|
Алесь Ціхаміраў (Мінск)
КАНЦЭПЦЫІ ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЙ АРЫЕНТАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА
(1921-1925)
Апынуўшыся за межамі Беларусі пасля завяршэння польска-савецкай вайны 1919—1921 гг., дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху перайшлі на становішча палітычных эмігрантаў. Аднак яны пра-цягвалі цікавіцца праблемамі бацькаўшчыны i верылі ў магчымасць дасяг-нення ў хуткім часе галоўнай мэты сваёй барацьбы— стварэння незалеж-най Беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах рассялення беларусаў. У дакладзе аб палітычным становішчы Беларусі, які быў складзены ўрадам БНРдляўрадаЛітвы29сакавіка 1921г, адзначалася: "Апошнія звесткі з Бе-ларусі, якія атрыманы ўрадам БНР непасрэдна з месцаў […] сведчаць пра тое, што рост нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці ў беларускіх масах за апошні год надзвычайна ўзмацніўся. Гэтаму росту спрыяла як няспынная прапаганда беларускіх партый, што стаяць на платформе дэмакратычнай дзяржаўнасці, так i факты бягучага жыцця: фарміраванне беларускай Чыр-вонай Арміі на аснове тэрытарыяльна-нацыянальнай, якое зрабіла бальша-віцкая ўлада пасля заняцця Мінска, скліканне Цэнтральнага савета Бела-русі i стварэнне асобага Чырвонага ўрада. Барацьба з Польшчай, якую вялі пад лозунгамі абароны еднасці беларускіх зямель, Рыжскі мір, які прызнаў незалежнасць Беларусі i ў той жа час падверг яе падзелу. Усе гэтыя факты развіваюць у народзе свядомасць сваёй асобнасці, аддзеленасці ад астатняй Цэнтральнай Расіі, супрацьпастаўляючы яе адначасова Маскве i Варшаве i служылі выдатным сродкам беларускіх арганізацый, колькасць якіх у цяпе-рашні час адлічваецца сотнямі на губерню для прапаганды барацьбы за незалежнасць i непадзельнасць" 1. Зыходзячы з гэтага, беларускія эмігранты сталі выпрацоўваць канцэпцыі, дзе вызначаліся месца Беларусі ў сістэме міжнародных адносін, а таксама асноўныя знешнепалітычныя арыенціры суверэннай, незалежнай Беларусь
Галоўным ворагам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху эмі-грацыя лічыла Польшчу. Выразна антыпольскія настроі праявіліся ў кнізе А. Цвікевіча "Адраджэньне Беларусі i Польшча", якая была выдадзена ў 1921 г. (у той час ён займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе В. Ластоўскага). Цвікевіч лічыў што саюз з Польшчай не карысны для Бе-ларусі, бо беларусы з'яўляюцца нацыяй сялянскай, у той час як палякі— нацыяй шляхецка-капіталістычнай. Аднак польскую буржуазію ён лічыў слабой i няздольнай да эфектыўнай эксплуатацыі прыродных багаццяў Беларусі.
Такім чынам, Польшча непазбежна павінна была перадаць правы на экс-плуатацыю Беларусі замежным капіталістам, адьпрываючы ролю камісія-нера-пасрэдніка, але такі падыход, на думку Цвікевіча, значна пагоршыў бы становішча Беларусі нават у параўнанні з часам знаходжання яе ў складзе Расійскай імперыі2 . Цвікевіч заклікаў палякаў адмовіцца ад беларускіх зя-мель i звярнуць больш увагі на тэрыторыі, якія некалі належалі "пястаўскай Польшчы", але ў той час знаходзіліся ў складзе Германіі 3. "Калі польская працоўная дэмакрацыя жадае чэсна пайсьці рука ў руку з вызваленай Бела-русьсю, яна, разам з вызнаньнем праў беларускага народа на этнаграфіч -ныя граніцы, павінна поўнасьцю i да канца вызнаць дзяржаўную незалеж-насьць Беларусь У сваю чаргу, беларускае адраджэньне ідзе насустрач законным вымогам Польшчы аб вольным развіцьці польскай культуры на бе-ларускіх абшарах. Усе патрэбныя гарантыі Беларусь гатова для гэтага даць яшчэ з большай ахвотай, ніж гэта робіць Польшча",— пісаў ён4. На праця-гу 1921—1925 гг. беларускія дзеячы неаднаразова падвяргалі рэзкай крыты-цы палітыку польскіх уладаў, накіраваную на задушэнне беларускай нацыя-нальна-культурнай самабытнасці на тэрыторыях, якія ў 1921 г. трапілі ў склад Польскай дзяржавы.
Крытычна ставіліся дзеячы БНР i да Савецкай Расіі. 14 ліпеня 1921 г. прэзідыум Рады БНР i ўрад БНР прынялі рэзалюцыю наступнага зместу:
"Урад Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць, што
1) стварэнне з пяці з паловай паветаў Мінскай губерні Савецкай Беларускай Рэспублікі;
2) уступленне гэтай нязначнай часткі Беларусі ў федэратыўна-палітыч-ную сувязь з Расіяй у выпадку неабходнасці;
3) далучэнне да Расіі тэрыторый, якія населены беларускім народам Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай i частак Смаленскай i Чарнігаўскай губерняў;
4) узрастаючы маскоўскі цэнтралізм у адносінах да Савецкай Беларусі— усё гэта супярэчыць самой сутнасці, нават ідэялогіі Савецкага ўрада i з'яў-ляецца грубай насмешкай над ідэялогіяй Трэцяга Інтэрнацыянала, а тым больш над народам, які прыклаў столькі намаганняў для абароны сваіх пра-воў на самавызначэнне.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі не браў i не будзе браць удзелу ва ўзброенай барацьбе супраць Расіі, што зыходзіць з якіх бы то ні было рэак-цыйных крыніц, але пратэставаў i будзе пратэставаць i змагацца супраць усерасійскага цэнтралізму i папрання законных правоў працоўнага беларускага народа на самавызначэнне i поўную дзяржаўную незалежнасць" 5.
Далучэнне Беларусі да Расіі лічылася немэтазгодным i па прычыне склада-нага эканамічнага становішча РСФСР. Як адзначалася ў лісце А. Галавінскага, які быў накіраваны да М. Краўцова ў ЗША 1 лістапада 1921 г., "Аб'яднаньне этнаграфічнай Беларусі з Расіяй патрабуе вялікіх страт ад апошняй на адбудову нашага краю, зруйнаванага вайною, Расія ня мае такіх сродкаў каб мець маг-чымасьць дапамагчы нам,— Расія сама шукае загранічнага капіталу" 6.
3 асуджэннем палітыкі Польшчы i РСФСР у дачыненні да Беларусі вы-ступіла Першая Беларуская нацыянальна -палітычная канферэнцыя ў Празе ў верасні 1921г. У прыватнасці, у рэзалюцыі канферэнцыі "Палажэньне беларускага народу пад акупацыямі", гаварылася:
"Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе, разважыўшы палажэньне беларускага народу пад расійскай і польскай аккупацьюмі, сьцьвяр-джае, што:
1) пад расійскай акупацыяй у гэты момант знаходзіцца больш як 206 000кв. кл беларускай тэрыторыі, з ліку якой расійскі савецкі ўрад 153 000 кв. клдалучыў безпасрэдна да Расіі, а на 53 000 кв. кл утварыў фікцыю СавецкайБеларусь На тэрыторыі Савецкай Беларусі расійскі савецкі ўрад устанавіўуладу, зложаную з чужых беларускаму народу элементаў каторымі кіруецэнтральны савецкі ўрад з Масквы. Шырока рэклямаванай талерантнась-цю савецкай улады да беларускага адраджэнчэскага руху ў Савецкай Бела-русі дагэтуль нічога не зроблена.
На беларускай тэрыторыі, далучанай безпасрэдна да Расіі, беларускае насяленьне падлягае самай натужнай русіфікацыі i пазбаўлена ўсіх як палі-тычных, так i нацыянальна-культурных правоў: урадавай мовай зьяўляецца мова расійская, беларускія газэты забаронены, беларуская адраджэнчэская праца тлуміцца турмой i расстрэламі;
2) пад польскай акупацьюй знаходзіцца больш як 100 000 кв. кл беларускай зямлі; на захопленых польскім імпэрыялізмам гэтых тэрыторыях бушуецяпер нічым не агранічаны польскі шавінізм i нячуваны нацыянальны ўціскi зьдзек над беларускім народам. 3 мэтай задушыць беларускі вызваленчырух палякі нішчаць беларускую культуру i інтэлігэнцыю, кіруючыся да поў-нага зьнішчэньня на гэтых землях беларускага племені. Землі беларускіхуцекачоў польскі ўрад раздае салдатам, ураджэнцам Польшчы. Сьвядомаебеларускае сялянства польскі ўрад гноіць па турмам i канцэнтрацыйнымтабарам, ён зачыняе кулыурныя, нацыянальныя i эканамічныя арганізацыі, забараняе друк, беларускую школу i мову.
Беларуская нацыянальна-палітычная нарада, у імя справядлівасьці і за-хаваньня беларускай нацыі i культуры вымагае ад Лігі Нацый i ўсіх народаў сьвету адкінуць агідны польскі шавінізм i імпэрыялізм у яго этнаграфічныя межы за Буг i Нарэў"7 .
Сапраўднымі саюзнікамі кіраўнікі БНР лічылі народы Усходняй Еўро-пы. Цвікевіч у названай вышэй кнізе пісаў: "У барацьбе з польскім імпэры-ялізмам Беларусь не адзінока: суседнія з ёй народы, i ў першую чаргу народ літоўскі, знаходзяцца ў стасунку да Польшчы ў аднолькавым становішчы. Безварунковае аб'еднаньне дзяржаўных імкненьняў гэтых двох народаў дыктуецца ня толькі ўзаемнай эканамічнай залежнасьцю, аднолькавым са-цыяльным ладам i нацыянальнай нэйтральнасьцю— але i агульнай небясь-пекай, што насоўваецца на нашых вачах з Захаду. Пытаньне аб'еднаньня ix— справа бліжэйшага часу. Украіна (асабліва Галіччына), Латвія i na часьці Эсьція. Памянённыя народы пойдуць на хаўрус з Беларусьсю запраўды як роўны з роўным, не хаваючы камень за пазухай. I на ix дапамогу ў зма-ганьні з польскімі адэптамі Беларусь можа сьмела рахаваць" 8. У мемаран-думе ўрада БНР да кіраўнікоў Вашынгтонскай міжнароднай канферэнцыі (ён быў падрыхтаваны ў канцы 1921 г.) гаварылася: "Беларускі Народ жадае міру i адзіную апору гэтаму доўгачаканаму міру i свайму існаванню бачыць у сваёй дзяржаўнай самастойнасці i незалежнасці i ў праве свабоднага доб-раахвотнага выбару сабе саюзнікаў Такіх саюзнікаў падрыхтавала беларус-каму народу яго гісторыя i эканамічная неабходнасць у выглядзе Прыбал-тыйскіх рэспублік: гаспадарча дапаўняючы адзін аднаго, этнаграфічная Беларусь i Прыбалтыйскія дзяржавы складуць зусім жыццяздольны i гаспа-дарча-закончаны арганізм […]. У палітычных адносінах саюз прыбалтыйскіх рэспублік з далучэннем да яго этнаграфічнай Беларусі дае трывалае лагіч-нае вырашэнне адвечным спрэчкам паміж Масквой i Варшавай за першын-ства: вышэйузгаданы саюз практычна будзе ўяўляць з сябе нейтральны бу-ферны дзяржаўна -палітычны арганізм, які прымірыць інтарэсы актыўных ваяўнічых дзяржаў" 9.
Аналагічныя доказы прыводзіліся i ў мемарандуме, які ўрад БНР склаў для кіраўнікоў міжнароднай канферэнцыі ў Генуі ў студзені 1922 г. У пунктах 2 i 3 дакумента гаварылася: "Беларусь у мінуўшчыне, пачынаючы ад X i да XVII ст., мела ўласную дзяржаўнасьць, будучы пад канец у лучнасці з Літвой. У той час Беларусь выявіла выключныя творчыя сілы як у палі-тычнай, так асабліва ў кулыурнай дзедзіне. Аб гэтым сьведчаць памятнікі яе гісторыі. У тэй або іншай форме Беларусь гатова i цяпер узнавіць быў-шую блізасьць да Літвы i Прыбалтыкі. Беларусь, будучы натуральным гінтэр-ляндам Прыбалтыкі, абладае зусім выстарчаючымі магчымасьцямі дзеля незалежнага існаваньня" 10.
Разглядаючы саюз з Літвой як аснову знешняй палітыкі суверэннай Беларусі, беларускія дзеячы дапускалі магчымасць перадачы ў склад Літвы Вільні. У звароце да старшыні Літоўска-польскай канферэнцыі ў Бруселі П. Гіманса (зварот падпісалі В. Ластоўскі i A. Цвікевіч) гаварылася, што бясспрэчнай лініяй граніцы паміж Польшчай i Літвой з'яўляецца лінія Аў-густаўскага канала, a землі Беларусі, што размяшчаюцца на ўсход ад яе, па справядлівасці трэба перадаць беларусам. Аднак з улікам таго, што такі падыход быў на той час нерэальным, складальнікі звароту прапаноўвалі перадаць спрэчныя тэрыторыі Літве на падставе таго, што літоўцы i бела-русы арганічна звязаны паміж сабою i маюць аднолькавае імкненне адзін да другога 11.
У новай заяве ўрада БНР да Гіманса, датаванай 30 мая 1921 г., гаварылася: "Урад Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць сваім абавязкам зазна-чыць, што Беларусь ні ў якім здарэньні не адмовіцца ад сваіх дзяржаўных правоў на этнаграфічна-беларускія землі Віленшчыны i Гродзеншчыны i ніякіх актаў аб дзяржаўнай прыналежнасьці гэтых зямель, заключаных трэцьцімі асобамі паміж сабой без учасьця прадстаўнікоў ядына сувэрэн-нага на гэтых землях народу Беларускага, не прызнае. Разам з тым на асно-ве неаднаразовых сваіх заяў […] Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў вы-падку, калі на Літ. — пол. канфэрэнцыі ў Брусэлі будзе запрапанавана Літве перадача беларускай зямлі да лініі Рыжскай пол. — рас. умовы (так званы другі "польскі" калідор), дае сваю згоду на прыём Літвой гэтых зямель пад ва-рункам, што этнаграфічна-беларускія землі будуць выдзелены ў самастой-ную палітычную адзінку, зьвязаную з Літвой асобнай дзеля гэтай справы умовай, заключанай паміж Урадам Літоўскай Рэспублікі i Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі" п. У лісце да Я. Бачынскага ад 27 чэрвеня 1921 г. В. Ластоўскі пісаў: "Мы хочэм, каб захвачэныя Польшчай беларускія землі (на ўсход ад лініі Керзана) былі ўзяты так, як i Усходняя Галіччына пад су-вэрэнітэт Лігі Нацый i былі звязаны конфэдэрацыйнай зьвязьзю [з] Літвой, з якой мы ў гістарычным прошлым, як роўныя з роўнымі, пражылі 500 лет нашайгісторыі" 13.
Патрабаванне перадаць Вільню Літве змяшчалася i ў звароце, які ўрад БНР накіраваў да старшыні Генуэзскай канферэнцыі Л. Факта 3 мая 1922 г. У дакуменце, у прыватнасці, гаварылася:
"1) прылучэньне Вільні да Польшчы аддзеліць гэтае места ад Балтыцкіх прыморскіх зямель, з якімі беларускія землі зьвязаны эканамічна самой прыродай; гэтае прылучэньне засудзіла бы гаспадарку, гандаль i прамысло -васьць Віленшчыны на поўны застой. Да гэтага дадаліся бы другія варункі, выцякаючыя з паняволеньня беларускага насяленьня Польшчай, няздоль-най забяспечыць яму яго поўнае палітычнае і эканамічнае разьвіцьцё;
2) прылучэньне Вільні да Польшчы раўнялась бы для беларускага селя-ніна звароту пад фэадальнае ярмо польскіх паноў. Польскае панаваньне праціўна характару i жаданьням беларускага селяніна. Для яго Польшча зьяўляецца дзяржавай антыдэмакратычнай i варожай яго нацыянальнай, рэлігійнай i сацыяльнай эвалюцыі" 14.
Аўтары звароту лічылі, што "Віленская тэрыторыя, пасьля далучэнь-ня яе да Літоўскай дзяржавы, будзе карыстацца самай шырокай аўтано-міяй i будзе мець уласны Парлямант, які зьявіцца гарантыяй палітычных правоў ня толькі большасьці насяленьня беларусоў, але i меншасьцяў— жыдоўскай i польскай— названай тэрыторыі. Аўтаномная тэрыторыя Вільні ня будзе агранічана межамі даўняй губэрніі таго ж імені, але ў яе ўвойдзе ўся тэрыторыя, эканамічна залежная ад Вільні i знаходзячаяся на усход ад лініі Керзона" 15.
Нягледзячы на пажаданні беларусаў, 15 сакавіка 1923 г. Канферэнцыя паслоў (у склад яе ўваходзілі прадстаўнікі дзяржаў Антанты) прызнала "рыж-скую лінію 1921 г." у якасці легітымнай усходняй граніцы Польшчы. Адна-часова па сутнасці быў замацаваны польскі характар Віленшчыны (у 1922 г. Віленскі сейм прыняў рашэнне аб ліквідацыі Сярэдняй Літвы i далучэнні Віленшчыны да Польшчы). Трохі пазней "рыжскую лінію" прызналі ЗША. Прызнанне вядучымі дзяржавамі Захаду ўсходняй польскай мяжы выкліка-ла супярэчнасці ў літоўска-беларускіх адносінах. 12 студзеня 1923 г. кіраўнікі Дзяржкалегіі БНР (яна выконвала ў гэты час функцыі ўрада БНР), Цэнт-ральнай рады сялян-беларусаў у Літве, Беларускай грамады ў Коўне, Бела-рускай нацыянальнай сувязі (П. Крачэўскі, А. Карабач, Л. Заяц, A. Галавінскі) апублікавалі заяву, дзе гаварылася: "Пасьля правалу Віленскага сойму літоў-ская старана пачала занадта спакойна ставіцца да справы змаганьня за Вільню, у аканчальным выніку спадзяючыся, што захопленая тэрыторыя будзе звернутая Літве міжнароднай інстанцыяй […] Сімпатыі беларускага жыхарства да Літвы пачалі лічыцца явішчам непрамінаючым i само сабой разумеючымся, пачало лічыцца за правіла, што сімпатыі беларусаў да Літвы павінны ўзмацоўвацца толькі самым фактам польскіх гвалтаў Падобны зня-важлівы да нашай нацыянальнай годнасьці стасунак да беларускага руху валок за сабой поўную бязчыннасьць, інэртнасьць тут у Літве, дзе павінна была горача кавацца справа ўзаемнага збліжэньня і падтрыманьня" 16.
Адпаведныя думкі выказваў і віцэ-старшыня дзяржкалегіі БНР В. Захарка. У лісце да Петрушэўскага ад 29 верасня 1923г. ёнадзначыў: "Кіраўнікі літоўскай палітыкі імкнуцца давесьці беларусам, што іхняя барацьба суп-роць Польшчы можа мець посьпех толькі тады, калі яна будзе адбывацца "пры Літве", ад яе імя, пад яе апекай i г. д. Яны кажуць, што толькі змагаю-чыся за Вільню, у закрэсе меж Літоўскай рэспублікі (знамянітая лінія 12 ліпня), — беларусы могуць спадзявацца на нешта памыснае. Барацьба за беларускую незалежнасьць, барацьба ў закрэсе меж усяго беларускага эт-награфічнага абшару акрэсьліваецца імі як рэч нерэальная i таму шкодная" 17. Захарка лічыў, што захаванне літоўцамі такога падыходу можа прывесці да раз'яднання паміж літоўцамі i беларусамі 18. Погляды Захаркі падзяляў А. Цві-кевіч, які ў лісце да A. Луцкевіча ад 6 кастрычніка 1923 г. (на той час Цвікевіч ужо ўзначаліў урад БНР) пісаў: "Сучасная літоўская палітыка не вызнае […] самастойнага беларускага пытаньня i на другі дзень пасьля таго, як Вільня адойдзе (калі наагул адойдзе!) да Літвы,— яна пагадзіцца з адзінавернай Польшчай (і адзіна партыйнай), праз галаву Заходняй Беларусі" 19. Кіраўнік урада БНР лічыў мэтазгодным жорстка паставіць перад урадам Літвы па-трабаванне рэальна падтрымаць беларускі pyx з фіксацыяй гэтага абавяза-цельства ў спецыяльным дагаворы. "Я ведаю, як нявыгадна нам разыхо-джаньне з Літвой. Але з двох шкод трэба выбіраць меншае,— ці ліквідавац-ца самім, ці ліквідаваць нашыя адносіны. Мы выбіраем апошняе", — пад-крэсліваў ён20.
24 жніўня 1923 г. урад БНР у спецыяльнай Дэкларацыі сфармуляваў канцэптуальныя палажэнні асноў знешняй палітыкі Беларусі ў новых умо-вах (дакумент падпісалі Крачэўскі, Цвікевіч, Варонка, Захарка, Заяц, Пра-кулевіч). У Дэкларацыі, у прыватнасці, гаварылася:
"Урад БНР будзе імкнуцца да наладжэньня i захаваньня добрых адносін да ўсіх народаў Пачуцьцё братэрства ён будзе захоўваць асабліва да тых народаў якія прыходзяць яму з дапамогай, са шчырасьцю, выкліканай адзі-на спачуваньнем Беларусі ў яе цяжкім становішчы.
У адносінах да Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Урад БНР будзе дабівацца зьнішчэньня Рыжскага трактату i адмовы Расіі ад прэтэнзій на беларускія тэрыторыі.
У барацьбе з Польшчай Урад БНР будзе дабівацца зьнішчэньня польскай акупацыі над Заходняй Беларусьсю i ўстанаўленьня дзяржаўнай граніцы на захадзе па Бугу i Нараву.
Урад БНР ставіць сваім заданьнем быць у зносінах са ўсімі ўрадамі сьве-ту, цікуючы за тым, каб яны зналі праўду аб Беларускім Народзе, аб яго жаданьні быць самастойным, аб гвалтах над ім яго ворагаў Шырокі сьвет павінен аб гэтым ведаць, каб не падтрымоўваць гвалтаўнікоў уціскаючых нашу Бацькаўшчыну […]. Урад БНР лічыць абавязковым пры ўсялякіх ва-рунках захаваць з гэткімі труднасьцямі ўстаноўленую зьвязь Беларусі з За-хадам дзеля абароны яе нацыянальных інтарэсаў.
Урад БНР павінен быць тым зьвяном, што яднае беларускую эмігра-цыю з бацькаўшчынай. Роля эміграцыі для нашага адраджэньня вельмі пачэсная, прычым першая роля безварункова належыць беларускай эмігра-цыі Амэрыкі i Канады. Браты нашы ў далёкай заакеанскай краіне не забылі, мы пэўны, сваёй многапакутнай бацькаўшчыны i чакаюць спосабу прыйсьці ей у сумную гадзіну на помач. Урад БНР пасылае да амэрыканскай эмігра-цыі свайго паўнамоцнага прадстаўніка i чакае ад яе спаўненьня сваіх гра-мадзкіх абавязкаў" 21.
У 1924 г. частка дзеячаў БНР палічыла магчымым атрымаць дапамогу з боку СССР у справе аб'яднання Беларусь Такі падыход падзяляў, у пры-ватнасці, А. Цвікевіч, па ініцыятыве якога ў Берліне ў кастрычніку 1925 г. была склікана Другая беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя. Па словах Цвікевіча, правядзенне канферэнцыі бьшо выклікана трыма пры-чынамі: 1) абсалютным i безумоўным ростам БССР, якая стала вырашаль-ным фактарам беларускага вызваленчага руху, нацыянальна-культурнага i дзяржаўнага будаўніцтва; 2) расколам раней "адзінага нацыянальнага фронту" ў Заходняй Беларусі, у сувязі з падрыхтоўкай Рабоча-сялянскай грама-ды; 3) незацікаўленасцю ў існаванні БНР суседніх з Беларуссю буржуазных дзяржаў Разам з тым, Цвікевіч і яго ўрад не ставілі пытання аб арыентацыі на СССР, размова ішла толькі пра аб'яднанне намаганняў з БССР (у 1930г., на адным з допытаў па сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Бела-русі" Цвікевіч заявіў што ён у 1925 г. заставаўся беларускім нацыяналістам, "з той толькі розніцай, што свой нацыянальны настрой імкнуўся рэаліза-ваць i задаволіць не ў старых формах "народнай" Беларусі, a ў новых формах Беларусі Савецкай" 22). Берлінская канферэнцыя прыняла пастанову "Аб агульным палітычным становішчы Беларусі", у якой Савецкая Беларусь прызнавалася рэальнай формай Беларускай дзяржавы, "цэнтрам беларускага адраджэньня", a ўсялякія спробы барацьбы супраць яе—"здрадай справе вызвольнага беларускага руху" (пастанову падпісалі A. Цвікевіч, К. Езаві-таў, У. Пракулевіч, А. Галавінскі, Л. Заяц)23 .
Трэба заўважыць, што думку аб магчымасці саюзу з СССР i БССР падзя-лялі не ўсе беларускія эмігранты. Сумненні ў мэтазгоднасці такой арыента-цыі выказваў старшьшя Рады БНР П. Крачэўскі. У лісце да А. Аўсяніка ад 15 кастрычніка 1924 г. ён звяртаў увагу на тое, што "пакуль ідзе пытаньне аб сусветнай рэвалюцыі, саветчыкі выкарыстовываюць усё, што пападзецца ім пад руку, але,— будзьце пэўны, калі паўстане аб іхнем супакою i існаваньні, то яны i пальцам не крануць, каб абараняць Заходнюю Беларусь ад палякаў" 24.
Праціўнікам арыентацыі на СССР заставаўся былы кіраўнік урада БНР В. Ластоўскі. У выступленні на V Асамблеі Лігі Нацый у Жэневе ў верасні 1924 г. ён заявіў, што Беларусь не будзе сапраўды незалежнай ні ў саюзе з Расіяй (СССР), ні ў саюзе з Польшчай. "Беларускаму народу няма вызва-лення ні праз Варшаву, ні праз Маскву. I праз Маскву, i праз Варшаву на Беларусь ідзе руіна і знішчэнне",— падкрэсліў ён.— Толькі ў сувязі з братнімі дэмакратычнымі сялянскімі народамі Літвы, Украіны i другімі можа Беларусь дайсці свайго вызвалення, можа рэалізаваць сваю дзяржаў-ную незалежнасць" 25. Ластоўскі адстойваў ідэю захавання саюзу паміж Бе-ларуссю i Літвой: "Літва, якая большасць сваёй гісторыі пражыла з бела-рускім народам, павінна падаць беларусам руку помачы ў іхнім цяперашнім змаганні. У вольнай Беларусі Літва, як i ў гістарычнай мінуўшчыне, будзе мець прыязную дзяржаву, з якой лучаць нас i гісторыя, i эканоміка, i адна-стайны сялянскі склад жыхарства" 26. Скептычна паставіўся ён i да "ўзбуй-нення" БССР у 1924 г., звярнуўшы ўвагу на тое, што РСФСР перадала ў склад Савецкай Беларусі не ўсе этнаграфічна беларускія землі27.
В. Ластоўскі стаў адным з галоўных распрацоўшчыкаў i прапагандыс-таў "крывіцкай тэорыі". Ён прапанаваў адмовіцца ад выкарыстання тэрмі-на "Беларусь" i замяніць яго натэрмін "Крывія". "Імя "крывічы" жыло яшчэ ў памяці нашага народу ў пачатках XIX ст. Толькі ў 1860 гадах, пасьля апош-няга польскага паўстаньня, калі ў Маскве i Петраградзе "аткрылі" Беларусь, імя "крывічы" было засуджана на няпамяць. […] Найменьні "Беларусь" i "Маларусь" асабліва горача прапагавала царская Расія, бо яны слу-жылі праваднікамі агульнарускіх ідэалаў "трыадзінай Русі", зводзячыўкраін-цаў i беларусаў на ступень правінцыяльных адмен",— пісаў ён у адным ca сваіх артыкулаў у 1923 г.28. Ён жа пісаў у прадмове да "Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка" ў 1924г.: "Мы Крывічы, а ня Русь Літоўская, Ва-ражская ці Маскоўская, Белая ці Чорная; мы асобны славянскі народ, не правінцыяльная чыясь адмена.
Мы Крывічы, славянскае асобнае племя, ca сваей асобай мовай, гісто-рыяй, народным характарам, звычаямі i абычаямі; племя, якое тысячу з лішнім лет засяляе сваю крывічанскую зямлю.
Мы Крывічы, гэта знача, што мы па доўгім, цяжкім сьне прабуджаемся вольнымі душой, як вольнымі пачувалі сябе нашы прашчуры на вечах ста-рэтных.
Наша мінуўшчына, гэта блуканьнеся па раздарожах i муках, а мы цяпер ізноў пры крыніцах гаючае i жывучае вады, пры сваім народзе Крывічанскім, i, разам з ім, адбудовываемо вольную Крывію!" 29.
Погляды Ластоўскага падзялялі не ўсе дзеячы беларускага вызваленча-га руху. Напрыклад, крытычна ставіўся да "крывіцкай тэорыі" К. Езавітаў, які актыўна працаваў у асяроддзі беларусаў Латвіі. У студзені 1924 г. ён заў-важыў: "Ідэі "Крывіі" i "крыўскага народа" многія лічуць для справы нека-рыснымі: разьбівае гэта наш яшчэ нескалочаны рух i ставіць у тупік іна-странцаў Мала таго— нашы дрыгвічы i радзімічы крыху абражаны. А што найгорш, дык гэта можа выклікаць раскол i стварэньне Чорнай Русі ці Бела-польшчы" 30. Асуджэнне "крывіцкай тэорыі" стала адным з галоўных пы-танняў парадку дня Берлінскай канферэнцыі 1925г.
Падсумоўваючы, можна адзначыць, што ў знешнепалітычных канцэп-цыях, якія распрацоўваліся беларускай палітычнай эміграцыяй у 1921— 1925 гг., выразна праяўлялася імкненне абапірацца найперш наўласныя сілы i на дапамогу маладых суседніх дзяржаў i народаў галоўным чынам дзяр-жаў Балтыі i ўкраінцаў Вельмі асцярожна дзеячы беларускага руху ставілі-ся да магчымасці апоры на вядучыя дзяржавы Захаду, аддаючы перавагу развіццю супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці, з Лігай Нацый. Аднак рэаліі жыцця былі мацнейшымі за ідэальныя ўяў-ленні аб ім. Спроба рэалізацыі канцэпцый, у аснове якіх ляжала думка аб магчымасці вызвалення i аб'яднання Беларусі пры дапамозе Літвы, скон-чылася няўдачай, выклікаўшы востры ідэйна-палітычны крызіс у эмігра-цыйным асяроддзі.
Спасылкі:
1 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага. 1998. Т. 1. Кн. 2. С. 1064.
2 ЦьвікевічА. Адраджэньне Беларусі i Польшча. Берлін, 1921. С. 155, 169, 171.
3Тамсама. С. 181.
4Тамсама. С. 183.
5 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1196.
6 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 325, юп. 1, спр. 188, арк. 8.
7 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1220—1221.
8 Цьвікевіч А. Адраджэньне Беларусі i Польшча. С. 184.
9 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С 1249.
І0Тамсама. С 1288.
11 НАРБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 118, арк. 12-13.
12 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1119."
13 Тамсама. СИЗО.
14 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1318. "Тамсама. С 1319.
16 Тамсама. С 1382.
17 НАРБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 118, арк. 76.
18 Тамсама. Арк.74.
19 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1456.
20 Тамсама.
21 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1437.
22 Цвікевіч A. "Ліквідацыя БНР не была манеўрам"; "Візіт да Пілсудскага" // Маладосць. 1993.№ 1. С.219.
23 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С. 1630.24Тамсама. С. 1541.
25 Ластоўскі В. Выбр. тв. Мн., 1997. С. 358.
26Тамсама. С. 359.
"Крывіч. 1924. № 1. С. 88.
28Тамсама. 1923. № 5. С.44.
29 ЛастоўскіВ. Прадмова // Ластоўкі В. Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. CXI.
30 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. С 1494.
Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/
