|
Ігар Лялькоў (Мінск)
СПРОБА
АБ'ЯДНАННЯ
БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ Ў ФРАНЦЫІ Ў
КАНЦЫ 1940-х
— ПАЧАТКУ 1950-х гг. *
Чарговая ў нашай гісторыі хваля масавай эміграцыі з беларускіх зя-мель, восьмая, па падліках вядомага гісторыка эміграцыі Аўгена Калу-бовіча 1, хлынула ў Заходнюю Еўропу ў канцы Другой сусветнай вай-ны ў выніку чарговай змены рэжымаў у нашым краі— нацысцкага на са-вецкі. У выніку на Захадзе апынулася некалькі сот тысяч нашых суайчынні-каў, прычым упершыню сярод ix была значная колькасць людзей, якія ўсве-дамлялі сябе менавіта беларусамі. Зусім натуральна, што ў такіх абставінах "пасля 2-й сусветнай вайны на Захадзе склалася самая вялікая ў гісторыі беларускай эміграцыі палітычная плынь"2 .
Як вядома, палітычная актыўнасць для таго каб быць выніковай, выма-гае вельмі высокай ступені арганізаванасці i каардынаванасці ў дзеяннях суб'ектаў гэтай актыўнасці. Гэта выдатна разумелі найбольш адукаваныя i дальнабачныя актывісты тагачаснага беларускага руху на эміграцыі, i неда-рэмна "пэрыяд другой палавіны 40-х — пачатку 50-х гадоў быў часам арга-нізацыйных намаганьняў […]. Вялікі высілак быў пакладзены на тое, каб стварыць свае арганізацыі, прышчапіць моладзі нацыянальны сьветагляд, […] наладзіць грамадзка -культурнае жыцьцё ў краёх новага пасяленьня, ус-танавіць лучнасьць зь іншымі беларускімі асяродкамі, скаардынаваць унут-раную i вонкавую дзейнасьць" 3. Аднак аб'ектыўным фактарам, які значна ўскладняў гэтую арганізацыйную работу, быў сацыяльны склад паваеннага беларускага замежжа, дзе "пераважалі сельскія працаўнікі" 4 з ix невысокім адукацыйна-культурным узроўнем, заўсёднай сялянскай прагай запасніц-тва i прыроджаным меркантылізмам ды індывідуалізмам. Дарэчы будзе заў-важыць, што i надзвычай тонкая праслойка інтэлігенцыі, якая складалася літаральна з некалькіх дзесяткаў асобаў, у большасці сваёй паходзіла такса-ма з вёскі і, за рэдкім выключэннем, не пераўзыходзіла ўзроўню сельскага настаўніка.
Да таго ж, i гэтая нешматлікая "эліта" была глыбока расколата i na палітычных, i па рэлігійных матывах (галоўнай жа прычынай гэтага расколу былі, як падаецца, міжасабовыя канфлікты ў самай вярхушцы бела-рускай палітычнай эміграцыі). Падзел свядомых беларусаў у замежжы на "бэнээраўцаў", гэта значыць прыхільнікаў адноўленай у канцы 1947 ці на пачатку 1948 г. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Міколам Абрамчыкам, i "бэцээраўцаў"— сімпатызантаў створанай у канцы 1943 г. Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага, стаўся галоўным суб'ектыўным фактарам цяжкасцей у арганізацыйным станаўленні нашай палітычнай эміграцыі. Гэта, у сваю чаргу, шмат у чым абумовіла яе вельмі сціплы, у параўнанні з эміграцыяй нашых суседзяў палякаў, прыбалтаў або ўкраінцаў, уплыў як на ўнутрыпалітычнае жыццё Беларусі пад савец-кай уладай, так i на фарміраванне грамадскай думкі адносна Беларусі ў за-ходнім свеце.
Маючы ўсё гэта на ўвазе, звернемся да працэсаў, якія адбываліся ў канцы 1940-хгг. у беларускіх асяродках Францыі. У гэты час Парыж робіцца цэнтрам "бэнээраўскай", або "крывіцкай", плыні беларускага нацыяналь -нага руху. Менавіта тут, відаць, i была падрыхтавана "Дэкларацыя Рады БНР", якая паведаміла свету пра аднаўленне дзейнасці дзяржаўнага прад-стаўніцтва незалежнай Беларусі ў выгнанні. Дэкларацыя была апублікавана ў газеце "Бацькаўшчына", якая выдавалася ў лагеры для перамешчаных асобаў Остэргофэн (Ніжняя Баварью), пад фіктыўнай датай 29 снежня 1947-га5, i гэта дасюль уводзіць у зман гісторыкаў з КДБ, якія лічаць, што Рада БНР адрадзілася ў Остэргофэне ў снежні 1947-га6. На самой справе, рашэнне было прынята ў сталіцы Францыі— інтэлектуальным цэнтры тагачаснай беларускай эміграцыі. Менавіта тут, яшчэ ад 1931 г., дзейнічала найстарэй -шая сёння ў свеце беларуская эмігранцкая арганізацыя Хаўрус беларусаў у Францыі, тут існаваў адзіны на эміграцыі беларускі прафсаюз Аб'яднанне беларускіх работнікаў у Францыі—нацыянальная секцыя Французскай кан-федэрацыі працоўных хрысціян, тут выдавалася першая на Захадзе паваен-ная беларуская газета "Беларускія навіны" i першы легальны друкаваны ча-сопіс "Божым шляхам", тут жьші i працавалі тыя, хто склаў "мазгавы цэнтр" адноўленай Рады,— Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімір Шы-манец, айцец Леў Гарошка. Мэтай ініцыятараў аднаўлення дзейнасці Рады БНР было стварэнне паўнавартаснага "беларускага ўрада ў выгнанні", пры-знанага краінамі заходняга свету (натуральна, што на такое прызнанне не магла разлічваць Беларуская цэнтральная рада, створаная ў свой час з даз-волу i пад кантролем нацысцкай акупацыйнай адміністрацыі). Аднак, каб дасягнуць гэтай мэты, кіраўніцтва Рады мусіла прадэманстраваць патэнцы-яльным партнёрам па перамовах аб прызнанні, што за ім стаяць сапраўды значныя сілы як на эміграцыі, так i ў Савецкай Беларусь. Што да работы Рады БНР сярод удзельнікаў антысавецкага падполля i партызанскага руху ў паваеннай БССР, то гэтая тэма яшчэ патрабуе спецы-яльнага вывучэння i выходзіць за межы разгляданай тут праблематыкі. Таму спыняцца на гэтым тут я не буду, a толькі адзначу: выглядае на тое, што ўсё ж большасць ідэйных удзельнікаў антысавецкага беларускага супраці-ву канца 1940-х — пачатку 1950-хгп бьша больш прыхільная да БЦР, чым да БНР7. Што да эміграцыі, то тут Рада БНР магла разлічваць на цвёрдую пад-трымку пераважнай большасці беларускай грамады ў Францыі і Бельгіі, Беларускага нацыянальнага камітэта амерыканскай акупацыйнай зоны ў Гер-маніі, Беларускага цэнтральнага дапамогавага камітэта Германіі, Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, іерархаў Беларускай аўтакефальнай праваслаў-най царквы, святароў-католікаў i уніятаў, ангажаваных у беларускі рух. Гэта была толькі частка эміграцыі, хаця i даволі значная, але ж часцяком слаба звязаная паміж сабой. У такіх умовах узнікла ідэя стварэння Сусветнага аб'яднання беларускай эміграцыі (САБЭ), якое мусіла б, з аднаго боку, пуб-лічна падтрымліваць дзейнасць Рады ад імя ўсёй эміграцыі i забяспечваць, такім чынам, неабходны ўзровень яе легітымнасці ў вачах заходніх саюзні-каў a з другога— кіраваць палітычнай i культурнай работай "бэнээраўскіх" арганізацый ва ўсіх краінах свету i, між іншым, ствараць матэрыяльныя ўмо-вы для дзейнасці Рады шляхам падаткаабкладання гэтых арганізацый "на патрэбы нацыянальнага руху".
САБЭ было заснавана па рашэнню Першага сусветнага з'езда беларускай эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы 28 лістапада — 2 снежня 1948 г. У зва-роце дэлегатаў з'езда "да беларусаў i беларусак ува ўсім сьвеце" апошнія заклікаліся "гуртавацца пад родным сьцягам Беларускае Народнае Рэс-публікі, якая цераз Раду БНР, Прэзідэнта Рэспублікі інж. М. Абрамчыка і Урад БНР зьяўляецца безпасярэднім злучвом з прыгожымі традыцыямі на-шага вызвольнага змаганьня, яго найвышэйшым дасюль здабыткам i адзі-най для нас надзеяй i гарантьюй павароту на вольную Беларускую Зямлю!"8 Сярод пунктаў рэзалюцыі з'езда найбольшае практычнае значэнне мелі на-ступныя: "3. Старацца стварыць сталыя матар'яльныя базы для беларускай грамадзкай працы, выкарыстоўваючы для гэтага мясцовыя ўмовы й магчы-масьці. 4. Стварыць адзінае ўсебеларускае кіраўніцтва ўсёй беларускай работы на эміграцыі i ўсестароньняй апекі над беларускімі эмігрантамі ўва ўсіх краінах, дзе б яны ні былі, з прадстаўніцтвамі ад усебеларускага кіраў-ніцтва" 9. Той факт, што з 22-х дэлегатаў з'езда 9 прадстаўлялі Францыю, 4— Англію, 2— Германію i яшчэ з 7 краінаў (Бельгія, Данія, Швецыя, Італія, Канада, Аргентына, Аўстралія) прыехалі па аднаму чалавеку 10, кра-самоўна паказвае ступень уплыву тагачаснай беларускай дыяспары ў Францы! на ўсю "бэнээраўскую" эміграцыю. Нядзіўна, што старшынёй урада Сусветнага аб'яднання беларускай эміграцыі быў абраны лідэр Аб'яднання беларускіх работнікаў у Францыі Лявон Рыдлеўскі. Дарэчы, ён быў ветэра-нам французскага Рэзістансу, які пяць гадоў (1940—1945) правёў у "макі", што было зусім немалаважна для здабыцця прыхільнага стаўлення да но-ваўтворанай арганізацыі з боку нядаўніх пераможцаў нацызму. Адным з за-ступнікаў старшыні і, адначасова, фінансавым рэферэнтам САБЭ быў пры-значаны міністр фінансаў БНР Уладзімір Шыманец. Пунктам размяшчэння сядзібы Аб'яднання зусім натуральна стаўся Парыж, дзе ўжо функцыянава-ла "гаспода" Прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка.
Здавалася, былі створаны ўсе перадумовы для гуртавання пад агуль-ным кіраўніцтвам беларусаў на эміграцыі, прынамсі, тых з ix, хто пры-трымліваўся пэўнага палітычнага напрамку. Каб гэта тады адбылося, то, без усялякага сумнення, цалкам выканальнымі былі б наступныя вельмі пер-спектыўныя пункты рэзалюцыі з'езда: "2. Зьвязаць i здысцыплінаваць грама-дзкія актывы […] так, каб праца вялася рацыянальна, плянава i сыстэма-тычна бязь ніякіх перарываў […] 5. Сканцэнтраваць i скаардынаваць усе высілкі ў справе беларускай прэсы i выдавецтва наагул. 6. Стварыць Цэнт-ральную беларускую інфармацыйную службу i архіў дакумантаў 7. Правесьці рэгістрацыю беларускіх эмігрантаў ува ўсіх краінах. […] П. Узмоцніць высілкі дзеля павялічэньня колькасьці студыюючых беларусаў з мэтай за-пэўненьня росту кадраў беларускай інтэлігенцыі i арганізацыі беларускіх школаў i навуковых установаў […] 14. Стварыць цэнтралю беларускіх кам-батантаў-вайскавікоў у сусьветным значэньні дзеля кансалідаваньня i каар-дынаваньня ix арганізацыйнай работы" п ды інш. Увасабленне гэтых планаў у жыццё дало б магчымасць беларускай эміграцыі, прынамсі, "на роўных" пачувацца сярод эміграцыйных асяродкаў іншых народаў што патрапілі пад савецкую акупацыю і, як i беларусы, спадзяваліся на падтрымку i дапамогу Захаду.
Аднак, на пачатку, як сведчаць дакументы, якія мне пашчасціла выявіць у архіўным зборы Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Пары-жы12 , трэба было хаця б вырашыць задачу каардынацыі дзейнасці беларускіх арганізацый у самім сэрцы руху—у Францыі. Гаворка тут ідзе пра пратако-лы пасяджэнняў Каардынацыйнага камітэта беларускіх арганізацый у Фран-цыі. Першы з ix датаваны 27 лютага 1949г., апошні(пяты)—Ібліпеня 1950г., пратакол № 4 адсутнічае. Першапачаткова ў камітэт увайшлі толькі дзве галоўныя арганізацыі: Хаўрус беларусаў у Францыі на чале з Міколам Аб-рамчыкам i Аб'яднанне беларускіх работнікаў Лявона Рыдлеўскага. На другім пасяджэнні яго склад папоўнілі яшчэ 6 арганізацый, "якія стаяць на грунце БНР i якія маюць самастойны статут ці рэгуляміны" 13: Беларуси выдавецкі фонд (старшыня— У. Шыманец), Аб'яднанне беларускіх жанчын (старшыня Ніна Абрамчык), Беларуская незалежніцкая арганіза-цыя моладзі (старшыня Янка Філістовіч), Згуртаванне беларускіх студэн-таў (старшыня Міхась Наумовіч), Звяз беларускіх скаўтаў (старшыня М. Наўмовіч) i Беларуская каталіцкая місія (рэктар а. Леў Гарошка). Пры гэтым, наколькі мне вядома, рэальна, а не на паперы, існавала з ix толькі БНАМ Я. Філістовіча 14 ды яшчэ каталіцкая місія, якая складалася з самога айца Льва, займалася ўласцівай для яе справай рэлігійнага душпастыр-ства 15. Але колькасць арганізацый была тут справай прынцыповай, бо ка-мітэт пастанавіў "што кожная арганізацыя павінна плаціць 10% сваіх скла-дак на карысьць САБЭ"16 .
Аналіз названых пратаколаў дазваляе меркаваць, што менавіта фінан-савыя пытанні былі галоўнай тэмай разгляду на пасяджэннях Каардына-цыйнага камітэта. На трэцім пасяджэнні Уладзімір Шыманец абвясціў, што "кожны Беларус, які прызнае сувэрэнітэт БНР, павінен самаападаткавацца, купляючы маркі БНР"17. На пятым пасяджэнні "было разгаеджана як i якімі мэтадамі трэба прыступаць да беларусаў [пры продажы марак.—/. Л.], усь-ведамляючы, што гэтыя грошы зьбіраюцца на дзейнасьць ворганаў БНР"18. Апошняя вядомая мне пастанова Каардынацыйнага камітэта тычылася склікання "агульнага сходу арганізацыяў у Францыі" 19 для абмеркавання названых фіскальных спраў. Наступны дакумент за подпісам "Каардына-цыйны камітэт", які знаходзіцца ў той самай папцы, адносіцца ўжо да 1966 г.
Калі прыгадаць, што Сусветнае аб'яднанне беларускай эміграцыі ціхень-ка спыніла сваё існаванне неўзабаве пасля нараджэння, так i не выканаўшы ніводнага пункта рэзалюцыі Першага сусветнага з'езда беларускай эмігра-цыі, што сам гэты з'езд так i застаўся першым i апошнім у гісторыі нашай дыяспары, што Рада БНР за наступныя 40 гадоў так i не здолела разгарнуць сваю дзейнасць у такім маштабе, які планаваўся для яе ў момант яе адра-джэння, то можна прыйсці да высновы, што галоўнай праблемай, з якой сутыкнулася кіраўніцтва беларускай палітычнай эміграцыі "бэнээраўскага" напрамку ў канцы 1940-х — пачатку 1950-хгп, сталася немагчымасць мабі-лізацыі сродкаў эмігрантаў-беларусаў у памерах, неабходных для належнай рэпрэзентацыі Беларусі ў вачах патэнцыяльных саюзнікаў на Захадзе. Не-жаданне большасці "простых людзей" са шматтысячнай, на той час, еўра-пейскай беларускай дыяспары выдаткоўваць сродкі на ўтрыманне сваіх па-літычных i культурных інстытутаў сталася адной з галоўных прычын глы-бокага крызісу беларускага эміграцыйнага жыцця ў Еўропе (апрача, магчы-ма, Вялікабрытаніі), які, часткова, быў пераадолены толькі той часткай эмі-грацыі, якая неўзабаве перабралася ў Паўночную Амерыку. Няўдалая спро-ба аб'яднання намаганняў беларускіх арганізацый у Францыі для вырашэн-ня агульных праблем дыяспары была адной з першых прыкмет набліжэння гэтага крызісу.
Спасылкі:
1 Гл.: КалубовічА. Нашы папярэднікі // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток; Вільня; Мн.,1993. С.37.
2 СяргееваГ. Дыяспара // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. З. С 332.
3 ЗапруднікЯ. Уводнае слова // 3 гісторыяй на "Вы". Мн., 1994. Вып.3. С. 6-7.
4 СяргееваГ. Дыяспара. С.333.
5 Бацькаўшчына. 1948. 22 лют.
6 Гл.: Соловьев А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Минск,1995. С. 96.
7 Гл.: Ёрш С. Вяртаньне БНП: Асобы i дакумэнты Беларускай незалежніцкай партыі. Мн.; Слонім, 1998; Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956: Даведнік. Мн., 1999.
8 Зварот Першага сусьветнага зьезду беларускае эміграцыі да беларусаў i беларусак ува ўсімсьвеце // 3 гісторыяй на "Вы". Вып. 3. С. 54.
9 Тамсама. С. 56.
10 Гл.: Прысутны. Першы сусьветны зьезд беларускае эміграцыі // 3 гісторыяй на "Вы". Вып. 3. С. 52.
11 Рэзалюцыя… С.56-57.
12 Пра гэты збор гл.: ЛялькоўI. Часьціна Беларусі ў цэнтры "сталіцы сьвету" // Беларус (Нью-Йорк). 2000. № 467. Люты.
13 Пратакол № 2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускайкаталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.
14 Пра яго гл.: ЛукашукА. Філістовіч: Вяртаньне нацыяналіста. Мн., 1997.
15 Гл.: ГарошкаЛ. Трыццацігодзьдзе Беларускага душпастырства ў Францыі: 1946—1976. Па-рыж, 1976.
16 Пратакол № 2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускайкаталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.
17 Пратакол № 3 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 25.1.1950 // Архіў Беларускайкаталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.
18 Пратакол № 5 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 16.7.1950 // Архіў Беларускайкаталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.
19 Тамсама.
* 3-за абмежаваных магчымасцей "Дадатак" з дакументамй, змест якіх раскрыты ў публіка-цыі, скарачаецца. — Рэдкал.
Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/
