыгаварваючы, што «яго хацелі апаганіць». Гаспадар нашага дому, Літвінаў згадзіўся здаць у наймы матцы пакой дзеля таго, што належаў да гэтак званых «единоверцев». Адзінаверцы, гэта былі стараверы, якія згадзіліся прызнаць агульна расейскую гіерархію ўзамен за права ўжываць свае старыя, несапсаваныя патрыярхам Ніканам кнігі, сьпяваць адпаведную колькасьць разоў алілуйя (была нязгоднасьць з праваслаўнымі, колькі разоў трэба сьпяваць), хадзіць з крэсным ходам «посонь» - згодна з рухам сонца, а не супроць, як у праваслаўных, і хрысьціцца двума, а не трыма пальцамі.
Стаіць Новазыбкаў на нізкім мейсцы. Праз яго працякала нейкая, амаль стаячая рака, якая тварыла ў самым горадзе стаў. У горадзе былі: мужская рэальная школа, жаночая прагімназія, фабрыка запалкаў Волкава. Іншы багацей называўся Парамонаў. На рынку былі двупавярховыя «торговыя ряды», дзе былі крама пры краме бяз вокнаў, з выхадам на акружаючы другі паверх - балкон. Навокал гораду падмоклыя тарфовішчы-выганы. Жыхары палілі ў хатах торфам. На рынак сяляне прыяжджалі на валох. Жыцьцё ў параўнаньні зь Вільняй было многа танейшае, рынкі былі заваленыя. Мяне заўсёды дзівіла, што савецкая прэса з Хрушчова рабіла амаль што вынаходцу кукурузы, тады як ужо ў 1914 годзе ў Новазыбкаве рынкі былі завалены кукурузай, - сьвежай і ўжо варанай.
Пры доме Літвінава быў вялікі сад, як амаль у ўсіх на прадмесьцях, і вялікі панадворак. Там паставілі вайсковую кухню з яе абслугай, якая жыла ў лазьні Літвінава. Як бачыў, жаўнераў кармілі няблага - капуста на мясе, каша з грэчкі і кавалак мяса насаджаны на драўляны пруток. На панадворак прыходзілі аддзелы жаўнераў па абед, часта са сьпевамі. Прыпамінаю адну:
Сербия, Бельгия жаль мне тебя,
Проклятая Германия идет на тебя.
Позьняй восеньню 1914 г. я захварэў на дэфтэрыт, з якога хутка ачуняў пасьля прыняцьця сыраваткі Бэрынга, а тады трохі пачакаўшы ізноў захварэў на ветраную воспу, далей на сьвінку, а ў вольны час хварэў на звычайную прастуду, хоць тога вольнага часу заставалася нямнога. Так у заняцьцях хваробамі перабылі мы зімку 1914-1915 гг.
Вясною 1915 году памерла на станцыі Жудзілава сястра маёй маці Марыя і там была пахавана. Маці мая езьдзіла хаваць, а я ў гэты час быў у Гержадаў.
З хаўтураў маці вярнулася з бабкай Валерыяй і трыма дзяцьмі - маімі дваюраднымі, найстарэйшым хлапцом Аўгенам, старэйшым ад мяне на якіх пяць гадоў, Юркам, - больш менш майго ўзросту, і Натальляй, на год ад мяне маладзейшай. Некалькі месяцаў мясьціліся ўсе ў тым адным пакоі з вэрандаю, а тады хлапцоў забраў на выхаваньне іх дзядзька Патомскі, які быў бязьдзетны і знаходзіўся ў гэтым часе ў горадзе Лебедзянь, тамбоўскай губэрні (цяпер горад называецца Козлов), а Натальля засталася ў нас.
На пачатку зімы 1916 г., захварэў я на шкарлятыну і хварэў доўга і цяжка, бо ніякіх лекаў ад шкарлятыны ў той час ня было, а каб рабіць уражаньне, што нешта для хворага робіцца, лекары прыпісвалі паласканьне горла рознай дрэньню (ut aliquid fieri videatur). Ледзь пачаў выздароўліваць, як зьмянілі памешканьне, на гэтай самай вуліцы, трохі бліжэй да гораду, у доме Данілава. Данілаў быў плотнік, належаў да безпапоўцаў вельмі строгага «толку», але кватэра якую мы занялі была зусім асобным домам, які складаўся з пакою, кухні і сеняў, дык гаспадары прылажыўшы трохі стараннасьці і асьцярожнасьці маглі ўсьцерагчыся ад апаганеньня.
У 1916 годзе адбыўся шлюб маёй цёткі Тэрэсы Гержод з вайсковым урадаўцам Гловацкім, а праз год яна памерла пакідаючы парамесячную дачку Галіну. Памерла яна ад гішпанкі, як тады называлі тагачасную інфлюэнцыю.
Новазыбкаў у тым месцы дзе мы жылі меў вясковы характар, усе гаспадары трымалі кароваў і я праводзіў, калі дазваляла пагода многа часу на небрукаванай вуліцы перад домам, страляў з клюба, гуляў зь іншымі хлапцамі ў розныя гульні (паміж іншым, слова «рабяты», што цяпер шырака ўжываецца ў Менску, у Новазыбкаве было няведамае; ужывалася выключна слова хлопец, хлопцы). Найбольш пашыранай гульнёй была гульня ў «бабкі».
Прыпамінаю таксама гульню пад назовам - каслы. Выкопвалася ў зямлі ямка, а на акружнасьці з радыюсам якіх трох мэтраў выкопвалася яшчэ 6, 8 ці 10 такіх самых ямкаў. Гуляючыя ўзбройваліся ў спэцыяльныя палкі, выразаныя з карнявішча, якія выглядалі, як палкі да гульні «ў гольфа», і кожны займаў мейсца каля аднэй з ямак і стараліся ўсе кіямі загнаць у цэтральную ямку шпуляк, - кукурузны качан, ці драўляны кубік. Цэнтральная ямка баранілася адным з гуляючых. Калі нехта выняў палку з ямкі і, у гэтым часе абаронца цэнтральнай ямкі даткнуўся гэтай ямкі сваім кіём, дык чыя гэта была ямка мусіў пераходзіць бараніць цэнтральную ямку. Калі шпуляк недзе закінуўся, дык кожны гаварыў: «чур маё касло говном запрясло», і тады ўсе ішлі шукаць, а пасьля знаходу гульня прадаўжалася.
Не памятаю, у якім годзе бацька прыслаў зь Менску лемантар «Моя любимая азбука» - вельмі прыгожае выданьне, але ў 1916 годзе я ўжо жвава чытаў. Калі маці йшла ў бібліятэку, дык брала кніжкі і для мяне, але ўся бяда была ў тым, што кнігаў для дзяцей было вельмі мала. З Патомскімі дзяцьмі трапіла ў нашу хату «Задушевное Слово» - часопіс для дзяцей, але ўсёроўна матэрыялу для чытаньня не хапала і я пачаў чытаць журнал, што выпісвала маці - «Журнал для Женщин». Часамі там ня ўсё было мне зразумелым і маці з бабкаю чуліся ніякава, калі я прасіў выясьніць для мяне незразумелае. Першай паважнай кнігай, якую я прачытаў была кніга Сэрвантэса - Прыгоды Дон Кіхота, выданьне скарочанае. Дон Кіхота я атрымаў, як падарунак ад дзядзькі Ўладзіміра, калі ён аднойчы прыехаў нас адведаць. У чарнаморскай флёце афіцэры насілі белыя порткі і здаралася ў Новазыбкаве за ім чаргой бегалі хлапцы выгукваючы: «Смотри, в подштаниках ходит».
У 1917 годзе адбылася рэвалюцыя. Будучы ў горадзе бачылі маніфэстацыю з чырвонымі сьцягамі і бантамі; з такімі-ж бантамі хадзілі ўсе рэалісты. Мы штодзённа атрымлівалі з Пецярбургу газэту, здаецца кадэцкага напрамку, назову якой я не памятаю. У часе рэвалюцыі маці правільна адзначала, што адбываюцца вялікія падзеі і пачала прачытаныя газэты захоўваць. Частка зь іх была потым пераданая ў музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
Недзе ў лютым 1918 году, бацька, які да гэтага часу быў у Менску, дзеля нямецкага наступу на ўсход быў эвакуаваны і прыехаў у Новазыбкаў да сям'і. Нямецкі наступ пачаўся пасьля таго, як Троцкі ў часе нямецка-савецкіх перагавораў у Берасьці асьведчыў, што ані мір, ані вайна, тады немцы адказалі на гэтае асьведчаньне наступам. Прабыў бацька ў Новазыбкаве ня доўга, бо праз няцэлы месяц нямецкія войскі зблізіліся да Новазыбкава. Калі немцы былі ў адлегласьці 25 вёрстаў ад Новазыбкава, мы выехалі. Сям'я Гержадаў выехала пару дзён перад гэтым у Маскву.
Для новага месца жыхарства бацькі выбралі, нічога фактычна аб ім няведаючы, горад у Тамбоўскай губэрні пад назовам Ліпецк, - магчыма, што спадабаўся назоў. Ехалі разам з рэчамі ў цяплушцы - таварным вагоне. Разам з намі ехаў іншы паштовы працаўнік пад прозьвішчам Смольскі - паляк з Лодзі, разам са сваёй сям'ёй. Ехалі каля тыдня з даўгімі пастоямі на станцыях.
Беларусь, мая мужыцкая,
Шматпакутная, непачатая,
Зварухніся, моц крывіцкая, -
Слава наша ты крылатая.
Л.Родзевіч
Прыехалі ў Ліпецк, вагон адчапілі ад цягніка і пакінулі на станцыі. Мужчыны пайшлі шукаць памешканьня. Станцыя аказалася адлеглая ад гораду на некалькі кілямэтраў. Памешканьне знайшлі на трэйці дзень.
Ліпецк - насельніцтва хіба якіх 10 тысячаў, аказаўся горадам курортным і памешканьняў вольных было многа, але яны былі непрыстасаваныя да зімовага сэзону, а толькі на час курортнага сэзону - у летні час. Добрага памешканьня прыдатнага і на зімовае жыцьцё не знайшлі, і на трэйці дзень зьнялі памешканьне разам са Смольскімі на рагу вуліцаў Плашчаднай і Стралецкай, адзін квартал ад рынкавага пляцу, на якім стаяла царква Сьв. Тройцы з блакітнымі купаламі ды залатымі зоркамі на іх. Гаспадаром дому быў кравец прозьвішчам Талдыкін, жонка якога называлася Глафіра. Мелі яны двое дзяцей - хлапцоў пад дваццаць гадоў - Сямёна і Ўладзіміра. Ніз дому, дзе жыў гаспадар, быў грубы зь вельмі тоўстымі мурамі, а надбудаваны першы паверх быў летняй будовы і ня меў нават печы для аграваньня, хоць у вадным пакоі была грубка з убудаваным рэзарвуарам для вады, для летніх курортнікаў. У сакавіку жыць было даволі холадна, але хутка пацяплела. Бацька ізноў працаваў на пошце і быў у частых разьездах, бо яго праца палягала на закладаньні новых паштовых урадаў у Ліпецкім павеце (ўезьдзе). Горад Ліпецк быў заложаны царом Пятром І, і гэтаму цару быў пастаўлены помнік - трохкутны абэліск абшыты зялезнымі лістамі. Была таксама ў горадзе Дубовая Рошча, пасаджаная на ягоны загад. Горад стаяў на правым беразе ракі Варонеж, але не на самым беразе, бо паміж апошнімі дамамі гораду і ракою былі нізкія лугі з паўтара кілямэтра. У паводку Варонеж разьліваўся так, што заліваў ня толькі тыя лугі, але ўсю ніжнюю частку гораду. Цэнтр гораду быў выбрукаваны, але дзе мы жылі, хоць гэта было блізка ад рынку, ужо ніякага бруку ня было. Дзе быў брук, дык летам быў ён пакрыты белым пылам, бо брук быў з вапеннага каменьня, а пасьля дажджу брук быў пакрыты клейкай мазяй. Клімат быў востра кантынэнтальны. Летам сухая гарачыня без дажджоў, - зімою моцныя маразы без адлігаў. Калі зімой пачыналася сьнежная завіруха, дык горад на пару дзён зусім заміраў. Болшасьць горада стаяла на схіле да Варонежу ці на далейшай раўніне і ў гэтых вышэйшых частках гораду вада была вельмі глыбока і да таго пад тоўстым слоем вапнякоў. Дзеля гэтага кожных некалькі кварталаў, на скрыжаваньні, стаяў будыначак, куды была даведзеная вада і там выдавалі гэтую ваду ў абмен за закупленыя ў гарадзкой управе цэтлікі. Багацейшыя гаспадары, асабліва тыя, што трымалі кароваў, прывозілі ваду цэлымі бочкамі, коннымі або ручнымі вазкамі. Бацька вяртаючыся са сваіх паездкаў па ліпецкім павеце, заўсёды гаварыў, што народ тут многа цямнейшы і менш культурны, чым на Беларусі. Бацька асабліва абураўся, што жывучы тут ужо тысячу гадоў да гэтага часу не навучыліся прызваіта пакрыць страху саломай. Вёскі і прадмесьце Ліпецку для апалу ўжывалі гной і летам перад кожным домам, дзе былі каровы, былі зробленыя градкі з гною, які час-ад-часу пераварачвалі, пакуль ня высахне, а тады ссыпалі недзе пад страху і ўжывалі да аграваньня і варкі ежы.
Матэрыяльна, на пачатку, было ня блага, бо мясцовасьці былі земляробска багатыя, чарназёмная паласа дзе зямля радзіла бяз ніякага ўгнаеньня, і паколькі савецкая ўлада ня была яшчэ моцна ўсталяваная, дык было ўсяго даволі і вельмі танна. Горш было з апалам, бо сваёй каровы мы ня мелі, таму часта хадзілі ў лес за некалькі кілямэтраў па дровы. Але колькі можна прынесьці дроў на сваіх плячох!
На памешканьні ў Талдыкіных пражылі лета (Смольскія выехалі раней), а пад восень перабраліся ў дом насупраць, таксама на рагу гэтых самых вуліцаў, у дом Вары Церпуговай. Пры зямлі быў падвал, так што жылы дом быў як-бы першым паверхам і збудаваны з бярвеньняў. У сярэдзіне такія самыя нічым не прыкрытыя бярвеньні. Сама Церпугова займала адзін пакой, колішнюю кухню гэтага памешканьня, а нам здала ў наём два пакоі з асобным выхадам у сені. Аграваньне - круглая цагляная печка, пакрытая зьверху бляхай. У гэтай-жа самай печцы і варылі, што вымагала даволі вялікага спрыту. Печка была добрая, адно толькі пасьля таго, як яе распальвалі, яна пачынала дыміць, так што ўсе цёпла апраналіся, адчынялі ўсе вокны і дзьверы ды чакалі. Пазьней печка ўгаралася, пераставала дыміць і да наступнай раніцы было цёпла, хоць і незацёпла.
Бацьку не сядзелася ў Ліпецку. Нішто яму там не падабалася і ён толькі марыў, каб вярнуцца да хаты. Нарэшце ня вытрымаў і пастанавіў, на сваю руку прабірацца да хаты, не чакаючы на афіцыйную рэпатрыяцыю. Бацька знайшоў сабе аднадумца, паштовага працаўніка прозьвішчам Шандроха зь Вільні і разам зь ім яны пачалі дабірацца да хаты. Пасьля доўгага падарожжа яны трапілі ў Вільню. Пры нагодзе выезду бацькі, мы пазнаёміліся з сям'ёю Шандрохі, якая складалася з ягонай жонкі і траіх дзяцей: Сяргея, ў маім веку ды мала меншых Барыса і Зіны. Выяжджаючы бацька прыдбаў 8 пудоў жытняй мукі, якую даставіў аўстрыяцкі палонны, што працаваў у ветраным млыне на Бальшаку, які праходзіў каля гораду. Паводле пляну мы меліся прыехаць летам 1919 году, але выйшла трохі інакш.
Першай кніжкай аб Беларусі, якую я прачытаў, была брашура ў жоўтай вокладцы на расейскай мове пад загалоўкам: «Основы державности Белоруссии»[1]. На пачатку брашуры, як мотто, быў зьмешчаны верш:
Нясеце сьвет, у змроку дрэмле
Наш родны край, наш родны кут;
Няхай уваскроснуць нашы землі,
Няхай асьвеціцца наш люд.
Летам 1919 году я захварэў на малярыю. Рака Варонеж, каля гораду дзялілася на многа адногаў, творачы вастравы і старыцы, даючы вельмі добрыя ўмовы для размножваньня камароў і жабаў. Паміж камароў, відаць, вяліся і малярыйныя камары. Каб трапіць на другі бок Варонежа, трэба было пераехаць праз тры масты, якія ня ведаю чаму, называліся Царкоўныя.
Малярыя, паводле майго дасьведчаньня, самая няпрыемная хвароба. Прачнуўшыся раніцаю чуўся вельмі добра, ішоў гуляць на панадворак. У пэўным часе рабілася ўражаньне, што надвор'е пачынала халаднець, а сонца сьвяціць цямней. Рабілася што-раз халадней. Варочаўся да хаты, клаўся ў ложак. Рабілася што-раз больш халадней, хоць накрывалі мяне ўсім магчымым і нарэшце з холаду пачынала так трасьці, што стукалі зубы (наш назоў «трасца» вельмі добра перадае гэты стан). Такі прыступ холаду трываў пару гадзінаў, пазьней пачынала цяплець, кароткі час стану, тады ні холадна ні горача, а тады пачынала рабіцца горача. Усё накрыцьцё здымалася, тэмпэратура падымалася панад 40° Цэльсія і канчалася ўсё паценьнем. Па нейкім часе чалавек рабіўся ізноў здаровым, толькі так слабым, што падгіналіся ногі. Лячылі мяне мясцовым лякарствам, - настойкай з балотнай расьліны - здаецца бабоўніка, прыпраўленай, відаць, для смаку жоўтымі, дзікімі несьмяротнікамі. Лекар гаварыў, што патрэбная хініна, але яе ў цэлым Ліпецку ня было. Лекар пакуль-што лячыў мікстурай - настойкай на сьцябле сонешніка і казаў, што селязёнка вельмі павялічаная. Ці настойка на сьцябле сонешніка была ў расейскім сьпісе афіцыйна ўжываных лекаў, - ня ведаю.
Мяйсцовыя, дасьветчаныя людзі радзілі лячыць сваім спосабам: калі трасца была найвялікшая, дык трэба было, паводле гэтага спосабу, разьдзець хворага і неспадзявана абліць вядром чым найхаладнейшай вады. Гаварылі, што гэта найпэўнейшы спосаб вылячыць малярыю, але маці неяк не магла на гэта адважыцца.
Хварэў я доўга, аж пакуль не прыйшла ад дзядзькі Ўладзіміра хініна, якую ён у кожнай аптэцы Ленінграда купляў па дзве таблеткі, бо толькі так яе прадавалі. Калі мы атрымалі хініну, вылячэньне было вельмі хуткае, бо ўжо пасьля некалькіх дозаў хініны, смак якой я добра памятаю, хвароба пачала праходзіць, хоць хініну трэба было прымаць яшчэ далей.
У міжчасе, пасьля ўмацаваньня савецкае ўлады ў Ліпецку, нівы якога і акружаючых яго мясцовасьцяў ляжалі на мэтровым, а мо і глыбейшым слаі чарназёму, пачалося адчуваньне нястачы прадуктаў харчаваньня. Хлеб, які раней быў жытні і пшанічны, зьмяніўся на аўсяны (вельмі нясмачны і клейкі), а тады на прасяны, таксама нясмачны, сухі ды ломкі; ды і таго было цяжка дастаць. Дапамагала трохі знаёмства заведзенае яшчэ бацькам з собсьнікам пякарні, што месьцілася на рынку, блізка ад пажарнай каланчы-вежы, дзе стала хадзіў пажарнік наглядаючы, ці дзе няма пажару. Гаспадар пякарні называўся ...... які, відаць, адносіўся да нерасейцаў прыхільна, бо бацька мой ніколі не выдаваў сябе за расейца. Ён заўсёды зазначаў, што ён Беларус, і што гэта зусім іншая нацыя.
Пад восень зьмянілі памешканьне. Знайшлі цэлы дом для сябе. Дом, праўда, ня вельмі вялікі, збудаваны як сялянская хата. Уваход у сенцы, з сенцаў налева пакой з такой самай цагляна-бляшанай печай, як у папярэднім памешканьні, направа кухня з варыстай печай і правалянай столяй падпёртай некалькімі каламі. Гэтую кухню наагул ня ўжывалі, хіба толькі летам на прыпечку гатавалі на трыножніку, называным там таганом. Дом стаяў таксама, як і папярэднія кватэры на рагу Стралецкай і Базарнай, адзін квартал ад папярэдняга памешканьня. Пры доме, як усюды, быў даволі вялікі сад і гарод. У гародзе садзілі буракі, памідоры. У садзе былі вішні, пяць ігрушаў, танкаветкі, бэргамоты і тры дрэвы старых ігрушаў, на якіх ігрушы былі надта высока, што нельга было іх дастаць. Падымалі і елі тое, што само падала і вельмі часта рассыпалася ў дробны мак. Яблыняў было некалькі дрэваў, але ўсе благіх гатункаў, іх есьці можна было толькі варанымі.
Маці мая хутка атрымала працу ў аддзеле сацыяльнага забясьпячэньня. Жылі мы з гэтых заробкаў і з выменьваньня рэчаў на ежу. Прыпамінаю, што за дваццаць парцэлянавых талерак дасталі ад купца (лепш сказаць былога гандляра збожжам) Васільева, суседа Талдыкіных, 40 бутэлек малака, па аднэй бутэльцы ў дзень. Маці працавала ў аддзеле сацыяльнай апекі да таго часу, пакуль цэлы месячны заробак аказаўся на вольным рынку вартым аднаго штофа малака (штоф, расейская мера, хіба якіх паўтара літры), дзеля інфляцыі. Тады маці пачала разглядацца за іншай працай, і па рэкамандацыі аднае знаёмае бежанкі з Горадзеншчыны Юлі, атрымала працу ў майстэрні, што займалася вырабам шчотак, падвучыўшыся перад гэтым у хаце ад Юлі, як іх рабіць. Шчоткі рабілі ўручную, кожны пучок валосься ці шчаціны ўручную ўцягваўся спэцыяльным кручком у адпаведную дзірку ў драўлянай калодцы. Дзіркі гэтыя сьвідраваліся ў майстэрні на спэцыяльным варштаце з нажным гонам. Калі радок канчаўся, дык валосьсе падразалася да пэўнай вышыні і рабіўся наступны радок. Праца была платная ад штукі і маці ў хуткім часе пачала мець вырабатку вышэй ад сярэдняй. Два разы ў тыдзень, вечарам, маці мела дадатковую працу з Юляй - прыклейваць да верху шчоткі дошчачку, што пакрывала вяроўкі, якія трымалі валосьсе. Фінансава жыцьцё ў працоўнай клясе выглядала выгаднейшым, чым у інтэлігентнай праслойцы, - галадалі ўсёроўна.
Трохі дапамагала тое, што мы (я і Н.Патомская) летам хадзілі кажны дзень на «Дзецкую плашчадку», дзе гаспадарчай загадчыцай была Шандроха. Там трохі падкормлівалі: раніцою кубак нечага, што называлася гарбата з паловаю таго, што выдавалася пад назовам шакаляднага цукерка і малы кавалачак прасянога хлеба. У абед давалі трохі прасяной кашы - размазьні, палітай лыжачкай сонешнікавага алею і яшчэ кавалачак хлеба. Дзіцячая плашчадка мясьцілася ў гэтак званым Ніжнім Парку (быў яшчэ Верхні Парк на Дваранскай вуліцы). Ніжні парк займаў вялікую плошчу, адным бокам прытыкаў да вялікага штучнага ставу з лодкамі, - другім да непралазнага балота. Іншыя бакі былі абгароджаныя або ажурнай цаглянай сьцяною, або высачэзнымі зялезнымі штахэтамі. У гэтым-жа парку мясьціліся ў адным будынку тэатр, крытая вэранда для спацару ў дождж і рэстаран. У іншых месцах парку былі яшчэ дзьве кавярні і адна зь іх была занятая пад нашую плашчадку. Самым аднак галоўным у парку было «Грязелечебное Заведение». Гэта было вялікае прадпрыемства. Вялікія катлы, у якіх варылася і вымешвалася балота да гушчыні сьмятаны, якое потым налівалася ў драўляныя ванны на колах, якія па рэйках развозіліся ў паасобныя пакоі ўстановы, дзе лячыліся людзі. Запах гэтых ваннаў быў вельмі няпрыемны. Выкарыстанае балота вылівалася ў рэчку з крынічнай вадою, якая цякла праз цэнтр гораду і праз парк. Апрача балотных ваннаў, лячылі яшчэ ў Ліпецку вадою з дзьвух крыніцаў, будынак з якімі прытыкаў да тэатральнага будынку. У гэтым крынічным будынку збудаваным у форме круглай капліцы, пасярэдзіне была каменная студня, дзе былі ўробленыя дзьве трубы, - з аднае лілася вада з нейкімі зялезнымі солямі, а з другой зь нейкімі серкавымі. Крыніцы гэтыя называліся ад імя нейкага Альбіні - крыніцамі Альбіні.
Нягледзячы на савецкую ўладу, увесь парк быў добра дагледжаны, усюды былі кветкі, некалькі фантанаў, праўда непрацуючых. Увесь парк ляжаў вельмі нізка - фактычна ўсё было зроблена на балоце і далейшыя алеі зусім выразна былі насыпамі праз балота. Раз бачыў, як якіх пятнаццаць мэтраў ад алеі тапіўся ў балоце конь.
У дзіцячым садку (плашчадцы) намі займаліся настаўніцы, - цёця Галя, Вера і іншыя. Яны арганізавалі гульні, вадзілі купацца на Варонеж, - так, што час праходзіў хутка. У парадку прывучаньня да працоўнага жыцьця ці дзеля труднасьцяў з транспартам, кажны дзень група дзяцей з настаўніцай ішла ў пякарню па хлеб. На гэтую працу строга прытрымліваліся чаргі, бо ісьці хацелі ўсе. Прывабнасьць гэтай працы палягала на тым, што кожнае дзіця атрымлівала паўбохана хлеба і несла яго ў парк, па дарозе старанна яго абшчыпваючы. Пазьней, калі пайшлі ў школу, дык летам было горш, бо на дзецкую плашчадку ўжо ня прыймалі.
Пачаў я навуку ў ліпецкай школе першай ступені (ў той час школы дзяліліся на дзьве ступені - малодшую і старэйшую). Школа была пад № 7 і мясьцілася ў будынку былой царкоўна-прыхадзкой школы Вазьнесенскай царквы. Памятаецца старая настаўніца Надзежда. Пачаў я навуку адразу ў трэйцяй клясе... Успомненая настаўніца вучыла расейскую мову. Уся яе навука палягала на тым, што нам выдалі па сшытку і сказалі зламаць яго ўздоўж па палове, і з аднаго боку напісаць «единственное число», а з другога «множественное число» ды скланяць заданыя словы. Апрача таго займаліся ў клясе чытаньнем з выдаваных і забіраных пасьля заняткаў кнігаў. Школа не апальвалася, усе сядзелі закутаныя. Зімой было так холадна, што чарніла замярзала. Найвялікшай атракцыяй было школьнае дакормліваньне. Штодня ў дванаццаць гадзін давалі тое самае - мутную гарачую воду ў якой зрэдка трапляліся крупкі проса. Часамі прыходзіла чарга на дзяжурства ў кухні. Абавязак дзяжурных палягаў на прынясеньні з вадаправоднай будкі вады на тую зупу. Для кухаркі і дзяжурных варылася асобна густая прасяная каша і дзеля гэтага ўсе вучні вельмі дбалі, каб трапіць у дзяжурныя. Кухняй лічыўся закутак у залі, дзе быў пастаўлены кацёл, у якім варылася тая зупа. Заля была на ўсю вышыню двупавярховага будынку і там было яшчэ халадней як у клясе. Як разьлівалі зупу зімою, дык над кожнай міскай стаяў слуп пары.
На наступны год перайшоў у іншую школу, дзе вучылі трохі лепш, бо там неяк згрупаваліся настаўнікі з былой гімназіі. Вучыцца зрабілася цяжэй, з аднаго боку дзеля таго, што праграма ня была дастасаваная да роўні чацьвёртай клясы пачатковай школы (выкладалі напрыклад гэаметрыю), а з другога боку, што ня было кніжак. Школа кніжак не выдавала, купіць ня было дзе, хоць мясцовыя вучні іх неяк даставалі.
Адну зіму бралі абеды ў сталовай. Мэню ў той сталовай было сталае. Марожаная бульба расьцёртая і звараная з лупінамі ў вадзе, дзе часамі аказваліся кавалачкі каровіных ногаў і трыбухоў. Нягледзечы на сталае недаяданьне, гэтая ежа праходзіла праз горла з цяжкасьцю. Жыжка яшчэ так-сяк выпівалася, але тая марожаная бульба смакавала вельмі блага і часамі прабуючы яе ўлепшыць, рабілі з яе аладкі.
Апошняе лета (1921) нашага быцьця ў Ліпецку хадзілі зьбіраць каласы жыта на полі, пасьля звозкі ўраджаю. Вымалачаныя, згатаваныя і прапушчаныя праз мясарубку зерні поў-на-поў з бацьвіньнем смакавалі вельмі добра.
У справе выезду да хаты праводзіліся бясконцыя рэестрацыі. Пры гэтай нагодзе давалі ўколы супроць усякіх магчымых хваробаў, але далей гэтага справа ня ішла. Аднойчы маці пачула, што рэестрацыя адбываецца на станцыі Гразі, 40 кілямэтраў на ўсход і хадзіла туды пехатою зарэгістравацца, каб толькі хутчэй выбрацца. Праз горад часамі праходзілі цэлыя абозы нашых бежанцаў, якія на сваю руку стараліся коньмі дабрацца да хаты. Думалі аб гэтым і мы, але маці ня ўмела абыходзіцца з коньмі і гэты праект быў адкінуты.
Зімою, каля Вадохрышча, памерла бабка Валерыя ад сухотаў.
Паваротная дарога Ліпецк-Вільня
Беларусь, мая юнацкая,
Шаламдзікая, уся бунтарская,
Парві пута ты чужацкае,
Будзь дзяржаўная, гаспадарская.
Л.Родзевіч
Увосень 1921 году, калі ізноў пачалася школа, я прыпадкова даведаўся ад аднаго з вучняў мае клясы на імя Салямон, што ягоны бацька ў прыватна гандлёвых справах часта бывае ў Менску і, што адтуль рэгулярна адыходзяць бежанскія эшалёны ў Вільню. Маці пастанавіла распрадаць яшчэ нераспраданыя рэчы і з ручным багажом дабірацца да Менску. Пачаткова мелі ехаць на пачатку лістапада. Прадалі ўжо частку рэчаў, як раптам даведаліся, што на нейкі час рух цягнікоў устрыманы. Найбольш былі задаволеныя з таго, што не прадалі яшчэ нашай малой бляшанай печы, якую заўсёды ўжывалі, бо на вялікую не маглі набрацца дроў. Гэтую бляшаную печку мы купілі ад нашага знаёмага ..... ., які пазьнімаў шыльды са сваёй пякарні і зрабіў зь іх некалькі малых печкаў. Дрэва, якім палілі ў печы, паходзіла з лесазагатовак, на якія маці езьдзіла падчас працы ў сац. забесьпечаньні і правяла ў лесе цэлы тыдзень. У выніку тыднёвай працы маці атрымала права на вываз з лесу 2-ух сажняў дроў. Адным сажнем заплаціла за прывоз другога сажня з лесу, і гэтым другім сажнем мокрай асіны мы палілі два сэзоны ў той бляшанай печцы. Летам гатавалі на трыножніку, ужываючы суччо з саду, увосені ўжывалі дубовае лісьцё.
Цягнікі ізноў пачалі хадзіць у сьнежані, калі ўжо быў добры мароз, які ня быў так страшны, як раней, бо папрадаваўшы рэчы, купілі кажнаму па пары валенкаў.
Цягнік праходзіў праз Ліпецкую станцыю адзін раз у тыдзень, таму ахвотнікаў ехаць набіралася многа. На пэрон пускалі толькі зь білетамі, а да касы за натоўпам нельга было даціснуцца. Каб не дапамога знаёмага, які патрапіў дайсьці да касы з другога боку, праз урадавае памешканьне, дык няведама калі-б мы выехалі.
Нарэшце падыйшоў да адказу перапоўнены цягнік. Кінуліся ў адзін бок, кінуліся ў другі бок - нідзе ня ўціснуцца. Нарэшце агледзелі ў апошнім вагоне пустую плашчадку і ледзь ускочылі на яе, як цягнік паехаў. Адчынілі дзьверы ў вагон, але тут адразу падскочыў жаўнер і зароў: «куда прёшь?» Аказалася, што гэта быў вагон спэцыяльнага прызначаньня, у гэтым вагоне ЧэКа, ці можа яна ў той час называлася інакш, везла арыштантаў, пераважна гэтак званых «мяшочнікаў» - тых, што ехалі недзе па прадукты харчаваньня. Такім чынам у вагон нас не пусьцілі і нам прыйшлося ехаць на адкрытай плятформе. Зьмерзьлі страшэнна, але далёка не заехалі, бо на станцыі Елец цэлы цягнік паехаў, а наш вагон застаўся, нехта яго адчапіў. Калі канваіры ЧэКа ўсьведамілі, што сталася, дык павыскаквалі і пачалі страляць усьлед цягніка, але гэта не памагло і цягнік паехаў далей а мы засталіся на плятформе адчэпленага вагону. Узлаваны непаводжаньнем канвой, пасьля праверкі дакумантаў, пагнаў нас з плятформы. Пачалі хадзіць па станцыі і распытвацца, калі ідуць цягнікі ў кірунку на Менск. Нехта сказаў, што недзе на запасных рэйках стаіць на станцыі вагон, які будзе дачэплены да цягніка, што паедзе на станцыю Арол. Пахадзіўшы з гадзіну знайшлі нарэшце той вагон. Аказалася, што ў вагоне ехала дэлегацыя чыгуначнікаў з нейкага зьезду і, што да Арла нам зь імі па дарозе. У складзе дэлегацыі было пяць асобаў і апрача таго было ласкава дапушчана яшчэ сем асобаў. За нейкі дробны хабар дапусьцілі і нас. На ўвесь пасажырскі вагон, усяго дванаццаць асобаў, дык было свабодна. У вагоне было горача, бо ўвесь час гарэла чыгунная печка і было вельмі дымна, бо калі мокрае дрэва неахвотна гарэла, дык яго палівалі мазутам. Агонь адразу натолькі ўспыхваў, што ўвесь дым не пасьпяваў выходзіць у комін і разыходзіўся па вагоне. Прастаялі на станцыі Елец да канца дня і амаль увесь наступны, пакуль паехалі. У вагоне пазнаёміліся з жанчынай з Арла. Яна сказала, што цягнік на Смаленск будзе праз тры дні і на гэты час запрасіла нас да сябе. У Арле, пры ейнай дапамозе прадалі пярсьцёнак з брыльянтам, бо не прадбачылі так доўгага падарожжа і грошы разыйшліся. На трэйці дзень прыйшоў цягнік на Смаленск. Селі ў яго без асаблівых цяжкасьцяў. Спачатку стаялі ў праходзе, а пазьней нават і пасядалі.
Прыехалі ў Смаленск раніцою ў вялікую адлігу і ў валенках трапілі ў ваду. Не памятаю, колькі часу правялі на заплёванай станцыі ў Смаленску, але памятаю, што ў Менск прыехалі каля паўдня.
Затрымаліся ў тым самым памешканьні, дзе жыў бацька ў часе вайны, - на Ніжняй Ляхаўцы. Гаспадаром быў Чартоў, былы собсьнік магазіну з цацкамі для дзяцей. Менск, пасьля Ліпецку рабіў уражаньне жывога гораду. Адчыненыя былі ўсялякія крамы і прадавалася ўсё бяз ніякіх агранічэньняў, уключна з сахарынаю. Польскага консуля ў Менску ня было, бо быў выехаўшы на Каляды ў Польшчу і нам прыйшлося чакаць на ягоны паварот каля тыдня. Бяз ніякіх клопатаў дасталі візу на ўезд і прыдзел на эшалён, які меў адыйсьці за тыдзень. Хадзілі чуткі, што праз граніцу не дазваляюць вывозіць ніякіх фатаграфіяў і дзеля гэтага ўвесь наш фатаграфічны архіў пакінулі на перахаваньне ў Чартова.
На граніцу прыехалі пасьля паўдня. Савецкі цягнік уехаў на падпольскую тэрыторыю і загадалі ўсім выкідаць рэчы, але многа хто не пасьпеў яшчэ выкінуць свае рэчы, як цягнік пачаў падавацца назад у Саветы. Ня ўсе пасьпелі выкінуць свае рэчы, а некаторыя былі задаволеныя, што пасьпелі самыя выскачыць перад гранічнай рысай. Каля чыгункі стаялі вялізныя буданы і там раздавалі жадаючым амэрыканскую рысавую кашу і какао з малаком. Калі ўсе пасьпелі пад'есьці ізноў падыйшоў эшалён таварных вагонаў, і ўсе пачалі ізноў уцягваць свае рэчы ў вагоны. Раніцою прыехалі ў Баранавічы. Цягнік затрымаўся недалёка ад драўляных баракаў, куды загадалі нам перанесьці свае рэчы і раскладацца дзе хто хоча на драўляных, двупаверхавых без сяньнікоў нарах.
Праседзелі ў гэтых бараках цэлы тыдзень - гэты тыдзень лічыўся карантынам. У гэтым часе звадзілі ўсіх раз у лазьню, дзе далі па кавалачку мыла і папырскалі трохі цеплаватай вадою, але незамнога, бо намыленае цела прыйшлося абціраць ручніком. Таксама тут нам выдалі па пары ніжняй амэрыканскай бялізны.
Забыўся яшчэ ўспомніць, што перад пераездам савецкай граніцы быў ператрус рэчаў, праўда даволі павярхоўны. У нас сканфіскавалі частку газэтаў з часу рэвалюцыі ды кераншчыны і бацькаву шпаду, што належыла да параднага строю.
Пасьля лазьні ў Баранавічах, быў назначаны дзень ад'езду эшалёнам у Вільню.
Услухайся, паймі адвечнае,
І гімны вырвуцца з грудзей.
Ул.Жылка
У Вільню прыехалі ў палове студзеня 1922 году каля адзінаццатай гадзіны ўначы і адразу пайшлі да бацькі. Калі ішлі па Вялікай вуліцы дык заўважылі, што людзі трохі аглядаліся на нашыя валенкі. Чыгуначная вуліца, Вастрабрамская і Вялікая вуліца былі асьветленыя, але далей у кірунку Зарэчча асьвятленьня ўжо ня было і ходнікі былі зь дзеравянных дошчак. Па старой памяці хату, дзе жыў бацька знайшлі. Пачалі стукацца, але ніхто не адчыняў. Стукаліся да тае пары, пакуль не прачнуліся гаспадары Тжэцякі і адчынілі свае дзьверы. Даведаўшыся хто прыехаў, запрасілі ў хату і пачалі стукаць у сьцяну бацькавага памешканьня. Нарэшце бацька пачуў і пачаў праз сьцяну пытацца ў чым справа. Адказалі яму, што прыехала жонка. Бацька сказаў: «добра, добра», і пайшоў далей спаць. Пачалі ізноў стукацца і нарэшце дагаварыліся, што запраўды прыехала жонка. Зараз-жа бацька і маці пайшлі на станцыю шукаць той транспарт якім мы прыехалі. Знайшлі эшалён, які ўжо быў загнаны далёка на запасныя рэйкі. Каля пятай раніцы нарэшце з рэчамі і Н.Патомскай, маёй дваюраднай сястрою, прыехалі да хаты. Тут, аднак, не пайшло проста, бо я змучаны дарогай моцна заснуў ды ня чуючы стуканьня, дзьвярэй не адчыняў. Прыйшлося выняць вакно ў сенцы і праз яго ўлезьці. Добра здарылася, што дзьверы з сенцаў у кухню я не зачыніў. Дзеялася гэта ў доме Тжэцяка, на вуліцы Крывое Кола № 18. Пазьней гэты дом атрымаў № 13.
Не пасьпелі яшчэ добра ад'есьціся, як маці, Патомская і я захварэлі на сыпны тыфус, відаць набраліся яго ў карантыне ў Баранавічах. Хварэлі доўга і цяжка. Лячыў фэльчар з Зарэчнай вуліцы - Кац. Бацька не хацеў клікаць лекара, бо хворых з тыфам забіралі ў шпіталь, а там быў благі дагляд. Для нашага дагляду бацька выпісаў з Іўя сваю пляменьніцу Марыю, дачку ягонай сястры Юстыны, і тая даглядала нас падчас хваробы. Паволі пачалі выздараўліваць падмацованыя прыпісаным, як лек, ямайскім ромам. У часе выздараўленьня я вельмі многа чытаў, бо ўсе нашыя перадваенныя кнігі - дадаткі да журнала «Нива» захаваліся. Калі нарэшце дазволілі ўставаць, дык ногі не хацелі ставаць ад слабасьці, але паволі ачунялі.
Пад канец зімы адправілі нас у школу - у пачатковую школу пры Першай Віленскай Беларускай гімназіі. Аснаўным настаўнікам быў Манцэвіч (ці, здаецца, Манкевіч). Польскую мову выкладала Марыя Шутавічанка. Геаграфію - Г.Багдановіч, брат Вячэслава. Ён хутка падаўся ў Савецкі Саюз. Паступілі мы ў чацьвёртую клясу. Цяжкасьцяў з навукаю ня было, апрача можа польскай мовы. Памятаю, як падчас дыктоўкі: «Зэрвал сень повруз пшэцінэк ктурым зьвёнзано дэскі», ня ведаючы, што значыць слова «пшэцінэк», я чатыры разы яго вычэркваў ды ізноў надпісваў. З вучняў пачатковай школы прыпамінаю толькі брата і сястру Парфенавых, Хмаранку ды Людвіку і Часлава Будзькаў. Пасьля заканчэньня школьнага году, бацька падаў заяву аб прыняцьці мяне і Патомскай у першую клясу Першай Віленскай Беларускай гімназіі. (Другая ніколі потым не паўстала і слова «першая» перастала потым ужывацца). Бацькава просьба была здаволеная і я стаўся вучнем гімназіі, першай клясы «Б», бо чатыры першыя клясы мелі па дзьве групы - «А» і «Б». Гімназія мясьцілася на Вастрабрамскай вуліцы № 9, у гэтак званых Базыльянскіх мурох. На пасьветчаньнях аб посьпехах у навуцы выдаваных кожную чвэртку навучальнага году быў паданы такі адрыс.
У панадворку знаходзілася Сьв. Траецкая царква. Званіца стаяла асобна ад царквы пры самай браме. Базыльянскія муры былі старым будынкам з амаль мэтровай таўшчыні сьценамі. Ад боку ўваходу з Вострабрамскай вуліцы былі два паверхі над партэрам і падвальны калідор, памешканьні зь якога, якія выходзілі на панадворак з другога боку будынку, былі над паверхняй грунту.
У Базыльянскіх мурох мясьцілася апрача Беларускай гімназіі, Праваслаўная Духоўная сэмінарыя, якая карыстала з гэтага самага памешканьня што і гімназія, але на другой вячэрняй зьмене. Праз некалькі гадоў сэмінарыя захапіла на стала частку будынку і пачала таксама працаваць на першай зьмене.
Апрача гімназіі і сэмінарыі ў мурох знаходзіліся інтэрнат беларускай гімназіі, які ўтрымлівала Таварыства Дапамогі пацярпеўшым ад вайны, сэмінарская бурса, Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, што належаў да Беларускага Навуковага Таварыства, памешканьне рэктара сэмінарыі, і памешканьне дырэктара гімназіі, а ў сутарэньні жылі праваслаўныя манашкі. Апрача панадворку ад Вастрабрамскай вуліцы быў другі вялікі панадворак з уваходам ад Конскай вуліцы, супраць Басачковага пляцу.
Мая першая кляса «Б» мясьцілася на першым паверсе (над партэрам) у канцы левага крыла муроў, каля самай прыбіральні, дзе, як цьвердзілі палякі, знаходзілася гэтак званая «цэля Конрада», у якой меў сядзець калісьці арыштаваны Адам Міцкевіч і дзе быццам адбывалася акцыя трэйцяй часткі «Дзядоў» А.Міцкевіча. Польская прэса пачала акцыю цкаваньня Беларусаў, што яны быццам прафануюць іхную нацыянальную сьвятыню «цэлю Конрада», хоць ясна Беларусы тут былі не пры чым, бо ніякіх перабудоваў у будынку не рабілі. У сувязі з гэтай польскай цкавальнай акцыяй Антон Луцкевіч быў выдаўшы брашуру пад загалоўкам: «Праўда пра цэлю Канрада» (ў польскай мове), дзе даводзіў, што «цэля Конрада» знаходзілася хоць і на гэтым самым паверсе дзе гімназія, але не там, дзе расейцы зрабілі прыбіральню, а ў збураным крыле, прастападлым да існуючага крыла. Гэтае збуранае крыло прытыкала да муру Сьв. Траецкае царквы згодна з тым, што было напісана ў «Дзядах»: «Цэля пшытыка до муру косьцёла». Фундаманты гэтай збуранай часткі былі відаць нароўні зь зямлёю.
Калі я пачаў навуку ў гімназіі, дык форменныя шапкі былі вішнёвага колеру з васьмю, а потым з шасьцю рагамі, падобныя ў форме да галаўнога строю жыдоўскіх кантараў, толькі што з брылём.
З вучняў маёй клясы прыпамінаю адно Кубава, які быў пакінуты на другі год. З настаўнікаў памятаю, што прыроду выкладаў Іван Катовіч, беларускую мову - Алёна Сакалова, сьпяваньне - А.Грыневіч. Калі я пачаў сваю навуку ў гімназіі, дырэктарам яе быў Кахановіч, які пазьней быў выбраны паслом у сойм, а інспэктарам гімназіі быў Красінскі, лысы і зь вялкаю барадою. І Кахановіч і Красінскі выехалі ў Савецкі Саюз і праз нейкі час там загінулі. Пазьней становішча інспэктара ўжо ня было.
Настаўнікамі за мой час прабываньня ў гімназіі былі: Алёна Сакалова - выкладала беларускую мову ў малодшых клясах. Да сваіх абавязкаў адносілася паважна, была даволі вымагаючая. Муж яе - Сакалоў у выніку вайны аказаўся ў Саветах, а яна засталася ў Польшчы. Мела двое дзяцей: Анатоля, які скончыў гімназію разам са мною і малодшага на некалькі гадоў Мікалая-Ніку, які памёр недзе каля 1930 году ад запаленьня мазгоў. У канцы 20-ых гадоў выйшла замуж за Леканта, урадаўца праваслаўнай кансысторыі, які фактычна заварочваў усімі справамі гэтай кансысторыі, асабліва фінансавымі. Лекант быў у 1939 годзе вывезены ў Саветы і там загінуў у вастрозе. Спд. Алёна ў часе нямецкай акупацыі надалей выкладала ў Беларускай гімназіі, якая ў тым часе мясьцілася таксама на Вастрабрамскай вуліцы, але ўжо з другога боку Вострай брамы, бліжэй да станцыі. У 1944 годзе, падчас сьвяткаваньня 25-х угодкаў заснаваньня гімназіі, была ўзнагароджаная прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскім «Крыжам Заслугі», спэцыяльна створаным на гэтую нагоду. Другі экзэмпляр гэтага Крыжа атрымаў ксёндз Адам Станкевіч, які выкладаў у гімназіі рэлігію ад самага пачатку існаваньня гімназіі. У часе нямецкай акупацыі сп. Алёна ўзяла на выхаваньне двое пакінутых дзяцей, пакінутых уцякаючымі ад немцаў савецкімі ўрадаўцамі ці вайскоўцамі. Паводля выгляду дзяцей, былі яны праўдападобна жыдамі. Калі нямецкую акупацыю зьмяніла расейская, дык сп. Алёна была высланая ў канцэнтрацыйны лягер і сядзела там да часоў хрушчоўскай амнэстыі. Памерла ад рака ў Вільні.
Іван Савіцкі - выкладаў гісторыю ў 2, 3 і 4-ай клясах. Выкладаў даволі нудна. Для кожнай лекцыі даваў плян і вымагаў адказу дакладна паводле пляну. У кляпе марынаркі насіў расейскі ўнівэрсытэцкі значок. Амаль без перапынку абгрызаў пазуры і былі яны згрызеныя амаль да палавіны. Недзе ў 1925 годзе выехаў у Савецкі Саюз і там загінуў.
Іван Катовіч - сын віленскага сьвятара Катовіча выкладаў прыроду ў першых трох клясах. Свой прадмет любіў і стараўся вучняў ім зацікавіць. Вучні заўсёды зносілі яму ўсялякія цікавыя рэчы: каменьні, жабаў, трытонаў і акамянеласьці. Ён зрабіў акварыюм і тэрарыюм ды паставіў іх у клясе. Пасьля таго, як Барыс Кавэрда, вучань расейскай гімназіі забіў у Варшаве савецкага «полпрэда», Катовіч быў арыштаваны, абвінавачаны ў прыналежнасьці да расейскай манархічна-тэрарыстычнай арганізацыі, але хутка быў звольнены. Спаткаў яго на ўнівэрсытэце ў Вільні, калі я быў на першым годзе. Катовіч дарабляў там нешта патрэбнае яму для прызнаньня дыплёму расейскага ўнівэрсытэту. Пазьней ніколі яго не спатыкаў.
Люба Русецкая - выкладала навуку аб рэчах у другой клясе. Наступны раз я яе пабачыў у 1944 годзе на сьвяткаваньні 25-ых угодкаў заснаваньня гімназіі. Далейшы яе лёс мне невядомы.
Леаніла Гарэцкая - жонка Максіма Гарэцкага, выкладала беларускую мову, здаецца, у другой а можа ў трэйцяй клясе. Выкладала ня доўга. Была заўсёды моцна напарфумаваная пахам жоўтага лубіну. Выехала разам з М.Гарэцкім у Савецкі Саюз, бо палякі адмовілі прызнаць ім грамадзянства, таму што Гарэцкі паходзіў з Магілеўшчыны. У 70-ых гадох чытаў яе артыкул успамінаў у «Голасе Радзімы».
Ніна Сасноўская - дачка пратаерэя Сасноўскага выкладалала рысаваньне. Пазьней зь ёю не спатыкаўся. У 1966 годзе бачыў яе фатаграфію ў яе пляменьніка Аўгена Кудасава. Памерла ў Вільні.
Мікола Сіняўскі - выкладаў матэматыку і «сакольскую» гімнастыку ў малодшых клясах. Быў прысадзісты, даволі грубы, часта няголены і дзеля гэтага быў вядомы сярод вучняў пад мянюшкаю «дзік». Прадмет свой ведаў дастаткова, але ня ўмеў утрымаць дысцыпліны і на ягоных лекцыях, як правіла, панаваў поўны балаган. Меў скончаны расейскі настаўніцкі інстытут. Пазьней за іншых таксама выехаў у Савецкі Саюз. У Вільні пакінуў сваю жонку - расейку Надзежду Архіпаўну і дачку, якія мелі пераехаць да яго пасьля таго, як ён там уладзіцца. Савецкая ўлада ўладзіла яго ў канцэнтрацыйны лягер на рыбных промыслах каля Астрахані, - там праўдападобна і загінуў. Жонка да яго не выехала і здавала матуру экстэрністкай разам са мною. Надзежда Архіпаўна была, далікатна кажучы, эксцэнтрычная, што не перашкодзіла ёй скончыць аграномію на Віленскім унівэрсытэце.
Натальля Банцлебэн - выкладала нямецкую мову ад трэйцяй да восьмай клясы. Пакуль я быў у гімназіі, дык яна ўвесь час была фройляйн. Пазьней выйшла замуж за нейкага Скерлетава. Далейшы лёс мне невядомы.
Александар Міхалевіч - паводле асьветы праўнік, у мінулым земскі начальнік. Выкладаў у другой клясе нямецкую мову, і ад 4-ае да 8-ае клясы лаціну. Прадмет свой ведаў слаба і дзеля гэтага слаба ведалі прадмет і ягоныя вучні. Прыймаў удзел у ваўсіх прадстаўленьнях у гімназіі. Пазьней высьвяціўся ў сьвятары. У 1939 годзе незадаволены з савецкага вызваленьня павесіўся. У гімназіі вучыліся ягоныя дзьве дачкі - старэйшая Натальля і маладзейшая Галіна.
Канстантын Ральцэвіч - выкладаў матэматыку ў сёмай і восьмай клясах будучы яшчэ сам студэнтам. Прадмет свой ведаў, але растлумачыць яго ясна вучням ня ўмеў. Быў зрусыфікаваным беларусам, сынам сьвятара. Пабеларуску гаварыў вельмі слаба. Быў заўсёды вельмі добра апранены. Пасьля сканчэньня гімназіі не спатыкаўся зь ім аж да 1963 году. Аднойчы ў 1963 г. паехалі адведаць сям'ю Кендышаў у Спрыгфільд, Масс., і даведаліся там ад Кендыша, што ў мясцовай расейскай царкве сьвятаром манах Ральцэвіч. Зайшлі ў царкву, Багаслужба была ўжо скончаная. Пабачылі худога, асцэтычнага манаха. Жонку маю, Раісу, ён пазнаў адразу. Зь ім часамі спатыкаўся Ніл Краўцэвіч і гаварыў мне, што Ральцэвіч вельмі цьвяроза глядзеў на царкоўныя справы і гаварыў, што непаладкі ў царкве ідуць стуль, што людзі часта не адрозьніваюць што ў царкве Божае, а што людзкое. Прыхільна выказваўся пра беларускую аўтакефалію. Памёр у 1966 годзе ад урэміі.
Вінцэнт Грышкевіч - прыехаў у Вільню ў 1927 ці 28 годзе пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту ў Празе Чэскай. Паехаў туды, бо палякі ў той час не прызнавалі дыплёмаў беларускай гімназіі. Выкладаў гісторыю, пачынаючы ад таго часу, калі я быў у шостай клясе. Выкладаў няблага. Быў адным з дзейных супрацоўнікаў Р.Астроўскага і Антона Луцкевіча. Быў жанаты зь сястрою а. Мікалая Лапіцкага. З жонкай разыйшоўся. У часе змаганьня за дачку, схаваў яе ў польскім кляштары, што яму многія мелі за зло. Перад вайною выкладаў у школе Палітычных Навукаў, што была пры Інстытуце Дасьледваньня Ўсходняй Эўропы. У 1939 годзе быў арыштаваны і вывезены ў расейскі канцэнтрацыйны лягер. Адтуль трапіў у армію Андэрса. Быў дэмабілізаваны ў Англіі і адтуль выехаў у Канаду. У Канадзе ажаніўся з Раісай Жукоўскай, якая ў гэтым часе скончыла ў Канадзе дэнтыстыку. Жыве ў Канадзе. Пасьля сьмерці М.Абрамчыка быў выбраны старшынёю Рады Б.Н.Р.
Мікола Ільляшэвіч - прыехаў у Вільню пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту ў Празе Чэскай. Выкладаў у сёмай ці восьмай клясе прапэдэўтыку філязофіі. Памёр ад сухотаў у Вільні ў 1938 годзе.
Антон Нэканда Трэпка - з паходжаньня паляк, які далучыўся да беларускага руху яшчэ перад Першай Сусьветнай вайной і застаўся пры ім да сьмерці. Нэканда - частка ягонага прозьвішча паходзіць ад лацінскага дзеяслова «necere» - забіваць, і нэканда, гэта партыціпіюм ад гэтага дзеяслова. Род Трэпкаў атрымаў гэты дадатак за ўдзел у забойстве кракаўскага біскупа Станіслава Шчэпаноўскага, забітага ў 1079 годзе ў выніку канфлікту з польскім каралём Балеславам Сьмелым. Інжынер-электрык выкладаў у гімназіі фізыку ў 6-8 клясах. Аўтар падручніка фізыкі. Выкладаў таксама ў Тэхнічнай школе. У 1939 годзе быў арыштаваны расейцамі і недзе загінуў.
Мікола Марцінчык - лекар. Выкладаў хімію і анатомію. Сястра ягоная - Люба Марцінчык была замужам за Александрам Аўдзеем. У Нямеччыне закончыла ўнівэрсытэт у Тыбінгэн і працавала лекарам ля Штутгарду дзе і памерла ў 1970 годзе.
Ігнат Дварчанін - скончыў унівэрсытэт у Празе Чэскай. Выкладаў беларускую літаратуру. Выкладаў добра. Быў аўтарам «Хрэстаматыі беларускай літаратуры». Быў выбраны паслом у польскі сойм. Належаў да пасольскага клюбу «Змаганьне». Быў палякамі арыштаваны і засуджаны ў вастрог. Пазьней быў выменены на трох ксяндзоў-палякаў у Савецкі Саюз, дзе ён і загінуў.
Міхал Заморын - выкладаў беларускую мову, геаграфію і гімнастыку. Выглядам быў падобным на Гітлера. Амаль адзіны настаўнік якога вучні горача ненавідзелі. Цяжка нават сказаць за што. Праўдападобна з увагі на цяжкі, прыгнятаючы характар. Выехаў у Радашкавічы, адкуль у трыццатыя гады перайшоў нелягальна мяжу ў Савецкі Саюз. Там, арыштаваны загінуў.
Антон Луцкевіч - гэрбу Навіна. Заўсёды насіў на пальцы гэрбавы пярсьцёнак. Ад жонкі лекаркі, з дому Абрамовіч, меў двух сыноў: Юрку і Лявона, якія цяпер у Савецкім Саюзе. Выкладаў у гімназіі ў 7 і 8 клясах беларускую літаратуру. Выкладаў вельмі добра, на высокім узроўні. Брат закладчыка Беларускага музэю ў Вільні Івана Луцкевіча. Найбольш зьненавіджаная асоба для «хадэцыі», якая часта пішучы аб ім дадавала пры ягоным прозьвішчы азначэньне «масонскі біскуп». У 1939 годзе арыштаваны і вывезены ў Расею. Загінуў.
Радаслаў Астроўскі - доўгачасны дырэктар гімназіі. Выкладаў матэматыку, фізыку і касмаграфію. Быў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады пры канцы нямецкай акупацыі. Выехаў у Нямеччыну, пазьней у Англію. Памёр ў 1976 годзе ў Амэрыцы. Пахаваны на магільніку ў Саўт-Рывэры, Н.Джэрсі.
Антаніна Астроўская - жонка Р.Астроўскага. Выкладала ручную працу. Вывезеная ў 1939 годзе ў Расею загінула ў канцэнтрацыйным лягеры. Людзі, якія былі зь ёю разам, успамінаюць аб ёй найлепей. Падтрымлівала маральна іншых, асабліва маладых, да апошніх хвілін свайго жыцьця. У даўнейшыя часы - асоба вельмі ўласная, ня церпячая ніякага супраціву, але за што бралася, умела давесьці да канца.
Швахловіч - выкладаў польскую мову. Памятаецца толькі што вельмі элеганцка апранаўся і, што абзываў вучняў асламі - раз дарданэльскімі, раз квадратнымі. Падазравалі, што ён быў паліцэйскім агентам.
Каліноўскі - выкладаў польскую мову пасьля Швахловіча, папулярна называны вучнямі «вэсолы пан». Мянюшка была правільнаю. На лекцыях было весела, дзеля прычынаў з лекцыямі нязьвязаных. Дысцыпліны ня было і сьледу. Вучні выходзілі з клясы, вярталіся, і ізноў выходзілі.
Александровіч - выкладала польскую мову пасьля Каліноўскага. Была жонкаю начальніка ці рэфэрэнта ў аддзеле бясьпекі ў ваяводзтве. Вельмі няпрыгожая, выкладала нудна, так як быў нудны падручнік з якога яна выкладала (праф. Крыдля). Замучвала дробнымі хатнімі працамі.
