|
Барыс Цімашэнка
(Львоў, Украіна)
СЦЯЖЫНКАМІ ДА КРЫНІЦ:
3 ВОПЫТУ ДЗЕЙНАСЦІ ЛЬВОЎСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАГА
ТАВАРЫСТВА "БЕЛАЯ РУСЬ" ІМЯ
Ф. СКАРЫНЫ
Беларуская дыяспара на Украіне складае адзін працэнт яе насельніц-тва. Да пачатку 90-хгг. тэрмін "дыяспара" да этнічных груп не ўжы-ваўся. I толькі нядаўна загаварылі аб тым, што ёсць нацыянальныя меншасці са сваімі праблемамі i пытаннямі. Паспрабую зрабіць аналіз дзей-насці беларускай нацыянальнай меншасці на Галіччыне на аснове нацыя-нальна-культурнага таварыства ў Львове ў апошнія дзесяць гадоў
Галіччына i яе гістарычны цэнтр Львоў на Украіне займаюць асобае месца. Недарэмна яго называюць П'емонтам свабоды. Львоў заўсёды быў i застаецца месцам скрыжавання i спалучэння цывілізацый, рэлігій, нацый i культур. Асабліва гэта праяўляецца ў час катаклізмаў. Апошнім на нашых вачах быў распад Савецкай дзяржавы, калі ў адну белавежскую ноч рухнуў "непадзельны, магутны". Для многіх гэта было нечаканасцю, ды толькі не для Галіччыны: тут заўсёды існавала вальнадумства. Менавіта адсюль, з Львова, пайшоў да Кіева покліч за самастойную i незалежную Украіну. Што тычыцца нацыянальных меншасцей, то ўпершыню менавіта тут пра-гучала думка, што яны павінны адчуваць сябе не горш, чым карэнная нацыя (I. Драч, В. Чарнавіл, браты Горані, М. Косіў i інш.).
Украінцы заўсёды добра ставіліся да беларусаў Варта прыпомніць гісто-рыю. Пачынаючы з сярэдніх вякоў калі ўдавалася нейкі час пажыць сама-стойным жыццём, мы заўсёды сябравалі, гандлявалі, жылі ў цесных i тры-валых культурных стасунках. Літаратурныя творы XV—XVIIctct. маюць шмат агульных рысаў як для адной, так i для другой культур. Народныя паўстанні, што адбываліся на Украіне, пашыраліся і на Беларусь. Паўстан-не 1596г. пад кіраўніцтвам С. Налівайкі праходзіла пры шырокім і актыў-ным удзеле беларусаў. Казацкія атрады разам з беларускімі сялянамі выступал! ў 1601—1603 гг., a ў 1648-м супраць палякаў паўсталі разам Украіна i Беларусь. Як сведчаць летапісы, шмат беларусаў змагалася ў атрадах запа-рожскіх казакаў. Нацыянальна-кулыурнае адраджэнне XIX — пачатку XX ст. адзначалася цеснымі стасункамі ўкраінскіх i беларускіх дзеячаў.
У 90-хгг. пачаўся новы этап эвалюцыі ўзаемасувязей суседніх народаў. У адносінах з нацьюнальнымі меншасцямі Украіна вызначьшася адразу, асаб-ліва ў заканадаўчым працэсе. Пачынаючы з Дэкларацыі правоў нацыянальных меншасцей ад 1 лістапада 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў цэлы шэраг заканадаўчых актаў Гэта законы "Аб нацыянальных меншасцях", "Аб гра-мадскіх аб'яднаннях", "Прававы статус іншаземцаў", "Аб свабодзе сумлен-ня i рэлігійных арганізацыях", "Аб мове" i г. д. Іншая справа, як гэтыя законы выконваюцца. Бо, улічваючы эканамічны стан краіны, нацыянальныя мен-шасці не маюць нават маральнага права патрабаваць падтрымкі.
Прысутнасць Беларусі на Украіне да пачатку 90-х была амаль умоўнай, непрыкметнай. Як пісаў 90 гадоў таму назад расіянінВ. Брусаў: "Яны [бе-ларусы.— Б. Ц.] апошнія ў славянская сям' i ўступілі на шлях нацыянальна-га адраджэння". Зноў жа апошняй у Львове ў 1992 г. арганізавалася невялі-кая суполка беларусаў "Белая Русь" імя Ф. Скарыны. Яна бьша зарэгістра-вана 31 жніўня 1992 г. распараджэннем гарадскога Савета народных дэпу-татаў Прыкметным штуршком для такой самаарганізацыі стаў артыкулВ. Ра-гойшы, надрукаваны ў нашай газеце "Высокий замок", дзе ён проста пры-сароміў беларусаў Галіччыны. На той час амаль усе нацыянальныя мен-шасці на Львоўшчыне ўжо аб'ядналіся i дзейнічалі. Зарэгістравана ix было большдзесяці.
Як жа склаўся лес першай беларускай арганізацыі на Галіччыне? Як ужо адзначалася, Львоў на працягу сваёй шматвяковай гісторыі быў месцам злучэння цывілізацый, рэлігій i культур. Таму яго манументальны гістарыч-ны падмурак спрыяе развіццю ўсіх нацый i народнасцей. Усе яны знахо-дзяць урадлівую глебу для сваіх культур, традыцый, нацыянальных звычак. Пры карпатлівым пошуку розныя нацыянальнасці адшукваюць тут не толькі новыя гістарычныя старонкі жыцця сваіх народаў, a i гістарычныя карані. Праваслаўныя, католікі, мусульмане маюць i адбудоўваюць свае цэрквы, кас-цёлы i мячэці, свае будынкі, помнікі, нават вуліцы i праспекты. Беларусы ж цешацца тым, што адна з найпрыгажэйшых вуліц носіць імя Ф. Скарыны, у самым цэнтры горада стаіць помнік А. Міцкевічу, цудоўны парк названы імем Т. Касцюшкі, бьша яшчэ вуліца Мінская, ды ў апошні час яе перайме-навалі ў Залатую. I ўжо пазней мы даведаліся, што ў Нацыянальным музеі мастацтва, дзякуючы намаганням мітрапаліта Шаптыцкага, захоўваецца вялікі збор старадаўніх мастацкіх скарбаў беларусаў— ад першадрукава -ных кніг Ф. Скарыны i П. Мсціслаўца да знакамітых слуцкіх паясоў Экспа-наты акуратна зберагаюцца, чакаюць навукоўцаў, свайго часу, каб праца-ваць на адраджэнне беларусаў, на карысць усяго свету.
У Навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка, у іншых бібліятэках i архівах знаходзяцца тысячы рэдкіх кніг, выдадзеных у Еўропе ў розныя часы. Мно-гія з ix нават не раскрываліся з моманту выхаду, як, да прыкладу кніга М. Га-рэцкага "Рунь", выдадзеная ў Вільні ў 1914г.
Амаль усе нацыянальна-кулыурныя таварыствы Львоўшчыны, у тым ліку i беларускае, у сваіх статутах падкрэслівалі надпалітычнасць, чыста кулыуралагічную накіраванасць. Таварыства ж "Белая Русь" у Львове ад-разу вызначыла сваю пазіцыю наконт адносін да тытульнай i іншых нацый. Калі сфармуляваць гэта коратка, будзе гучаць так: "Трэба шчыра i свядома любіць Украшу i пры гэтым манкуртамі не быць". Унутры таварыства існавала табу на абмеркаванне якіх-небудзь крокаў усяго спектра палітычных плыняў як на Украіне, так i ў Беларусі. За межамі ж таварыства нікому не забараняецца быць камуністам ці рухаўцам. Толькі на такой, шырока дэмакратычнай, аснове можна было пачынаць гуртаваць, аб'яд-ноўваць беларусаў.
Тут варта ўспомніць тых, хто першымі склаў касцяк таварыства. Гэта — Ніла i Іосіф Ракаўчукі, А. Сергіенка, А. Сянько, С. Кулікоў Р. Матышчук, В. Караткевіч, Б. Цімашэнка i інш. У шырока расчыненыя дзверы ўвайшлі розныя беларусы i па паходжанню, i па пашпарту— расійскія, украінскія. Пераважная большасць—людзі сталага ўзросту, што ў далейшым мела важ-нае значэнне. Яшчэ раз гэта пацвердзіла меркаванне, што нічога ў гісторыі бясследна не знікае: людзі, якія ў сваёй маладосці глынулі з хвалі адраджэн-ня 20-30-хгп XX ст., раптоўна абудзіліся i ў пачатку 90-х. Яскравы прыклад гэтаму— 90-гадовы беларус Рыгор Яўневіч. Некалі ён быў завадатарам ад-раджэнскага руху i праз 60 гадоў не толькі загаварыў на чысцюткай бела-рускай мове, а ясна ўспомніў шчаслівыя гады сваёй маладосці. Што ж ты-чыцца моладзі, ды i людзей сярэдняга ўзросту, то ix было значна менш, бо выхоўваліся гэтыя пакаленні на інтэрнацыянальным кодэксе, дзе адрас— не дом i не вуліца, а Савецкі Саюз. Для ix нацыянальнае адраджэнне мала зразумелае i нават нецікавае: іншы час, іншыя песні.
Між тым, работа працягвалася. Акрамя розных бюракратычных, аргані-зацыйных i іншых клопатаў, наспявала неабходнасць правядзення масавых мерапрыемстваў i прэзентацый, каб нарэшце голасна заявіць грамадскасці i ўладам, што беларусы ў Львове прысутнічаюць не толькі віртуальна.
I першым па-сапраўднаму масавым мерапрыемствам стала вечарына, прысвечаная дню нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з па-дзвіжнікаў беларускага адраджэння М. Гарэцкага. Адбылася яна ў львоўскім Доме акцёра. На вечар сабралася каля 100 беларусаў, запрасілі нашых ук-раінскіх сяброў, прадстаўнікоў улады, іншых таварыстваў 3 Мінска пры-ехаў тагачасны старшыня управы ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка. Ён зрабіў грунтоўны даклад пра дзейнасць i жыццё выдатнага беларуса. 3 Мазыра прыехаў ансамбль "Радаўніца" пад кіраўніцтвам М. Тураўца. Трэба сказаць, што мазыране прывезлі не толькі прыгожую музыку нашага краю, a i кава-лачак яго душы, духмянай, як спелае жыта, празрыстай, як беларускае неба. Усё гэта разам зліло i акрыліла маладую грамадскую арганізацыю.
Пра беларусаў пачалі пісаць газеты, адгукнуліся радыё, тэлебачанне, загаварыла грамадскасць Львова.
Многія з нас імкнуліся загаварыць, заспяваць па-беларуску, i няхай не ва ўсіх гэта ладна выходзіла, усё ж, здаецца, надламіўся абруч манкуртыз-му. У старых куфрах былі адшуканы даўнія, вышытыя яшчэ бабулямі ручнікі i абрусы, малюнкі i пейзажы роднае прыроды— усё гэта склада выстаўку "Мой родны кут", якую наладзілі Ракаўчукі. Гучна святкаваліся нашы на-родныя святы— Каляды, стары Новы год, Нараджэнне Хрыстова, Дзень Перамогі. Усё гэта садзейнічала пашырэнню беларускай грамады ў Львове, складанню яе добрага іміджу.
Але, як вядома, колькасць не заўсёды пераходзіць у якасць. Знайсці сцежкі да жывародных крыніц беларускасці— гэта i ёсць наиважнейшая задача згуртавання. Рух павінен быць у розных напрамках, бо i крыніцы, бывае, б'юць у самых неверагодных месцах. Беларуская народная песня, паэзія, як i літаратура ўвогуле,— першыя i самыя, відаць, даступныя жы-выя крыніцы неўміручасці нацыі. Песня прыйшла ў таварыства неяк сама сабой, без прымусу, як доўгачаканая і вельмі шаноўная госця. Помніцца, як аднойчы на сяброўскай сустрэчы адна з жанчын густым насычаным сапра-на зацягнула песню "Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная… ". Спа-чатку здалося, што песня не зусім да месца: ішла сур'ёзная гаворка… Зала прыціхла, a ў цішыні лілася песня. Яе падхапілі яшчэ некалькі галасоў ла-маючы ўшчэнт i рэгламент, i працэдуру пасяджэння.
Трэба было крыху намаганняў каб не згасла гэтая святая свечка. За справу ахвоча ўзяліся нашы сябры, аматары хору Алесь Сянько, Ліля і Людміла Ракаўчук, прафесійны музыка Мікалай Дрожжа. Нарэшце арганізавалася каля 30 чалавек, i пасля некалькіх рэпетыцый у Львове загучаў беларускі хор. Пер-шай у рэпертуары была песня "Радзіма" (музыка М. Слізкага, словы I. Цітаў-ца), саліравала тады Вольга Луцай. Рэпертуар пашыраўся не толькі бела-рускімі, a i ўкраінскімі, рускімі песнямі. Усё дужэй гучалі "А ў полі вярба", "Жураўка", "Каліна", "Рэчанька", "Бярозы". I калі ў Львове было аб'яўлена аб правядзенні фестывалю культур нацьюнальных меншасцей, беларусы не былі папялушкамі ці бязроднымі, бо мелі сваю мову, сваю песню.
Незабыўнымі сталіся i сустрэчы з беларускімі дзеячамі мастацтваў якія на той час даволі часта прыязджалі ў заходнюю сталіцу Украіны. Акадэміч-ны тэатр імя Я. Купалы i Вялікі оперны, народны ансамбль "Радаўніца" з Ма-зыра, артыстка Т. Мархель i іншыя шмат добрага дадалі ў нашу скарбніцу беларушчыны.
Можна згадаць i шмат іншых імпрэзаў i мерапрыемстваў. Але паўста-юць i балючыя пытанні: што нам не ўдалося дасягнуць i— чаму? На ix i хочацца спыніцца трохі падрабязней. Мы добра разумелі, што без уключэн-ня ў актыўную дзейнасць моладзі, нашых дзяцей, унукаў, спадзявацца на які-небудзь поспех, тым больш працэс адраджэння нацыянальнай меншасці ў Галіччыне, —справа безнадзейная. Задумалі i пачалі працаваць над ства-рэннем у Львове беларускай нядзельнай школы. Здавалася, усе аб'ектыў-ныя перадумовы ёсць: i настаўнікі адшукаліся, i абласны ды гарадскі аддзе-лы народнай адукацыі падтрымалі, i Айчына адгукнулася наконт падручні -каў, методык, кніг. Не хапіла аднаго— жадаючых навучацца роднай мове. Аказалася, няма жыццёвай патрэбы, сённяшняга інтарэсу, не бачыліся пер-спектывы. A мо i не хапіла дзесьці нашай упартасці?
Яшчэ акрэслілася такая праблема: няма беларускіх кніг на Украіне, ак-рамя тых, што здаўна ляжаць у сховішчах. Не намагайцеся знайсці што-небудзь ў кніжных крамах, наваг у аддзелах замежнай літаратуры бібліятэк, дзе ёсць усё, на усіх мовах— ад армянекай да японскай. Але ж менавіта
Беларусь, першай праз свайго сына Ф. Скарыну, навучыла славянскі свет кнігадрукаванню. Здавалася, вось яна— не проста сцежка, а цэлы шлях— забыты, i досыць яго расчысціць, як ажыве беларуская кніжка, забурліць беларускае жыццё вакол яе. Перш-наперш трэба яе сабраць, зрабіць даступ-най. Шчыра дапамаглі нам у гэтым i Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаў-шчына", i Міністэрства культуры Беларусі ў асобе тагачасных міністра Я. Вайтовіча, супрацоўніка міністэрства І. Яновіча, Нацыянальная бібліятэ-ка Беларусі ў асобе Л. Марчанка, гарадскі аддзел культуры Мазыра ў асобе загадчыка М. Сузько i шмат іншых украінскіх i беларускіх сяброў тавары-ства. У выніку сабралася каля тысячы добрых кніжак. Гарадскія ўлады i асабіста дырэктар бібліятэкі імя Лесі Украінкі Т. Церашчук пайшлі насуст-рач, выдзелілі памяшканне i размясцілі цэлы аддзел беларускай літаратуры ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы.
3 цягам часу ўсё больш i больш наспявала неабходнасць у сваім кутку. Улады Львова далі прытулак i беларускаму таварыству: здалі ў арэнду асоб-ны будыначак па вуліцы Ваберскага, 14.
Наступным крокам была беларускамоўная радыёпраграма на Львоўскім радыё. 3 дапамогай украінскіх прыхільнікаў беларускай мовы i культуры, ужо названага дэпутата М. Косіва, дырэктара Львоўскага радыёВ. Брухаля, галоўнага рэдактара П. Запатычнага, рэдактара С. Паповіча нарэшце ў 1994 г. удалося праціснуцца ў радыёпрастору Львоўшчыны з праграмай "20 хвілін па-беларуску", якая ў далейшым атрымала назву "Весткі з Беларусі".
Моцным аргументам на карысць беларусаў стала i выступление на тры-буне Вярхоўнай Рады Украіны тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі М. Грыба, калі па прапанове ўкраінскіх парламентарыяў ён пра-маўляў па-беларуску. Можа, упершьшю так натуральна лягла беларуская мова на ўкраінскую душу… Якая яна мілагучная i зразумелая, чаму ж ей не гу-чаць на Галіччыне? У аснову перадач мы паклалі гістарычную спадчыну, традыцыі і звычкі нашага народа, здабыткі нашай культуры, творчасць зна-камітых песняроў, якія ў розныя часы ўславілі свой род, i, галоўнае, мову як генетычны код нацыі. Цэлы цыкл праграм склалі паводле надзвычай узнёс-лай паэмы ў прозе пра Беларусь i беларусаў У. Караткевіча— "Зямля пад белымі крыламі", не забыўшы падкрэсліць, што менавіта на Украіне гэтая цудоўная кніжка ўпершыню пабачыла свет. Пазнаёмілі слухачоў з выдат-нымі асобамі зямлі беларускай, пачынаючы ад прападобнай Ефрасінні По-лацкай, Францыска Скарыны да нашых сучаснікаў, выхадцаў з Беларусі, якія сёння прыносяць славу i гонар не толькі Беларусі, a i ўсяму чалавецтву. Перадачы, прысвечаныя знакамітаму авіяканструктару П. Сухому i ядзер-шчыку-фізіку Б. Кіту, пісьменніку В. Быкаву i паэту Н. Гілевічу выклікалі натуральны гонар за Беларусь. Мы імкнуліся рабіць перадачы максімальна аб'ектыўнымі, але здаралася, што думкі людзей разыходзіліся.
Шмат узнёслых водгукаў прыйшло пасля перадачы пра Арысю Маты-шук з яе ўдзелам. У ёй апавядалася аб тым, як юную патрыётку ўлады асудзілі
2толькі за тое, што яна больш за іншых любіла сваю неньку-Украіну. У лаге-рах Інты А. Матышук сустрэлася з нашай славутай паэткай Л. Геніюш. Гэ-тая сустрэча зблізіла сябровак па бядзе на ўсё астатняе жыццё. Выпадковая сустрэча ў тым жа лагеры з беларусам, цяпер вядомым у Львове хірургам Расціславам Матышуком, завяршылася стварэннем шчаслівай беларуска-ўкраінскай сям'і. Добра ўспрымаліся перадачы пра сябра таварыства Р. Яўне-віча, беларускую дынастыю Ракаўчукоў ветэранаў вайны А. Сергіенку, Ф. Шчуку i іншых. Прывітанні з нагоды святаў дзён нараджэння, асабістых падзей у жыцці амаль кожнага сябра таварыства былі чаканымі i заўсёды знаходзілі месца ў перадачах. Беларускія песні i вершы, мілагучная бела-руская мова выходзілі далека за межы Львова, на прасторы Галіччыны.
На жаль, няма магчымасці прывесці хаця б найбольш характэрныя вод-гукі на ўсе сто нашых беларускамоўных праграм.
Не менш узрушаных пісьмаў, званкоў i нават тэлеграм прыйшло ўлетку 1997 г., калі праграма раптоўна спыніла сваё існаванне. Можа, улады i мелі свае меркаванні, ды толькі тое, што радыёэфірная палітра Львоўшчыны значна паблякла, ніхто не аспрэчвае.
Адной са сцежак да беларускіх крыніц была пракладзена амаль па цалі-не—гэта першая беларускамоўная газета "Беларус Галіччыны". Мы імкну-ліся, каб яна стала арганізатарам беларускай дыяспары. Справа ў тым, што беларусы— амаль адзіная нацыя на Украіне, якая ў маштабе дзяржавы не была арганізаванай. Тыя спробы, якія рабіліся ў Кіеве ці Харкаве "зверху", нагадваюць вядомыя фінансавыя піраміды накшталт "МММ" Маўродзі. У канцэпцыю сваёй газеты мы заклалі старую, яшчэ "нашаніўскую", ідэю — кансалідацыя беларусаў на Галіччыне, развіццё мовы i культуры. Безумоў-на, мы ведалі свае магчымасці i не прэтэндавалі на такі ўзровень i маштаб, як у свой час "Наша ніва". Але не ставячы высокай мэты— не даб'ешся i малой. У той час таварыства ў Львове ўжо мела нядрэнныя вынікі сваёй працы, заўважаныя ўладамі i грамадскасцю не толькі Львова, але i Украіны, i Беларусь Так, Надзвычайны Пасол Рэспублікі Беларусь на Украіне Віталь Курашык у лісце ў рэдакцыю пісаў: "Таварыства "Белая Русь" праводзіць важную кулыурна-асветную працу нацыянальнага адраджэння сярод бела-русаў Галіччыны, з павагаю адносіцца і цесна супрацоўнічае з украінцамі і рускімі, палякамі i армянамі, татарамі i іншымі нацыянальнасцямі Львова, а сёння новы важны крок у гэтым напрамку— выйшаў першы нумар бела-рускамоўнай газеты на Украіне. Ад усяго сэрца віншую вас!"
Узнёсла адгукнуўся на выхад газеты i знакаміты паэт, былы сябра рады Беларускага зямляцтва ў Львове С. Панізьнік. Шчыра радаваліся i клапаці-ліся нашы ўкраінскія сябры. Міністр па справах нацыянальнасцей Украіны падтрымаў газету матэрыяльна. Прывітанні дасылалі дзесяткі людзей з Львова, іншых гарадоў Украіны i блізкага замежжа. Асабліва чулымі былі лісты П. Капчыка з Хмяльніччыны, Р. Яўневіча з Львова, П. Сакальскага з Харка-ва, А. Гаўрылюка з Польшчы i інш.
2Але пасля першай акрыленасці ад таго, што газету заўважылі, чыта-юць, наступіла будзённая праца па выпуску газеты. На яе старонках з'явілі-ся цікавыя артыкулы i матэрыялы: "Шэсце Максіма Багдановіча" С. Панізь-ніка, "Hi шчасця, ні гонару, ні славы" Р. Ягелончыка, "Горкі смак Перамогі" В. Быкава, "Я заклінаю Вас" Н. Гілевіча. Пабачылі свет i нарысы пра нашых землякоў якія жывуць у Львове. Газета часта раскрывала нам вочы на тое, каб убачыць, якія людзі, якія "зоркі" жывуць побач з намі. Яна таксама на-гадвала землякам аб роднай прыродзе, аб клопатах i трывогах беларускага народа. Не маглі мы не кранацца i вострых палітычных працэсаў. Гэта хітрыкі— нібы можна абысціся без палітыкі, асабліва тады, калі выраша-юцца пытанні жыцця ўсяго народа, яго перспектывы.
I ўсё ж на восьмым нумары газета "Беларус Галіччыны" памерла. Стала зразумела, што газета можа быць выразнікам інтарэсаў толькі арганізацыі аднадумцаў, якім на той час не з'яўлялася таварыства "Белая Русь". Вы-данне не магло быць вольным i адначасова залежным ад усяго таварыства. Гэта i прымусіла нас на руінах былой газеты стварыць новую, незалежную ні ад каго, акрамя самой рэдакцыі,— "Галіцкая рунь". Чаму Галіц-кая, зразумела, а "рунь"—гэта страдаўняе беларускае слова, якое азначае зялёныя азімыя ўсходы збожжа,— так нам прадстаўляецца палоска адра-джэння беларускай дыяспары на Галіччыне. Ці прыхопіць яе новымі за-маразкамі, ці высушаць сухавеі, ці падымецца i нальецца буйным кола-сам,—усё залежыць ад ходу гісторыі i ад таго, як людзі будуць працаваць на яе. Газета ж павінна несці высокую, "нашаніўскую" місію, нягледзячы ні на што.
Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/
