|
Кніжка гэта малая, але мае цікавы й глыбокі зьмест. Яна адсланяе жорсткія адносіны між людзьмі й народамі ў нашым веку, калі чалавецтва дайшло да вялікіх навуковых і тэхнічных асягненьняў, калі столькі гаворыцца пра свабоду, справядлі васьць, гуманнасьць.
Кніжка апісывае бітву пад Монтэ-Касіна — адну з найвялікшых бітваў Другой сусьветнай вайны — і ўдзельнікаў яе, сярод якіх было шмат беларусаў. Раскрывае душы некаторых зь іх, расказвае, што яны перажывалі ў чужым войску, ідучы на пагібель за чужую справу. Праўда, яны змагаліся з гітлераўскай тыраніяй, але ж тады ўжо было ведама, што Беларусь была здана на ласку й няласку другога тырана — бальшавіцкай Маскве.
Кніжка мае назоў «Сьмерць і салаўі». Аўтар выбраў яго нездарма. Бітва адбывалася вясной, калі ў прыродзе ўсё ажывала, цьвіло, цешылася, сьпявала. А жаўнеры — маладыя, поўныя сілаў людзі — замест таго, каб цешыцца жыцьцём і красой яго, ішлі паміраць пры звоне вясны й салаўіных сьпеваў. Гэта трагічная сытуацыя ёсьць відавочным пратэстам супроць вайны й усякага гвалту.
Да гэтага часу ў беларускай літаратуры не было апісаньня вялікай бітвы. Дык апавяданьне «Сьмерць і салаўі» запаўняе гэты прабел і па сваім зьмесьце й матывах ёсьць зусім нечым новым. Праўда, савецкая беларуская літаратура шмат увагі ўдзяляе вайне. Але, па-першае, там няма апісаньня вялікіх бітваў, а прадстаўлены пераважна партызанскія баі; па-другое — усё савецкае творства падпарадкавана накінутаму згары шаблёну сацрэалізму, таму савецкія творы маюць у сабе шмат штучнага.
Апавяданьне «Сьмерць і салаўі» друкавалася першы раз у газэце «Бацькаўшчына» ў 1963-64 гадох, але не было закончаным, бо аўтар перадчасна памёр. Такім, чынам, гэта выданьне— асобнай кніжкай — ёсьць пасьмертнае. Заўдзячваем яго спадарыні Эльзе Сыч — жонцы аўтара, якая пастаралася таксама, каб апавяданьне мела й заканчэньне, хоць і зь іншай рукі.
Будзем спадзявацца, што беларускае грамадзтва прыме гэту кніжку прыхільна.
Д-р В. Жук-Грышкевіч
18 травеня 1944 году паддалося Монтэ-Касіна. 19 год таму. Дата някруглая. Але што ж рабіць? Я меркаваў пісаць пра гэтую жахлівую бітву ў 20-я ўгодкі, пазьней перадумаў і пералажыў на 25-я. Аднак чую, што да 1969-га году не дацягну хамута існаваньня. Часам выглядае, што магу перакачаваць у лепшы сьвет і перад 20-мі. Таму спрабую напісаць крыху ўспамінаў з тых цяжкіх часоў, калі й беларусы шчодра абмылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касі на. Ня будзе гэта гісторыя, бо ня маю ні дакумэнтаў, ні магчымасьцяў, ні амбіцыяў, ні часу, а проста ўспаміны аб тых, каго знаў, аб тым, што ведаў, бачыў і перажыў.
Аўтар
* * *
Калі мы першы раз убачылі панараму Монтэ-Касіна, ужо штось ведалі аб ім. Ведалі, што гэта амаль непераломная падвойная абаронная лінія, якая загараджвае дарогу ў Рым праз даліну ракі Ліры, што другой дарогі ў раёне Тырэнскага мора, дзе высадзіліся альянты, — няма. Каб узяць Рым, трэба ўзяць перад гэтым Монтэ-Касіна. Мы таксама ведалі, што перад намі гэтыя страшныя горы штурмавалі амэрыканцы, ангельцы, новазэляндцы, французы й гіндусы.
Першы штурм пачала 5-я амэрыканская армія 2-га студзеня 1944-га году фарсаваньнем ракі Рапідо (шпаркая) й здабывань нем мястэчка Касіна ў падножжы Монтэ-Касіна. Ужо першая ноч баёў была грозным «мэмэнто», што змаганьне ня будзе лёгкае. Абарона была так сканструяваная, што навет мусе цяжка было б праляцець жывой. Арэна, на якой адбываліся жорсткія баі, на якую ўвайшло альянцкае войска, была пад абстрэлам з чатырох бакоў, мела замінаваныя даступныя пераходы, была пакрытая добра прырыхтаванымі й замаскаванымі бункерамі. З усіх бакоў шчэрыла зубы сьмерць. Таму ня дзіва, што ўжо ў першую ноч амэрыканская армія мела жахлівыя страты. Далейшае змаганьне гэтыя страты павялічыла. Амэрыканцы біліся і ўміралі спартова. Навочныя сьведкі расказваюць, як яны йшлі, чаўкаючы гуму, й гінулі. Праўда, амэрыканцы здабылі гарадок Касіна, які быў дашчэнту разбураны, але далей сустрэлі так цьвёрдую абарону, што скрывавіліся й адступілі. Французкі корпус меў пэўныя асягненьні, але й таксама вялікія страты. Сьведчаць аб гэтым шматлікія могільнікі, раскіданыя ў розных мясьцінах на поўдзень ад Монтэ-Касіна — Вэнафро, Вітторыё, Чэрваро й іншыя.
На месца 5-й амэрыканскай арміі прыйшла 8-я армія ангельская, у якой знаходзіліся й новазэляндзкія ды гіндускія аддзелы. 15-га лютага Касіна атакавалі ангельцы, фактычна атакавалі толькі частку камплексу абароны — гару 593. Скрывавілі ся й сплылі. Толькі адна брыгада пакінула на праклятых горах 12 афіцэраў і 130 жаўнераў. 17 лютага пайшлі ў наступ гіндускія аддзелы Райпутана. Гэта былі пераважна гуркі і йшлі ў атаку з нажамі ў зубах. Адзін батальён выбілі дашчэнту, іншыя мелі жахлівыя страты. Калі возьмем пад увагу кліматычныя абставіны: размоклы грунт, праліўныя дажджы, а, перадусім, шмайсэры й шпандаўты — эвакуацыя параненых была амаль немагчымай.
15-га сакавіка Монтэ-Касіна заатакавалі гіндуская, ангельская й новазэляндзкая дывізіі. Гэтая трэцяя з чаргі атака на пазыцыі праціўніка была найбольш крывавай. Новазэляндзкая дывізія страціла 55 афіцэраў і 665 жаўнераў. Бывалі выпадкі, што са сьвежага, цэлага батальёну заставаўся адзін зьвяз. Калі Райпутана ўрэшце атрымала загад адступіць, з гары спаўзло толькі 40 жаўнераў. Не было ніводнага афіцэра. Дарэчы прыгадаць, што прапарцыянальна афіцэраў гінула куды больш, чымся жаўнераў. Гэта зразумела: афіцэры мусілі даваць прыклад і весьці. Давалі...
У выніку гэтай атакі, пад канец сакавіка новазэляндзкі корпус быў разьвязаны — ня мог больш лічыцца корпусам.
Далейшыя атакі мусілі быць адкладзеныя да лепшых кліматычных умоваў. Арміі мусілі перагрупавацца. Камандзер 8-й ангельскай арміі генэрал Ліс запрапанаваў генэралу Андэрсу, каб 2-гі Корпус здабываў Монтэ-Касіна й горы направа ад яго. 2-гі Корпус уваходзіў у склад 8-й ангельскай арміі. Пасьля кароткай развагі ген. Андэрс згадзіўся. Косьці былі кінутыя, Рубікон пяройдзены. Трэба было толькі здабыць Монтэ-Касіна...
Праціўнікі Андэрса закідаюць яму, што ён гэта зрабіў дзеля сваіх асабістых амбіцыяў, бо ўжо было ясным, што саюзьнікі здрадзяць і аддадуць Усходнюю Эўропу Сталіну. Таму не было сэнсу праліваць кроў за чужую справу.
Не мая справа разьбірацца, колькі ў гэтым слушнасьці. Адно, пэўна ж, не падлягае сумлевам, што наша крывавая італьянская кампанія не дала пажаданых вынікаў, ня зьдзейсьніла жаўнерскіх надзеяў. А людзей згінула шмат.
Аднак Андэрса — ведамага зь ягоных здольнасьцяў і адвагі (восем ранаў) забавязвала вайсковая дысцыпліна, паводле якой загад трэба перш выканаць, а пасьля скардзіцца. Пэўна ж, з Андэрсам справа не выглядала так драматычна (?), тым больш, што здабываньне Монтэ-Касіна ген. Ліс як быццам бы яму запрапанаваў. Амбіцыя афіцэра таксама адыгрывала немалую ролю, тым больш, што Андэрса й 2-гі Корпус сыстэматычна ганьбіла савецкая прапаганда, закідаючы, што ўцяклі з Савецкага Саюзу, каб не змагацца з фашызмам, і ператварыліся ў армію ваяжэраў па Пэрсыі, Іраку, Палестыне, Сырыі, Лібане, Эгіпце й Італіі.
Пры гэтым і так шкодны для славянаў рамантызм, думаю, уваходзіў у гульню: а можа, саюзьнікі належна ацэняць нашую ахвяру... А можа, зьменяць сваю арыентацыю... А можа... Інакш не было сэнсу крывавіцца. Забыліся пра лекцыю, якую даў Напалеон. Спадзяваліся, што Рузвэльт і Чэрчыль менш цынічныя за Банапарта...
Так, ці інакш, 27 красавіка 2-гі Корпус пераняў пазыцыі насупраць і направа ад Монтэ-Касіна.
Ну й пайшлі...
Адны сьпявалі (бо песня — неразлучны спадарожнік жаўнера):
W krwawym polu srebrne ptaszк,
Poszli na bуj chіopcy nasze...
Іншыя:
Ой не ходи, Грицю,
Тай на вечерницю...
А яшчэ іншыя:
Ой, чаго ж ты шукаеш ды на чужыне?
Чаму ж ты ня дома, ды ня пры дзяўчыне?..
Урэшце нехта, маўляў, усім чарцям на зло, зацягнуў:
Vor der Kaserne, vor dem grossen Tor,
Stand eine Laterne und steht sie noch davor...
Падхапілі й мэлёдыю Лілі Марлен, прычым некаторыя ў сваіх мовах пад мэлёдыю імправізавалі словы. Нашы «ангельцы», якія ганарыліся, што былі ў Ангельшчыне, бязбожна калечылі багатую мову Чэрчыля, гамзалі:
With you, Lili Marlen!
Нездарма савецкая прапаганда называла 2-гі Корпус «корпусам ваяжэраў». Прымусова бадзяючыся па сьвеце, мы навучыліся калечыць розныя мовы. Ніхто б тады не зьдзівіўся, калі б нейкі дзядзька з-пад Смаргоняў ці Міра запеў па-арабску. Былі й такія лінгвістыя, што праз некалькі дзён навучыліся па-італьянску:
О, mia bella Napoli.*
Так у песьнях весялосьць мяшалася з сумам, мэлянхолія — з бадзёрасьцяй, туга — з надзеяй, калі мы ехалі пад Монтэ-Касіна.
Перад Вэнафро ў нашыя песьні ўмяшаўся яшчэ далёкі, глухі, але пагрозьлівы пануры гук артылерыйскай кананады, які вырваўся з-за гораў Абруццы.
Memento mori...
* * *
Маё першае ўражаньне з-пад Монтэ-Касіна было лірычнае: разбушаваная італьянская вясна, пунсовыя макі й звар'яцелыя салаўі. Калі батальён, ідучы на пазыцыі, увайшоў у даліну ракі Рапідо, сонца зьніжалася за горы. Батальён затрымаўся ў аліўкавым ляску, бо далей у дзень няможна — усё бачаць і страляюць. Праўда, страляюць, але пакуль што — наша артылерыя. Грознага манастыра нельга бачыць: ён спавіты хмарай дыму й пылу, — толькі што яго бамбардавала амэрыканская авіяцыя. На руіны скінулі яшчэ адну, няведама каторую з чаргі, порцыю— некалькі сотняў тонаў зялеза.
Мы заляглі паміж аліўкамі. Палкоўнік склікае афіцэраў. Ён ужо бачыў аб'ект нашага наступу й зазнаямляе нас з палажэньнем. Праз біноклі вочы ўпіваюцца ў панараму. Маем уражаньне цырковага актора, які ў пустым цырку з апошняга месца глядзіць на пустую арэну, на якой ён пазьней будзе змагацца з тыграмі.
Аднак тое, што цяпер бачым, не выглядае страшна. Палкоўнік паказвае нам дэталі панарамы. Направа бачым Монтэ-Кайро — найвышэйшы шчыт у гэтым раёне (1669 мэтраў). Гэта быццам бы ставокі Аргус, які бачыць усё, што дзеецца навокал. Далей — Сан-Анджэлё, далей тое, што мы пазьней зьлілі крывёй, — гара, якую амэрыканцы назвалі «фантом», палякі— «відмэм». Здань. Горы абніжаюцца, й іхны масыў канчаецца разьбітым манастыром на гары, над якой паволі пачынаюць разьвейвацца воблакі дыму й пылу. Далей вузкая даліна Ліры, дарога № 6 — Вія Касыліна — (у Рым), далей — горы Абруццы. На фоне крывава-чырвонага неба сінія горы выглядаюць лёгка, амаль каронкава.
* * *
17-ці гадовы Валодзька Мацкевіч прагна глядзіць на арэну, дзе атрымае першы агнёвы хрост і крывавую ванну. У ягоных вачох трэма й эмоцыя: падлеткі ахвотна мрояць, што стануцца героямі. Валодзька цягне за рукаво саракагадовага Мацулевіча:
— Дзядзька Піліп, як думаеш, здабудзем?..
— Мусім забраць, хоць ня думаю, што гэта дасца лёгка. В та пора поведзявшы, шмат застанецца на гэтых клятых горах, — адказвае ашмянскім дыялектам дзядзька, страляны на ўсіх франтох.
— Ціпун тобі на язык! Шчо б ты скозывся, — лаецца нехта каламыйскай балачкай.
— В та пора поведзявшы, а цецерук полецявшы і... — перадражнівае ашмянчука пазнаняк. — Пророк, — Холера!..
Сонца на хвіліну выглянула й асьвятліла гару.
— Гляньце, кроў сплывае з гары...
Акрэсьленьне трапнае, хоць той, хто гэта сказаў, не саграшыў ніводным вершам: запраўды бачныя вялікія чырвоныя плямы, быццам бы гара сьцякала крывёй. Макі...
Колькі ж тут макаў! Навет із шчыліны голай скалы вырываюцца вялікія, чырвоныя краскі. Хочуць жыць, цьвісьці, пладзіць насеньне, цешыцца вясной, сонцам, начной расой і каскадамі салаўінай аркестры.
А колькі ж тут салаўёў!..
Але ўжо даліна Рапідо напоўнілася змрокам. Сыгнал да маршу. Не адно сэрца забілася мацней: пачынаецца зона сьмерці. Мёртвая днём даліна пачынае жыць. Паляцелі джыпы, матацыклі, пайшлі людзі й мулы. Адзіная й аднакірунковая дарога, калі яе можна назваць дарогай, недзе заткнулася. Да нас прыйшоў загад чакаць. І вось тады, пакуль трапілі ў валавяны град, мы апынуліся на незабыўным салаўіным канцэрце. Які музыкальны крытык змог бы гэта апісаць! Гэта трэба чуць і перажыць... Цёплая вясеньняя ноч, водар красак і маладога лісьця, салаўіныя пералівы — усё гэта, здавалася б, хацела нас пераконваць, што жыцьцё прыгожае, чароўнае, што ня трэба йсьці ўміраць, што гэтая недалёкая артылерыйская кананада — абраза Бога й прыроды.
Пад салаўіны вясьняны марш мы, урэшце, пайшлі...
Дарагія чытачы, а перадусім маладыя — папліскі, залескія, будзічы, залужныя ды іншыя, прымеце параду ад старога, стралянага вэтэрана. Калі нехта з вас, пры Божай дапамозе, даедзе ў вольную Беларусь і будзе прэзыдэнтам, міністрам, камэндантам паліцыі ці — чаго ня дай Божа — дыктатарам, адным з вашых першых дзяржаўных актаў мусіць быць наступны:
«Ад сяньняшняга дня забараняю пяяць, сьвістаць і чырыкаць усім салаўём. А калі ім, шэльмам, так хочацца, дык, бяручы пад увагу дэмакратычнасьць, дазваляецца ім гэта рабіць у сьнежані, студзені й лютым.
Матыў: Слухаючы, салаўіныя падсьвістваньні й цмоканьні, грамадзянін расклейваецца й чуецца, як малпа, якую прымусілі есьці горкую цыбулю, або моцны хрэн. Грамадзянкі расклейваюцца куды больш. А найгорш, калі пад салаўіны туш трапіць пара, г. зн. грамадзянка й грамадзянін. Тады можна спадзявац ца, што ў студзені ў калысцы запяе салавейчык. Так, за выняткам сьнежаня, студзеня й лютага, калі людзі залазяць на печ, салаўём пяяць забараняецца».
Подпіс
(арабская каракуля)
Кажны доктар і іншы магістрык ці вялікі чалавек піша так, што просты сьмяротны ніяк ня можа расчытаць. Хілён Хілёнідэс, калі ўзбагаціўся, стаў перад праблемай: ці купіць нявольніка ці нявольніцу. Калі б я дарваўся да нейкай касы, я купіў бы графалёга, каб мне чытаў, што пішуць Папліска, Залескі й іншыя...
* * *
Прабачце за дыгрэсію. Вяртаймася да тэмы...
Каля поўначы ў пералівы салаўёў уварваўся сьвісток палкоўніка. Сьвісток быў гвалтоўны, што навет салаўі змоўклі на хвіліну. Для нас гэта азначала, што мы мусім уставаць і йсьці на пазыцыі. Усе з гэтым пагадзіліся за выняткам салаўёў. Праз пару хвілінаў салаўі засьвісталі, але ўжо злосна. Што за паршыўцы перашкаджаюць ім цешыцца вясной, сьпевам і каханьнем?..
Па-італьянску чужынцы называюцца «страньеры». Няшмат хто з нас знаў гэтае слова, але ў злосных сьвістах салаўёў вычувалася міжнароднае «руэ, аўслендэр!» *
Зямля — магніт. Як цяжка ўстаць навет насуперак салаўём на сьвісток палкоўніка!.. Але сьвісток паўтарыўся. Усе, крэкчучы, усталі. Роля была нескамплікаваная: дайсьці, або, лепш, дабегчы, да выходных пазыцыяў, адкуль пачнецца штурм.
Пайшлі. Ішлі сыстэмай супрацьлятунскага парадку: адзін ад другога на дзесяць мэтраў. Вырваліся на дарогу, аб якой трэба нешта сказаць. Гэта калісь была сьцежка для мулоў. Яшчэ дыгрэсія: мы шмат гаворым аб людзях, а замала аб мулах. Пастараюся пазьней запоўніць гэтую пустэчу.
Нашыя папярэднікі зрабілі спробы зрабіць з гэтай сьцежкі дарогу. Але, калі возьмем на ўвагу, што ўся гэтая плошча дзень і ноч была пад абсэрвацыяй і пад абстрэлам — амэрыканцы й ангельцы крышку пашырылі гэтую сьцежку й назвалі яе Кавэндыш Роўд і гэтак пакінулі. У кажным выпадку празь яе мог прапхнуцца джып і матацыкль. Але вось прыйшлі беларускія, украінскія й польскія дзядзькі-сапэры. Паківалі галовамі, падумалі й вырашылі, што Кавэндыш Роўд — нікудышняя.
Сапэры — гэта мурашкі вайны. Іх недацэньваюць. Ляўры зьбіраюць кавалерыстыя, артылерыя, пехата, а — перадусім — генэралы. А куды б усе гэтыя «героі» дайшлі без сапэраў?
І вось мурашкі пачалі працаваць. Начамі, пад абстрэлам, за пару тыдняў зрабілі амаль шашу. Праўда, аднакірункавую, але з пляцоўкамі для мінаньня й настолькі шырокую, што празь яе навет праехалі танкі. Праехалі, але не даехалі...
Пра працу сапэраў і мулаў я яшчэ буду гаварыць. Яны пакрыўджаныя ў гісторыі.
Дарога сапэраў (як мы яе будзем называць) у гэты час была вольная. Мы пайшлі. І вось тут першае знаёмства са сьмерцяй. Праціўнік, як я прыгадаў, быў прыстраляны. Усе коды, каардынаты былі запісаныя й правераныя. Мы йшлі ціхенька, толькі паскуды салаўі сьвісталі нам на злосьць.
Раптам сьвіст, але не салаўіны. Дзікі, пагрозьлівы...
«Кладзіся!» — крыкнуў нейкі афіцэр. Позна.
Бах! бах! бах! — Тры гранаты цяжкой артылерыі. Валодзька Мацкевіч цікаўны, як выглядае жыцьцё й сьмерць. Ён, як кажны смаркач, прабуе гаварыць басам, прабуе курыць (хаця рыгае), прабуе піць, а навет раз прызнаўся, што ён хоча сіньёрыну. Валодзька паляцеў наперад, дзе разарваліся гранаты. Празь некалькі хвілін ён вярнуўся й, ужо ня басам, піскнуў: «двух забітых, пяць цяжка параненых».
У гэты мамэнт Валодзька, здаецца, ня думаў стацца Напалеонам. Ён, як слабае дзіцё схапіўся за мае порткі й не адрываўся. На жаль, мяне паклікалі наперад. Тады смаркач схапіўся за рукаво дзядзькі Піліпа, й ад гэтага рукава ніякая сіла не магла яго адарваць. Абодва аблілі збочча праклятай гары сваёй крывёй...
— Наперад! Наперад! Бо хто ззаду, той згіне! — крычаць афіцэры.
Рвем наперад. Але раптам загад:
— Дарогу польскіх сапэраў безадкладна ачысьціць.
Гэта зусім зразумела: гэтая дарога — адзіная артэрыя, праз якую даходзіць да п е р ш а й л і н і і амуніцыя, харчы, вада й дырэктывы. Ачышчаем дарогу. Бяжым нацянькі. У гэтай усёй мітусьні дзесьці згубіліся праваднікі. Але поле разьмінаванае. Азымуты зьмераныя й выкрасьленыя. Бяжым нацянькі. Яшчэ адна порцыя артылерыйскіх гранатаў. Яшчэ нехта застаецца. Але няма часу думаць. Травеньская ноч кароткая. Да золаку трэба даляцець. Даляцелі. У кажнай яме, у кажнай каўдобіне ляжыць батальён, або паўбатальёну. Заляглі ў яры. Але ня ўсе. Тыя, што заляглі ззаду, згінулі. Тут правіла: толькі наперад. Хто застаецца — гіне. Артылерыя й мінамёты праціўніка ўстраляныя. Артылерыя страляе на адлегласьць трыццаці кілямэтраў бяз пудла. Сапэры ня могуць далей разьміноўваць поле, бо на полі ляжыць столькі зялеза, што магніты сапэрскіх палак хістаюцца. Страты пакуль што невялікія: дзевяць забітых, васямнаццаць параненых. Па-італьянску гэта кажацца — «багатэля».
Сьвітае. З-за гораў вылазіць сонца. Сонца! Жыцьцядайная стыхія! Сонца вітаюць гімнамі. Пра сонца напісалі столькі паэмаў. Але вось у гэтых умовах сонца выпаўзла нашым найгоршым ворагам. У цесным яры няма дзе схавацца. А яно пячэ.
Італія — краіна сонца, віна, каханьня й песьні! І вось ніколі я так не праклінаў сонца, як у гэным паршывым яры. Аб віне й каханьні не магло быць і мовы.
Прыйшла прыемная вестка: мулы, якія нам вязьлі ваду, згінулі сьмерцяй харобрых на полі славы. Такім чынам мы не атрымалі навет сьмярдзючай вады з нямытых бітонаў ад бэнзыны. Недалёка ад яру, дзе мы заляглі, ляжыць шмат трупаў нашых папярэднікаў — новазэляндцаў. Жывыя — прыемныя хлопцы, але забітыя — няпрыемна пахнуць, бо, бедныя, ужо ляжаць два месяцы. Узьнікла яшчэ адна праблема, праўда саромлівая, але істотная, людзкая: няма клязэтаў. Нехта рэшткамі сілаў здабыўся на гумар: «Якая шкода, што з намі няма былога прэм'ера Славоя Складкоўскага! Ён бы адразу загадаў пабудаваць «нужнікі» «славойкі», пабяліць іх вапнай...»
Ззаду пачуўся гук самалётаў. Гук набліжаецца. У мяне ёкнула сэрца: амэрыканскія самалёты, й ня ведама, што яны адкоцяць. Я прыпадкова быў сьведкам, як амэрыканскія самалёты бамбардавалі штаб саюзнай Восьмай ангельскай арміі. Гэта было прыблізна, паводле мапы, дваццаць кілямэтраў ад Монтэ-Касіна. Мястэчка называлася Вэнафро. Я вёў калёну самаходаў з амуніцыяй. Паводле майго разьліку, маёй мапы, здаровай лёгікі й запраўднасьці — перада мной было Вэнафро. Аднак амэрыканскія бойсы падумалі інакш. І вось пачуўся гук самалётаў. Мы едзем сьмела: гэта ж нашыя. З радасьцяй лічым самалёты. Аптымістыя налічылі іх дзевяноста дзевяць (ляцелі тройкамі). Пазьней выясьнілася, што іх было толькі трыццаць. Бамбавозы, аб'ючаныя бомбамі, цяжкія, як каровы. Таму навокал іх ляталі пастухі — зьнішчальнікі. Мы вітаем іх воплескамі (бурнымі). А гэтых трыццаць бамбавозаў равуць, як каровы і... зьніжаюцца — падходзяць да мэты... І, равучы, як каровы, яны, як каровы, выпаражніліся замест на Касіна — на Вэнафро. Багатэля — дваццаць кілямэтраў розьніцы. Замест нямецкага штабу, яны збамбардавалі штаб Восьмай ангельскай арміі генэрала Ліса. Сам жа генэрал Ліс, нягледзячы на ягоную тушу й гады, як гальбштарк, падскакваючы, як вавёрка, пабег у бомбасховішча. Вынік памылкі — таксама багатэля: васямнаццаць забітых ангельцаў. Італьянцаў і мулаў ніхто не лічыў.
Таму, лежачы ў яры, я крышку баяўся, ці гэтыя амэрыканскія вясёлыя бойсы ня ссыпяць порцыю бомбаў на нас. Аднак абышлося. Касяк самалётаў разьдзяліўся: палавіна павярнула ўлева на манастыр, другая — на Монтэ-Кайро. Колькі тонаў зялеза яны скінулі — ніхто не лічыў. Але гэтага было шмат. Вясёлыя хлопцы, чаўкаючы гуму й выпаражніўшыся, завярнуліся і паляцелі на «лянч», а мы засталіся ў праклятым яры, пад праклятым сонцам, без вады й з клязэтавай праблемай.
З абодвух бакоў зрэдку страляе артылерыя. Бачна, толькі таму, каб праціўнік не забыўся, што вайна. Людзі ляжаць адраньцьвелыя. Раптам сьвісток. Прыходзіць палкоўнік — сівы, страляны на ўсіх франтох усіх войнаў. Зь ягонай міны бачым, што ён мае нешта важнае сказаць. Палкоўнік чытае ўрачысты зварот Андэрса, які пачынаўся: «Жаўнеры, хай леў жыве ў вашых сэрцах!»...
Пасьля гэтага — другі зварот — дзядзькі Нікадэма. Гэтак мы называлі камандзера нашай дывізіі («Крэсовай»), вусатага генэрала Суліка, які, паводле польскай вэрсыі, гаварыў њpiewn№ litewsk№ mow№, хаця па-летувіску, здаецца, знаў толькі «нэ супранту». * Пасьля гэтага палкоўнік таксама не хацеў быць, маўляў, «ад мачыхі» — і адчыкрыжыў патрыятычную прамову. Змучаныя, сасмажаныя сонцам жаўнеры слухалі патрыятычных, шаблённых зваротаў даволі абыякава. Затое ўсе заварушыліся, калі палкоўнік сказаў, што сяньня...
Палкоўнік склікаў афіцэраў. Гаварыў коратка. Сяньня
(11-га травеня) а дваццаць трэцяй гадзіне пачнецца акцыя,
якая паводле штабовага коду называецца «гэнкэр». Гэта
па-ангельску — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю. Ці гэты
назоў быў прыпадковы, ці можа нехта ў штабе падумаў пра
нас, якія праз тры кантынэнты, праз дзясяткі краінаў ішлі й
марылі, што вернемся з выраю ў свае гнёзды — гэтага я не даведаўся.
Сонца зьнізілася за горы. Людзі пачалі дыхаць лягчэй. Але найбольш усіх узварушыла вестка, што гэта сяньня.
Ролі разьмеркаваныя й падзеленыя. Застаецца некалькі гадзін чакаць на «гэнкэр» — крык дзікіх гусей — і ісьці перамагаць ці паміраць. — Вяртацца з выраю...
* * *
Да «гэнкэру» яшчэ некалькі гадзін.
Сяджу пад скалой і ў думках перачытваю гісторыю свайго змарнаванага жыцьця. Каля мяне мітусіцца мой ганец Францковяк. Ён непакоіцца й бачна, што баіцца «гэнкэру», які мы адразу, для лепшай зразумеласьці, перакруцілі на «хенхеру». У гэты мамэнт да нас падыходзіць просты жаўнер з-пад Радашкавіч — дзядзька Лукаш. (Прозьвішча ніяк не магу прыпомніць: Мацулевіч ці Мацукевіч.) («Мартышка к старости слаба головою стала»...) І вось дзядзька Лукаш кажа Францковяку:
— Ты, пазнанская пырка (бульба), паступіся, я хачу пагутарыць з панам ахвіцэрам.
— А аб чым ты, палеская бульба, будзеш гутарыць з панам афіцэрам?
— Гэта мая справа. А ты, пырка, пасунься, бо цяпну!
Пырка пасунуўся. Лукаш сеў ля мяне й тузае за рукаво.
Шчыра кажучы, я ня быў настроены да, як кажуць украінцы, пабалачкаў. Але й адмовіцца ад іх ня мог.
Лукаш ня вельмі разьбіраўся ў гіерархіях, ды й не хацеў іх прызнаваць.
— Панок...
— Дзядзька Лукаш, або гавары мне Ясьнавяльможны Пане, або называй паводле чыну, але панком мяне не хрысьці!
— Добра, ня буду. Але мне неяк на сэрцы моташна. Я ж хачу выгаварыцца...
Усё гэта мне Лукаш выказваў, калечачы мову Сянкевіча й Жэромскага. Тады кажу яму:
— Гавары, як найлепш можаш.
— Добра. Дык давайце будзем гутарыць па-нашаму.
— Цудоўна, гавары па-беларуску — ты ж з-пад Радашкавіч.
Закурылі, каб, маўляў, бяда з дымам пайшла.
— Панок...
— Толькі не панок, бо цябе аблажу густым матам!
— Добра, ня буду. Але сяньня будзе нешта страшнае. Вы бачылі, колькі трупаў нашых папярэднікаў ляжыць на полі й брыдка пахнуць? Цяпер пойдзем мы. Але скажэце, павошта маем гінуць?
Гэта было пытаньне, якога я баяўся, бо й сам шукаў адказу: «пашто?»
— Слухай, дзядзька Лукаш. Біцца мы мусім ісьці, бо гэта — наш жаўнерскі абавязак. Цябе ж хацелі ўзяць на кухню, а ты адмаўляўся й заяўляў, што хочаш біцца. Ну дык біся. За што біцца? За славу, за гонар, за справядлівасьць на сьвеце, за свабоду людзей і народаў — выбірай, дабірай да густу.
Дзядзька Лукаш ня вельмі разьбіраўся ў палітыцы і, бадай, нічога ня ведаў аб Тэгэране, з тым выняткам, што там быў. Маю на ўвеце Тэгэранскую канфэрэнцыю Чэрчыля, Рузвэльта й Сталіна. Але я аб ёй ведаў, нягледзячы на жорсткую ў той час польскую й ангельскую цэнзуру.
— Пан... Прабачце, прызвычаеньне... Я шмат гутару з хлопцамі нашага батальёну. І бальшыня зь іх куды ахватней пайшла б біць саветчыкаў, бо амаль кажнаму з нас яны зрабілі жахлівую крыўду. Праўда, абое рабое, але бальшыня страшэнна ненавідзіць сукіных сыноў камуністых.
Можна вам, па..., прабачце, расказаць гісторыю майго жыцьця, ці маіх перажыцьцяў?
Вось жа каля Радашкавічаў я меў чатырнаццаць гэктараў ня вельмі ж геглай зямлі. Але зямля, як жанчына: калі яе кахаеш і шчодра паліваеш ня толькі гноем, але й потам — яна цябе кахае й дае прыплод. Таму й я лічыўся заможным мужыком. Плаціў падаткі й меў супакой. Праўда, было крыху прыкрасьці, як да ўлады прыйшоў нейкі звар'яцелы Славой Складкоўскі. Той пачаў рабіць нейкія рэформы, уводзіць нейкую гагіену (гігіену). Загадаў бяліць хаты, платы, будаваць адхожыя. Па-расейску гэта — нужнікі, па-польску «устэмпы», мы іх назвалі «непатрэбныя патрэбнікі». Фактычна, будынак патрэбны, але ў нашых умовах, дзе не было каналізацыі — даволі клапатлівы. Але хату я папэцкаў вапнай, плот таксама. Выглядала гэта гадка, злашча пасьля дажджу. Патрэбнік згарусьціў і, калі не хапіла дошчак, садраў з даху пару драніцаў. Паставіў яго пад дрэвам, каб дождж не змываў вапны, да дзьвярэй прыбіў кручок, зашчапіў і на гэтым кончылася. Меў супакой.
Але чорт ня сьпіць. Сынок мне ня ўдаўся. Праўда, здольны быў, вучыўся найлепш за ўсіх. Скончыў сем клясаў, як першы. Аддаў я яго ў сельскагаспадарчую школу ў Сьвяньцяны. І там быў першы. Вярнуўся дамоў, і мы з Кацярынай не маглі нацешыцца. І яблынку ўмеў прышчапіць, і зямлю ўгнаіць, і карове цяліцца памагчы — усё ўмеў. Але недзе зьнюхаўся з сукінымі сынамі камуністымі. Купіў я яму самакат. Ён сабе куды хацеў езьдзіў. Адтуль прывозіў нейкія паперы й кніжкі. Душа расплывалася, як масла, калі ён чытаў нам:
О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у сьвеце Божым
Гэтых сьветлых берагоў?..
Але, як я пасьля даведаўся, разам з кніжкамі з Савецкага Саюзу пашыраў камуністычную прапаганду, гэтак званую тады «бібулу». І тут яго накрылі. Прыйшла паліцыя й яго забрала. Кацярына рвала валасы, мне таксама было моташна. Як ратаваць? Тады мне наш настаўнік параіў: зьвярніся да адваката. Да гэтага часу я нічога супольнага з гэтымі п'яўкамі ня меў. І вось давялося. Абдзёр ён мяне са скуры, але пасьля шасьці месяцаў сына выпусьцілі. Кажу яму: сынок, калі ты далей будзеш паскудзіцца, я цябе ратаваць не змагу, бо адвакат зь мяне душу выматаў. Праўду кажучы, менш памог адвакат, чымся сэнатар Каміньскі, які цяпер недзе тут недалёка ляжыць, бо ён, як палкоўнік, камандуе 15-м батальёнам нашай дывізіі. Але вяртаюся да сваіх скулаў. Сынок, бачна, быў глыбака заматаны ў савецкую павуціну, дык, доўга не чакаючы, махнуў за савецкую граніцу. Было блізка, толькі восем кілямэтраў.
Тут ужо была й роспач, і цяжкасьці. Адразу мной пачала цікавіцца польская паліцыя. Пярвей паліцыянт праходзіў, бачыў — хата пабеленая, плот папэцканы, белы патрэбнік пад грушай стаіць, і ўсё было ў парадку. А тут раптам і хата блага пабеленая, і плот дождж крышку абмыў, а што найгоршае, пачалі заглядаць у патрэбнік ды заўважылі, што яго ўжо некалькі гадоў ніхто не ўжывае. Пасыпаліся пратаколы. За кажны плаці пяць-дзесяць злотых, а не — ідзі ў гмінны арышт. Бацька «камуністычнага агітатара» — дык чаму яго не патузаць?..
Паноч... Прабачце — прывычка. Прызнаюся шчыра, калі ў верасьні 39-га году таварышы прыйшлі нас вызваляць ад сала й хлеба, я іхных танкаў не цалаваў, але й ня вельмі маркоціўся па польскай уладзе — прыелася горкай рэдзькай. Узьнікла надзея, што сын вернецца дамоў, ён жа недзе там бегае героем. Прайшло некалькі часу — сын не вяртаецца. Пайшоў я ў сельсавет. Старшыня быў добры чалавек: выслухаў, запісаў, абяцаў зрабіць захады. Між іншым, ён таксама недзе тут недалёка ляжыць пад гэтым паршывым Монтэ-Касіна, бо пасьля яго арыштавалі і, такім чынам, ён трапіў у польскую армію. Пачалася пісаніна ў нейкія райкомы, абкомы, якія мне сталі комам у гарлянцы. Адусюль адказ: «Не ведаем, дзе ваш сын знаходзіцца». Кануў, як іголка ў стог сена. Толькі ў Іраку я сустрэўся з чалавекам, які бачыў майго сына ў лягеры каля Варкуты. Сын быў цяжка хворы й, бачна, там застаўся навекі.
У сьцюдзёную студзеньскую ноч у вёсцы пачуўся нейкі гармідар. Неўзабаве й нам пастукалі ў дзьверы: «Атварай!» Аб што ходзіць? Выясьнілася хутка: «Собирайся с вешчами!» Энкавэдыстыя стаяць са шпікульцамі: «Быстрей, быстрей!» А тут наймалодшая дачушка Зоська хворая. За што хапацца? «Быстрей, быстрей!» Схапілі што папала. «Давай, выходи!» Выйшлі. І вось на маіх коніках, на маіх развалках мяне зь сям'ёй павезьлі. Ужо конікамі я не кіраваў. Мароз быў жахлівы. Завезьлі ў Маладэчна й загналі ў цялятнікі, дзе ніякага аграваньня. Замкнулі, заплямбавалі й павезьлі...
Мяне крышку знудзіла, а больш змучыла гэтая цяжкая гавэнда.
— Дзядзька Лукаш, павошта ўсё гэта ты мне расказваеш? Я ж гэта ўсё перажыў на сваёй скуры.
У вачох Лукаша заблішчэлі сьлёзы крыўды. Ён жа прызвычаіўся раіцца перш-наперш з жонкай, пасьля з разумным суседам, урэшце з солтысам. Аднэй рады ён не прызнаваў — калі хадзіла пра зямлю й як яе зьліваюць потам. Гэта ён ведаў. У гэтым ён быў амаль аграном.
І вось цяпер ён хацеў «выспавядацца» — тым больш сваёй мовай — расказаць сваю трагэдыю. Каму ж ён яе раскажа? Пазнанскай «пырцы», якога ён ня любіць?
Мне сталася прыкра. Я перамог сваю стомленасьць і кажу:
— Што ж, Лукаш, гавары далей.
— Вам гэта, можа, нудна, але мне гаротна. У цягніку-цялят ніку памерла мая Зоська. Тры дні мы ня прызнаваліся: думалі, даедзем — пахаваем. Усё ж, як нам давалі гнілую рыбу й брудную ваду, нехта сказаў энкавэдыстам, што ў вагоне ёсьць труп. Зрабілі рэвізію, знайшлі і... Зоську забралі. Ня ведаю, на якой станцыі гэта здарылася, ня ведаю, дзе мая Зоська пахаваная й ці пахаваная наагул.
Завязьлі нас у сібірскі калгас і — «давай, давай, вкалывай!..»
Цяжка было, але нам не прывыкаць. Канчаю, панок. Прабачце, ізноў забыўся. Таварыш Сталін выдаў амнэстыю...
Раптам у нашую размову зьлева ўрываецца ўкраінец ды кажа:
— Ніякую амнэстыю, а гімнэстыю.
Драматычнасьць настрою злагаднела. Дружна расьсьмяялі ся. Такі прыпадковы «карброн мот»* шмат памагае. Гэтакіх «мотаў» пазьней было шмат пад Монтэ-Касіна.
Але дзядзька Лукаш не задаволіўся сваёй споведзяй. Ён хоча дакалупацца да сэнсу, таго, што мае сяньня здарыцца.
А я сам ня бачу пераканальнага сэнсу, бо з тэгэранскіх справаздачаў (хаця й замаскаваных) бачу, што нас прадаюць гуртам і ў дэталі.
— Што будзе пасьля вайны, няведама, але гэтыя паршывыя горы мы здабываць мусім. Можа, няшмат нас застанецца жывых, але тыя, што застануцца, што атрымаюць?
Я быў злосны і так мне карцела адказаць: хвігу з паветачкай, але паўстрымаўся: можа, стары, скрыўджаны, зламаны чалавек мае нейкія ілюзіі. Павошта іх разьбіваць?
Малая дыгрэсія: дарагія чытачы (пэўна ж, калі нехта будзе чытаць гэтую маю лабуду), не разьбівайце лёгкадумна людзкіх ілюзіяў, калі яны навет недарэчныя. Праўда, людзей трэба прывучаць да рэалізму, але не брутальна, паволі, пераконваючы...
Таму я адказаў Лукашу:
— Дарагі, я не прарок — ня ведаю. Думаю, што аднак справядлівасьць пераможа, бо інакш няма сэнсу жыць. А вось скажы мне, Лукаш: абяцаў табе нехта несьмяротнасьць на зямлі?
— Не, ніхто. А чаму вы пра гэта пытаецеся?
— Вось таму, што і мне ніхто не абяцаў. Таму мы мусім памерці. Баяцца сьмерці, паводле маёй думкі — недарэчна, бо ўжо ад тэй хвіліны, калі дзіцё ўсьведаміла, што мусіць памерці, яно павінна асівець ад страху. А ці памрэм сяньня ці пазаўтраму — якая розьніца?
— Вы, панок (ужо без прабачваньня), пачынаеце нейкую хвілязохвію. Я яе ня вельмі цямлю. Але што ж пачнеш? Трэба будзе пайсьці...
Раптам войстры сьвісток.
«Panowie oficerowie, na odprawк do dowуdcy batalionu».
Ага! Набліжаецца «гэнкэр» — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю...
Так мы зь дзядзькам Лукашом да дна душы не дагаварылі ся.
Але затое пачынае нешта адбывацца...
Усё ж «гэнкэр» (крык дзікіх гусей з выраю) набліжаецца. Атрымоўваем апошнія інструкцыі і, маўляў, дашпільваем апошні гузік. Тэарэтычна ўсё яснае, зразумелае, ролі падзеленыя, толькі... ня ведаем, што будзе рабіць праціўнік.
Шарэе. Страляюць рэдка й недзе далёка. Сьвіснуў, зацокаў, зачмякаў, заліўся салавей. Прыемны халадок, лягчэй дыхаецца. Толькі трупы нашых папярэднікаў пахнуць брыдка, як пагрозьлівае memento.
Я атрымоўваю заданьне яшчэ раз навязаць лучнасьць з суседнім батальёнам: канчаткова дамовіцца адносна кодаў і сыгналаў. Ужо цёмна — можна ісьці. Да гэтага батальёну ня больш як пяцьсот мэтраў. Але перад боем — эмоцыя: бягу галёпам.
Дабягаю.
— Дзе камандзер батальёну?
Нейкі афіцэр зьвяртаецца да іншага:
— Дзе палкоўнік Каміньскі?
Вядуць мяне на камандны пункт. І вось па дарозе я прыгадаў, што гэта той сэнатар Каміньскі, зь якім я прыпадкова сустрэўся пару разоў у Вільні й аб якім мне гадзіну таму гаварыў дзядзька Лукаш.
Паводле ўсіх правілаў польскага ваеннага рэгуляміну кажу палкоўніку, пашто я прыйшоў.
— Добра, даражэнькі. Аб гэтым пагаварэце з маім афіцэрам сувязі, якога я паклічу. Я чую, што вы з «крэсаў».
— Пэўна ж, палкоўнік, наша дывізія завецца «Крэсова». Пры гэтым хачу вам прыгадаць, што я меў гонар з вамі сустракацца ў Вільні, спадар сэнатар.
— Тым больш прыемна сустрэць старога знаёмага ў гэты цяжкі час.
— Цяжка будзе, спадар сэнатар.
— Думаю, так. Шмат хто з нас застанецца на гэтых прыгожых і праклятых горах. Але, што ж, гэта так проста — трэба йсьці...
— Але за што?
— Даражэнькі, вось і вы мне паставілі пытаньне, якога я баюся й штодзень чую.
І раптам дадаў войстрым тонам загаду:
— Вось мой афіцэр сувязі. Дагаварэцеся зь ім і... бывайце жывы.
* * *
Добрых людзей на сьвеце, на жаль, не зашмат. Таму варта аб іх пісаць і прыгадваць, якой бы нацыі яны не былі.
Аб Каміньскім шмат напісаў ведамы польскі публіцысты й пісьменьнік, беларускі шляхціц зь Меншчыны Мэльхіёр Ваньковіч у сваіх трохтомных рэпартажох з-пад Монтэ-Касіна. Ваньковічу трэба аддаць належнае: ён — чалавек асабіста адважны і, нягледзячы на дзьвесьце кіляграмаў сваёй жывой вагі, лазіў па горах падчас бітвы, запісваў ды фатаграфаваў. Аднак ён ня ўсюды мог далезьці, таму ягоныя майстэрскія рэпартажы часта далёкія ад рачаіснасьці, бо пераважна пісаныя з рэляцыяў удзельнікаў пасьля бітвы. А рэляцыі часта бывалі супярэчныя: адзін бачыў дваццаць немцаў, а другі, які ўвесь час ішоў разам зь ім, — толькі двух.
Усё ж, здаецца, што ў дачыненьні да Каміньскага ў сваіх рэпартажох (якіх я, на жаль, цяпер пры сабе ня маю) Ваньковіч быў аб'ектыўным. Ваньковіч прыгадаў гісторыю майго асабістага прыяцеля Крыўца. Гісторыя амаль аўтэнтычная, як і сына дзядзькі Лукаша, і характэрная для тагачасных беларускіх умоваў.
Крывец быў сьведамым і ярым беларускім нацыяналістам і надзвычай здольным дзецюком. Толькі вось няшчасьце для нашай тагачаснай моладзі (ды ня толькі моладзі, г.зв. Заходняй Беларусі): ён не заўсёды адрозьніваў, дзе канчаецца беларускі нацыяналізм, а пачынаецца савецкая прапаганда. І вось бедны мой Пятрусь трапіў у лапы гэтай прапаганды. Разам з беларускай літаратурай, якую ён атрымоўваў зь Менску, ён распаўсюджваў і камуністычныя агіткі. Накрылі, пасадзілі. Праз пару месяцаў пусьцілі. Пятрусь не ўціхамірыўся й рабіў далей. Арыштавалі другі раз. Але ў міжчасе ён пазнаёміўся з Ваньковічам, які так захапіўся здольнасьцямі Крыўца, што аж некалькі разоў пісаў аб ім у газэтах. Здаецца гэта памагло: Петруся йзноў па нейкім часе выпусьцілі. Там ён нешта скумекаў. Вярнуўся, зьбянтэжаны, й пачаў рабіць захады, каб атрымаць стыпэндыю ў сельскагаспадарчую школу. Войт, з паходжаньня беларус, ахвотна даў бы гэтую стыпэндыю, але справа ўпёрлася ў паліцыі: Крывец — камуністы!
Справа дайшла нейкімі шляхамі да сэнатара Каміньскага. Здаецца, што гэтую справу Каміньскаму рэфэраваў Ваньковіч, бо сам мне пазьней яе прыгадваў. Каміньскі пытаецца:
— Хто гэта такі ваш Крывец?
— Вельмі здольны малады чалавек, беларускі нацыяналі сты і, на жаль, два разы быў арыштаваны за савецкую прапаганду.
Малая дыгрэсыя: прыяцелі й знаёмыя, калі бачылі, што ідзе сэнатар Каміньскі, гаварылі: «Ага, ідзе "Гэта так проста".
Каміньскі хвіліну падумаў.
— Але ж гэта так проста: калі ваш Крывец вернецца з школы разумным нацыяналістым — гэта няблага. Калі ж выйдзе дурным камуністым, на яго трэці раз знойдзецца паліцыя.
Каміньскі некаму пазваніў, з сім-тым пагутарыў, і Крыўца прынялі. Із школы Крывец вярнуўся добрым аграномам, палымяным беларусам, але на савецкі камунізм крывіў нос.
17-ы верасень 1939-га году. «Таварышы» прыйшлі нас вызваляць ад хлеба й сякой-такой волі. Ня ведаю, ці Пятрусь Крывец цалаваў савецкія танкі й тачанкі, але ведаю, што недзе ў канцы сьнежаня 39-га году ў дваццаць сёмую камэру вялейскай турмы, дзе мы душыліся, як селядцы ў бочцы, упхнулі яшчэ аднаго кліента. Я адубеў ад зьдзіўленьня.
— Пятрусь! Гэта ты?!
— Пятрусь! Гэта ты?!
— Дарагі, што сталася? Я чуў, што ты быў вялікім начальнікам у раёне. Ты ж іхны чалавек...
Тады Крывец запраўды зламаным голасам адказваў:
— Дарагі, такіх дурняў яны патрабуюць за граніцай, але ў сябе ліквідуюць. Гісторыя Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлы, Валынца й шмат іншых у міньятуры...
З Петрусём я сядзеў нядоўга. Мяне вывезьлі ў полацкую турму, а ён застаўся. Ведаю, што яго на допытах жорстка катавалі. Будучы ў польскай арміі ўва Ўзбэкістане, а пазьней на Блізкім Усходзе, я яго шукаў і не знайшоў. Маглі яго «шлёпнуць» у вялейскай турме, або падчас эвакуацыі гэтай турмы, калі пачалася вайна з немцамі, а можа, замарылі недзе ў лягеры. Бог ведае...
Ваньковіч вельмі патрыятычна й патэтычна апісвае сьмерць Каміньскага. Факты запраўдныя, але ў Ваньковіча — крышку тэатральныя. Батальён Каміньскага амаль быў выбіты, уся сувязь парваная. Тады Каміньскі ўстаў і пайшоў шукаць рэшткаў батальёну. У той мамэнт, як ён выйшаў на адкрытую прастору, атрымаў сэрыю з кулямёту ў грудзі. А калі яго зносілі — паводле Ваньковіча, ён два разы сказаў: «Гэта за Польшчу»...
Каміньскі быў паляк і патрыёт. Гэтыя словы ён мог сказаць, але не пасьля сэрыі з кулямёту ў грудзі. Тут, здаецца, Ваньковіч, паводле добрага акрэсьленьня Высьпяньскага, «патрыятычна забаламуціўся».
Аднак наагул вэрсыя Ваньковіча аб сьмерці Каміньскага адпавядае запраўднасьці. У шалёным агні артылерыі, мінамётаў і ручной зброі батальён гінуў. У гэтым пекле ня толькі генэрал не камандаваў корпусам, ці дывізіяй, палкоўнік — брыгадай ці батальёнам, але, часта, — і капрал сваім зьвязам. Тады Каміньскі, які меў пры сабе толькі некалькі жаўнераў, устаў.
— Ну што ж, трэба йсьці шукаць батальён.
У гэты мамэнт сэрыя спандаў'а перасекла яму грудзі. За ім поўз ягоны «нянька» — раскулачаны беларускі селянін Марцішонак, які даваў палкоўніку стратэгічныя парады:
— Панок, кладзіся, бо заб'юць!..
І калі пад скалу сьцягнулі труп палкоўніка, Марцішонак кінуўся на яго з гістэрычным крыкам:
— Каб ты згарэў, я ж табе казаў, ня йдзі, бо заб'юць!..
Сшакаваны Марцішонак кінуўся з голымі рукамі бегчы на нямецкія бункеры. Яго сілай затрымалі й эвакуавалі ўніз. Пасьля гэтага ён доўга ляжаў у шпіталі. Калі я яго наведаў, гісторыя выясьнілася. Марцішонак жыў празь мяжу з Каміньскім, які меў асаду.
Польскія асаднікі былі ў нас непапулярныя. Аднак — як заўсёды — людзі бываюць розныя. У сваёй асадзе Каміньскі бываў рэдка, ён больш жыў у Варшаве й Вільні. Марцішонак, нармальна, заўсёды раіўся з жонкай, але, калі даведаўся, што прыехаў Каміньскі — ішоў, як дамоў, да яго па парады й са скаргамі ці на паліцыю, ці на ўрадоўцаў гміны. Каміньскі заўсёды раіў і дапамагаў, а дапамагчы ён мог.
Прыйшлі «освободители». Каміньскага арыштавалі, Марцішонка раскулачылі й вывезьлі ў Сібір. Пасьля г.зв. сталінскай, як яе добра назваў украінец, «гімнэстыі», абодва апынуліся ў польскай арміі. Знайшліся й больш не расставаліся. Разьдзяліла іх сьмерць. Марцішонак быў запраўднай нянькай Каміньскага, а ён, як чалавек у асабістых справах непрактычны, — такой нянькі патрабаваў. Больш таго, палкоўнік Каміньскі баяўся простага жаўнера Марцішонка. Ён ня раз гаварыў:
— Вось, даражэнькі, прыйду я ў сваю палатку, а Марцішонак будзе бурчэць, што я крышку выпіў, або запозна прыйшоў. Але ж гэта так проста: ён такі добры чалавек і сусед. Трэба сьцярпець...
Калі я прыйшоў да Марцішонка, а ён быў у аддзеле нэрвова-хворых пасьля шоку, сястра папярэдзіла мяне, што Марцішонка ўгаварылі, што Каміньскі толькі цяжка паранены й будзе жыць. Таму мы гаварылі аб Каміньскім, як аб чалавеку жывым. Ня ведаю, ці Марцішонак умеў адрозьніваць «А» ад «Б», але ведаю, што ён гаварыў «па-нашаму». Ён расказаў мне свае ўзаемадачыненьні з Каміньскім і — як сяньня памятаю — закончыў:
— Я ж яму, каб ён згарэў, крычэў: ня йдзі — застрэляць! Аён устаў і пайшоў. Дзякуй Богу, што толькі паранены! На будучыню будзе памятаць... Але я яго яшчэ абмацюжу, хаця ён страшна добры чалавек!..
Было даволі макабрычна гаварыць аб чалавеку як аб жывым, які ўжо даўно пахаваны. Але ў гэтай прыязьні заможнага беларускага селяніна з польскім сэнатарам і палкоўнікам не было ніякага лёкайства, ніякага паніжэньня. Проста двое добрых людзей любіліся й шанаваліся ўзаемна.
— Панок, бадай ты згарэў, я ж табе казаў, ня йдзі!..
— Вось прыйду ў сваю палатку, а Марцішонак будзе бурчэць...
Гэта ж усё такое простае, такое людзкае, але, на жаль, добрых людзей не зашмат на сьвеце.
* * *
Мне было вельмі прыкра, што я паставіў Каміньскаму пытаньне: «за што?», калі ён заўседы хацеў адказваць: «гэта ж так проста», а тут адчуў, што гэта ня так проста й абурыўся на мяне за правакацыйнае пытаньне.
З гэтымі думкамі я бег у свой батальён.
Усё зашпіленае на апошні гузік. Наперадзе ляжаць два піянэрскія патрулі, якія пабягуць трасаваць сьцежкі на гэтай праклятай замінаванай зямлі. Людзі, засуджаныя на сьмерць...
Як я зайздросьціў тым, што ў Багдадзе ці Каіры купілі гадзіньнікі з фасфарызаванымі цыфэрблятамі!
— Колькі яшчэ?
— Пяць хвілін, — адказвае шчасьлівы ўласьнік фасфарыза ванага гадзіньніка.
— Колькі яшчэ?
— Адна хвіліна, — адказвае фасфарызаваны гадзіньнік.
І ў гэты мамэнт...
Тое, што пачалося ў гэты мамэнт, а 11-й гадзіне 11-га травеня, ніяк няможна назваць «гэнкэрам» — крыкам дзікіх гусей з выраю — мяккім, сумным, лагодным, настальгічным.
Грымнула найцяжэйшая гармата. Гэта быў сыгнал. І, як кажа адзін наш мовавед, «ударыла й пашла маква»... За гэтай гарматай зараўло больш за тысячу іншых: цяжкія, лёгкія, супрацьпанцырныя, супрацьлятунскія, мінамёты цяжкія, мінамёты лёгкія. Усё біла па пазыцыях праціўніка: далёкабойныя гарматы білі па далёкіх становішчах артылерыі, якія знаходзіліся за 30 кілямэтраў ад пляцу бою, іншыя вальцавалі ўвесь пляц, на які мы мелі наступаць. Зямля дрыжэла пад нагамі, зямля гарэла, а ў паветры вылі мільёны д'яблаў. («Земля тряслась, как наши груди» — Лермантаў, «Бородино».) Барадзінская кананада, у параўнаньні з монтэ-касінскай, была мініятурай. Мелася ўражаньне, што глядзім у нейкі жудасны, вялізарны пякельны кацёл, дзе ўсё гарыць, кіпіць, пераварочваецца...
Колькі тонаў зялеза змарнавалі падчас гэтай кананады — цяжка сказаць, і, здаецца, ніхто гэтага не рахаваў. Гэтая навала, згодна з плянам, трывала 40 хвілін. Мы назіралі яе, як гледачы зь лёжы нейкага макабрычнага тэатру. Нават заўзяты пэсымісты дзядзька Лукаш крыкнуў:
«Дык мы ж пойдзем, як нож у масла! Пасьля гэтага там застанецца толькі кучка смуроду!..»
Валодзька Мацкевіч глытаў вачыма гэтую сцэну. (Ён жа хацеў быць героем). Таму сказаў з тонам расчараваньня:
«Там нам нічога не застанецца рабіць».
Памыліліся, на жаль, абодва. Засталося ўсё, а работы было шмат зашмат: восем дзён крывавіцца й паміраць.
Нехта можа паставіць пытаньне: як пасьля такой навалы там нехта мог застацца жывы? Зусім проста. Кажуць: «Хіцёр Зьміцёр, але й Саўка не дурны». Немцы ведалі, што без артылерыйскага падрыхтаваньня ніхто ня зможа штурмаваць, таму мелі пабудаваныя сховішчы на адхонах — «мёртвых палёх», куды не магла дастрэліць ні артылерыя, ні мінамёты. Вось жа адразу, як артылерыйскую навалу перанесьлі на далейшыя пазыцыі, яны папаўзьлі ў бункеры. Пры гэтым бункеры былі моцна збудаваныя й замаскаваныя, на іх быў пакладзены дэтанацый ны пласт каменьняў, на якіх гранат разрываўся. Пэўна ж глушыў жыхара бункера, але вялікай шкоды яму не рабіў. Проста змарнавалі сотні тонаў волава й зялеза.
Гарматы малацілі камяністыя горы дакладна, колькі прадбачвалася паводле пляну. Пасьля перанесьлі агонь на далейшыя аб'екты.
Немцы адбрэхваліся слаба. Ашчаджалі амуніцыю, якая ім пазьней прыдалася. Яны толькі фарамі й ракетамі асьвятлялі поле, што яшчэ павялічвала макабрычнасьць відовішча.
Але затое, калі нашая артылерыя перанесла агонь далей наперад, — слова ўзялі нямецкая артылерыя й мінамёты.
Сьвісток. Наперад пабеглі на чале з афіцэрамі два патрулі— разьміноўваць поле й трасаваць сьцежкі. За імі мелі йсьці мы. Але ўзьніклі праблемы: па-першае, магнэтычныя йголкі сапэраў павар'яцелі, бо ўсё поле засыпанае зялезам, па-другое, немцы ўжывалі драўляныя міны, на якія не рэагуе магнэз. Жаўнеры з гэтых патрулёў узялі штыкі й імі пачалі наколваць грунт ды шукаць мінаў. Але працавалі яны нядоўга. На іх рынулася стыхія артылерыйскага агню з усіх чатырох старон. Абодва патрулі былі выбітыя.
Чытач можа выказаць сумлеў: як гэта так, што немцы стралялі з чатырох бакоў?
А вось жа так было.
Абедзьве арміі, 5-я амэрыканская й 8-я ангельская, улезьлі ў даліну ракі Ліры й Рапідо, не здабыўшы гораў справа. А якраз там былі становішчы нямецкай артылерыі, якая біла нас ззаду. Найгорш нам дакучалі гарматы з Бэльмонтэ, Ацінэ й Цыфалько, якія білі якраз ззаду. Стваралася дэпрэсыйнае ўражаньне, што нас выбівае нашая артылерыя. Выявілася, што не. Тут наша артылерыя працавала прэцызыйна. Найгоршыя былі нямецкія гарматы на танках. Яны нас малацілі з аднаго месца, іх засеклі, г. зн. выкрылі. Туды йшла навала нашай артылерыі, ляцелі самалёты, але іх там ужо не было: яны пераехалі кілямэтар далей і схаваліся ў кусты. Праз пару хвілін стралялі далей. І гэтак паўтаралася забава п'яных расейскіх афіцэраў у «Куку»...
Але вяртаюся да тэмы.
Нашыя гарматы перанесьлі агонь на далейшыя пазыцыі. Пабеглі трасуючыя патрулі. Іх выбілі.
Трэба было ўставаць і йсьці. А як цяжка ўставаць ды бегчы пад град зялеза й волава!.. Найгорш, як падняць жаўнераў. Яны пераважна нестраляныя. Нейкі дзядзька з-пад Баранавіч ці Вялейкі ня быў зацікаўлены ў спрэчцы Гітлера з Рыдзам-Сьміглым і таму ў яе ня ўмешваўся. А цяпер ён апынуўся пад лявінай волава.
— Хлапцы, наперад! Хто залягае — той гіне! Наперад!..
Аднак наперадзе стыхія артылерыйскага агню й сьмерць.
Усё ж такі бальшыня пабегла. Па дарозе мы бачылі, што трасуючыя патрулі, якія мелі нам белымі йстужкамі вызначаць дарогу, выбітыя, а іхныя белыя йстужкі вісяць, як кішкі, на паламаных дрэвах. Нямецкая артылерыйская навала разьмяла ўсё.
Бяжым у няведамае, дзе ў паветры равуць чэрці, а зямля ўзрываецца пад нагамі. Тут, калі чалавек наступіў на міну, ён без кішок і іншых падрабаязгаў пераяжджаў на другі сьвет.
На вузкім адрэзку акцыі нашага корпусу было зашмат войска, таму й страты былі вялікія. Плошча была асьветленая фарамі й ракетамі. Артылерыя й мінамёты былі ўстраляныя. Кожны мэтар зямлі быў зьмераны, кожнае міннае поле было абаранянае з бункераў.
Даходзім да месца, дзе пачынае дзеяць ручная зброя: шмайсэры й спандаў'ы. Жаўнеры пачынаюць «залягаць»: нехта ў ямцы, нехта пад скалой.
Артылерыя й мінамёты праціўніка вальцуюць поле.
— Наперад, на Бога наперад, ззаду сьмерць!..
Пачынаем траціць кантакт з сваімі аддзеламі. Радыёвыя апараты разьбітыя, тэлефонныя драты, якія наматалі павучкі вайны — тэлефаністыя — паразрываныя. У пякельным выцьці цэлага пекла д'яблаў голас не даходзіць да вушэй. Куды йсьці, што рабіць, з кім ісьці — траціцца арыентацыя (нягледзячы на тое, пашто йсьці?).
— Наперад! Наперад!
І вось бункеры плююць волавам. Гэта яшчэ ня так блага. Прынамсі, бачым, скуль страляюць. Можна падпаўзьці й разваліць бункер гранатай, або пятам. (Пят — гэта такая жыдоўская артылерыя, якую выдумалі ангельцы. Гэта цяжкая рулька, у якую сьпераду ўкідаецца гранат і пасьля страляецца. Але пят мае вялікую сілу выбуху, якой бункер не вытрымоўвае.) Горшыя бункеры затоеныя й замаскаваныя, каля якіх прабягаеш, а яны маўчаць. Затое пазьней страляюць ззаду ў патыліцу.
Пасьля монтэ-касінскага бою некаторыя генэралы ганарліва заяўлялі, што яны камандвалі арміямі, корпусамі, дывізіямі.
Дудкі!
Камандзер корпусу, напрыклад, меў сякі такі кантакт з камандай дывізіі, камандзер дывізіі з брыгадай, але ўжо камандзер брыгады ня меў кантактаў з батальёнамі, камандзер батальёну часта ня меў кантакту з ротамі і г. д.
Парадокс, аднак найбясьпечней было як найбліжэй варожых бункераў. Там, прынамсі, можна было аблажыцца каменьнямі, бо артылерыя не страляла па сваіх становішчах. Таму жаўнеры, апынуўшыся паміж бункераў, пачалі да іх прытульвацца й разьбіваць гранатамі, бо амуніцыі да пятаў не хапала, ды й пяты пагубіліся па дарозе. Адзін жаўнерык ухітрыўся й аблажыўся трупамі гіндусаў, нашых папярэднікаў. Змабілізаваў пяць трупаў, а пазьней крычаў суседу, які ляжаў за каменьчыкамі:
— Прадаю аўтэнтычнага гіндуса за пляшку джыну!
— Але ён сьмярдзіць.
— Хай лепш сьмярдзіць ён, чымся я.
Жыцьцё: жах мяшаецца з гумарам, макабра — з ідыліяй.
Раптам чамусьці зрабілася ціха.
Дудкі, маўляў, адразу вызьверыліся салаўі. Але ўжо злосна, бо ім нейкія «страньеры» перашкаджаюць жыць і цешыцца жыцьцём ды вясной.
Цяжка, лежачы пад бункерам ворага, слухаць песьні салаўя...
Але йзноў завыла мільён д'яблаў і быццам бы стала лягчэй: салаўі больш дэпрымуюць...
Хоцькі-няхоцькі, трэба было пачынаць разьбіваць бункеры, бо людзі апынуліся быццам бы ў муравейніку. Тут застаюцца толькі ручныя гранаты й таміганы, бо пяты недзе па дарозе загразьлі.
Бачу, дзядзька Лукаш паўзе пад бункер з апошняй гранатай і кідае. Бункер моўкне. Як пазьней выявілася, граната перасекла спандаў. Нехта іншы запоўз за бункер і, уткнуўшы таміган, расстраляў некалькі праціўнікаў. Крышку палягчэла.
Але набліжаецца найгоршае — золак. У дзень застацца паміж бункерамі — сьмерць.
Ізноў жа парадокс: сонца дае жыцьцё, — у той час для нас сонца азначала сьмерць.
Бачым, што наступ заламаўся. Тады палкоўнік дае загад адступаць. Нялёгка было сходзіць з праклятай гары, пакідаючы там столькі сваіх жаўнераў і прыяцеляў. Фактычна, батальён быў разьбіты.
Вельмі характэрную размову пераказвае Ваньковіч з камандзерам другога батальёну «Карпацкай» дывізіі, палкоўнікам Бжуско. Палкоўнік быў паранены, й калі яго наведаў Ваньковіч, той сказаў:
— Калі вы напішаце, што мой батальён быў «разьбіты» — гэта будзе няпраўдай.
— А як я гэта магу акрэсьліць? — паставіў пытаньне Ваньковіч.
— Выбіты...
Тут мушу прыгадаць, што другі батальён стаяў на другім месцы паводле стратаў людзей пасьля нашага батальёну.
У той мамэнт, як палкоўнік пастанавіў адступаць, нейкім чынам дайшоў загад з дывізіі: «За ўсякую цану ўтрымаць здабытую пазыцыю, мантуецца другі наступ». Тады наперад, шукаць лепшай пазыцыі, бо тут, дзе мы ляжым, — лысы ўзгорак. Няшмат гэтага войска засталося, але тое, што было, кінулася наперад. А тут зямля гарыць пад нагамі: навокал бункеры, міны й пасткі. Але рынуліся, бо зараз будзе відно. Заляглі й пачалі разьбіваць бункеры, якія былі найбліжэй. Але з усходам сонца ўзьніклі новыя цяжкасьці: снайпэры праціўніка. Ноччу яны былі сьляпыя, але цяпер пачалі вызьвярацца. Хапіла толькі падняць руку з каменнага складака, а ўжо рука была прастрэленая. Снайпэры пераважна сядзелі на дрэвах, добра замаскаваныя, іншыя— за высокімі скаламі. Пачалося ўзаемнае паляваньне. Нашы снайпэры, хоць іх няшмат засталося, таксама ўзяліся за работу. Яны, снайпэры, назіралі, скуль падае стрэл, пазьней спакойна чакалі, пакуль праціўнік не парушыўся. Вока снайпэра — сакалінае: кажны рух заўважыць. Тады снайпэр прыцэльваўся, й праціўнік ляцеў з дрэва, як сьпелы яблык. Памаленьку снайпэры праціўніка былі зьбітыя з дрэваў. Аднак сытуацыя няшмат палепшылася, бо стралялі далейшыя бункеры, да якіх няможна было дапаўзьці.
Найгоршае, што пачала пагражаць «брындза» (крыптонім: нястача амуніцыі), а данесьці яе на пазыцыі ўдзень не было мовы. Пекла павялічаюць енкі параненых, якіх няма магчымасьці зносіць, бо санітары або выбітыя, або ня могуць дайсьці праз агонь.
Тады камандзер батальёну даў дэфінітыўны загад сходзіць з гары.
Макабрычнае было гэтае сходжаньне. Амаль кажны здаровы, не вылучаючы афіцэраў, нёс параненага. І так усіх не змаглі забраць. Пазьней іх падбіралі немцы. Дзе няможна было ісьці, людзі паўзьлі на жыватах, маючы на плячах параненага калегу. Было некалькі выпадкаў, што паранены быў дастрэлены падчас гэтай маніпуляцыі, і жаўнер поўз, маючы ўжо на сабе трупа. Сонца пражыла, а вады — ані кроплі. Каменьні войстрыя рэжуць цела й ірвуць вопратку. Людзі ўпадаюць у нэрвовы шок, зрываюцца не ў пару, іх выстрэльваюць, як зайцаў.
Урэшце жменька людзей спаўзла із «Здані». Амэрыканцы назвалі гэтую гару «Fantom ridge», палякі — «Відмо». Заляглі на выходных пазыцыях, як цяжка параненыя зьвяры. Выглядалі жахліва: скрываўленыя, абдзёртыя, пакалечаныя, стомленыя й бяз кроплі вады.
І вось якія рапарты атрымоўвае дывізія, а пасьля корпус, ад камандзераў трох батальёнаў, якія сплылі із «Здані»:
палкоўнік Домань: 18-ы батальён мае 30 чалавек; палкоўнік Стачкоўскі: 15-ы батальён — 7; палкоўнік Каміньскі: 13 батальён — толькі 3.
А трэба прыгадаць, што ўсе тры батальёны пачалі атаку ў поўным складзе, г.зн. каля 800 жаўнераў кажны.
Палажэньне, на першы пагляд, трагічнае: тры батальёны выбітыя. Ня лепш і ў Карпацкай дывізіі. Аднак Андэрс, страляны на розных войнах і франтох (9 ранаў), разважаў спакойна. Стварыўся хаос, трэба кансалідавацца й падрыхтоўваць другую атаку.
Але з чым? — можа нехта сказаць. — Корпус выбіты!
Пазьней выявілася, што не было так страшна. Праўда, кажны батальён страціў менш-больш палову сваёй баяздольнасьці, аднак ноччу пачалі сплываць людзі з усіх бакоў: і тыя, што заляглі ззаду, і тыя, што далёка зайшлі наперад і не пачулі загаду адступаць, і тыя, што блукаліся, шукаючы сваіх аддзелаў. Усё пераблыталася ў гэтым пякельным агні, ўпацёмку й хаосе бітвы.
Зямля прыгожая і няўдзячная, як лермантаўская царыца Тамара. Здаецца, блізка, а як далёка! Цяпер рэактыўны самалёт ляціць з Эўропы ў Амэрыку каля пяці гадзін. (Калюмб плыў каля шасьці месяцаў.) А тут — на «Здані», стомэтровая адлегласьць раўнялася — дзесяткам людзкіх жыцьцяў, плюс — шмат літраў крыві, плюс — перажыцьці.
Нашае камандаваньне атрымоўвае рапарт, што гара «Здань» дэфінітыўна ачышчаная ад нашага войска. Тады наша артылерыя кладзе шалёны агонь на «Здань». Выяўляецца, што няпраўда. На «Здані» ляжаць нашыя жаўнеры. У нейкай ямцы ляжыць маёр Гнатоўскі із сваім паўбатальёнам. Праўда, гэты паўбатальён цяпер налічвае 26 жаўнераў, якія не пачулі загаду адступаць. Маёр Гнатоўскі ведае адно: а 15-й гадзіне мае быць другі наступ. Ён чакае. Наступу няма. Тады ён зразумеў, што акцыя заламалася, і трэба чакаць начы, каб зыйсьці з гары. Адначасова пад заслонай цемры спаўзалі іншыя жаўнеры, якія не пачулі загаду адступаць.
На пазыцыі ўспаўзае апошні запасовы 16-ты батальён маёра Станьчыка. Станьчык — калярытная фігура. Батальён успаўзае, Станьчык ідзе на нагах. Афіцэр, які ляжыць на пазыцыі й ня ведае хто йдзе, крычыць: «кладзіся, бо застрэляць!», а Станьчык адказвае: «Калі маеш прыгожую дзяўчынку, дык лягу», і йдзе далей.
Гіронія лёсу. Станьчык (ужо цяпер, бадай, генэрал) — афіцэр-прафэсіянал, усё жыцьцё вучыўся выбіваць зубы, а цяпер, як дантыстычны тэхнік, робіць і ўстаўляе ангельцам зубы, хаця, як мне шчыра прызнаўся, хацеў бы, каб было наадварот. Тэхнікам дантыстычным ён стаўся пасьля вайны. Трэба ж неяк жыць...
* * *
Але калі ўжо гаворым аб Станьчыку, дык зьвернемся да, можа, макабрычнага гумару, які нас не пакідаў у найбольш крытычныя хвіліны. Гумар — гэта скарб, і бедныя тыя людзі, якія яго не разумеюць.
Спаўзьлі з гары. Цяжка паранены жаўнер енчыць. Уся вопратка на ім парваная, скрываўленая. Да яго падыходзіць шэф роты і кажа:
— Успакойся, цяпер напэўна атрымаеш новы мундзір.
— А як памру? — пытаецца бедны жаўнер.
— Дык выйграе ангельскі кароль, бо яму застанецца адзін мундзір.
Трэба прыгадаць, што гэты жаўнер некалькі разоў хадзіў да шэфа роты з просьбамі, каб яму далі новы «батэльдрэс», бо ягоны вельмі знасіўся. Заўсёды шэф роты адказваў яму, што яшчэ пару месяцаў можа пахадзіць, бо трэба ашчаджаць казённую маемасьць.
Цяпер гэты ж шэф пацяшае цяжка параненага:
«Калі будзеш жыць — атрымаеш новы мундзір. Калі ж памрэш, цябе будуць абшываць, абмываць і абмундзіроўваць або святы Пятро, або Люцыпар, залежна на што заслужыў».
Бедны жаўнерык выжыў, але шэф празь некалькі дзён апынуўся пад апекай сьвятога Пятра ці Бэльзэбула — гэта я ня ведаю.
Другі выпадак. Быў жаўнер, які зьбіраў калекцыю гадзіньнікаў. Проста, калі іншыя адбіралі ў палонных зброю, ён забіраў гадзіньнікі. Сабраў нешта сем-восем штук. Тады, нягледзячы на ўвесь рэгулямін, ён сеў задам да праціўніка й пачаў раскручваць здабытыя гадзіньнікі ды спраўджваць «вэркі». Лепшыя ён клаў у правую кішэнь, горшыя — у левую.
Тады яму крычыць сусед з-за каменьняў:
— Ты бачыш, вось перад намі вялікі бункер? Там напэўна сядзіць афіцэр, які мае залатога "Лёнжына"!
Гэтая трагічная думка іржавым цьвіком убілася ў галаву аматара гадзіньнікаў.
Неўзабаве прыслалі дапамогу — аддзел камандосаў.
І там знайшоўся калекцыянэр гадзіньнікаў. Адразу свой свайго пазнаў і на піва пазваў.
Такім чынам, два спэцыялістыя, якія прыпадкова сустрэліся, падпісалі непадпісаны саюз, што залатога «Лёнжына» мусяць здабыць. Але як? Удзень нельга варухнуцца — страляюць. Ну што ж, пачакаем да начы... Калі ж сьцямнелася, абодва пайшлі на паляваньне. Не пайшлі, а папаўзьлі. Адзін справа, другі зьлева. На бункер, па залатога «Лёнжына».
Паляваньне скончылася трагічна для аматара і ўласьніка сямі гадзіньнікаў: атрымаў кулю ў пераносіцу і з сваімі гадзіньні камі застаўся ляжаць. Затое камандос, які поўз справа, разьбіў бункер і... запраўды здабыў залатога «Лёнжына». Аднак ён сумленна дапоўз да трупа свайго супольніка й забраў усе гадзіньнікі зь яго кішэняў. Тады ён дапоўз да камандзера дружыны забітага й аддаў яму ўсе гадзіньнікі, якія забраў зь кішэняў забітага, з тым, каб іх разьдзялілі сярод ягоных прыяцеляў... Выявілася, што гадзіньнікаў было зашмат, каб абдзяліць усю дружыну. Рэч зразумелая, што камандос залатога «Лёнжына» забраў сабе, што яму слушна належылася.
Дарэчы прыгадаць, што гэты камандос быў страляны на розных франтох. Вось жа ў першых сутычках на Сангро ён быў лёгка паранены. Якраз тады наш корпус наведваў галоўнака мандуючы польскай арміі генэрал Сасноўскі. Ён таксама зайшоў у шпіталь, дзе ляжаў гэты камандос (прозьвішча не памятаю).
Генэрал пытае:
— Цяжка табе?
Камандос адказвае:
— Не, водзу. Рана загоіцца, але мне, сукіны сыны, струшчылі гадзіньнік маркі «Амэга».
Сасноўскі яго пацешыў, што ён атрымае рэкампэнсату.
І атрымаў. Аўтэнтычны гадзіньнік маркі «Амэга».
Тыя, што зналі гэтага камандоса, цьвердзілі, што ён ніколі ніякага гадзіньніка ня меў. Але што значыць камандос...
Цяпер вернемся да маёра Станьчыка (тады быў маёрам).
Батальён ідзе ў атаку. Жахлівы агонь. Жаўнеры прыляглі. Каму хочацца атрымаць валавяную цукерку? Раптам зычны, моцны голас Станьчыка: «Хлопцы, будзе добра! Я ў г.... ўлез». І запраўды. Станьчык пад агнём стаіць і паказвае свае чаравікі. Гэтак званы «корпус дэлікці» неаспрэчны.
Забабоны кажуць, што калі гэта чалавеку здарыцца, у гэты дзень яго сустрэне шчасьце. Я ў гэта ня веру, бо калі б так было, дык кажны дзень раніцой некаторыя людзі беглі б шукаць гэтага шчасьця, хаця гэта й не духмяна, не эстэтычна.
Аднак жарт памог. Жаўнеры набралі бадзёрасьці. Калі «стары» (а так кажнага камандзера завуць навет старэйшыя ад яго) гэтак жартуе пад градам волава — значыцца, ня так блага.
* * *
Аднак і ня добра.
Батальёны заляглі ў розных ярах і ямах. Людзі галодныя й без вады, якую толькі можна данесьці ўначы і то ў сьмярдзючых бітонах. Цяжэй раненых эвакуавалі, лёгка параненыя ня хочуць выходзіць.
Мантуецца новы наступ. Паехала экіпа вербаваць ахвотнікаў з базаў. Змантавалі запасны батальён з кухароў, пісароў ды іншых адміністратараў. Знайшлі й камандзера батальёну — бухгальтара-прафэсіянала капітана Шамоцкага. Гэтыя «швэйкі» мелі ратаваць палажэньне. На шчасьце, да гэтага не дайшло.
Ляжым у логаве і, як параненыя зьвяры, дыхаем.
Няцяжка сабе ўявіць, як мы пачуваліся: разьбітыя, пакалечаныя, скрываўленыя, — лежачы ў калдобе, якая шумна называлася «ярам», і залізваючы раны. Давесьці ежу й ваду — трагічная праблема, бо немцы ўначы сыстэматычна артылерыяй і мінамётамі малоцяць адзіную артэрыю — дарогу сапэраў і ўсе магчымыя праходы, кудой могуць прайсьці мулы. Ляцелі ў протхлю джыпы й бедныя мулы, якія ня мелі ніякай ахвоты браць удзел у гэтай бязглуздай вайне. Праўда, ніхто ня пытаўся іхняй згоды. Пасьля бітвы ў раёне Монтэ-Касіна паставілі некалькі помнікаў розным героям. Ніхто не падумаў аб мулах і кіпрыйскіх мулаводах. А яны шмат спрычыніліся да выйграньня монтэ-касінскага штурму.
Ляжым. На першы погляд, палажэньне безнадзейнае. Батальён фактычна выбіты. Засталося некалькі афіцэраў і пара дзясяткаў жаўнераў. Зь нешта дваццаці падхаронжых — абсальвэнтаў афіцэрскай школы — ніводнага. Пазьней пачалі адусюды зьбірацца, што зь бяды можна было згарусьціць дзьве маленькія роты. А тут згары прыходзіць загад: «Кансалідавацца й рыхтавацца да наступнага штурму». Палкоўнік, сам паранены, чухае сівую патыліцу: з чым пайсьці ў наступ і як падняць здэпрэсаваных жаўнераў? Ён некалькі разоў у дзень скліквае нарады афіцэраў, сам ходзіць сярод жаўнераў і гутарыць зь імі. За ўсякую цану падняць баяздольнасьць батальёну! Але як гэта зрабіць? Жаўнеры сядзяць, або ляжаць, прыляпіўшыся да скалаў, і апатычна слухаюць нашыя прамовы. Трэба зразумець псыхалёгію разьбітых жаўнераў. Жаўнер заўсёды ў наступ ідзе бадзёра, не зважаючы на магчымасьць сьмерці, але адступае з дэпрэсіяй.
У дзень пражыць сонца, ноччу пацягвае халадком і салаўінай экстраваганцыяй, што яшчэ павялічае дэпрэсію. Аб коўдрах няма сэнсу й марыць. Хаця б давезьлі біф і ваду — навет у сьмярдзючых бітонах. Чалавек моліцца за сваю сям'ю, прыяцеляў — мы маліліся за мулоў і мулаводаў, каб яны дайшлі здаровыя да нас.
Навет сямнаццацігадовы Валодзька Мацкевіч страціў ахвоту быць Напалеонам. На праклятай гары застаўся назаўсёды ягоны равесьнік і прыяцель Юрка Ясінскі. Пытаюся ў яго:
— Што б ты цяпер хацеў, Валодзька?
Ён зь дзяціннай шчырасьцяй адказвае:
— Шклянку цёплага малака і каб не стралялі.
А страляюць злосна. Артылерыя ня можа да нас дастрэліц ца. Затое нэбэльвэрфэры й звычайныя мінамёты дакучаюць. Найгоршыя нэбэльвэрфэры. Гэта — паскудзтва савецкай канструкцыі (чаго б благога не прыдумалі бальшавікі?), удасканаленае нямецкай тэхнікай. Яны былі першы раз ужытыя падчас апошняй вайны пад Севастопалем і па-расейску называліся Мар'яй Іванаўнай. Нэбэльвэрфэр — шэсьць разам спрэжаных мінамётаў, якія страляюць адначасна. Яны робяць менш шкоды, чымся панікі. Ад часу, як яны вылятаюць з руляк, чалавек іх чуе. Гэтае паскудзтва ляціць, вые, сьвішча, рагоча, як тысячы д'яблаў, што сарваліся з ланцугоў. Ствараецца ўражаньне, што ўся гэтая дзікая какафонія рынецца нам на галовы. Не даляцелі. Нарабілі трэску й смуроду. Цяпер чакай на новую порцыю. Другая пераляцела. Але што будзе з трэцяй?
Палажэньне няёмкае. Усё ж на праклятай «Здані» перад намі ляжаць два нашыя батальёны: 14-ты, які ўтрымоўвае там пазыцыі пару тыдняў, і 16-ты, які ўзыйшоў апошні. Камандуе ім прыгаданы маёр Станьчык, які падтрымоўвае жаўнераў сваімі нецэнзурнымі жартамі й бяспрыкладнай адвагай. Яны памаленьку й сыстэматычна ліквідуюць бункеры.
Гэтак было 13-га травеня й трывала да 17-га.
У міжчасе атрымоўваем вясёлую вестку, што мы ня можам пайсьці наперад, бо Восьмая армія загразла на рэчцы Гары і ня можа яе сфарсаваць пад жахлівым агнём праціўніка. Адначасна другая вясёлая вестка, што генэрал Ліс, камандзер гэтай арміі, у склад якой уваходзілі й мы, выкарыстоўваючы прыгожую пагоду, паехаў лавіць рыбу. Ён — рыбалоў ня меншай клясы, чымся наш прафэсар Жук. Гэтую вестку жаўнеры прынялі злосна, і каб іхныя пажаданьні зьдзейсьніліся, дык генэрал Ліс ня толькі не навудзіў бы рыбы, але акула яго б канчальна аформіла. Праўда, акулаў там ня бывае.
* * *
Кажуць, што «на беднага Макара ўсе шышкі валяцца». Атрымоўваю загад быць правадніком і камандзерам калёны мулаводаў, якая з Сан-ФМікэле давозіць амуніцыю й прадукты на лінію. Заданьне адказнае й важнае, але як яго выканаць? Акцыя можа адбывацца толькі ўначы, але трэба пазнаць сьцежкі, праз якія можа прайсьці аб'ючаны мул. Дарога сапэраў выключаецца, бо яе ноччу так калахмацяць, што толькі джып можа, маючы шчасьце, прарвацца. Іншыя сьцежкі, ведамыя немцам, таксама пад густым абстрэлам. Трэба шукаць новых. Маю дзень на распазнаньне дарогі, бо ўжо вечарам мушу вясьці мулаводаў, а мулаводы — мулаў. Паўзу паміж скалаў і кустоў і назіраю трасу ззаду. А
