МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. Лёс Анджэлес, 1968 — Менск, 1994. С. 36.

Аўтар: Вініцкі Алесь
Раздзел: Успаміны, Дакументы
Краiна: Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Алесь Вініцкі

МАТАР'ЯЛЫ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ Ў 1939—1951 гадох

Серыя «Бібліятэка беларускай дыяспары»

Л ё с Ан джэл е с

1968

Менск “Тэхналогія” 1994

 

© Алесь Вініцкі

© " Тэхналогія ", 1994г.


Доўгі шлях да чытача

Выдан не кнігі А.Вініцкага ў год святкавання 50-годдзя заканчэн н я другой сусветнай в айны па сваей значнасці ёсць падзея н адз в ычай важная. Менавіта г э та вайна выклікала на й большую хвалю прымусовай эміграцыі з нашай краіны. Рознымі былі шляхі, якімі пакінулі Радзіму ў час ваеннага ліхалецця сотні тысяч сыноў і дачок Беларусі. Але ўсе яны зведалі многа гора і страт. Развітаўшыся з бацькоўскім домам, многія назаўсёды, яны шукалі прытулку ў чужым для іх свеце.

Лёс выгнанцаў і па сённяшні дзень застаецца недаследаванай тэмаю ў нашай гісторыі. Усе тыя звесткі пра беларускую эміграцыю, што сталі вядомымі за апошнія гады, больш гавораць нам пра тое, што было зроблена і робіцца эміграцыяй другой сусветнай вайны для захавання і развіцця сваёй культуры, мовы, навукі. Цяперашнія грамадзяне Беларусі добра ведаюць, што ў многіх краінах жывуць іх суродзічы, бываюць у іх у гасцях, дзівуюцца на іх дабрабыт і добрую ўладкаванасць у жыцці. Але пакуль што нічога не друкавалася пра тое, які цяжкі шлях давялося прайсці кожнаму з нашых землякоў, каб выйсці жывымі з вайны, адолець пасляваенны развал, прыжыцца на чужой зямлі. І ўсё гэта ва ўмовах абсалютна варожых адносін да іх з боку радзімы, без чыёй іншай падтрымкі. Цяжкасці давялося адольваць толькі ўласнымі сіламі. I галоўнаю з гэтых сілаў была найперш сіла яднання, арганізаванасці, супольнага ўзаемадзеяння. Менавіта арганізаванасць, узаемадапамога далі магчымасць выжыць і цывілізавана ладзіць сваё жыццё на чужыне вялікай колькасці беларусаў, што апынуліся ў Нямеччыне ў лагерах для так званых дэпартаваных асоб (ДП). Пра гэта найперш гаворыць складзеная А.Вініцкім кніга. I ў гэтым найгалоўная яе значнасць для сённяшняга чытача. Прыклад арганізацыі жыцця ў экстрэмальных умовах, які далі нам беларускія пасяленцы лагераў ДП у Нямеччыне, можа быць прыняты за класічны ўзор для ўсіх беларусаў як на чужыне, так і на Бацькаўшчыне.

З гэтай нагоды імя аўтара кнігі Алеся Вініцкага павінна быць высока ўшанавана намі. Ён не толькі разумеў значнасць гэтага вопыту, але і здолеў сабраць і сістэматызаваць дакументы і матэрыялы, каб пакінуць іх для гісторыі.

Сам Аляксей Вініцкі быў таксама адным з тых, каго вайна пазбавіла радзімы. Ён нарадзіўся 26.12.1891 года ў вёсцы Малева па Случчыне. Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам. У час першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска, скончыў Іркуцкае ваеннае вучылішча, ваяваў па фронце. Даслужыўся да ранга капітана, на баявыя заслугі меў пяць Крыжоў (Георгія, Анны, Станіслава і інш.). Пасля рэвалюцыі вярнуўся ў сваю вёску і адкрыў там пачатковую беларускую школу, якая пазней была зачынена польскімі ўладамі. Працаваў настаўнікам у народных школах. Удзельнічаў у беларускім руху. Пасля далучэння Заходняй Беларусі працаваў дырэктарам сярэдняй школы. У час нямецкай акупацыі таксама займаўся школьніцтвам у Нясвіжскім раёне, адчыніў Беларускую 4-х гадовую настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У канцы вайны трапіў у Нямеччыну, дзе працаваў на фабрыцы і ў сельскай гаспадарцы. Быў вызвалены саюзнікамі, апынуўся ў амерыканскай зоне. Тут быў актыўным удзельнікам стварэння Беларускага камітэта ў г.Рэгенсбургу, а пасля Беларускага Цэнтральнага Камітэта, у якім займаў пасаду рэферэнта па арганізацыі беларусаў. Пазней стаў Старшынёю гэтага Камітэта.

А.Вініцкі быў сябрам Рады БНР, займаў у ёй становішча міністра асветы і рэлігійных спраў, удзельнічаў у аднаўленні Беларускае праваслаўнае аўтакефальнае царквы на чужыне. Працаваў таксама у Беларускай гімназіі, быў адміністратарам газеты "Бацькаўшчына".

У 1956 годзе пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, працаваў на фабрыцы. Пасля выхаду на пенсію заняўся зборам матэрыялаў да гэтай кнігі. Скончыў працу за некалькі месяцаў да смерці, памёр 24.11.1972 года ў Лос-Анджэлесе.

Алесь Вініцкі спадзяваўся ўбачыць сваю кніжку надрукаванаю. Але на гэта ў яго не было сродкаў, кніга была перадрукавана на машынцы і памножана ў колькасці 15 экземпляраў. Такім чынам яна была даслана ў бібліятэкі ў Лондане, Мюнхене, Нью-Ёрку, а таксама і асабіста некаторым беларускім гісторыкам на чужыне. Адзін экзем­пляр кнігі трапіў і да вядомага беларускага даследчыка нашай гісторыі ў Польшчы Юры Туронка. У канцы 1991 года я была ў Варшаве і па дамоўленасці са сп. Туронкам прывязла адтуль гэты экземпляр у Мінск з тым, каб прапанаваць да выдання кнігу ў Беларусі. Вяліся перамовы з выдавецтвам Беларускай Энцыклапедыі. Узяўся за выданне Міхась Ткачоў, які загадваў на той час рэдакцыяй гісторыі. Але яго заўчасная смерць перапыніла справу і кніга так і не ўбачыла свет у гэтым выдавецтве.

Цяпер толькі, дзякуючы дагавору дачкі Вініцкага Ірэны з кіраўніком выдавецкай суполкі "Тэхналогія" Вацлавам Багдановічам, гэта надзвычай патрэбпая нам кніга даходзіць урошце да шырокага чытача. Больш як 22 гады чакала яна свайго часу.

Сын Вініцкага Леанід склаў па просьбе Юры Туронка нададзеную тут біяграфію свайго бацькі. Л. Вініцкі збіраў дакументы пра многіх людзей, але свой жыццяпіс так і не зрабіў. Сын таксама паклапаціўся пра тое, каб асабісты архіў А.Вініцкага быў перададзены ў 1974 годзе ў Інстытут Беларускай Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку пад апеку яго кіраўніка ў той час д-ра Вітаўта Тумаша, які надзвычай высока цаніў працу Вініцкага. Частка матэрыялаў пераслана і ў Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане.

На заканчэнне трэба дадаць, што ў архіве Вініцкага, па словах яго сына Леаніда, засталіся яшчэ неапублікаваныя матэрыялы па гісторыі беларускага скаўтынгу, гісторыі асветы на Літве - Крыў'і - Беларусі, пра рэлігійныя справы. Хочацца спадзявацца, што іх шлях да чытача будзе больш кароткім.

Ганна Сурмач

Старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"

 

Колькі словаў да перавыданьня працы Алеся Вініцкага

У беларускамоўным друку шмат разоў адзначалася й часта падкрэсьлівалася, што эміграцыя зь Беларусі — зьявішча блізу 200- гадовае даўнасьці. Але, на жаль, працэсы эміграцыі зь беларускіх земляў дастаткова не ўдакумэнтаваныя і амаль зусім ня вывучаныя. Асноўныя прычыны гэткага яўна ненармальнага стану тыя, што Бацькаўшчына, правільней сказаць улады, урады, кіраўнічы апарат краіны, цалкам ігнаравалі эміграцыю, прост, як гаворыцца, "сьпісвалі" яе. Сама ж эміграцыя, часта нацыянальна мала сьведамая, найчасьцей недастаткова адукаваная, не дакумэнтавала й ня вывучала сваю дз е йнасьць.

У выніку мы, беларусы, як нацыя, мелі значны дэмаграфічны дэфіцыт (з краю выехала каля двух мільёнаў асобаў). Мы гублялі частку насельніцтва, ды, акрамя гэтага, не запісвалі ў культурную спадчыну нацыі здабыткі беларусаў-эмігрантаў, дазваляючы іншым прысабечваць беларускія дасягненьні.

Зьмены наступілі, калі на Захад у выніку надзеяў Другое Сусьветнае вайны выехала новая хваля беларускае эміграцыі. Гэтая хваля была эміграцыяй палітычнай ды нацыянальна сьведамай. Мэтаю дзейнасьці гэтае эміграцыі было змагацца з таталітарнай савецкай сыстэмай, пашыраць на Захадзе веды пра Беларусь ды спрыяць адраджэньню незалежнае беларускае дзяржавы — Беларускае Народнае Рэспублікі. Гэтая хваля павяла шырокую палітычную працу як у кірунку азнаямленьня Захаду зь беларускім Незалежніцкім рухам, гэтак і ў кірунку дасьледаваньня беларускай эміграцыі, адначасна дакумэнтуючы сваю дзейнасьць.

Алесь Вініцкі быў ў 1945-1946 гадох у самым цэнтры беларускага паваеннага эміграцыйнага жыцьця ў Заходняй Нямеччыне, у Рэгэнсбургу , дзе, дарэчы, аўтар гэтага уступу, у той час 18-гадовы вучань гімназіі, меў нагоду пазнаёміцца з прафэсійным беларускім адміністратарам і лідарам ды скарыстаць зь ягоных парадаў і дасьведчаньня.

Дакумэнтацыя эміграцыі ды дзейнасьці беларусаў у Заходняй Нямеччыне бясспрэчна пачынальніцкая й вельмі важная. Сваю працу А.Вініцкі пачаў у Нямеччыне, ды на гэтым пэрыядзе эміграцыі ён і засяродзіў сваю ўвагу. Праца ягоная ахапляе дзейнасьць эміграцыі ў Нямеччыне ад 1939 да 1951 году, ці то ўлучае таксама дзейнасьць беларусаў у Нямеччыне ў часе вайны. Асобныя разьдзелы прысьвечаныя арганізацыйнай працы, царкоўным арганізацыям, асьвеце, друку, моладзі і г.д. Шмат дакумэнтаў А.Вініцкі перадрукаваў з розных беларускіх эмігранцкіх выданьняў. Зразумела, што пры гэткім мэтадзе ўкладаньня дакумэнтаў непазьбежныя першакрынічныя недакладнасьці, пра што ўкладальнік папераджае ў сваёй прадмове.

У гэтым уступным слове застаецца толькі адзначыць, што А.Вініцкі ў меру сваіх магчымасьцяў стараўся ўдакладніць падзеі, даты, аўтараў, арганізацыі і г.д. шляхам абшырнае перапіскі зь дзесяткамі жывых сьведкаў тых падзеяў, з кіраўнікамі арганізацыяў, з эміграцыйнымі дзеячамі. Зьмястоўная перапіска значка ўзбагачае і дадае шмат каштоўных дэталяў да нерадрукаваных дакумэнтаў.

Можна й трэба спадзявацца, што вывучэньне беларускай эміграцыі, якое цяпер пачалося на Бацькаўшчыне, дапоўніць працы эміграцыйных дасьледнікаў, аднак у шэрагу працаў аб эміграцыі на адным зь першых месцаў будзе стаяць дасьледаваньне Алеся Вініцкага, якое, як і шмат іншых пачынаньняў, прысьвячалася Беларусі.

Вітаўт Кіпель

Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва


ПРАДМОВА

Пэрыяд жыцьця беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гг. быў вельмі багаты на розныя падзеі. Пакінуўшы Бацькаўшчыну, шматлікая беларуская палітычная эміграцыя мела на мэце сваёю працаю і на чужыне служыць свайму народу ды рэпрэзэнтаваць яго перад іншымі народамі. Дзеля рэалізацыі пастаўленае мэты былі створаныя й розныя беларускія эмігранцкія арганізацыі.

Жыцьцё эміграцыі толькі часткава зафіксаванае ў беларускім перыядычным друку. Калі ж да гэтага дадаць страту архіваў шэрагаў арганізацыяў, дык гэты вельмі важны пярыяд можа стацца прагалінаю ў гісторыі беларускай эміграцыі, а разам з гэтым і загінуць для агульнае гісторыі нашага народу. Каб гэтак ня сталася, я, як адзін з удзельнікаў арганізацыйнага жыцьця беларускай эміграцыі, узяў за свой абавязак пазьбіраць што было магчыма, упарадкаваць і зафіксаваць у друку найважнейшыя падзеі з жыцьця нашай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох на аснове дакумэнтаў і сьветчаньняў жывых удзельнікаў гэтых падзеяў.

Жыцьцё й праца беларускай эміграцыі ў часе вайны й пасьля яе сканчэньня пад паглядам праўным і эканамічным былі розныя. Розныя былі й м э ты й характ а р дзейнасьці арганізацыяў у тых часох. З гэтае прычыны "Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох" падзеленыя па дзьве часткі: 1) Час другой сусьветнай вайны ад 1.9.1939 да 7.5.1945 г. і 2) Час пасьля капітуляцыі Нямеччыны ад 7.5.1945 да канца 1951 г.

У гэтай кніжцы зьмешчаная толькі частка "Матар'ялаў да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне" з тае прычыны, што на мае просьбы да іншых удзельнікаў арганізацыйнага жыцьця нашай эміграцыі адгукнуліся й прыслалі весткі пра пэўныя падзеі ўсяго колькі асобаў. Дзеля гэтага дзейнасьць некаторых арганізацыяў, як, прыкладам, Саюзу Беларускай Моладзі, жыцьцё беларускіх сіротаў у Нямеччыне й інш. пасьветленыя няпоўна, а зусім няма вестак пра наступныя арганізацыі: 1) Беларускае Цэнтральнае Перасяленчае Таварыства; 2) Беларускае Дабрадзейнае Згуртаваньне на Чужыне; 3) Сусьветнае Аб'еднаньне Беларускай Эміграцыі (САБЭ); 4) Саюз Беларускіх Журналістых; 5) Бібліяграфічная Служба; 6) Саюз Беларускіх Гаспадарнікаў; 7) Літаратурная Сустань "Баявая Ўскалось".

Няма праграмаў і вестак пра дзейнасьць палітычных партыяў: Беларускае Нацыянал-Дэмакратычнае партыі, Сялянска-Работніцкае партыі Вызваленьня Беларусі, Беларускай Народнай партыі, Рэспубліканска-Рэвалюцыйнага Ўсебеларускага Хаўрусу й інш.

Няма вестак і пра дзейнасць палітычных арганізацыяў: Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ), Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

З тактычных меркаваньняў у "Матар'ялах..." не пададзена шмат прозьвішчаў людзей, якія займалі розныя становішчы ў арганізацыях.

Маю надзею, што тыя асобы, якія не адгукнуліся па маю про­сьбу, як і тыя, да якіх я не зварачаўся з просьбаю з прычыны няведаньня іхных адрасаў, выканаюць свой нацыянальны абавязак і зафіксуюць у друку ведамыя ім важныя весткі з жыцьця і арганізацыйнай дзейнасьці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне.

У канцы складаю шчырую падзяку ўсім тым суродзічам, што сваімі працамі або каштоўнымі заўвагамі дапамаглі мне сабраць і ўпарадкаваць "Матар'ялы да гісторыі Беларускай эміграцыі ў Ня­меччыне у 1939—1951 гадох".

 


Частка І

ЧАС ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ (1939 – 1945 гг.)

Беларусы ў Нямеччыне

Пасьля Першае Сусьветнае вайны ў Бэрліне быў ведамы толькі адзін беларус — Андрэй Бароўскі, якога ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі дэлегаваў у Бэрлін як свайго консула. Выконваў ён абавязкі консула аж да 1927 году, калі дзейнасьць Беларускага Кансуляту была забароненая нямецкімі ўладамі. Пасьля гэтага, ведаючы добра розныя мовы, Бароўскі залажыў у Бэрліне бюро перакладаў і да Другое Сусьветнае вайны гэтым зарабляў сабе на жыцьцё.

Пасьля 1930 году ў Бэрлін на студыі ў нямецкай Тэхнічнай школе прыехалі два студэнты зь Вільні. Гэта былі сп.сп. Анатоль Шкутка й Міхась Маскалік. Апошні, пасьля двухгадовай навукі, пакінуў Палітэхніку і паехаў у Мюнхэн студыяваць тэалёгію. Будучы ў Бэрліне, гэтыя два студэнты парупіліся залажыць арганізацыю — "Беларускі Студэнцкі Саюз", зь нястачы людзей завэрбаваўшы да ўправы Саюзу і выбраўшы яго сакратаром таго ж самага былога консула сп. Андрэя Бароўскага. Такім чынам у Бэрліне паўстала беларуская студэнцкая арганізацыя.

У выніку вайны Нямеччыны з Польшчаю ў 1939 годзе ў Нямеччыне апынулася вялікая колькасьць палонных беларусаў з польскае арміі. Паводле статыстыкі Галоўнага нямецкага камандаваньня, беларусамі запісалася каля 70 тысяч палонных.

Немцы дакладна ведалі, што польскі ўрад сваёю шавіністычнаю палітыкаю выклікаў да сябе варожасьць беларусаў, дзеля гэтага пастанавілі звольніць зь лягераў ваеннапалонных беларусаў і ўкраінцаў на вольныя працы.

Дзеля хутчэйшага афармленьня гэтага патрэбныя былі людзі беларускага й ўкраінскага паходжаньня, якія, ведаючы сваіх людзей, значна хутчэй выканаюць тэхнічную працу звальненьня. Апрача таго, дзеля прысьпяшэньня справы рэгістрацыі й звальненьня, адразу пачала выдавацца прэса ў беларускай, украінскай і польскай мовах.

БЕЛАРУСКІЯ ЎСТАНОВЫ Й АРГАНІЗАЦЫІ

Газэта "РАНІЦА"

Вострая патрэба беларускае газэты ў Нямеччыне паўстала ўвосень 1939 году, калі ў лягерох палонных у Нямеччыне апынулася колькідзясят тысяч беларусаў сярод палонных з польскае арміі. Ініцыятыва выдаваньня для іх беларускае газэты зыходзіла ад нямецкага вайсковага міністэрства, у распараджэньні якога знаходзіліся лягеры палонных. Зь беларускага боку ў той ці іншай меры да паўстаньня беларускага тыднёвіка для палонных "Раніца" спрычыніліся інжынэр Анатоль Шкутка й Фабіян Акінчыц. Адначасна былі заснаваныя й газэты для палонных украінцаў ды палякаў.

Першыя нумары "Раніцы" паказаліся яшчэ прыканцы 1939 году, у сьнежні месяцы, Хоць у рэдагаваньні першых нумароў браў удзел сн. Ф.Акінчыц, ды хутка ён ад гэтага адышоў і выехаў нават з Бэрліну ў Варшаву. Недзе пад канец лютага ў Бэрлін прыехаў д-р В.Тумаш, які й пераняў рэдагаваньне газэты. Газэта выходзіла штотыднёва. Мела, апрача рэдактара, пару адміністрацыйна-тэхнічных супрацоўнікаў.

Каля сярэдзіны 1940 году ў Бэрлін прыехаў адвакат Мікалай Шкяленак. Паколькі тым самым часам былі фармальна прызнаныя на абшары Нямеччыны прафэсійныя дакумэнты д-ра В.Тумаша, ён і паехаў да прафэсійнае працы у Ліцманштат (Лодзь), а справу рэдагаваньня газэты пераняў сп. М.Шкялёнак. У гэтым годзе адбылося й звальненьне беларускіх палонных зь лягероў на вольных работнікаў. У сувязі з гэтым недзе ў 1941 годзе і газэта "Раніца" стала незалежным, самастойным праўна й фінансава прадпрыемствам, пры гэтым прадпрыемствам самаакупным: газэта ўтрымлівалася з даходаў ад падпіскі.

З начаткам 1943 году, з выездам сп. М.Шкялёнка ў Менск, рэдагаваньне газэты на колькі месяцаў, да свайго выезду на прафэсійную працу ў Мэкленбургіі, пераняў ізноў д-р В.Тумаш. Недзе ад сярэдзіны 1943 году рэдагаваньне было афіцыйна перанятае д-рам Станіславам Грынкевічам, а неафіцыйна вялося фактычна ў шчыльным супрацоўніцтве з інжынэрам М.Абрамчыкам аж да ягонае дэпартацыі ў Францыю.

У другой палове 1944 году, з прыездам у Бэрлін большага ліку беларусаў, эвакуяваных зь Менску, газэта была перанятая новымі журналістычнымі сіламі.

Трэба яшчэ адцеміць, што падаванае на газэце прозьвішча адказнага рэдактара не заўсёды, а асабліва ў першыя месяцы яе існаваньня, паказвала на рэдактара фактычнага. Гэтак, паколькі помню, увесну 1940 году наперамену газэта была падпісваная колькімі рознымі прозьвішчамі, хоць асобы гэтыя працавалі ў газэце толькі адміністрацыйна, а ня мелі ніякага дачыненьня да яе зьместу.

Фінансава ж газэта ў 1939-1940 гадох выдавалася за сродкі нямецкага вайсковага міністэрства ды рассылалася беларускім палонным у лягеры дарма. З мамэнтам звальненьня палонных на вольных работнікаў яны атрымлівалі газэту ўжо шляхам выпіскі. Тады ж газэта стала фінансава на "свае ногі", была зусім самастойным прыватным прадпрыемствам.

Недзе пад канец 1942 ці з пачаткам 1943 году "апеку" над газэтай і быццам нават і фінансавую за яе адказнасьць пераняло Міністэрства Ўсходу (Ostministerium), хоць фактычна фінансава яна й падалей утрымлівалася вылучна з даходаў ад падпіскі найменш да сярэдзіны 1943 году.

Што да накладу, дык тыднёвік "Раніца" напачатку 1943 году меў наклад каля 12000. Газэта разыходзілася па ўсёй Нямеччыне, далучаных да яе польскіх земляў, але толькі паасобныя экзэмпляры зь цяжкасьцю даходзілі да беларускіх земляў. Пашырэньня яе на прасторы "Генэральнага Камісарыяту Беларусі" не дапускалі нямецкія ўлады гэтага Камісарыяту.

Беларускае прадстаўніцтва

У сувязі з масавым звальненьнем беларускіх палонных зь нямецкіх лягераў на вольных работнікаў, з пачаткам 1940 году паўстала неабходнасьць стварыць установу, якая занялася б юрыдычнаю над імі апекаю й наглядам ды перапяла функцыі, якія нармальна належаць да кансулятаў дзяржаваў паходжаньня чужынцаў. Паколькі беларускія работнікі зь лягераў палонных, як і работнікі ўкраінскія ды расейскія, ня мелі сваіх дзяржаваў і кансулятаў, для іх нямецкія ўлады й стварылі ўстановы — Vertrauenstelle. У беларускай мове для гэтае установы быў прыняты назоў БЕЛАРУСКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА.

Кіраўніком Прадстаўніцтва з пачаткам яго існаваньня быў інжынэр Анатоль Шкутка. Была гэта нямецкая ўрадавая ўстанова, якая падлягала Міністэрству й утраных справаў, а канкрэтна — паліцыйным ворганам гэтага міністэрства. Цэнтраля знаходзілася ў Бэрліне, лік працаўнікоў Прадстаўніцтва з часам дайшоў аж пад 10 асобаў. Паўстала й колькі аддзелаў Прадстаўніцтва ў цэнтрах большага згушчэньня беларусаў у Нямеччыне і на далучаных да Нямеччыны польскіх землях (Гданьск, Познань, Лодзь, Вена, Мюнхэн ды інш.). Дзейнасьць Прадстаўніцтва не пашыралася на польскае “Генэрал-губэрнатарства". Бэрлінская цэнтраля кажнаму зарэгістраванаму ў Нямеччыне беларусу выстаўляла рэгістрацыйныя карты, якія практычна мелі значэньне, крыху падобнае да пашпартоў чужынцаў.

Недзе, здаецца ў 1943 годзе, кіраўніка Прадстаўніцтва інжынэра А.Шкутку "выгрыз", пры дапамозе нямецкіх уладаў, ягоны заступнік А.Букатка, ды сам стаў кіраўніком і быў ім аж да канца вайны. А.Шкутку было загадана нават пакінуць Бэрлін, каб часам з боку не мяшаўся ў справы Прадстаўніцтва, і запрапанавана выехаць у Дрэздэн. Наколькі ў Бэрліне было чуваць, улады ставілі яму закіды характару палітычнага й грашовага.

Беларускі Камітэт Самапомачы

Яшчэ ў 1940 годзе ў Бэрліне пачаліся захады дзеля заснаваньня беларускае грамадзкае арганізацыі. Галоўным яе арганізатарам у стадыі заснаваньня быў адвакат Мікалай Шкялёнак. Па нейкім часе нямецкія ўлады далі дазвол на закладзіны такой арганізацыі ды дзейнасьць яе на прасторы ўсяе Нямеччыны, але арганізацыя магла мець вылучна дапамаговы характар. Магчымасьці закладзінаў арганізацыі над назовам Беларускі Нацыянальны Камітэт ці падобных нямецкія ўлады прынцыпова адкідалі.

З прыездам у Бэрлін з Парыжу інжынэра Міколы Абрамчыка ўся далейшая арганізацыйная праца ў "Беларускай Самапомачы" была, зразумела, шляхам выбару на арганізацыйным сходзе, перададзеная яму. З часам паўсталі й аддзелы Камітэту, галоўна ў большых цэнтрах далучаных да Нямеччыны польскіх земляў.

Камітэт зьбіраў складкі, выдаваў легітымацыі, стараўся аказваць сябром усякую магчымую дапамогу. У Бэрліне ў 1942 годзе былі зарганізаваныя нават колькімесячныя Настаўніцкія курсы з надзеяй, што курсанты з часам змогуць паехаць у школы на Беларусі, дзе адчуваўся вялікі недахоп настаўніцкіх кадраў.

Пэрспэктыва павароту на Бацькаўшчыну як магнітам цягнула на Курсы ахвотнікаў ды была стымулам да стараннай і ўпорыстай працы амаль штодня ад 8-й да 11-й гадзіны вечара — пасьля нармальнага 10-гадзіннага дня працы на фабрыцы ці іншым прадпрыемстве.

Курс, апрача прадметаў беларусаведы, ведзенай такімі выдатнымі выкладчыкамі, як мгр. М.Шкялёнак, інж. М.Абрамчык і др. В.Тумаш, ахопліваў матэматыку (выкладчыца В.Жукоўская), анатомію чалавека выкладаў студэнт мэдыцыны Бэрлінскага ўнівэрсытэту Ст.Грынкевіч, тэорыю рысаваньня — мастак Рамашкевіч. Курс трываў месяц, закончыла яго 30 асобаў. На жаль, немцы не датрымалі абяцаньня й ніводнага настаўніка на Беларусь ня пусьцілі.

Даходы Камітэту йшлі вылучна зь сяброўскіх складак і даходаў з выданьняў. Выдадзеныя былі кнігі: М.Абрамчык. "Беларусь у картах" (рататарам); Якуб Колас. "Сымон-Музыка" (друкам у Празе); хутка па выхадзе кніга сканфіскаваная дзеля таго, што аўтар яе, Я.Колас, знаходзіўся ў СССР); Ларыса Геніюш. Зборнік вершаў "Ад родных ніў". Здадзены ў цэнзуру апрацаваны "Беларускі каляндар на 1943 год" дазволу на друк ад праскіх нямецкіх уладаў ужо не атрымаў, і выдавецтва друкам Камітэт спыніў. Мусіў абмежавацца выдавецтвам на рататары, унікаючы цэнзуры ды пашыраючы свае выданьні нелегальна.

Пасьля дэпартацыі інжынэра М.Абрамчыка ў Францыю Камітэт перанялі іншыя асобы.

Нягледзячы на жахлівыя бамбардаваньні, у сувязі з чым прыходзілася часта мяняць сядзібу Камітэту самапомачы, праіснаваў ён да аношніх дзён капітуляцыі Нямеччыны Гэта была адна з арганізацыяў, якая існавала незалежна ад нямецкіх дырэктываў і субсыдыяў.

"Беларускі Работнік"

Недзе з канцом 1942 ці пачаткам 1943 году ў Бэрліне было наладжанае выдаваньне адмысловае газэты — тыднёвіка для новапрывезеных у Нямеччыну беларускіх работнікаў, гэтак званых остарбайтараў. Газэта гэтая выдавалася адначасна з "Раніцай" і пераважна тымі самымі журналістычнымі сіламі.

Беларускі Аддзел пры Нямецкім Арбайтсфронце

Беларусаў за тых сумных часоў (1939-1945) у Нямеччыне нарахоўвалася каля мільлёну. З самага пачатку вайны іх налічвалі каля сотні тысячаў. Да іх прыбылі потым палонныя з савецкай арміі, затым “дабраахвотнікі", дэпартаваныя на працу, і ўрэшце масавая эміграцыя беларусаў улетку 1944 году.

З гледзішча праўнага, а разам з гэтым і матар'яльнага беларусы ў Нямеччыне былі падзеленыя на дзьве катэгорыі. Першая — былыя палонныя з польскай арміі, прыроўненыя ў правох працы й руху да правоў чэскіх, італьянскіх і францускіх цывільных работнікаў. Мелі права належаць да дазволеных беларускіх арганізацыяў Да гэтай групы належалі беларускія работнікі, якія зьявіліся ў Нямеччыне перад пачаткам вайны з Савецкім Саюзам, а таксама работнікі з далучаных да "Райху" беларускіх земляў (Беласточчына). Гэтая катэгорыя беларускіх работнікаў падлягала Беларуска му Аддзелу пры Арбайтсфронце, заданьнем якога было рэгуляваць дачыненьні работнікаў з працадаўцамі і абараняць іх ад крыўдаў, чыненых працадаўцамі .

Беларускі Аддзел пры Міністэрстве Ўсходу (Ostministerium)

Другая катэгорыя работнікаў — г.зв. "ОСТ". Да гэтай катэгорыі належала большая частка беларусаў. Паводле нямецкіх законаў, яны былі праўна й матар'яльна абмежаныя: жылі ў зачыненых лягерах, кармілі іх вельмі дрэнна, і насілі яны на грудзіне ці рукаве каляровыя "латы", якія адрозьнівалі іх ад немцаў і зачынялі ім дзьверы ў нямецкія рэстараны, тэатры, кіно і г. д. Гэтай катэгорыяй работнікаў апекаваўся Беларускі Аддзел пры Ostministerium, кіраўніком якога быў спадар Б.

"Вінэта”

"Летам 1941 году, за пару тыдняў да пачатку нямецка-савецкай вайны, з мэтаю падрыхтоўкі радыёперадачаў на ўсход немцы зарганізавалі ў Бэрліне ўстанову пад назовам "Вінэта". Кіраўнічыя становішчы ў гэтай установе займалі немцы, а рэшта працаўнікоў была прызначана загадам згодна тагачасным законам.

У 1940 годзе, пасьля акупацыі Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі й Прыбалтыкі, паводле нямецка-савецкай дамоўленасьці пачалося перасяленьне з акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторыяў мясцовых жыхароў нямецкага находжаньня, у тым ліку й мяне, у Нямеччыну. Да іх далучыліся ўцекачы з гэтых земляў, якія не хацелі жыць пад бальшавіцкай уладай. Для вывезеных і ўцекачоў былі зарганізаваныя ў Нямеччыне спэцыяльныя лягеры (Умзыд—люнгслягер).

Нямецкія ўлады маглі выбраць у гэтых лягерах адпаведных сабе працаўнікоў, якія ведалі і мовы занятых Саветамі абшараў Беларусі й Прыбалтыкі, і нямецкую мову.

У "Вінэце" былі аддзелы: Беларускі, Латыскі, Летувіскі, Расейскі й Эстонскі. Пра Беларускі аддзел магу сказаць наступнае: першымі працаўнікамі былі кс. Гадлеўскі , як кіраўнік радыёперадачаў (ён і сам выступаў у радыё), сьпікеры сп.сп.Шудзейка, Якімовіч і іншыя. Я была галоўнай перакладчыцай на беларускую й нямецкую мовы. Спадарычна Г-я была машыністкай.

Калі немцамі былі занятыя новыя абшары на ўсходзе і зьявілася перакладаць розныя распараджэньні нямецкіх акупацыйных ўладаў і для Беларусі, тады быў павялічаны штат працаўнікоў у "Вінэце”. Ксёндз Гадлеўскі працаваў у "Вінэце" ня больш за месяц: ён выехаў у Менск на становішча Школьнага Інспэктара. На жаль, ён і загінуў.

Пасьля выезду кс. Гадлеўскага ў "Вінэце" пачаў працаваць як карэктар беларускіх тэкстаў сп. Андрэй Бароўскі. Потым ён захварэў і памёр у Бэрліне ў пачатку 1945 году. Ягоную працу пераняў прафэсар Байкоў зь Менску.

У сакавіку 1945 году, калі фронт апынуўся ўжо блізка Бэрліну, “Вінэта" была зачыненая, яе архіў спалены, а працаўнікі ратаваліся як хто мог уцёкамі, каб не апынуцца пад Савецкаю ўладаю.”

Нюрэнберг Юльяна Дубейкоўская.

І5.9.1968г.

Іншая палітычная дзейнасьць

Ад другой палавіны 1941 году, з паяваю вялікіх масаў палонных з савецкае арміі, нямецкія палітычныя кругі накіравалі ў лягеры палонных адмысловых давераных асобаў для выяўленьня там беларускай інтэлігенцыі, якая магла быць выкарыстаная для нямецкіх палітычных патрэбаў. Гэтым спосабам з савецкіх палонных было выбрана каля сотні інтэлігентных беларусаў, але ўсіх іх немцы ня звольнілі зь лягероў, а з тых, якіх і прывезьлі ў вызначаны асяродак, ня ўсе былі залічаныя на курс, як малаадукаваныя, а хутчэй за усё, як маланадзе йныя.

Курс адбываўся ў невялікім мястэчку Вустраў, 40 км ад Бэрліну, а для расейцаў у Гутцэці. Праводзіў курс сп.Фабіян Акінчыц, які і быў ініцыятарам залажэньня гэтага ўзгадаваўчага нацыянал-сацыялістычнага курсу. Мэтаю навучаньня было азнаямленьне слухачоў з новым нямецкім правам і падрыхтоўка прапагандыстаў нацыянал-сацыялізму й супроць марксызму. Час трываньня курсу — паўгода. Слухачоў-беларусаў было каля 20 чалавек. Век слухачоў сягаў ад 25 да 35 гадоў.

Курсанты былі адгароджаныя "кітайскім мурам" ад беларусаў і беларускіх арганізацыяў Бэрліну ды Нямеччыны наагул. Не дапушчалі да іх нават і "Раніцы" ды іншых беларускіх выданьняў.

Ведама добра, што Ф.Акінчыц сваім курсантам, побач вымаганьняў, пастаўленых арганізатарамі курсаў, упойваў пагарду й нянавісьць да ўсяе беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі дзеля тае простае прычыны, што ня меў у ёй ніякае пашаны, ніякіх прыяцеляў, ніякіх практычна аднадумцаў; чуў нават крыўду, што яго адсунулі ад беларускага арганізаванага жыцьця. Лічылі яго беларусы за бесхрыбетнага палітычнага авантурыста. Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай партыі такі чалавек якраз і быў патрэбны — свой свайго знайшоў.

Як пазьней паволі выявілася, ідэя гэтага прадпрыемства зь нямецкага боку была такая: выгадаваць абсалютна верныя сабе маладыя кадры для абсаджваньня кіраўнічых палітычных і адміністрацыйных пасадаў у "Генэралкамісарыяце Беларусі". Хоць зь беларускімі нацыянальнымі кадрамі і ў Нямеччыне, і ў Беларусі немцы з мусу часова ў той ці іншы спосаб працавалі ды нейк іх талеравалі, але ім абсалютна не давяралі й пры дапамозе сп. Акінчыца йшлі ў кірунку стварэньня сабе паслухмянага й даверанага палітычна маладога пакаленьня.

Пасля заканчэньня курсу выхаванцы былі кінутыя ў беларускі "генэралкамісарыят". Найперш перададзеная ім была справа арганізацыі Саюзу Беларускай Моладзі дый некаторыя іншыя важныя становішчы. Паехаў неўзабаве ў Менск для кіраваньня сваімі выхаванцамі, а празь іх, пры дапамозе немцаў, да перайманьня "ўлады" й сам Ф.Акінчыц. Даволі хутка ён быў у Менску застрэлены. Таксама загінулі ў часе свае працы на Беларусі й некаторыя з выхаванцаў нацыянал-сацыялістычнага курсу, але ўжо ад рук сваіх хлебадаўцаў-немцаў за тое, што распаўсюджвалі партызанскія лятучкі.

Адцеміць трэба, што і ў Бэрліне паволі рыхтавалася перадача беларускіх установаў, арганізацыяў і газэтаў выхаванцам Акінчыца ці асобам, блізкім да яго. Па гэтай лініі замянілі старшыню Беларускага Прадстаўніцтва. Ужо зусім выразна ў гэтым кірунку праведзены быў разгром Управы Беларускага Камітэту Саманомачы, дэпартацыя ягонага старшыні ды падмена ў кіраўніцтве Камітэту асобамі, сабе даверанымі. Далейшы ход ваенных падзеяў гэтыя натугі зрабіў няістотнымі.

Ад другое паловы 1944 году, з наплывам новае масавае беларускае эміграцыі ў Бэрлін і Нямеччыну ў выніку ваеннае эвакуацыі зь земляў Беларусі, гэтая эміграцыя й пераняла з часам кіраўніцтва беларускіх арганізацыяў, канкрэтна — Камітэту Самапомачы, і выдавецкую справу — "Раніцу" ды "Беларускага Работніка".

Працоўная група Саюзу Беларускай Моладзі ў Нямеччыне

Арганізатарам і кіраўніком Працоўнае групы СБМ у Нямеччыне быў сп. Генры Чурыла. Пра жыцьцё й працу сяброў і сябровак СБМ ён напісаў наступнае:

"Ад пачатку вайны да 1944 году на ўсходнім фронце ішлі цяжкія баі. Лінія фронту рухалася ўзад і ўперад Гарэлі беларускія вёскі й сёлы, дашчэнту разбураліся нашыя гарады. У лясох Беларусі з кажным днём падрастала колькасьць партызанаў.

Нямецкае вайсковае камандаваньне цэнтральнага сэктару ўсходняга фронту ў паразуменьні зь Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі (Reichsministerium fur die besetzen Ostgebiete) пастанавіла вэрбаваць і высылаць у Нямеччыну на працу ў фабрыках беларускую моладзь У цэлай гэтай акцыі немцы мелі на ўвазе дзьве карысьці: 1— падарваць ашоўную людзкую базу партызаншчыны ў Беларусі і 2 — замяніць баяздольных немцаў на фабрыках і прадпрыемствах у Нямеччыне, беларускімі юнакамі.

Першапачаткова немцы прывозілі ў Нямеччыну групы толькі беларускіх юнакоў у веку ад 14-ці да 20-ці гадоў вылучна з прызначэньнем на працу Пасьля пачалі зьяўляцца невялікія групы (20-50 асобаў) і беларускіх дзяўчат (юначак). Гэтая моладзь тварыла Працоўную групу СБМ у Нямеччыне. Агульны лік Працоўнай групы даходзіў да пяці тысяч асобаў Каля трох тысяч моладзі было прыдзелена фірме Юнкэрс, якая вырабляла самалёты для нямецкага цывільнага й вайсковага лятунства, а рэшта вучылася й працавала ў арганізацыі Тод (ОТ).

Нагляд над усімі нацыянальнымі групамі моладзі — беларускай, украінскай, расейскай, латыскай і летувіскай — меў па нямецкай лініі шэф Аддзелу Моладзі ў Міністэрстве Занятых Усходніх Абшараў гаўптбанфюрэр Нікэль. Былі й кіраўнікі-немцы для кажнай нацыянальнай групы, быў ім для беларускай банфюрэр Мэнцэль

Кіраўнік СБМ на Нямеччыну меў сваю канцылярыю ў Міністэрстве Занятых Усходніх Абшараў у Бэрліне на Клёстэрштрасэ №19 і 5-7 супрацоўнікаў. Адным зь іх быў ведамы беларускі паэта Лявон Случчанін, які перад самым канцом вайны трагічна загінуў ад амэрыканскай бомбы ў горадзе Дэсаў .

Кіраўніцтва СБМ на Нямеччыну выдавала месячны часапіс для беларускай моладзі, які называўся "Малады Змагар". Выйшла з друку толькі пяць нумароў накладам у 50 тысяч кажны. Часапіс спачатку друкаваўся ў Бэрліне, а пасьля ў Пляўэн (Саксонія). Абедзьве друкарні былі Дашчэнту збамбардаваныя, так што не ўдалося надрукаваць больш нумароў. Гэта ўжо быў і Так канец Нямеччыны і вайны ў Эўропе. Часапіс меў характар нацыянальна-ўзгадаваўчы й інфармацыйны. Дапамагаў карыгаваць яго блізкі прыяцель Язэпа Лёсіка — старэнькі прафэсар Байкоў.

Беларускіх юнакоў, прыдзеленых фірме Юнкэрс, прывозілі ў лягер Крымічаў у Саксоніі. Пасьля шасьцітыднёвых тэхнічных курсаў дзялілі і на меншыя групы Й рассылалі ў фабрыкі Юнкэрса. Цэнтрам Юнкэрса быў магутны фабрычны комплекс у Дэсаў над Эльбай. У пераходным лягеры Крымічаў было пераважна да 300 беларускіх юнакоў, у Дэсаў да 1500, ды ня менш чым 300 юначак.

Другім вялікім асяродкам Юнкэрса быў горад Магдэбург, дзе працавала каля тысячы беларускіх юнакоў і хіба дзьве сотні беларускіх юначак.

Найкарацей існавала група 500 юнакоў пры заводзе Юнкэрса ў Штрасбургу- Ангельскае лятунства пасьлядоўна бамбардавала гэтую фабрыку, так што летам 1944 году немцы перасталі яе адбудоўваць, а беларускіх юнакоў разьвезьлі па іншых гарадох.

У меру як узмацняліся налёты саюзных самалётаў і штораз больш разбураліся фабрыкі Юнкэрса, немцы змушаныя былі перавозіць машынэрыю й работнікаў у іншыя гарады й маскавацца пад іншымі назовамі. Такім чынам паўстала колькі новых асяродкаў прадукцыі самалётаў Юнкэрса. Адным зь іх быў "Мульдэнштайн А.Г.", дзе апынулася вялікая колькасьць беларускіх юнакоў і юначак з Дэсаў. Быў яшчэ адзін такі асяродак — Цытаў у Саксоніі ("Цытаўэр Вэркэ А.Г.").

У самым Бэрліне пры ОТ вучылася й працавала вялікая група беларускіх юнакоў (тысяча асобаў). ОТ вучыла беларускіх юнакоў розных карысных рамёстваў: сталярства, мулярства, сьлясарства, бляхарства й інш.

У лягеры ОТ Роштак было некалькі сотак беларускіх юнакоў, якімі кіраваў старшы праваднік Аўген Мацюшонак. Між іншым, штандаровы П.Сьценьнік і старшы праваднік А.Мацюшонак трагічна загінулі ў самы канец вайны. Toe самае сталася із старшым правадніком Сяргеем Бузаком. Пра сп. Бузака хадзіла слава, што ён быў вельмі добрым арганізатарам. У Менскай акрузе ён меў тры тысячы добра зарганізаваных сяброў і сябровак СБМ.

У лягеры ОТ Рацібор, Сылезія, было каля 300 беларускіх юнакоў, якія працавалі ў вельмі цяжкіх умовах пры будове вялікага тунэлю пад гарамі. Тунэль гэты быў прызначаны для нейкай вельмі важнай ваеннай мэты (для вырабу ракетаў ці нейкіх новых разрыўных матар'ялаў).

У Надрэніі-Вэстфаліі быў невялікі лягер ОТ у горадзе Гэльзэнкір-хэн-Буэр. У лягеры знаходзілася група 50-100 беларускіх юнакоў. У кажным з вышэйпададзеных лягераў беларускія юнакі ці юначкі мелі свайго беларускага кіраўніка ці кіраўнічку. У гэтых жа лягерах былі дзеці-падлеткі — хлопцы й дзяўчаткі. Імі апекаваліся сяброўкі Саюзу беларускай Моладзі.

Быў яшчэ адзін асяродак — Школа Кіраўнікоў і Кіраўнічак СБМ у Драйсыг-Акэр (каля Майнінгэн, у Турынгіі). Нямецкім кіраўніком яе быў сп. Шуман, а беларускім сп. Стась Г.

Афіцыйнай уніформай СБМ была зялёная вопратка зь бел-чырво-белаю павязкаю на левым рукаве. На павязцы быў разьмешчаны чырвоны шчыт з залатым двукрыжжам Ярылы ды сымбалямі працы й Змаганьня — мечам і рыдлёўкай. Такую самую ўніформу насіла Правая група СБМ у Нямеччыне. Яна была вольная ад нашэньня напісу “ОСТ".

Беларуская моладзь у Нямеччыне беларускіх школаў ня мела. Яна перадусім мусіла цяжка працаваць у фабрыках Юнкэрса й на іх жахлівых праектах ОТ (Рацібор, Гэльзэнкірхэн-Буэр). Кіраўнікі лягероў павінны былі вучыць юнакоў і юначак беларусаведы з Щучэбнага лістка", распаўсюджваць у лягерах часапісы "Жыве Беларусь", "Малады Змагар", газэты "Раніца" й "Беларускі Работнік".

У вольны час вечарам, калі такі час быў, кіраўнік ці кіраўнічка СБМ праводзілі гутаркі беларусаведы. У гэтай справе дазволена было кіроўніком асяродкаў праяўляць сваю собскую ініцыятыву. Раз я быў запрошаны ў лягер СБМ пры групе ОТ у Бэрліне — Фалькэнзээ на вогнішча беларускіх юнакоў. Штандаровы зарганізаваў гэтую імпрэзу вельмі добра. Найбольш падабаліся ўсім прыгожыя беларускія песьні.

Стаўленьне немцаў да нашай моладзі было рознае. Быў ваенны час і не магло быць зроблена так, каб усе былі задаволеныя. Беларуская моладзь і кіраўнікі яе ненавідзелі немцаў Гітлера за расстраляных бацькоў, спаленыя вёскі разам зь іх мірным насельніцтвам, разбураныя гарады, спустошаны край і прымусовы прывоз у Нямеччыну.

Дзякуючы асабістым захадам штандаровага Г.Чурылы й часткаваму зразуменьню нямецкіх дзейнікаў (Мэнцэль з РІФ, Фінк з кіраўніцтва ОТ, дырэкцыя Юнкэрса) уся беларуская моладзь, ахопленая СБМ у Нямеччыне, мела людзкую вопратку, магчымыя баракі, абутак і харчаваньне такое самае, як нямецкая моладзь.

Непрабачальнаю памылкаю было б ня ўспомніць таго, што трывожыла чулае сэрца нашага нацыянальнага прарока Янкі Купалы й зырка адлюстравалася ў ягоным сказе-сумліве: "Ці ўскрэсьнем мы, душою ўпаўшы, зьвяўшы, каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род..." Каб сьветлы дух паэты-волата адчуў тое, што я бачыў уласнымі вачыма, дык ён бы захапляўся бязьмерна.

Уявеце сабе галодных, абарваных, запалоханых беларускіх юнакоў і юначак зь Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Полаччыны, Меншчыны й т.д., бяздольных ахвяраў татальнай вайны, бяздомных сіратаў, прывезеных прымусова на працу ў фабрыках варожае краіны проста пад амэрыканскія бомбы. Але гэтыя нявучаныя дзеці здалі свой экзамэн з усіх прадметаў на 100% і цэламу сьвету даказалі, што мы — беларусы — якраз ёсьць тым здольным родам.

На працы ў фабрыках Юнкэрса яны працавалі ўва ўсіх самых важных і найбольш засакрэчаных цэхах пад кіраўніцтвам найлепшых нямецкіх майстроў і найдальнейшых інжынэраў. Дырэкцыя Юнкарса не магла нахваліцца кемнасьцю беларускае моладзі.

Улетку 1944 году прыехала ў Нямеччыну пяцітысячная група беларускае моладзі для вайскова-дапаможнай службы (Флякгэльфэр). Уся гэтая група пачаткова апынулася ў лягеры Эгэр (па-чэску — Хэб) Пасьля яе падзялілі на меншыя групы й папрыдзельвалі да зэнітных батарэяў па цэлай Нямеччыне.

Я асабіста зусім выпадкова сустрэў і прывітаў адну такую большую групу — каля 500 юнакоў — у Шпіталь-ан-дэр-Драў у Аўстрыі. Ваенна-Дапаможнай групай СБМ апекаваўся сам шэф-праваднік М.Ганько.

У лягеры Пютніц, у Памэраніі, была школа для кіраўнічак юначак Ваенна-Дапаможнай Службы (Флякгэльфэрынэн). На чале школы й лягеру стаяла Галоўная кіраўнічка юначак СБМ, праваднічка д-р. Н.Абрамава. Дапамагалі ёй праваднічкі Алёна й Зося Аляхнавічанкі. Пасьля вайны я іх абедзьвюх яшчэ раз пабачыў у польскім лягеры УНРРА ў Вайдэне (Обэрпфальц). Яны былі замужнія й казалі мне, што яны полькі. Д-р. Н.Абрамава перад самай капітуляцыяй Нямеччыны апынулася ў Празе Чэскай.

Афіцыйнага набору ў СС ці Вафэн СС зь лягераў СБМ ня было. Адно толькі ў лютым 1945 году немцы прывезьлі з Дэсаў групу беларускіх юнакоў у Бэрлін-Шпандаў і пачалі іх вучыць вайсковасьці. Гэта быў поўны зьвяз (рота) лікам у 200 асобаў. Іх рыхтавалі да абароны Бэрліну. Вайсковымі інструктарамі па муштры былі часткова падафіцэры СС, а часткова кіраўнікі СБМ. Агульны нагляд над цэласьцяй банфюрэр Мэнцэль і Г. Б-іч.

Гэтая беларуская адзінка атрымала й насіла ўніформу Вэрмахту. Ані адзін зь юнакоў ці кіраўнікоў СБМ не хацеў абараняць Бэрліну. Але мы ня мелі іншага выхаду. Я асабіста знаю толькі адзін выпадак, што кіраўнік СБМ з собскага пераконаньня й волі дабраахвотна пайшоў у СС, быў ранены, выжыў і эміграваў за акіян.

Далейшы лёс зьвязу мне няведамы, бо 28 сакавіка 1945 году я й некаторыя кіраўнікі групаў СБМ змушаныя былі пакінуць сваё месца й ставіцца ў 30-й дывізіі ў ваколіцы Вайдэн Мы ўсе згубілі кантакт зь лягерам СБМ. Савецкая армія заняла Ўсходнюю Прусію, Памэранію, Сылезію, Саксонію й акружыла Бэрлін. 8 травеня Бэрлін быў узяты. Нямеччына капітулявала. Ільвіная частка лягераў СМБ лучыла ў савецкія рукі. Лягічна трэба спадзявацца, што савецкія ўлады рэпатрыявалі нашую моладзь на Бацькаўшчыну, а ў найгоршым выпадку ў глыб Савецкага Саюзу. Хто меў магчымасьць і крыху шчасьця, ад савецкай навалы далей на захад Нямеччыны. Што сталася з бальшынёй вышэйшых кіраўнікоў СБМ, ніхто ня ведае".

Таронта, Канада .12.1967 г. Гэнры Чурыла б. Кіраўнік Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне.

Працоўная група СБМ у горадзе Цытаў

Недзе ў кастрычніку 1944 году я прыехаў у горад Цытаў зь лягеру-школы беларускай моладзі ў Драйсыг-Акэр (Турынгія), у якой атрымаў некаторую беларускую нацыянальную зарадку, але амаль ніякіх фаховых ведаў. А нашым галоўным "фахам" зьяўлялася — бараніць беларускіх дзяцей ад эксплюатацыі іх немцамі. Немцы ж хацелі, каб мы дапамагалі ім эксплюатаваць. Пра тое, што дзяцей трэба бараніць, я атрымаў наказ ад свайго папярэдніка Янкі, які, перадаўшы мне 50 хлапцоў у веку ад 12-ці да 15-ці гадоў зь Меншчыны, адляцеў у Бэрлін у нейкую дэсантавую школу. Перайшоўшы пад маю апеку, хлопцы былі вельмі непаслухмяныя. Скажам, пасьля вячэры, здаецца, а сёмай гадзіне, у калідоры будынку мусіла быць ціха. Будынак быў каменны, двупавярховы. На другім паверсе жылі "гітлерюгэнды", а на першым мы, беларусы. Будынак быў чамусьці вельмі акустычны, гудзеў, як звон, ад найменшага ўдару нагой аб падлогу. А ўдарала не адна нага, а болей за сотню. Немцы злаваліся, патрабавалі цішыні. Утры маць яе было цяжка. Хлапцы ня мелі што рабіць у сваіх пакоях, спаць так рана ісьці не хацелі, а таму яны, як мышаняты, вылазілі паціхутку з сваіх "норак" на калідор і шмыгалі туды-сюды, хіхікаючы й шаркаючы нагамі, забягалі ў пакой да дзяўчат, сьцягвалі зь іх коўдзеркі, а дзяўчаты падымалі піск і крык. Кіраўнічка дзяўчат не магла даць рады, клікала мяне, тады хлопцы, угледзеўшы мяне, уцякалі назад у свае "норкі", наступала цішыня. Але ненадоўга. Як толькі я грукаў дзьвярмі свайго пакою, даючы гэтым знаць, што мяне на калідоры няма, камэдыя пачыналася спачатку...

Яшчэ горш справа выглядала зь дзяўчатамі. Яны працавалі на фабрыцы и на кухні. Праўда, па калідоры яны ня бегалі так, як хлапцы, хаця й былі выключэньні, але ў нядзелю, у адпачынковы дзень, падымалі такі крык і плач, што можна было адурэць. Адны крычалі: "Дадому, дадому, дадому!" Другія: "Тата, тата, тата !.." Трэйція: "Мама, мама, мама!.." Кіраўнічка Мая прыбягала да мяне і не прасіла, а крычала: "Ідзі!.. Супакой дзяўчат, бо я ня ведаю, што зь імі рабіць!.." I я йшоў. А што мог зрабіць? Адно памятаю, я моцна крычаў : "Самалёты!.. Хутчэй у сховішча!" Гэта — памагала. Дзяўчаты саскоквалі з сваіх ложкаў, калі так можна назваць двупавярховыя драўляныя нары, і беглі ў падвал. Там, у падвале, прыходзілі да сябе, пераставалі плакаць, прыслухоўваліся да гулу самалётаў, якіх, як на злосьць, у гэты час ня было. Каб разьвесяліць дзяўчат, я "заганяў" туды, у падвал, і хлапцоў, якія жартамі ды насьмешкамі разраджалі атмасфэру...

На гэтым я затрымаўся адразу таму, што яно засталося ў маёй памяці на ўсё жыцьцё. Іншае, як харчаваньне, праца дзяцей, неяк праходзілі безь вялікіх узрухаў. Кажны дзень, апрача нядзелі, дзеці мусілі быць каля сваіх машынаў (такарных варштатаў). Маім абавязкам было завесьці хлапцоў у цэх, здаць іх майстру і вяртацца ў агульнажытак, каб а 12-й гадзіне пайсьці і прывесьці іх у харчэўню, дзе чакала "зупа" і "гэмюзэ". Перад тым як атрымаць той чаканы харч, хлапцы мусілі прасьпяваць некалькі нацыянальных беларускіх песьняў. Сьпявалі, елі ды паглядалі, каб яшчэ падлілі... Часам падлівалі... Пасьля полудня я ізноў адводзіў іх у цэх. Так кажны дзень.

Сказаць, што дзеці галадалі, я не магу, але й сытымі ня былі. Справа ў тым, што нямецкія "гітлерюгэнд" не зьядалі свае порцыі "зупы" і "гэмюзы" і аддавалі нашым дзецям. Але пазьней гэтае "аддаваньне" скончылася. Вось чаму. Неяк у сярэдзіне зімы 1944 году кіраўніцтва "Гітлер-югэнд" прапанавала мне зрабіць спаборніцтва ў сьнежкі. Добра падрыхтаваўшыся, мае хлапцы так усыпалі немчуранятам, што ня ведалі, куды ўцякаць, і ў "нагароду" за гэта спынілі "аддаваньне” сваіх харчоў.

Працавалі мае хлапцы ў такарным цэсе, які памяшчаўся ў невялікім будынку на паверхні зямлі над маторным цэхам, які зьмяшчаўся зямлёй. Працавалі шэсьці гадзін у пору. Працавалі сумленна, хвалілі нашых дзяцей. Канфліктаў ня было, завыняткам аднаго, калі майстра-немец набіў нашага юнака Івана за ўхілы ад працы. Іван, бадай, і заслужыў гэтага, бо быў гультаяваты, але мы паднялі бучу і немцы наківалі на майстра пальцам. Пасьля гэтага ўсё йшло спакойна.

У нядзелю, пасьля полудня, я зьбіраў дзяцей, хлапцоў і дзяўчат (апошніх было 50 у веку ад 12-ці да 15-ці гадоў), у невялікай залі і ім кніжкі. На вялікі жаль, беларускіх кніг у мяне ніякіх ня было, а таму чытаў ім расейскія, якія дастаў у "остаўцаў". Гэта былі Саланевіча пра савецкія канцлягеры ды яшчэ адна цікавая кніга, аўтара якой я ня помню, з часоў бурска-ангельскай вайны. Апрача гэтага ды сьпяваньня песьняў, займаліся мы вырабам цацак, крыху скрашвала шэрае невясёлае жыцьцё. Кажнай сыботы я й Мая вадзілі дзяцей у горад у лазьню. Наш знаходзіўся за пару кілямэтраў ад гораду. Часта праляталі англа-амерыканскія самалёты. Крычала сырэна. Тады ўсе жыхары рабочага пасёлку, остаўцы, мы й немцы ўцякалі ў поле, хаваліся пад кустамі, пад дрэвамі. На шчасьце, ні разу наш завод не бамбардавалі.

Побач з нашым домам знаходзіліся дамы, дзе жылі остаўцы. Апошнія амаль кажную нядзелю ладзілі танцы. Туды ўнадзіліся мае хлапцы. Я іх ня вельмі стрымліваў, бо гэтыя іх вылазкі да остаўцаў разьвейвалі сум і нуду, дапамагалі ўтрымліваць у нашым доме цішыню. Дазваляючы хлапцам хадзіць на танцы да остаўцаў, я парушаў забарону кіраўніцтва СБМ, якое баялася "заразіць" дзяцей бальшавізмам, носьбітамі якога былі остаўцы. Маіх дзяцей "зараза" не чапала, бо ж усе яны нарадзіліся ў той "заразе" ды на танцах ніхто прапагандай бальшавізму не займаўся.

Вясною 1945 году мы мусілі з Цытаў эвакуявацца далей ад чэхаславацкай мяжы. У які горад мы выехалі, не памятаю, але гэта было ў той самай Саксоніі. На новым мейсцы я доўга не затрымаўся, бо нехта Бах, дырэктар такога ж заводу Юнкэрса на новым мейсцы, чалавек добрай душы, каб выратаваць мяне й Маю ад канцлягеру, якога мы атрымалі завочна ў Цытаў на шэсьць месяцаў за "эканамічную контррэвалюцыю", адаслаў мяне ў Турынгію ў горад Троен памочнікам зьвязовага Алеся Х-ко, а Маю ў Дэсаў.

У Троен было 60-70 хлапцоў у веку ад 12-ці да 15-ці гадоў. Паходзілі яны з усей Беларусі. Тут я рабіў тое, што і ў Цытаў: вадзіў дзяцей у цэх, прыводзіў і г. д.

Неўзабаве прыйшлі амэрыканцы. Нашае кіраўніцтва хлапцамі скончылася, бо яны сталі кіраваць самі сабою: па цэлых днях прападалі каля амэрыканцаў, прыходзілі ў агульнажытак позна ўночы з пакункамі ежы, цыгарэтаў ды ... з чырвонымі зоркамі на шапках. Усё ж, даведаўшыся, што амэрыканцы Турынгію аддадуць саветам, мы сабралі хлапцоў і вывелі з Троен. Ішлі доўга на Захад, але па дарозе стаміліся, згаладаліся й рашылі зайсьці ў нейкім горадзе ў нейкі лягер остаўцаў, дзе ўвіхаліся цёмныя асобы ў старой палінялай чырвонаармейскай форме з кубікамі й трохкутнікамі на пятліцах... Гэта былі палонныя, якія зьбіраліся ехаць на радзіму. Зразумеўшы, куды мы трапілі, але, ня даўшы рады ўгаварыць хлапцоў ісьці далей, я зь сябрам увечары ўцяклі з гэтай пасткі... Што сталася з хлапцамі, ня ведаю. Напэўна, усе яны наехалі на Радзіму. Toe ж, бадай, сталася і з маімі гадунцамі з Цытаў".


16 красавіка 1968 г.

 

 

М.Ковыль б.

Кіраўнік групы

СБМ у Нямеччыне.


Успамін

"У пачатку лютага 1944 году я спаткаўся з калегам, які належаў да Саюзу Беларускай Моладзі. Ад яго я даведаўся, што СБМ хоча сабраць каля 200 маладых беларусаў і выслаць іх на курсы ў Альбэртыне, а пасьля на пару месяцаў у Нямеччыну, каб адтуль вярнуліся на Бацькаўшчыну як маладыя ахвіцэры.

Будучы маладым хлапцом (17 год), я на гэта згадзіўся. 19 лютага 1944 году я выехаў у Баранавічы, дзе меў спаткацца з прадстаўнікамі СБМ і атрымаць ад іх білет на цягнік да Альбэртыну.

У марозны дзень 20 лютага я прыехаў на станцыю Альбэртын, а адтуль пехатою прыйшоў у вялікі панскі двор на беразе невялікага возера. Там я спаткаўся з хлапцамі, якія ўжо сюды прыехалі. Усіх нас разам было каля 20 хлапцоў. Большасьць іх з-пад Слоніма.

Першыя дні правялі мы на вайсковых занятках і працы каля дому. Яда наша была надта дрэнная і было яе вельмі мала, так што мы хутка расчараваліся, але было ўжо запозна варочацца назад, бо адтуль нас не звальнялі. Як туды трапілі, дык там і засталіся.

Счакаўшы пару тыдняў, да нас прыехала каля 20 хлапцоў з-пад Глыбокага, а пасьля і зь іншых месцаў. Разам нас сабралі каля 90 хлапцоў. У пачатку красавіка 1944 г. нам далі троха болей есьці, што нас вельмі ўсьцешыла, а праз тыдзень сказалі, што мы выяжджаем у Нямеччыну.

Ціхаю раніцаю 7 красавіка мы выехалі ў Слонім. Там нас пасадзілі тры таварныя вагоны, высланыя ўсярэдзіне саломаю і з пастаўленымі печкамі для аграваньня. Мы прыехалі ў Баранавічы, дзе нашыя вагоны прычапілі да іншага цягніка й павязьлі нас на захад. Перад выездам нам выдалі сухія харчы на тры дні. Скарысталі мы й добра пад'елі, а пад'еўшы, павесялелі, нават пачалі жартаваць і сьмяяцца, думаючы, што куды мы ні заедзем, дык горш ня . Зачалі сьпяваць нашыя народныя песьні, якіх мы шмат навучыліся ў Альбэртыне.

Лявон Случчанін (Янка Шпакоўскі) выжыў і вярнуўся на Бацькаўшчыну, дзе перажыў новыя пакуты. - Заўв. рэд.

Цэлае падарожжа праз Польшчу й Чэхаславаччыну трывала 11 , і ўвесь час у гэтых самых вагонах і ў гэтай самай адзежы, дык санітарнае нашае становішча было незайздроснае. Па прыезьдзе ў Філях (Аўстрыя), нас высадзілі зь цягніка і проста завязьлі ў лазьню. Там ую вопратку ад нас забралі й мы яе больш ня бачылі — напэўна спалілі.

Прайшлі мы мэдыцынскі агляд і атрымалі іншую вопратку. Пасьля лазьні, зьмены вопраткі й цёплае ежы кажны з нас чуўся чалавекам. Калі нас пасадзілі ў самаходы, каб перавезьці да Мальты ў лягер, дык мы ізноў пачалі сьпяваць. Вечарам мы прыехалі ў Мальту. Мальта — гэта невялікая вёска ў сярэдзіне Альпаў. Даехаць да яе можна з Гмюнду толькі адною дарогаю, і там яна канчаецца. Нашае памешканьне было ў дзераўляных бараках, за якімі быў вадаспад, і ягоны шум заглушаў усё. З гэтае прычыны людзі не маглі гаварыць нармальна, паціху, а голасна, к неяк троха дзіка гэта выглядала.

На другі дзень нас рана разбудзілі, падзялілі на тры групы, далі сьнеданьне — і давай да муштры і да працы. Па пару тыднях хлопцы загарэлі й досыць добра выглядалі.

Свабодны час мы мелі пераважна вечарам або ў нядзелю. Тады мы зьбіраліся ўсе разам, вучыліся нямецкае мовы й нямецкіх песьняў. Падчас муштры мы сьпявалі заўсёды свае песьні, і аўстрыякі, відаць, так іх любілі, што часта прасілі нас, каб мы ім засьпявалі.

Нашыя адносіны да аўстрыякаў, а таксама іх да нас былі вельмі добрыя. У Мальце мы даведаліся, што бальшавікі зноў занялі Беларусь і шмат нашых знаёмых трапіла ў іхны палон. З гэтаю весткаю скончыўся наш сон і мары аб скорым павароце назад на Бацькаўшчыну.

20 ліпеня да нас прыехалі госьці зь Беларусі — амаль цэлы штаб СБМ, якому ўдалося ўцячы ад бальшавікоў. З гэтае нагоды мы арганізавалі невялікую вечарыну й танцавалі да позьняй ночы. Нашы госьці шмат нам расказвалі аб падзеях на Бацькаўшчыне, але радаснай весткі ніхто не атрымаў. Па пару тыднях госьці выехалі з Мальты, а мы таксама пачалі рыхтавацца да выезду. Большасьць нашых хлапцоў выехала ў Эгэр, дзе немцы сабралі іншых беларусаў, якія ўцяклі ад бальшавікоў, і пасьля далучылі іх да дывізіі Зыглінга. Нас, 10-цёх хлапцоў, выслалі ў Бэрлін (там мы якісь час прабылі ў школе) і адтуль выслалі ў аддзелы Зыглінга ў Баварыі, дзе муштравалі нас на жаўнераў.

Пасьля мяне й другога сябру выслалі ў школу стральцоў у Чэхаславакіі. Там правялі мы Вялікдзень 1945 году й адтуль выслалі нас на фронт, які цяпер набліжаўся вельмі хутка. Нас толькі двое трапіла ў нямецкую дывізію, і нас накіравалі на Вену. Я там быў ранены й эвакуяваны ў глыб Аўстрыі, Быў я ў шпіталі. Прыйшлі амэрыканцы, нічога дрэннага яны нам не зрабілі. Аб нашых хлапцох нічога больш ня чуў аж да спатканьня з другім у Англіі. Што сталася з бальшынёй маіх сяброў, я ня ведаю."


Красавік 1969 г.

Англія

З.С.


Беларуская эміграцыя

Канец чэрвеня й пачатак ліпеня 1944 году былі канцом жорсткае нямецкае акупацыі Беларусі й пачаткам масавае эміграцыі яе насельніцтва на Захад Эўропы.

Пад націскам бальшавіцкіх ваенных сілаў нямецкая армія на ўсходнім фронце паступова адыходзіла на захад, а сьледам за ёю йшлі бальшавікі. Насельніцтву Беларусі надарылася нагода выкарыстаць адчыненыя дзьверы, і вялікая колькасьць беларусаў пакінула Бацькаўшчыну й накіравалася на Захад. Ехалі чыгункаю, вазамі, запрэжанымі коньмі або каровамі, ішлі пехатою.

Асноўнаю прычынаю гэтага трагічнага зьявішча была савецкая дзяржаўная паліцыйная сыстэма, узначаленая генеральным сакратаром бальшавіцкай (камуністычнай) партыі Сталінам, самым неабмежаным і самым лютым дэспатам, якіх ведала гісторыя. За час ягонага панаваньня розным спосабам былі зьнішчаныя мільлёны бязьвінных беларускіх сялян, працаўнікоў і інтэлігенцыі.

Па дарозе на Захад частка ўцекачоў затрымалася на тэрыторыі Польшчы, частка загінула, а рэшта разышлася па ўсёй Нямеччыне, Чэхах і Аўстрыі. Там яны трапілі ў працоўныя лягеры зь нямецкай адміністрацыяй, дрэнным і недастатковым харчаваньнем, праўна абмежаванымі й ува многіх лягерох з прышытай на рукаве ці грудзіне “беларускай латай", каб гэтым адрозьніваліся ад немцаў. Гэтая шматлікая беларуская эміграцыя складалася зь інтэлігенцыі, працоўных, моладзі і, пераважна, сялян.

Разам зь беларускай эміграцыяй зь Менску ў Бэрлін прыехала ў складзе Беларуская Цэнтральная Рада, а таксама частка некаторых арганізацыяў моладзі, як Беларуская Служба Бацькаўшчыне й Беларускай Моладзі ды інш.

Лягеры для беларускіх дзяцей і падлеткаў

Дэсаў

Дэсаў — гэта вялікі фабрычны горад у Саксоніі. У часе вайны фабрыках у горадзе і ягоных ваколіцах былі лягеры для працаўнікоў з Усходу (остарбайтараў). Апрача працоўных лягераў, былі яшчэ асобныя лягеры для беларускіх дзяцей — хлапцоў і дзяўчат, вывезеных немцамі з Смаленшчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны, Віцебшчыны й Арлоўшчыны. Большасьць дзяцей была ў веку ад 6-ці да 13-ці гадоў. Былі й старэйшыя. Усе дзеці былі без бацькоў.

Лягер у старым горадзе

Група наймалодшых дзяцей (каля сотні) жыла ў лягеры, які быў у старой (Альтштат) частцы гораду, цяпер разьбітай бомбамі. Памеш каньні мелі ў дзераўляных бараках. Хлопцы й дзяўчаты жылі ў лягеры а й мелі сваё Кіраўніцтва. Кіраўніком хлапцоўскае групы ад беларусаў быў прызначаны сп. П.Манькоў, а ад немцаў — інвалід-немец, які і быў фактычным Кіраўніком хлапцоўскае групы.

Кармілі дзяцей, як і ўсіх чужынцаў, дрэнна, пераважна зупаю з рэпы. Адзежы й абутку таксама амаль не давалі. Дзеці насілі тую а паношаную вопратку, у якой яны выехалі з Бацькаўшчыны.

Мыцца дазвалялі пад душам, але дзеці, намыліўшыся плынам-сурагатам мыла, не заўсёды пасьпявалі апаласкацца, бо вада хутка закрывалася.

Адносіны немца-кіраўніка да беларускіх дзетак былі нэгатыўнымі: выганяў на муштру амаль голых і босых, змушаў іх поўзаць на каленях па зямлі, не абмінаючы лужын вады й балота. Хто зь дзетак ня выконваў ягонага загаду, быў біты гумовым кіем або лазінаю. Наагул стасаваў ён дзікія мэтады ў дачыненьні да дзяцей.

Дзеці былі пад непасрэднаю апекаю сяброў СБМ, але ня поўнасьцю, бо над імі мела нагляд і Кіраўніцтва. Апякункі з СБМ як маглі стараліся аблегчыць жыцьцё дзяцей, часта наражаючыся на прыкрасьці й небясьпеку з боку Кіраўніцтва. Апякункі падтрымлівалі ў дзетак беларускі дух, вучылі іх чытаць, сьпяваць беларускія песьні, ладзілі для іх пастаноўкі й гульні, апавядалі ім казкі. Паміж сяброўкамі СБМ і дзеткамі панавала ўзаемная любоў і пашана.

Лягер "Капэн" каля Дэсаў

“У канцы чэрвеня 1944 году пачалася масавая эміграцыя беларусаў на захад. Пакінула я Флярыянова, дзе адбываліся курсы СБМ, і ў першых днёх ліпеня апынулася ў горадзе Тропаў ва Ўсходніх Судэтах, у Чэхіі. Тут сабралася вялікая група юначак і юнакоў СБМ. Усіх тых, хто да гэтага часу не займаў кіраўнічага становішча ў СБМ або ня меў асьветы, немцы паслалі на працу ў бліжэйшыя да Тропаў фабрыкі. Там яны працавалі разам з чэхамі й добра чуліся.

Частку юначак немцы паслалі ў Мальту, каля гораду Спіталь у Альпах. Мальта — гэта цудоўная даліна: з трох бакоў горы й тры вадаспады, якія шумяць бязупынна. Там мы ўжо засталі шмат беларускіх хлапцоў, былых курсантаў СБМ з Альбэртына. Пазьней амаль усе яны пайшлі ў беларускае войска.

Пасьля двутыднёвага пабыту ў Мальце ўсе дзяўчаты выехалі ў Бэрлін. Там іх прыдзялілі на працу пры кухнях. Гэта было зроблена без паразуменьня з Галоўнай кіраўнічкай юначак СБМ Абрамавай. Яна адпрасіла ў немцаў толькі мяне й Люсю Г. ад працы ў кухні, і нас паслалі ў лягеры дзяцей для апекі над імі.

Прыехалі мы ў найбольшы пераходны лягер для дзяцей — Капэн, каля гораду Дэсаў. Тут сярод лесу ў новых бараках памяшчалася некалькі сотак хлапцоў і дзяўчат у веку ад 7 да 14-ці гадоў. Даволі прасторныя пакоі ў бараках былі застаўленыя двупавярховымі ложкамі, зьбітымі з дошчак. У гэтых ложках ды й наагул ува ўсіх бараках было шмат плюсак (клапоў).

У лягеры было 13 матак, якім немцы дазволілі выехаць разам зь дзецьмі. Памятаю адну матку, якая расказвала, што ў іх немцы набралі некалькі вагонаў хлапцоў у веку 6-7 гадоў, і яе сынка ўзялі. Ёй дазволілі ехаць з сынам або з дочкаю Броняй. Але таму, што Броньця была хваравека, дык матка вырашыла ехаць зь дзяўчынаю. Казала: “Сынок плакаў, жаліўся, што ён маленькі і мама ня едзе зь ім". Д-р Н.Абрамава гаварыла, што яна старалася знайсьці гэтых хлапцоў, але сьлед іх прапаў. Усе дзеці былі з Усходняй Беларусі, найбольш з Палесься. Што сталася зь іх бацькамі — няведама. Немцы ўсіх іх сагналі ў гумно, дзетак адабралі й вывелі зь яго. Можна здагадвацца, што ўсіх асталых у гумне спалілі.

Пад канец вайны ў лягер прывязьлі 16-20-гадовых дзяўчат, якія з бацькамі капалі акопы каля Лодзі. Былі амаль пэўныя весткі, што іхных бацькоў немцы пастралялі. Параўнальна зь іншымі лягерамі, харчы для дзяўчатак, як на той час, былі нядрэнныя. Усе падлеткі залічаліся да дзяцей і атрымлівалі малако. Абед давалі, як і ўсім чужынцам, у агульнай сталовай. Вячэру прывозілі ў лягер на кватэру.

Галоўнай кіраўнічкай лягеру была немка. Ёй дапамагалі 5 жанчын-фольксдойчаў з Украіны. Апрача іх, было 6 беларускіх кіраўнічак дзяўчат і некалькі кіраўнікоў хлапцоў.

Лягер Эбэрсбах

Капэн быў транзытным лягерам. Дзеці гэтага лягеру мелі знаёмых у Магдэбургу, Дэсаў, Эбэрсбах і Крымічаў. Усе яны, магчыма, былі з суседніх вёсак. Мяне меліся выслаць з групай дзяўчат і дзьве маткі ў Касэль, каб стварыць там новы лягер, але Касэль і фабрыка загарэлі. Пасьля гэтага стварылі новую групу, якая складалася з 30-ці дзяўчат і 30-ці хлапцоў, і ўвосень я зь імі выехала ў Эбэрсбах, каля Дрэздэна. Там мы ўжо засталі групу дзяцей, сярод якіх знайшлося шмат знаёмых.

У лягеры было 50 дзяўчат у веку ад 10-ці да 17-ці гадоў і столькі ж хлапцоў ад 11-ці да 16-ці гадоў. Усе дзеці былі з Савецкай Беларусі, пераважна з Палесься. Пад маёю апекаю былі дзяўчаткі. Для дапамогі я мела малодшую кіраўнічку й дзяўчыну, якая не належала да СБМ, але была прызначана немцамі на працу яшчэ перад маім прыездам у Эбэрсбах.

Памешканьне ў Эбэрсбах мы мелі ў старым фабрычным будынку. Харчаваліся так, як летувіскія й латыскія працаўнікі. Вопратку атрымлівалі часьцей і лепшую, чым у іншых лягерах. Бацінкі давалі на дзераўлянай падэшве, такія, якія атрымлівалі ўсе сябры СБМ. Самі грэлі ваду і ў ёй мылі нацельную й пасьцельную бялізну й вопратку. Раз на тыдзень мыліся цёплаю вадою ў ваньне. Дзеці самі прыбіралі ў сваіх пакоях.

У лягеры быў дантысты й лекар для ўсіх чужынцаў. На шчасьце, ніхто не хварэў. Санітарны агляд дзяцей праводзіўся рэгулярна. Хлеб, малако, суп і дадаткі на сьнеданьне ці вячэру самі дзялілі. Работы дня дзяцей было няшмат: дзяўчаткі й хлопцы замяталі ў фабрыцы, памагалі на кухні, а некалькі старэйшых працавалі на фабрыцы.

Дзяўчаткі ў бальшыні былі надта запалоханыя, недаверлівыя, часамі вельмі хітрыя. Былі сярод іх нязвычайна добрыя, а былі й немагчымыя. Былі ў мяне дзьве сястрычкі з-пад Смаленску — вельмі мілыя й лізухі. Яны час ад часу падымалі агульны гістэрычны плач: усе плакалі аж да зьнямогі, і назаўтра мала хто мог падняцца з пасьцелі, проста як пасьля цяжкай хваробы. Пазьней, калі гэтыя сёстры пачыналі плакаць, забірала я іх да сябе або казала ім выйсьці на двор, а без кампаніі яны самі пераставалі плакаць. Калі мяне ня было ў памешканьні, як сёстры пачыналі плакаць, дык дзяўчаткі шукалі мяне, каб я іх супакоіла, бо ніхто не хацеў хварэць. Некаторыя з маіх дзяўчатак пабывалі з бацькамі ў Сібіры, на ссылцы. Расказвалі яны жудасныя рэчы.

Вучылі мы дзяцей як у школе: чыталі, пісалі, пяялі беларускія песьні, апавядалі казкі, забаўляліся ў розныя гульні, адным словам, рабілася ўсё магчымае, каб хоць троха скрасіць гэтым няшчасным дзеткам іх шэрае, аднастайнае, сірочае жыцьцё на чужыне.

Лягер Крымічаў

"Калі фронт наблізіўся да Эбэрсбах, дык напачатку сакавіка 1945 году выправілі нас пешкі на Захад. Ішлі мы амаль тыдзень да гораду Крымічаў. Па дарозе нас добра спатыкалі: давалі харчы й начлегі.

Дзіцячы лягер у Крымічаў быў у горадзе. Усе жылі ў вялікім доме фізкультуры. Тамтэйшыя Кіраўнічкі дзяцей прынялі нас вельмі няпрыхільна, бо мы іх моцна пацясьнілі. Пачалося горшае жыцьцё, бо ня было для нас працы, таму нам прыдзялілі толькі палову харчовага пайку. Было галаднавата, і я захварэла на цынгу.

У сакавіку фронт набліжаўся з двух бакоў. Дзяцей-хлалцоў і зь імі 2-х іх Кіраўнікоў вывезьлі ў лягер дзесь за Крымічаў.

Дзіцячыя лягеры ў Дэсаў, Магдебургу, Эбэрсбах і ў Крымічаў былі сьпярша занятыя амэрыканцамі. Скончылася вайна. Дзяцей устрымаць ад выезду дадому было немагчыма, бо ўсе рваліся да бацькоў, і мы іх разумелі.

Каб не пакінуць падлеткаў остаўцам і савецкім ваеннапалонным, некаторыя Кіраўнікі вярнуліся разам з падлеткамі ў Савецкі Саюз. Знаю некалькі Кіраўнікоў і Кіраўнічак СБМ, якія вярнуліся дадому. Адных зь іх там ня судзілі, а іншых асудзілі на 25 гадоў ссылкі ў Казахстан, але пасьля 5-7-мі гадоў вярнуліся дадому або ў Польшчу. Шмат Кіраўнікоў і Кіраўнічак, а нават і троха падлеткаў асталіся ў Нямеччыне.

Узгадаваць сіротаў на чужыне было цяжка; каб сэрца за іх не балела, то было б лягчэй, а я зь імі і спала, і ела, і купалася раз на тыдзень, хацелася ўзгадаваць, памагчы...

Прайшлі гады. Так хацелася б ведаць, што зь імі цяпер, колькі зь іх вырасла на добрых пачэсных людзей, а мо хто й вышэйшыя школы скончыў, бо былі працавітыя й здольныя..."


6.8.1969 г.

Чыкага. ЗША

Вольга


Саюз Беларускай Моладзі (СБМ)

Саюз Беларускай Моладзі паўстаў 22 чэрвеня 1943 году. Камісар акупаванай немцамі Беларусі Вільгэльм Кубэ на сходзе беларускіх прадстаўнікоў у Менскім тэатры ўрачыста абвесьціў, што нямецкія ўлады дазваляюць беларускай моладзі стварыць сваю арганізацыю — Саюз Беларускай Моладзі, у скароце СБМ.

Арганізацыя СБМ хутка пашыралася на тэрыторыі Беларусі. Дакладных зьвестак пра колькасьць юнакоў і юначак у СБМ няма, але паводле атрыманых вестак ад некаторых Кіраўнікоў СБМ, у раёнах у сярэднім было 500-600 сяброў і сябровак, а ў Менскай акрузе каля 3000.

Адміністрацыйна Саюз Беларускай Моладзі дзяліўся на акругі (іх 17), раёны (паветы), сэкцыі (гміны, школы) й грамады (вёскі) арганізацыйна-адміністрацыйнай працай у Беларусі кіраваў Галоўны Штаб СБМ, які ў сваю чаргу дзяліўся на аддзелы: арганізацыйны, кадраў, прапаганды й жаночы.

Кіраўнікі й Кіраўнічкі СБМ насілі на наплечніках адмысловыя адзнакі службовых ступеняў (рангаў). Ступені йшлі зьнізу ўверх наступным парадкам: старшы юнак, юначка, дружыновы (-вая), грамадовы (-вая), старшы грамадовы, старшая грамадовая, зьвязовы (-вая), старшы зьвязовы, старшая зьвязовая, сэкцыйны (-ная), падправаднік (-нічка), праваднік (-нічка), старшы праваднік, старшая праваднічка, штандаровы (вая), шэф штабу і шэф-праваднік.

Сябры й сяброўкі СБМ віталіся міжсобку словамі "Жыве Беларусь!" Паступова ўводзілася ў звычай сяброў СБМ на пахвалу старшага адказваць не традыцыйным "дзякуй", а "Служу Банькаўшчыне!"

Галоўны Штаб у Менску выдаваў друкам для беларускай моладзі часапіс "Жыве Беларусь". Сваім зьместам меў ён характар нацыянальна-ўзгадаваўчы й адміністрацыйны.

Для падрыхтоўкі кадраў Кіраўніцтва Саюзу Беларускай Моладзі былі арганізаваныя спэцыяльныя курсы ў Альбэртыне й Менску для юнакоў, а ў Драздох і Флярыянове для юначак.

Шасьцітыднёвыя курсы Кіраўнікоў СБM у Альбэртыне каля Слоніма былі адчыненыя 15.7.1943 году. Кіраўніком іх быў немец банфюрэр Мэнцэль зь нямецкага дзяржаўнага кіраўніцтва моладзі (Райхсюгэндфурунг). Кажны курс меў свайго кіраўніка па беларускай лініі.

На першым курсе было 16 кандыдатаў на Кіраўнікоў моладзі, на другім 30, а на 3-м да 6-га ўлучна ад 60 да 70. Курсы Кіраўнікоў моладзі ў Альбэртыне спыніліся ўвесну 1944 году дзеля наступу Чырвонай арміі. Кіраўніцтва курсаў апынулася ў Бэрліне.

Рэжым на курсах быў паўвайсковы. Ад над'ёму да спачынку вяліся інтэнсіўныя заняткі: фізкультура, вайсковая муштра, вывучэньне беларусаведы й іншыя. У полудзень курсанты мелі паўтары гадзіны прымусовага адпачынку.

Дзень курсанта пачынаўся гімнастыкай, потым сьнеданьне, вайсковая муштра, вайсковы вышкал у полі, полудзень, адпачынак. Папоўдні беларусаведа: гісторыя й геаграфія Беларусі, грамадазнаўства, сьпевы. Як дапаможнік да вядзеньня заняткаў быў выданы друкам па-беларуску Рэгулямін Вайсковай Муштры, а для тэарэтычных заняткаў прысылаўся з Штабу СБМ у Менску "Вучэбны лісток", якім і пазьней маглі карыстацца акруговыя й павятовыя Кіраўнікі СБМ. <