|
МАРНІ ВУДРОЎ (MARNIE WOODROW) нарадзілася ў 1969г. у г. Орыла (Orillia), што ў Антарыё (Канада). Выкладае курс прыгожага пісьменства ва ўнівэрсытэце Таронта. Марні выдала дзьве кнігі апавяданьняў: «Чаму мы заплюшчва ем вочы, калі цалуемся» (Why We Close Our Eyes When We Kiss) у 1991 г. і «Дом зь перцам» (In The Spice House) у 1996 г. Яе першы раман «Як Місісіпі варкоча» (Spelling Mississippi) — гісторыя каханьня дзьвюх дзяўчын — пабачыў сьвет у 2002г. і атрымаў Першую прэмію ад кампаніі Amazon.ca.
Марні Вудроў (як яна гаворыць пра сябе на сваім ўэб-сайце www.marniewoodrow.com) жыве, пэцкае паперу, глытае кнігі, фатаграфуе й наагул свавольнічае дзе толькі можна ў Таронта. Да свайго 40-годзьдзя плянуе выдаць новую кнігу.
У Ідэн Хавард ёсьць адзін яркі ўспамін зь дзяцінства. Зьвязаны ён з сабакам. І хаця гэты сабачы досьвед быў зусім не прыемны, ён усё ж не абверг ейнае любові да сабак. Было ёй тады пяць ці шэсьць, і была яна здурэўшы па суседзкай нямецкай аўчарцы — псіне зь дзікаватымі вачыма па мянушцы «Лінда». Яна аж шалела за гэтай Ліндай з усімі яе блохамі, сьлінявым носам і сьмярдзючай поўсьцю. І ўжо калі дзе й можна было яе знайсьці, дык гэта ля сабакі, дзе яна, седзячы на карачках, будзе шаптаць яму нешта бясконца пяшчотнае. Сабака ведаў усё, што толькі можна было ведаць, з жыцьця няшчаснае Ідэнінае сям'і.
— Не чапай сабакі, калі ён есьць, — сказалі Ідэн рослыя постаці дарослых.
— Лінда любіць мяне! — заўпарцілася Ідэн. Ну й, вядома, яна тут жа завярнулася й ляпнула Лінду па сьцёгнах — акурат калі сабака, звычайна рахманы, пад'ядаў сваю вячэру — наўмысна дзеля доказу, што Лінда любіць Ідэн безумоўна.
Ненавідзе ла Лінда таксама безумоўна й адказала на сяброўскую Ідэніну тузанку скрыгатам зубоў. Пасьля шаснаццаці швоў Ідэн атрымала першую «а-што-я-табе-гаварыў» дозу ад тых самых дарослых. Але яе любоў да Лінды, як і павага да яе пэрсанальных межаў, толькі паглыбелі. Зрэшты, гэта, напэўна, і стала пачаткам яе дзівацкае страсьці да сабак, і нават апантанасьці.
Ідэн не дазвалялі мець свайго сабаку. Яе бацькі валодалі глыбокім ахоўным пачуцьцём у вадносінах да белага калматага дывановага насьцілу ў іхнай хаце й адмовіліся прымаць жывёлаў якога б там ні было віду, уключаючы й гома сапіенс, абутых у чаравікі. Ідэн узьненавідзела гэтыя дываны, таму што яны паўсталі паміж ёй і магчымасьцю мець свайго собскага любага шчанючка. Сабакі, як сказала мама, толькі й робяць, што жаруць, нагаўняюць і згрызаюць антыквар зараз жа, як толькі ты да іх сьпінай.
— Я буду сачыць за ім, — абяцала Ідэн, але маміна рашэньне было канчатковым.
— У твайго бацькі алергія, — сказала мама, хаваючы вочы.
— А што, Лінда багата нагаўняе? — спыталася Ідэн у дзядзькі. Таго, што карміў Лінду й гуляў зь ёю ды меркаваў сябе ейным гаспадаром.
— Халера, яшчэ як! — адказаў дзядзька. — А ты думаеш, чаму мы больш ня робім барбэкю на заднім дворыку? — ён заткнуў нос і вымавіў глыбокае «фу-у-у!».
— А можа, мы маглі б завесьці сабаку, які ўмее карыстацца лазёнкай? — упрошвала Ідэн маці.
— А можа, ты магла б убіць у сваю галаву штосьці іншае, акрамя сабакі! Далібог, Ідэн, не дуры мне галавы ўсёй гэтай сабачай балбатнёй. Сабакі ня ходзяць у лазёнку! І не хачу я ніякага сабакі ў маёй купальні. Яны сьмярдзяць!
Ідэн успомніла пра парфуму, што маці вылівала на сябе кожны дзень, — тую, ад якой у Ідэн цяклі сьлёзы й запірала ў горле, і толькі дзівілася, як гэта можна ўважаць, што сабакі сьмярдзяць.
— Нам, відаць, ня варта хадзіць зь ёй на «Лэсі вяртаецца дамоў», — сказала неяк маці свайму мужу, лежачы ў ложку. — Яна ж апантаная за гэтымі сабакамі.
Містэр Хавард перавярнуўся на бок і ўздыхнуў:
— Будзь яшчэ радая, што яна ня з тых «конскіх дзяцей», Мэдлін.
— Ты гэта пра што?
— Ну, ведаеш, — ён пазяхнуў у падушку, — тыя дзяўчынкі, што носяцца вакола галопам і думаюць, што яны — коні. У Фрэда Конара вось такое дзіцё, і яму каштуе цэлую вязанку грошай, каб угаварыць яе зьесьці што-небудзь іншае, акрамя яблыкаў і цукровых кубікаў. Кажа, яна нават набыла сабе нейкія «жавальныя зубы» й больш нічога ня хоча рабіць, адно што іржаць. Ідэн проста ў такой фазе, яна перарасьце гэта. Мая чарга шампуняваць дываны заўтра ці твая?
— Твая, — буркнула місіс Хавард.
«Конскія дзеці»? І дзе ж гэта ён пабачыў хоць адно такое?
* * *
Ідэніна дзяцінства цяпер далёка. Ёй трыццаць два. Ні дзяцей, ні мужа, толькі псыхіятар.
Некалі яна хацела стаць вэтэрынарам, але, калі прафэсар паклаў перад ёй здохлага пудзеля й заявіў, што яны зараз будуць расчляняць ягоны мозг, яна зьбегла з унівэрсытэцкае лябараторыі й больш туды не вярнулася. О, вядома, яна магла б стаць сабачай цырульніцай ці фатографам, але ж ня кожны можа пераплавіць свой боль у кар'еру.
Ідэн прызналі непрацаздольнай, і яна жыла на псыхіятрыч ную пэнсію ўжо даволі часу. Хаця ейны выпадак незвычайны й, напэўна, беспрэцэдэнтны (ці, прынамсі, іншыя такія ж не былі задакумэнтаваныя, як гэта бывае), ейны псыхіятар сочыць, каб даглядалі яе добра. Ён — стары сябра сям'і й ведае інтымныя падрабязнасьці пра белыя калматыя дываны, якія, як ён падазрае, і сталіся прычынай Ідэнінага трывожнага сымптому. Сам аднойчы быў брутальна выгнаны з Хавардавага дому за тое, што пасьмеў ня зьняць галёшы, і цяпер віну за свой выніковы страх перад прэзэрватывамі ён ускладае менавіта на Хавардаў.
Цяпер, урэшце жывучы адна, Ідэн, вядома, магла завесьці сабаку, што яна й зрабіла. Яна знайшла Дэбі ў мясцовым SPCA*. Дэбі — нейкая помесь колі — нагадвала ўлюбёную старую Лінду. Любоў была кароткая, бы «палёт зьнічкі» (як Ідэн потым называла гэта), таму што Дэбі напаткала хуткая сьмерць. Праз тры тыдні, як яна прыйшла жыць разам зь Ідэн у яе кватэру ў цэнтры гораду, Дэбі ўзяла й сіганула з балькона. Яна б яшчэ выжыла ад падзеньня, каб раптам на ходніку не зьявіўся маньяк на роліках і не прыкончыў яе, перарэзаўшы, калі яна, ачумелая, ляжала скуголячы на бэтоне. Прыгнечаная горам і зусім ачмурэлая, Ідэн лічыла: менавіта тое, што яна не купіла сабачага корму ў прыгожанькіх абгортках, спанукнула Дэбі да сабачага самагубства. Боль страты быў такі невыносны, што яна паклялася больш ніколі не заводзіць сабакі. З тае пары яна задавольвала сваю любоў толькі збоку, вачыма, адорваючы ўсёй сілай свае вялікае пяшчоты й тым, што яна ўяўляла сабе як «тэлепатычную сабачую размову», кожнага сабаку, зь якім сутыкалася.
— Як справы, Ідэн? — пытаецца доктар Гелбэр.
Сёньня аўторак, пасьля полудня. Доктар сядзіць, ёмка ўладкаваўшыся ў сваім вялікім фатэлі «хлопчык-лайдачык», на ягоным твары — фатаздымак жоўтага рэтрывэра. Гэта іхны мэтад— «прымер-павер» тэхніка, на якую яны аднаго дня выпадкова трапілі.
Было тое ў нейкую дажджлівую сераду, і доктару Гелбэру тады хацелася паддаць настрою Ідэн. Весяліць пацыентаў не ўваходзіла ў ягоныя прафэсійныя абавязкі, але яго гэта не абыходзіла. Спагадлівасьць да Ідэн часам рабіла яго непрафэсій ным. Ён дурасьліва прыклаў да свайго твару часопіс «Сабачыя фантазіі» й прамовіў радасным тонам:
— Прывітаньне, Ідэн! Я — Барні Жоўты Рэт! Як маесься сёньня?
Упершыню за гады Ідэн адказала на гэтае пытаньне шчыра. Што было б подзьвігам для любога, калі над гэтым задумацца.
— Поўны гамон, — буркнула яна суха.
Утаропіўшыся проста ў вочы Барні Жоўтага Рэта (доктара Гелбэра, на якога яна ўжо забылася), Ідэн працягвала:
— Часам я не хачу быць тут.
Здагадаўшыся па той бок часопіса, што прабіў-такі пралом у муры, доктар Гелбэр зрабіў наступны крок тым жа вясёленькім сабачым голасам:
— Што ты маеш на ўвазе, Ідэн? Ты ня хочаш быць тут, у гэтым кабінэце?
— Я маю на ўвазе — у гэтым сьвеце, — ціха сказала Ідэн, ня зводзячы вачэй з Барні. Яе апанаваў такі парыў любові, што яна ледзь уседзела ў сваім «лайдачыку». — Я ні з кім не магу гаварыць, ні на кога не магу глядзець. Гэта жахліва.
— А чаму ты ня можаш ні на кога глядзець? — зацікавіўся Барні/д-р Гелбэр.
— Я не выношу тое, што бачу ў людзкіх вачох, — закруціла галавой Ідэн. — Я шалею ад усяе іхнае нудоты... і падазронасьці... і злоснасьці.
— І гэта табе некага нагадвае? — настойваў Барні.
— НЕ! — ускрыкнула Ідэн з жарсьцю. — Гэта доктар Гелбэр увесь час імкнецца скіраваць мяне так, каб я вінаваціла сваіх маці й бацьку ў тым, што са мной нешта ня так. Але я ведаю, што ён — проста мех гаўна, які абчытаўся Фройда ў сваім коледжы.
— Тады чаму ж ты лічыш, што ня можаш ні на кога глядзець? — напіраў Барні, намагаючыся забыцца на тое, што доктара Гелбэра, які быў па другі бок ад яго, толькі што вэрбальна абразілі. Цярпець гэткія паскудзтвы БЫЛО ягоным прафэсійным абавязкам. Таму ён вытрымаў Ідэніну крытыку, усьцешаны тым, што яна думае, быццам яго тут няма.
— Я хачу пацалаваць цябе, — раптам сказала Ідэн, ускочыла са свайго «лайдачыка» і ўляпіла буську ва ўсьмешлівую папяровую Барневу пысу. Потым заплюшчыла вочы й аддалася пацалункам. Доктару Гелбэру аж запёрла дых па-за нумарам «Сабачых фантазіяў», і ён паабяцаў сабе, што зробіць тлумны запіс адразу, як Ідэн пойдзе.
— Я люблю цябе, Барні, — прастагнала яна, падаючы зноў у свой фатэль.
Гэтая знаходка, як вы здагадваецеся, пацягнула за сабой іншыя, і доктар Гелбэр ужо цешыўся прадчуваньнем «новых земляў» у псыхіятрычным сьвеце. Нічога так не задавальняе, як адкрыцьцё новых формаў мэнтальных хваробаў.
Сёньня, з сабачай пысай на сваім месцы, доктар Гелбэр цярпліва чакае Ідэн, каб пакончыць з пацалункамі самога Барні. Яна не спазьняецца на прыём. Урэшце. На тэрапэўтычнай мове гэта называецца — прагрэс. У яго ёсьць новая ідэя, але ён хоча дачакацца, каб Ідэн дала ёй хады сама.
— Ну, як прайшоў тыдзень? — спанукае ён.
— Два мопсы, чатыры джэк-расэл тэр'еры й два шы-тсу, — ківае Ідэн. — Мы мелі глыбокія зносіны. У парку. Размаўлялі пра палітыку.
— А як выглядалі іхныя гаспадары? — наважваецца доктар Гелбэр хрыпатым Барневым голасам.
— Адкуль мне ў дупу ведаць? — пытаецца Ідэн па-сапраўд наму напалохана.
— Ну-у... э-э... Слухай, Ідэн, мне прыйшла адна добрая ідэя нядаўна ноччу, калі я грыз сырамятную костку... Хочаш паслухаць, якая?
— Вядома, Барні, безумоўна хачу. Я люблю цябе.
— І я цябе, Ідэн. Вось мая ідэя: бачыш гэты партрэт сабакі— ён мой сябра, між іншага, — цудоўны стандартны пудзель, з усімі прышчэпкамі... Бадай што вазьмі яго з сабой і трымай у сваёй клумцы.
— Навошта? — трохі бянтэжыцца Ідэн. Ці не спрабуе ён гэтым нешта сказаць? Можа, ён больш ня хоча яе? Яна замірае ў сваім фатэлі, стаіўшы дыханьне, чакае.
— Бач, ты казала, што ў цябе ёсьць некаторыя цяжкасьці ў тваіх побытавых справах... Вось я й падумаў, што, каб ты насіла... здымак Бандэра з сабой. Ты магла б карыстацца ім, каб... праходзіць праз трывожныя моманты...
— Бандэр? — пытаецца Ідэн, беручы здымак, які працягвае ёй Барні/д-р Гелбэр. Ён плястыкавы, якасны, з усялякімі аздобамі. Яна запіхвае яго ў сваю клумку. І пасьля таго як Барні тлумачыць, як Бандэр будзе дапамагаць ёй заходзіць у аўтобус, рабіць пакупкі, — яна просіць, ці не маглі б яны проста трошкі пасядзець ціха.
— Можна пачасаць табе жывоцік, Барні? — з надзеяй прамаўляе яна. І па той бок часопіса доктар Гелбэр толькі кхеркае, запнуўшыся на паўслове. А што, к чарцям сабачым, мусіць ён адказаць на гэткае запатрабаваньне? А што калі Бэна, ягоная сакратарка, хавае відэакамэру дзесь у прыёмным пакоі й тады засудзіць яго на дзесяць мільёнаў даляраў? Аднак Ідэн чакае адказу, і доктар Гелбэр мусіць вярнуцца ў Барневу пэрсону. Барні— не з панікёраў, гаворыць сам сабе доктар Гелбэр. З часопісам на твары ён кладзецца на падлогу свайго прыёмнага пакою й чакае, калі Ідэн падыдзе й пачэша яму жывоцік.
«Госпадзе! Няхай бы той Бэне было не ў галаве...» — думае ён сабе, вымушаны асалоджвацца Ідэніным шкрабаньнем па ягоным жываце.
* * *
Ідэн рухаецца да касы супэрмаркету разам са сваімі пакупкамі, што ляжаць на стужцы канвэера. Ёй не падабаецца, калі ейныя ўважліва выбраныя тавары зьбягаюць ад яе наперад. Доктар кажа, гэта называецца «комплекс пакінутасьці» й што ў яе выпадку гэта дзіўнавата, бо місіс Хавард, Ідэніна маці, амаль ніколі не пакідала свайго дому. Яна сядзела ў хаце, як на варце,— сачыла, каб Ідэн не рабіла шкоды й не хадзіла па тых казачных дыванах. Насамрэч, у тыя рэдкія гадзіны, калі місіс Хавард рабіла вылазкі за прадуктамі, Ідэн была свабодная. На ейны розум, гэта было доказам таго, што доктар Гелбэр поўны гаўна, але не таго, якое можна сабраць у плястыкавы мяшок*. Вось Барні, ён жа ж насупраць, — сьвяты й мудры.
Назіраньне за сваімі прадуктамі, якія ўцякаюць ад яе па чорнай гумовай стужцы, напаўняе Ідэн трывогай. Але яна робіць глыбокі ўздых і праціскаецца да іх. Касірка пачынае пералічваць тавары, а Ідэн не адрывае вачэй ад свае клумкі.
— Цудоўны дзень, га? — заводзіць размову касірка.
Ідэн пачынае пацець.
— Так, — выціскае зь сябе Ідэн і вырашае, што цяпер самы той выпадак, каб паспрабаваць выкарыстаць фатаздымак Бандэра. Выцягвае яго з клумкі. Яна прычапіла ззаду да яго гумовую стужку — так, як навучыў Барні.
— Заўтра будзе дождж, — працягвае касірка, заглядваючы Ідэн у вочы.
— Ці пагадзіліся б вы, — пачынае Ідэн, працягваючы касірцы фатаздымак, — начапіць гэта на сябе?
— Хэх? — дзівіцца касірка. Яна паглядзела на гумовую стужку ззаду, акінула вокам краму: ці ня сочыць дзе мэнэджэр, паціснула плячыма:
— Добра. Чаму не? — і нацягвае карцінку з Барні сабе на твар. — Так?
Ейны голас прыглушаны кардонкай, але Ідэн уздымае вочы, марудна, уважліва. Сэрца яе ўзьнімаецца.
Утаропіўшыся ў вочы Бандэра, Ідэн гаворыць роўным, агрэсіўным тонам:
— Вось гэтая бляшанка тапіёкі — пагнутая. Будзьце ласкавы, зьніжку!
* * *
Жыцьцё Ідэн зьмянілася.
Вядома, некаторыя адмаўляліся надзяваць маску Бандэра. Працаўнік хімчысткі — той дакладна ўпёрты, так што Ідэн прыйшлося вярнуцца да прасаваньня сваіх блюзак самой. Але пераважна людзі былі даволі спагадлівыя. І яна радая паведаміць Барні/д-ру Гелбэру, што пасьпяхова зьдзейсьніла два паходы ў аптэку, адзін да хірапрактыка (спэцыяліст па хваробах ног. — Рэд.) і тры візыты да «Малочнае каралевы» ды што яна глядзела кожнаму проста ў вочы. З дапамогай Бандэра, вядома.
Але Ідэн зноў напалоханая, калі Барні бярэцца за старое:
— Ну, цяпер, Ідэн, — гаворыць ён ласкава, — як наконт сяброўства, спатканьня?
— НЕ, — трасе яна галавой. — Не напірай на мяне, Барні: ты дзейнічаеш, як адступнік. Я задаволеная ўсім, як ёсьць.
— Хіба ты не самотная? — настойвае ён. Ідэн трыццаць два, і яна цнатлівая. Гэта, вядома, добра. Але доктар Гелбэр упэўнены, што брак сэксу можа прывесьці да мэнтальных парушэньняў. Калі б у яго спыталі доказаў, ён бы паказаў на сваю жонку, Хілары.
Ідэн утаропліваецца ў Барні.
— Ты запрашаеш мяне на спатканьне?
— Э-э... не, Ідэн, баюся, у мяне ўжо ёсьць нехта дарагі... жонка. У нас... у сабак нават... яны ёсьць, разумееш.
— А дзе яна жыве? Як яе завуць? — пытаецца Ідэн усхвалявана. — У цябе ёсьць яе фота, каб мне паглядзець?
Думай хуценька, кажа доктар сам сабе. Пракашліваецца на самы лепшы сабачы манер, на які ён здольны, і кажа:
— Яна жыве за некалькі дзьвярэй ад мяне па маёй вуліцы. Яна... балёнка, завуць яе Тві — Твіты-Пай.
— Я хачу ўбачыць ейнае фота! — настойвае Ідэн.
— Ну... няма ў мяне з сабой, — заікаецца доктар.
— Ты носіш з сабой фота свайго найлепшага сябра Бандэра, а жончына — не? — кпіць Ідэн. — Доктар Гелбэр назваў бы гэта дзіўным. Заглушаны гомасэксуалізм, сказаў бы ён.
Яна хмурыцца й адкідваецца на сьпінку «лайдачыка».
— Усе сабакі — бісэксуалы, — кажа раптам Барні/д-р Гелбэр і скурчваецца за сваім часопісам. Якую халеру ён тут вярзе?
—Я меркавала, — усьміхаецца Ідэн.
— А ты як? — парыруе Барні.
— Не-а. Я — ніякая. Чыстая й свабодная ад сэксу. Дзякуй за пытаньне. Успрымаю сэкс гэтаксама, як мая маці брудныя чаравікі, — уперыўшыся ў столь, круціць вялікімі пальцамі. — Бадай што, я пайду. Хачу паглядзець, ці ўдасца ўгаварыць хлопца, што працуе ў «Відэа Відэа», начапіць маску Бандэра. Ён даволі прыемны такі, на чалавечы манер.
— А як ты гэта ведаеш? — пытаецца Барні/д-р Гелбэр, стрымліваючы хваляваньне. Часам праломы бываюць і напрыканцы прыёму, і ўжо няма часу разважаць, нашто гэта ён ляпнуў наконт сабачае сэксуальнасьці.
Ідэн ужо каля дзьвярэй, забірае сваю клумку.
— Я, бач, здалёк магу глядзець на людзей. Гэта толькі калі яны побач, тады я панікую. Добрага табе дня, Барні. І не забудзься наступны раз прынесьці фота свае Твіты-Пай.
* * *
Калі ўвечары Ідэн цішком украдваецца ў «Відэа Відэа», там ужо нікога няма. Ён працуе сёньня, той прыемны. Яна робіць выгляд, што разглядвае замежныя фільмы, і ўпотай кідае на яго позіркі. Калі ён уздымае вочы, яна — апускае.
— Вам памагчы? — пытаецца ён лагодна.
«О чорт, ці — так», — думае Ідэн. У жываце нейкае дзівачнае цягуча-пякучае адчуваньне. Яно пужае яе й ніяк не зьнікае, і яна мяркуе сабе, што гэта, напэўна, глісты. Яна выбірае дацкую палітычную мэлядраму пра трыкатажную фабрыку й, намагаючыся дыхаць нармалёва, накіроўваецца да касы.
— А я ўжо глядзеў яго, — разглядвае ён скрынку.
Замацаваўшы свой погляд на касе, яна вымаўляе:
— Не маглі б вы?..
Сэрца ейнае забухала, быццам яна ганяла мяч цэлы дзень безь перапынку.
— Э-э... — запінаецца ён і адварочваецца, каб знайсьці касэту да скрыні.
Калі ён паварочваецца назад, у Ідэн ужо ў руках фота Бандэра, і, не падымаючы вачэй, яна амаль што бязгучна прамаўляе:
— Ці не начапілі б вы гэта на сябе?
Хлопец разглядвае маску, пазірае на Ідэн і ўсьміхаецца.
— Гы, звычайна я неяк больш нямецкая аўчарка, але сёньня зраблю выключэньне, — нацягвае на твар маску й кажа прыглушана: — Ну як?
Ідэн узьнімае вочы й шырока ўсьміхаецца. Нізкім голасам— голасам, пра які Ідэн нават не меркавала, што ён у яе ёсьць, — яна прамаўляе, чуючы саму сябе нібы збоку:
— Слухай... Маркус, — курлыча яна, вышпіёніўшы ягонае імя на бэджы, — а чаму б табе не зачыніцца й не пайсьці да мяне. Мы будзем рабіць выгляд, што глядзім кіно, і піць віно.
— Э-э... безумоўна, — ківае ён. Гучыць прыглушана, як таямнічае «мурр».
* * *
— Прывітаньне, Ідэн! — кажа Барні, намагаючыся прыхаваць раздражненьне. Ідэн адмяняла прыёмы чатыры тыдні запар, і цяпер спазьняецца без усялякіх тлумачэньняў. Трэба будзе зноў насварыцца на яе за гэткія гульні з мэдыцынай.
— Ну, як ты сёньня?
— Цяжарная, дзякуй за пытаньне, — радасна паведамляе яна.
Доўгая, доўгая паўза.
— Га, — кракае Барні/д-р Гелбэр. — Як... цікава.
— Ага. Я знайшла сабе сапраўднага нямецкага аўчара й БУМ! — цяпер сьвет для мяне зусім іншы! — яна сядзіць на ўскрайку «лайдачыка» і ўсьміхаецца Барні. «Сабачыя фантазіі» трымцяць, як лісьцё па ветры. — Што такое, Барнічка? Цябе трасе! Бедны хлопчык!
Доктар трасецца не на жарт. Яго бярэ жах, што Ідэн стала ягоным монстрам Франкенштэйнам. Ён ужо бачыць загалоўкі газэтаў: «ЖАНЧЫНА ПАНЕСЛА АД НАПАДЗЕНЬНЯ САБАКІ Ў МЯСЦОВЫМ ПАРКУ». Ён кідае на стол часопіс і ўтаропліваецца ў Ідэн, якая нечакана не адводзіць-такі вачэй.
— Та-ак... Як яго завуць, гэтага нямецкага аўчара? — доктар намагаецца гаварыць, як звычайна, спакойна. І псыхіятры могуць час ад часу адчуваць шок і агіду. Гэта якраз той час.
— Маркус, — усьміхаецца Ідэн і пляскае ў далоні. — Мне аж ня верыцца, нарэшце ў мяне будзе свой собскі шчанючок!
Доктар страчвае прытомнасьць. Якую такую халеру ён зрабіў, што спанукнула Ідэн бачыць людзей сабакамі й сабак людзьмі? Пот цячэ градам па ягоным ілбе, а сэрца зараз проста выскачыць зь ягонай дахоўкі. Цяжка дыхаючы, ён пацягнуўся за гарлачом з вадой.
— Расслабся, док, — варкоча Ідэн. — Маркус — гэта мужчына. А ты што падумаў?
Тут яна здагадваецца, што доктар падумаў, і выпальвае:
— Ісусе, лячыцца трэба, док! Я люблю сабак, безумоўна — люблю, але ж божа мой, як ты мог падумаць пра мяне такое! — заходзячыся ад злосьці, яна падымаецца з фатэля.
— Ня ўпэўненая, што магу працягваць гэткую тэрапію, калі яна ідзе такім чынам!
— І я ня ўпэўнены, што магу, — задыхаецца доктар.
— А я толькі хацела сказаць табе, як добра яна дзейнічала, твая ідэя. Я хацела расказаць, як гэта было з Маркусам, як ён пагадзіўся начапіць маску Бандэра першы раз, калі мы кахаліся, і як я папрасіла яго зьняць яе і ўсё было цудоўна. Як дзякуючы самому факту, што ён захацеў надзець яе дзеля мяне, я ўбачыла, што ўсе людзі не такія страшныя... Як ён часам надзявае маску нямецкае аўчаркі, каб пасьмяшыць мяне, калі я прыходжу з працы. Так, між іншага, я цяпер працую — выгульваю сабак для вечна занятых япі... Я хацела падзякаваць табе і ўсякае такое. Купіць табе «малочных костак» дзеля пацехі. Але цяпер — ні за што!
Ідэн торгае ручку дзьвярэй і кідае апошні гадлівы позірк на доктара.
На ягоным твары ізноў «Сабачыя фантазіі». Хрыплым голасам Барні/д-р Гелбэр усхліпвае:
— Віншую, Ідэн! Найлепшыя зычэньні!
Яна мякчэе.
— Дзякуй, доктар Гелбэр. Дзякуй Барні. Прабач, што набрахала на цябе так.
Прагледзеўшы сваю квітанцыю, Ідэн хіхікае. Узмахвае рукой і падыходзіць да стала доктаравай сакратаркі Бэны, упэўненая, што яна, верагодна, чула ўсё, што крычала Ідэн доктару. Кіўнуўшы Бэне, Ідэн пераможна ўздымае кулак і выгукае:
— Няхай жывуць сабакі ва ўсіх нас!
Бэна ўсьміхаецца. Таму шта гэта — яе работа.
— Лекар, дапамажы сабе сам, — жалобна прамаўляе доктар Гелбэр у сваім фатэлі-«лайдачыку», усё яшчэ з сабачым часопісам на твары. Шырока расчыненыя дзьверы даюць Бэне магчымасьць разгледзець рэальную асобу Барні/д-ра Гелбэра.
— Абы дапамагала, доктар! — адгукаецца Бэна, і доктар урэшце прыбірае часопіс з твару.
— Бэна, — кліча ён.
— Ессэр? — яна падымаецца з-за стала, падыходзіць да адчыненых дзьвярэй і, склаўшы рукі на грудзёх, нэрвова ўсьміхаецца. Доктаравы вочы зьлёгку шклянеюць — яна ведае, што гэта ён пагружаецца ў сваю асаблівую «мэдытацыю».
— А ці ведала ты, што ўсе сабакі бісэксуалы, нават гэты Барні? — ківае ён на часопіс у руках.
Крыху памарудзіўшы, Бэна бярэ «Сабачыя фантазіі», абыякава гартае старонкі.
— На сёньня ўсё, — кажа доктар, гледзячы проста, міма яе, як быццам нічога такога асаблівага на гэтым месцы няма.
— Усё? — ціха выдыхае яна. Адыходзячы, зачыняе дзьверы неяк шчыльней.
Доктар Гелбэр патрос галавой, адкінуў часопіс і нахіліўся да магнітафона:
— Заўваж для сябе: Барні сумуе па Бандэру больш, чым па жонцы. Гаў, гаў.*
Марні ВУДРОЎ
САБАЧАЕ ЖЫЦЬЦЁ
A DOG'S LIFE
(пераклад з ангельскае Ірыны Варабей)
3 Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны:
* SPCA (The Society for the Prevention
of Cruelty to Animals) — Таварыства аховы жывёлаў.
* У Канадзе гаспадары прыбіраюць на вуліцы за сваімі сабакамі.—
Перакл.
* Пераклад надрукаваны ў часопісе «Annus Albaruthenicus / Год
Беларускі» (№ 6, 2005).
