МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ларыса Геніюш і Прага: некалькі штрыхоў да гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхіі // Беларуская дыяспара як пасяродніца ў дыялогу цывілізацый

Аўтар: Сокалава Францішка
Кнiга: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў
Год: 2001
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Чэхія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Францішка Сокалава (Прага)
ЛАРЫСА ГЕНІЮШ I ПРАГА НЕКАЛЬКІ ШТРЫХОЎ ДА ПСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЗМІГРАЦЫІ Ў ЧЗХІІ

Мой рэферат далека не ўсеахопны. Ён датычыць побыту Ларысы Ге-ніюш, яе мужа i сына ў Чэхіі. Гэта спроба пачаць пошук слядоў, якія ў нас ад гэтага побыту засталіся. Тэма непасрэдна адлюстроўвае ўза-емныя сувязі чэхаў i беларусаў у першай палове XX ст.

Чэхаславацкая Рэспубліка, якая ўзнікла ў выніку распаду Аўстра-Венгерскай імперыі пасля Першай сусветнай вайны, прапанавала сваю велікадушную дапамогу палітычным уцекачам з Савецкай Расіі, Украіны, Беларусі i іншых краін, якія адышлі да Саветаў пасля грамадзянскай вайны. Дапамога, ініцыяваная ў першую чаргу прэзідэнтам Т. Масарыкам, была накіравана на падтрымку інтэлігенцыі i вучобу студэнтаў, якія дома не маглі студыяваць, праследаваліся па палітычных матывах. Гэта датычылася i прад-стаўнікоў беларускай меншасці ў тагачаснай Польшчы.

Адным з беларускіх студэнтаў, які знаходзіўся ў Празе з 1922г., быў палітычны ўцякач Ян Геніюш. Ён атрымліваў дапамогу ад розных фунда-цый, a пазней таксама i ад сваіх родзічаў што жылі на Гродзеншчыне. 3 гэ-тых мясцін паходзіла i яго жонка Ларыса з дому Міклашэўскіх, якая пры-ехала да мужа ў Прагу з сынам Юркам у канцы 1937 г. Яны былі беларусімі патрыётамі.

Геніюшы далучыліся да грамадскага жыцця беларускай эміграцыі. Ларыса стала сакратаркай прэзідэнта БНР Васіля Захаркі, а пазней клапаціла-ся пра яго архіў (так званы архіў Крачэўскага—Захаркі). Была таксама скарб-нікам пражскай філіі Беларускага камітэта самапомачы (у час вайны немцы дазволілі існаванне падобных непалітычных суполак узаемадапамогі таксама рускім i ўкраінскім эмігрантам). Ёсць дастаткова доказаў, што палітыч-ны запавет В. Захаркі, надыктаваны ім перад смерцю Л. Геніюш, перадрукоў-вала на машынцы сястра Лесі Украінкі пані Косач-Шыманоўская, якая была суседкай Геніюшаў Дом, дзе яны жылі, зваўся "Кашпарак" i знаходзіцца ў пражскім раёне Нуслі.

Пасля смерці прэзідэнтаВ. Захаркі, у красавіку 1943г., Л. Геніюш разам з новым прэзідэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам выбралі з архіва найбольш каштоўныя дакументы, якія Абрамчык павінен быў адвезці ў Па-рыж. Тут у справу ўмяшаўся Іван Ермачэнка, загадкавы палітык, які таксама эміграваў у Прагу. У 1941—1943 гг. ён кіраваў Камітэтам самапомачы ў Мінску, быў дарадцам гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ. Ермачэнка прымусіў Л. Геніюш у прысутнасці супрацоўнікаў гестапа аддаць ключ ад архіва Захаркі ў яго кватэры ў Модржанах. (Ермачэнка перавёз архіў у сваю кватэру ў Празе, a потым перадаў яго ў Рускі архіў на часовае захаванне.)

3 дакументаў знойдзеных Ганнай Сурмач у Рускім замежным гістарыч-ным архіве ў Маскве, вынікае, што Кубэ зацікавіўся архівам Крачэўскага— Захаркі. Ужо 10 чэрвеня 1943 г. беларускі архіў быў праз паверанага мінска-га генеральнага камісара Рыхеля перададзены ў Рускі архіў ў Празе. Спада-рыня Сурмач знайшла ў Маскве, куды трапіў пасля вайны Рускі пражскі архіў, зроблены Ермачэнкам вопіс дакументаў, складзены пры гэтай пера-дачы. Дасюль лёс гэтых дакументаў невядомы'.

У сваіх мемуарах "Споведзь" (Мн., 1990) сама Ларыса Геніюш піша, што ў 1949 г., у час допыту ва ўсемагутнага шэфа беларускага КДБ Цанавы, ад яе дабіваліся аднаго: дзе архіў? Гэта бьша адна з прычын яе арышту. У сваёй кнізе пісьменніца згадвае, што следчы паказаў ёй паперы Беларускага камітэта (самапомачы?), якія, верагодна, у Мінск прывёз Ермачэнка. Як меркавала Ларыса Антонаўна, Ермачэнка быў двайным агентам— ня-мецкім і савецкім. Матэрыялы пра яго дзейнасць пад канец вайны i адразу пасля яе знаходзяцца ў Празе ў Дзяржаўным цэнтральным архіве і архіве Міністэрства ўнутраных спраў

Калі ў 1944 г. Цэнтральная беларуская рада з Мінска запрасіла пяцярых ці чатырох сяброў Пражскага камітэта самапомачы на Другі Усебеларускі з'езд (27.6.1944), то ў гэтую небяспечную дарогу, насустрач нямецкай арміі, што адыходзіла, выправіліся толькі двое: Ларыса Геніюш i Васіль Русак, былы ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну. Л. Геніюш прыехала на другі дзень пасля завяршэння з'езда, які зноў, як i ў 1918 г., абвясціў беларускую неза-лежнасць. Усе запрошаныя на з'езд дорага за гэта заплацілі пасля вайны. В. Русак жыццём—ён быў схоплены ўжо ў маі 1945-га; муж i жонка Генію-шы— дваццаццю пяццю гадамі лагераў; М. Забэйда-Суміцкі— вялізным грашовым штрафам. Грашовы штраф атрымаў (паводле "малога" Бенеша-вага дэкрэта) i неіснуючы Міхал Геніюш (у стужцы тэлетайпа, што захава-лася ў Дзяржаўным цэнтральным архіве, прозвішча Забэйды-Суміцкага бьшо спалучана з прозвішчам Геніюш).

Пасля вайны супрацоўнікі СМЕРШа двойчы спрабавалі схапіць Лары-су Геніюш. У час другой беспаспяховай спробы за паэтку заступіліся чэшс-кія грамадзяне, якія запатрабавалі прысутнасці чэшскай паліцыі. Пасля гэ-тага Геніюшы пачалі дабівацца чэхаславацкага грамадзянства, якое яны ат-рымалі ў 1947г.

Дата высылкі Геніюшаў з ЧССР— 27 ліпеня 1948г. Перад гэтым яны былі пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства, перададзены органам МУС i асуджаны. Вызваліліся ў 1956г. Ix сын Юрка, які ў час зняволення бацькоў заставаўся ў Польшчы, жыў спачатку ў сваякоў у Вроцлаве, а пазней у дзіця-чым доме. Хаця ён знаходзіўся пад пастаянным наглядам i псіхалагічным ціскам, здолеў набыць прафесію медыка, але найбольш сябе прысвячаў літа-ратурнай працы. Сваю маці перажыў толькі на два гады.

Успомніць людзей, якія былі ў Чэхіі знаёмымі i прыяцелямі Ларысы Геніюш,— складаная задача, якая патрабуе працы галоўным чынам у за-межных архівах. Вышэй была ўспомнена пані Косач-Шыманоўская. Назаву яшчэ Ганну Цескаву, чэшскую перакладчыцу i арганізатарку дапамогі рускім эмігрантам, архімандрыта Ісаакія Вінаградава (1895—1981), інтэлігентнага i паважанага чалавека, які надзвычай прыязна ставіўся да беларусаў Ён пра-вёў абрад пахавання прэзідэнта В. Захаркі. Ларыса Геніюш хадзіла да яго на споведзь. У 1945 г. быў схоплены i асуджаны Саветамі. Пасля двух гадоў лагераў праз заступніцтва патрыярха Алексія ён атрымаў магчымасць служыць святаром у Сярэдняй Азіі. Згадаю славіста Францішка Ціхага (псеўданім Броман; 1886—1968), які прысвяціў сябе мовам i літаратурам амаль усіх сла-вянскіх народаў. Найбольшыя заслугі ён мае ў вывучэнні літаратуры кар-пацкіх русінаў i ix асвеце. Цікавіўся таксама беларушчынай (напісаў па гэ-тай тэме даследаванне), перакладаў Купалу, іншых паэтаў, а магчыма, таксама i Ларысу Геніюш, якая яго пра гэта прасіла.

У Літаратурным архіве Музея нацыянальнага пісьменства (на Страгаве, дэпазітарый Старыя Грады) нам удалося знайсці толькі адзін дакумент пра ix стасункі. Гэта ліст Ларысы Антонаўны, адасланы з Зэльвы 11 снежня 1966 г., з якога вынікае, што яны (з Францішкам Ціхім) былі добра знаёмыя 2. Тут выказана спачуванне ў адказ на паведамленне пра смерць жонкі Ф. Ціхага. У гэтым жа допісе Л. Геніюш дзякуе за дасланыя пераклады вершаў іншых аўтараў i выказвае пажаданне, каб i яе творы былі перакладзены. У спадчыне Ф. Ціхага нам, аднак, ніякіх вершаў Л. Геніюш знайсці не ўдалося.

Што да высокапастаўленых немцаў з якімі Л. Геніюш сустракалася ў час вайны i пра якіх піша ў сваіх успамінах, што памагалі ёй i чэхам, то у Дзяржаўным цэнтральным архіве нам удалося знайсці дакументы 3, якія сведчаць, што доктар медыцыны Вільгельм Піпер захаваў жыццё некалькім вязням з турмы Панкрац. Пазней Піпер быў абвінавачаны ў ваенных зла-чынствах, але за гэта нясе адказнасць іншы Піпер— доктар юрыспрудэн -цыі, прэзідэнт нямецкага земскага суда ў Празе4. Доктар медыцыны Піпер быў выпушчаны на волю ў сакавіку 1946 г. Што да загадчыцы сацыяльна-га аддзела Ганны Нот, якая прыехала ў Прагу пад канец вайны з Лодзі, то мы маем звесткі ад прафесара Смуэла Кракоўскага, былога загадчыка ар-хіва ў Дд Вашэм (Ерусалім), што імя гэтай жанчыны няма ў спісе ваенных злачынцаў Лодзі.

У пражскіх архівах мы не знайшлі пасляваенных лістоў Л. Геніюш прэ-зідэнту Бенешу, аднак тое, што яны дайшлі, было пацверджана ў пратаколе архіва Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі за 1945 г.5. Пакуль не знайшлося пацвярджэння, што дайшоў ліст, які яна паслала прэзідэнту Бенешу пасля Мюнхенскай змовы.

Матэрыялы, знойдзеныя ў пражскіх архівах, адпавядаюць таму, пра што піша Л. Геніюш у сваіх успамінах,— аж да дэталяў, якіх яна не ведала,— напрыклад, дэталі працэдуры, як яны былі пазбаўлены чэхаславацкага гра-мадзянства i высланы. У Дзяржаўным цэнтральным архіве, у матэрыялах акцыі дапамогі рускай эміграцыі ёсць дакументы пра побыт i вучобу Яна Геніюша. Там ёсць, напрыклад, пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзены Я. Геніюшу ў Каунасе ў 1922 г., чэхаславацкая віза з датай

15 красавіка 1922 г., некаторыя дакументы, што датычаць яго вучобы ў Кар-лавым універсітэце: заявы на выдзяленне дапамогі i стыпендыі, накірава-ныя ў Камітэт прызначэння стыпендый рускім i ўкраінскім студэнтам. УДЦА, у матэрыялах прэзідыума паліцыі6 ёсць дзве анкеты, запоўненыя праўдападобна, у часы так званай Другой рэспублікі, перад нападам Гер-маніі на Польшчу. Польшча ў той час патрабавала вяртання сваіх грама-дзян. У анкеце паведамляецца, што Я. Геніюш у Чэхіі вучыцца на юрыдыч-ным факультэце Свабоднага ўкраінскага універсітэта. Анкеты запоўнены рукой Л. Геніюш. У ДЦА захоўваецца i тэлетайпнае паведамленне ад 20 чэр-веня 1944 г., адрасаванае з Мінска дзяржаўнаму міністру К. Г. Франку, пра запрашэнне на Усебеларускі кангрэс, які адбудзецца 27 чэрвеня 1944 г.7.

У архіве ўпраўлення паліцыі знаходзяцца розныя пасведчанні, пашпар-ты i пасляваенныя дакументы Геніюшаў, якія датычацца атрымання чэха-славацкага грамадзянства 8. Яшчэ тут знаходзяцца матэрыялы з Міністэр-ства ўнутраных спраў i дзяржбяспекі, якія сведчаць, што адразу пасля лю-тага 1948г. (камуністычнага перавароту) гэтыя органы спешна выконвалі загад Масквы пра выдачу Геніюшаў як ваенных злачынцаў у Савецкі Саюз i ў сувязі з гэтым шукалі любую падставу, каб пазбавіць ix чэхаславацкага грамадзянства. У архіве Міністэрства ўнутраных спраў таксама ёсць даку-мент пра зняволенне Геніюшаў органамі Дзяржбяспекі. 5 сакавіка 1948г. уначы яны былі схоплены дома, у Вімпэрку 9.

Цікава, што яшчэ 2 чэрвеня 1948г. Земскі суд у Празе адказаў на скаргу Геніюшаў наконт ix арышту такім рашэннем: у выпадку, калі гэтыя людзі з'яўляюцца чэхаславацкімі грамадзянамі, ix зняволенне проціпраўнае, калі яны не зрабілі канкрэтных парушэнняў чэхаславацкіх законаў (адказ акруж-нога суда ў Піску ад 4 чэрвеня 1948 г. Міністэрству ўнутраных спраў10). У непадпісанай копіі рашэння гарсавета (Акружнога народнага камітэта) ў Прахаціцах пра высылку Геніюшаў з тэрыторыі Чэхаславакіі ад 7 ліпеня 1948 г. гаворыцца, што 1 красавіка 1948 г. яны былі пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства''. У іншым дакуменце ад 9 ліпеня 1948 г. абласная ўправа СТБ (дзяржбяспекі) у Піску паведамляе цэнтральнай пражскай управе, што Геніюшы з турмы ў Піску былі пераведзены ў тамтэйшы адміністрацыйны ізалятар СТБ. 7 ліпеня 1948 г. паводле рашэння Акружнога народнага камі-тэта ў Прахаціцах Геніюшы былі высланы, а 8 ліпеня былі эскартаваны пісец-кай міліцыяй i перададзены цэнтральнай управе СТБ у Празе п.

У сталічным архіве Прагі13 знаходзяцца дакументы, якія датычацца так званых "малых" Бенешавых дэкрэтаў, паводле якіх пасля вайны грамадзяне караліся за супрацоўніцтва з немцамі, за грамадскія беспарадкі i г. д. Паводле "малога" дэкрэта ў суд былі выкліканы ўсе запрошаныя на Усебеларускі кангрэс. У той час (восень 1948 г.) з ix у Празе заставаўся толькі М. Забэйда-Суміцкі. Геніюшы бьші даўно за мяжой, а на ix адрас працягвалі прыходзіць новыя i новыя позвы, у тым ліку і на імя неіснуючага Міхала. Апошняя позва прыйшла Геніюшам у 1950г., калі грашовыя штрафы былі ўсім змен-шаны або дараваны.

У архіве Л. Геніюш у Мінску (аддзел рукапісаў бібліятэкі НАНБ) ёсць ліст Ларысы Антонаўны Міколу Прашковічу ад 24 верасня 1969 г. Гэты ліст публікуе М. Скобла ў кнізе "Выбраных твораў" Л. Геніюш 14. Там згадваец-ца, што Юрка Геніюш па дарозе ў Балгарыю спыняўся ў Празе, наведаў там знаёмых. Даведаўся, што ў 1963 г. усе ix знаёмыя ў Празе мелі "візіты", верагодна, з Мінска. Усе тыя візіцёры вельмі добра былі інфармаваны пра ўсіх прыяцеляў сям'i i забралі ў ix усе дакументы, вершы i асобныя рэчы, што належалі Л. Геніюш. Паколькі выдавалі на ix квітанцыі, ясна, што візіт насіў афіцыйны характар.

Ці быў нехта з чэшскага боку прыцягнуты да вызначэння кола сяброў Геніюшаў? Пакуль застаецца спадзявацца, што нейкія згадкі знойдуцца ў спадчыне Л. Геніюш. Магчыма, дапамаглі б пошукі ў польскіх, беларускіх i рускіх архівах. Пакуль нам не ўдалося даведацца, у каго рэчы Геніюшаў былі канфіскаваны. Магчыма, у пана Крываноскі, апекуна малога Юркі, які мусіў перадаваць адабраныя дакументы Я. Геніюша Міністэрству ўнут-раных спраў? Ці ў прафесара Шпачэка, старшыні Саюза амерыканска-чэш-скага сяброўства? Або ў медыка Карла Вотрубы? Сям'і Сіраполкавых? Невядома.

А цяпер хачу выказаць некалькі думак, якія датычацца пражскай літа-ратурнай творчасці Л. Геніюш i яе стасункаў з чэшскай культурай.

Хаця Л. Геніюш пісала вершы ўжо ў Ваўкавыскім ліцэі, больш сур'ёз-на пачала яна займацца творчасцю пасля замужства. Найбольш інтэнсіў-на— у Празе, калі была разлучана з радзімай. Тут яна стала вядомай паэт-кай, якая хутка набыла папулярнасць у шырокім коле беларусаў Дэбюта-вала яна ў 1940 г. у беларускай эмігранцкай газеце "Раніца" вершам "Бе-ларуска". I ў час вайны працягвала пасылаць у гэтую газету свае вершы, якія рэзка кантраставалі з яе зместам. У Празе паэтка выдала сваю першую кнігу "Ад родных ніў", прысвечаную братам i сестрам на чужыне. Сваімі вершамі аб Празе— у нас амаль невядомымі— узбагаціла чэхаў У Празе нарадзіўся і другі зборнік вершаў 1945-1948 гг., выдадзены ў 1992 г. у Лондане Беларускай бібліятэкай імя Ф. Скарыны. Астатнія вершы, напісаныя ў пражскі перыяд, згубіліся, былі ўкрадзены або пакінуты чэшскім прыяцелям, якія ix захоўвалі.

"Унучка Францішка Скарыны" (як Геніюш сама сябе называла ў адным вершы) у Празе пачувалася добра, не адчувала моўнага бар'еру. Гаварыць па-чэшску яна навучылася. Чытала па-чэшску Біблію, таму што беларуска-га перакладу не мела. Евангелле яна мела па-беларуску. Ужо пасля двух га-доў побыту ў Празе па-чэшску запаўняла анкеты (вышэй памянёныя апы-тальнікі). Яны запоўнены пісьменна, толькі з нязначнымі памылкамі ў ды-якрытычных знаках.

Уплыў чэшскай паэзіі ў яе вершах не заўважаецца (a, напрыклад, ва Ула-дзіміра Жылкі заўважаўся ўплыў Іржы Волкера). Аднак яна сачыла за чэшскай літаратурай часоў вайны (у лісце М. Танку ад 22 кастрычніка 1966 г. цытуе Ф. Грубіна, Я. Сейферта, С. К. Нэймана 15). У лісце А. Мальдзісу ад 17 сакавіка 1981 г. паэтка прапануе перавезці астанкі Максіма Багдановіча на Радзіму па прыкладу таго, як гэта зрабілі чэхі, перавёзшы прах свайго вялікага паэта Карла Гынка Махі з Літамерыц у Прагу ў 1939 г. Л. Геніюш сама была сведкай гэтай нацыянальнай падзеі. Пры ей праходзілі таксама два Усесакольскія злёты—дзесяты, перадваенны, які стаў антынацысцкай маніфестацыяй, і пасляваенны, адзінаццаты, ужо пры камуністычнай ула-дзе, калі яна ў вязніцы сустракалася ca зняволенымі чэшскімі патрыётамі. Дома, у Беларусі, пасля вяртання з лагера, яна фарміравала свядомасць ма-ладых суайчыннікаў якім распавядала пра дэмакратыю ў Чэхаславакіі i стаў-ленне чэхаў да роднай мовы. Гэта не азначае, што чэхаў i Чэхію яна ідэалі-завала, наадварот, паэтка згадвае ў сваіх мемуарах i пра непрывабныя факты— напрыклад, праследаванне немцаў пасля вайны.

Ларыса Геніюш пражыла жыццё чалавека, які апынуўся паміж двума камянямі млына. Але ў яе жыцці заўсёды галоўным заставаліся любоў да свайго народа i спачуванне яго бедам. Гэтае народнае прыніжэнне і бяду яна ўзяла на сябе i засталася верная сваім патрыятычным перакананням аж да смерці. Да смерці яна зведвала здзекі i праследаванне, але не здалася— адмовілася служыць сталінскай прапагандзе— так, як перад гэтым i гітле-раўскай. Яе жыццёвая пазіцыя, яе цудоўныя вершы заўсёды будуць мець удзячнага чытача як на радзіме, так i ў нас, у Празе.

Спасылкі:

1 Сурмач Г. Беларускі замежны архіў // International Conference "Russian, Ukranian and Belorussian Emigration between the World Wars in Czechoslovakia: Results and Perspectives of Contemporary Research. Holding of the Slavonic Library and Prague Archives". Prague, August 14-15, 1995. Proceedings. Prague, 1995. P. 85-90.

2 ЦіхіФ. Архіў, карэспандэнцыя ПСН 15, G-Je.

3 Центральны дзяржаўны архіў (ЦЦА). 109-12-9-102.

4ЦДА. 316-125-4/94-113.

5 Архіў Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі, пратакол 1945 г., № 1740, 1775.

6 ЦЦА. Архіў управы паліцыі, G 310/1.

7 Фонд прэзідыума паліцыі, 225, № 110—5—69.

8 ЦЦА. Архіў ўправы паліцыі, G 310/1.

9 Архіў Міністэрства ўнутраных спраў, 305—141—1.

10 ЦЦА. Міністэрства ўнутраных спраў, A461/1045.

11 Архіў Міністэрства ўнутраных спраў, 305-141-1.

12 Тамсама.

13 Сталічны архіў Прагі, 36—11384.

14 ГеніюшЛ. Выбр. тв. Мн., 2000. С.511.

15 Геніюш Л. Выбр. тв. С. 511.


Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1

БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/



У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by