|
Алег Рудакоў (Іркуцк, Расія)
БЕЛАРУСКАЯ
ДЫЯСПАРА Ў ІРКУЦКАЙ В0БЛАСЦІ: УЗРОЎНІ ЦІКАВАСЦІ
ДА ПРАБЛЕМЫ АБ'ЯДНАННЯ
На сённяшні дзень аўтарытэт Іркуцкага таварыства беларускай культуры ў Іркуцку вельмі вялікі. Да мяне як да старшыні звяртаецца шэраг людзей па розных пытаннях. Напрыклад, не так даўно звярнулася рэ-дактар студыі "Губерния" Міхеева Людміла Іванаўна з прапановай: "Хаце-лася б зняць фільм аб беларусах Іркуцка i вобласці. Ці згодны Вы дапамаг-чы?"—"Безумоўна, згодзен, што дзеля гэтага трэба?"—"Ды дробязь: 1400 рублёў на адну хвіліну знятага фільма". I такія прапановы я атрымліваю амаль штотыдзень.
Так, ІТБК зараз мае вялікі аўтарытэт у межах горада (у межах воб-ласці абставіны больш складаныя, бо аўтарытэт, як вядома, заваёўваецца справамі, якіх па вобласці з нашага боку пакуль не так ужо i багата. Аднак можна запытацца: "A ці павялічвае гэта цікавасць да ІТБК саміх беларусаў?" Вось тут i ўзнікае цэлы шэраг праблем.
Здаецца, ёсць i станоўчае. 3 таго моманту, як у нас з'явілася свая сядзі-ба ў цэнтры горада, усё больш людзей беларускага паходжання прыходзіць да нас. Але трэба ўлічваць, што нават па афіцыйных звестках на 1989 г., згодна з перапісам насельніцтва ў Іркуцкай вобл., беларусамі назваліся каля 25,7 тыс. чалавек,— гэта пятае месца пасля рускіх (2 499,5 тыс. чал.), ук-раінцаў (97,4 тыс. чал.), буратаў (77,3 тыс. чал.) i татараў (39,6 тыс. чал.). Дарэчы, усе яны афіцыйна ўваходзяць у большасць насельніцтва (у нас ёсць такая прымаўка, што тытульная нацыя складаецца з пяці народаў), бо астатнія ўжо займаюць вельмі сціплыя пазіцыі. Напрыклад, палякаў на-лічваецца ўсяго толькі 3000 чалавек, a інгерманландскіх фінаў— 700 чалавек. Гэтае параўнанне я зрабіў, каб паказаць, што беларусаў нават па састарэлых звестках зафіксавана вельмі шмат. Але за чатыры гады існа-вання колькасць сяброў ІТБК павялічылася не намнога. На 28 лістапада 2000 г. сябрамі ІТБК з'яўляюцца 67 чалавек (апошнім часам шэраг актыў-ных сяброў з'ехала з Іркуцка, дарэчы, ніхто з ix не выехаў у Беларусь). У нашых дадатковых спісах налічваецца яшчэ 86 чалавек. Гэтыя людзі часам актыўна ўдзельнічаюць у справах ІТБК, аднак пакуль не спяшаюцца ўступаць у таварыства.
Магчыма, ix стрымлівае неабходнасць рабіць грашовыя складкі на гра-мадскую дзейнасць. Але ж мы не Камуністычная партыя Савецкага Саюза, таму не маем, згодна ca Статутам, сяброўскіх складак, бо не ўсе нашы сяб-ры могуць ix уносіць. 3 другога боку, апошнім часам мы прапаноўваем на-шым сябрам рабіць самаахвярныя ўзносы, бо нам патрэбны вялікія грошы на рамонт сядзібы, устаноўку тэлефона i г. д. Ніхто не робіць гэта пад пры-мусам, але беларусы— народ сарамлівы i мяркуюць, што раз просядь зрабіць складкі, то, значыць, трэба ix рабіць або— не ўступаць у таварыства. Але я лічу гэтую прычыну не асноўнай.
Дык чаму ж шэрагі ІТБК даволі сціплыя ў параўнанні з колькасцю жы-хароў беларускага паходжання? На мой погляд прычын некалькі. I вось ас-ноўныя:
1. Недастатковая самаідэнфікацыя (не ўсе беларусы ўсведамляюць, штояны беларусы);
2. Самаізаляцыя (я беларус, але пра гэта лепш не згадваць);
3. Сарамлівасць (я беларус, але мая мова i культура недастаткова вартас-ныя, ды i жыву я ў Расіі);
4. Недасведчанасць (я беларус, мова i культура мае нечага вартыя, але аса-біста я анічога пра гэта не ведаю);
5. Савецкая інтэрнацыянальная (прарасійская) адукацыя (мы, можа, i беларусы, аднак наш народ рускі);
6. Хатні кансерватызм (я беларус, я ганаруся гэтым, але мне i адасоблена-му добра ў сваей хаце);
7. Недастатковая прысутнасць (найперш у свядомасці) бацькаўшчыны (я бе-ларус, але каму я патрэбен);
8. Кепская работа актыву ІТБК з магчымымі сябрамі таварыства (гэта незначыць, што мы кепскія, але ніхто з нас не займае вызваленай пасады, што замінае штодзённай рабоце на карысць ІТБК).
Вось, здаецца, усе асноўныя прычыны, якія я ўбачыў за чатыры гады практычнай дзейнасці па аб'яднанню беларусаў у адну грамаду. Але, маг-чыма, існуюць яшчэ іншыя прычыны, пра якія я не ведаю.
Паспрабуем жа цяпер больш падрабязна разгледзець усе аспекты праблемы.
1. САМАІДЭНТЫФІКАЦЫЯ
Яўпэўнены, што колькасць беларусаў на самай справе яшчэ большая, чым 25,7 тыс. чал. Яскравы прыклад— мікрараён Зялёны, дзе ў кожным доме жыве па 5—6 сем'яў беларусаў. Гэты мікрараён раней быў закрытым вайсковым гарадком, дзе весці перапіс насельніцтва забара-нялася. Таму амаль увесь першапачатковы актыў сённяшняга таварыства не быў уключаны ў лік беларусаў Іркуцкай вобл, (у тым ліку і я сам).
Другі яскравы прыклад. Я сустрэўся ў в. Тарнопаль, якая ўзнікла ў 1937 г., з Еўдакіяй Заікінай, якой болей за 60 гадоў. Яна сказала:
—У нас цяпер ужо пашці ўсе рускія, вось сястра мая— дык яна бьша беларуска, а я i то ўжо руская.
—Дык яна што, не родная вам сястра?— пытаюся я.
—Не, радная.
—Дык як тады атрымалася: ваша родная сястра беларуска, а вы не?
—Ну, яна ж нарадзілася яшчэ ў Беларусі, у Калядзічах, дзе-та, кажуць, пад Гомляй, а я ж ужо нарадзілася тут, у Сібіры.
—Але па крыві вы ж, мусіць, таксама беларуска?
—Па крыві, можа, i беларуска, але ж у пашпарце запісана, што руская. Я ж тут нарадзілася.
I такіх прызнанняў я чуў вельмі шмат. Прычым Е. Заікіна ўвесь час дэманстравала добрае валоданне беларускай мовай, што прыводзіла мяне ў захапленне. I ўсё ж яна ўпарта не называла сябе беларускай. Галоўны яе доказ: яна ніколі не бьша ў Беларусі ды ў пашпарце ж напісана, хто яна такая. Запісвалі ж "граматныя людзі". Што ж тады казаць пра моладзь. Да-рэчы, у гэтай вёсцы вельмі шмат моладзі. I калі я прыйшоў ў вясковы клуб вечарам, то "прачытаў" лекцыю мясцовым хлопцам i дзяўчатам пра ix па-ходжанне. Яны, з вялікім здзіўленнем, нарэшце зразумелі, чаму ix гаворка так адрозніваецца ад "навакольнай" мовы. I ўсё ж мясцовыя хлопцы мяне называлі беларусам, а сябе прынцыпова сібіракамі.
Трэці яскравы прыклад — з в. Тургенеўка Баяндаеўскага р-на. Жыха-ры вёскі ведалі, што заснавалі яе беларусы з Гродзенскай губерні ў 1909г. Аднак ix гаворка была выразна паляшуцкай. I таму ўсе навакольныя звалі ix "хахламі", з чым яны i пагадзіліся. I толькі пасля некалькіх маіх прыездаў у гэтую вёску i цэлага шэрага мерапрыемстваў, праведзеных сумесна, тур-генеўцы цяпер упэўнены, што яны беларусы, ды не проста беларусы, а за-ходнія палешукі, i ca студзеня 2000г. свой фальклорны гурт яны назвалі Беларускім народным хорам вёскі Тургенеўка.
Дык колькі ж на самой справе жыве беларусаў у Іркуцкай вобласці? На мой погляд, можна смела казаць, што болей за 50тыс. чалавек.
За цяжкія гады калектывізацыі, культу асобы, ваеннай ліхаманкі, рус-кага прынцыповага "інтэрнацыяналізму" (лепш, праўда, казаць шавініз-му) шмат хто з беларусаў забыў пра сваю кроўную прыналежнасць. Аказ-ваць супраціў сістэме цяжка, лепш хутчэй стаць "сваім", рускім сібіра-ком. А тое, што трохі гаворка не тая, дык можна спісаць на неадукава-насць. Сяляне, маўляў, што з ix узяць. Дарэчы, пляменнік Е. Заікінай, які ўжо стала жыве ў Іркуцку (праз яго я i выйшаў на гэтую вёску), так i казаў мне: "Они там на безобразном языке говорят". A калі я прыехаў у Тарнопаль, дзе i ён быў у гэты час, дык пачуў ад яго: "Я думал, ты приедзишь, будем на нормальном языке хоць с тобой говорить, а ты туда же— на дзеревенский перешел". Да таго ж, цікава, што калі я з ім пазна-ёміўся, ён быў упэўнены, што паходзіць з… палякаў, бо яго сваякі трохі "па-польску" кажуць. I толькі калі ён сказаў: "Сейчас бульбачки па-едзим", — я зразумеў што нешта тут не так. Адсюль i пайшло мае знаём-ства з гэтай вёскай.
Таму зразумела, чаму да нас так неахвотна ідуць беларусы. Яны, асаблі-ва вясковыя людзі, не ўпэнены ў тым, што яны беларусы, бо хтосьці скажа, што яны "хахлы", хтосьці, што палякі, хтосьці даводзіць, што ўсе мы сібіракі, i "нечего тут национализм разводить". Але мой вопыт падказвае, што не ўсё тут безнадзейна. У вёску толькі трэба даехаць, паразмаўляць, падтрымаць, растлумачыць i— можна арганізоўваць суполку ІТБК.
2. САМАІЗАЛЯЦЫЯ
Утым жа самым мікрараёне Зялёны, дзе i мой дом, жыве вельмі шмат беларусаў. Як я ужо казаў, у кожным доме сама менш па 5-6 бела-рускіх сем'яў (a дамоў у нас 40). На гэта таксама ёсць аб'ектыўная прычына. Пасля таго, як ракетныя войскі пакінулі Беларусь, шмат хто з афіцэраў-беларусаў згадзіўся выехаць хоць i ў Сібір— абы толькі да-служыць да пенсіі. Аднак, даслужыўшыся да мінімальнай пенсіі (ваен-ным пенсіянерам можна стаць нават у 32 гады), шмат хто з беларусаў звольніўся з арміі і застаўся ў Іркуцку. Прычына таксама відавочная: тут далі кватэру ды i эканамічна лягчэй, на сённяшні момант, жыць у Іркуц-ку, чым у Беларусь Здавалася б, гэтым беларусам, якія яшчэ 5—7 гадоў назад жылі ў Беларусі, трэба было б хутчэй за ўсіх аб'яднацца ў нашу грамаду. Тым болып што, можа, толькі адзінкі з ix не ведаюць, што існуе ІТБК. Аднак якраз "зялёнаўцы", хоць i складаюць пакуль што большую частку актыву нашага таварыства, не надта спяшаюцца ўступаць у ІТБК. Больш таго, некаторыя беларусы нават не жадаюць згадваць, што яны беларусы, хоць шмат хто з ix дагэтуль размаўляе з заўважным акцэнтам. Пры сустрэчы шмат хто з такіх беларусаў з задавальненнем гамоніць пра родныя мясціны. Доўгі час я не мог зразумець, у чым тут прычына. Аднак сёе-тое паступова стала зразумелым. I тут не абысціся без разгля-ду наступнай прычыны.
3. САРАМЛІВАСЦЬ
Асабіста я ганаруся сваей нацыянальнасцю. У мяне на любой вопрат-цы ёсць якія-небудзь знакі, што падкрэсліваюць маю прыналежнасць да беларускага этнасу: значок на кашулі, шэўрон на куртцы i г. д. Рус-кія або бураты нават не звяртаюць на гэта ўвагі. Некаторыя цікавяцца, але ix задавальняе любое тлумачэнне. Але зусім іншая рэакцыя нашых беларусаў Дагэтуль адна наша вельмі актыўная сяброўка рады не-не дый i ўстаўляе свае "набалелае": "Ну калі ты ўжо здыміш свае значкі? Жывеш жа ў Расіі, дык чаго ты ўжо гэта паказываеш, што не рускі?" Раней я ей тлумачыў штосьці, цяпер проста кажу: "Мне гэта падабаецца".
Сарамлівасць за сваю нацыю вельмі моцна ўелася ў наш розум. Ад той жа самай жанчыны я чуў такі расповед: "Калі я жыла ў Беларусі, была ў дзяўчынах, дык нават глядзець не хацела на тых, хто па-беларус-ку казаў. Бо нам здавалася, што гэта нейкая некультурная мова". Дый i сам я прайшоў такую ж практыку. Калі пачаў займацца валейболам i ездзіць у горад на трэніроўкі, то з маёй "дзеравенскай" гаворкі дужа смяяліся. Гарадскія хлопцы размаўлялі на маскоўскі манер. Гэта лічыла-ся "крута".
У Іркуцку некаторыя "сарамлівыя" беларусы наогул хочуць паказаць сябе больш рускімі, чымся самі рускія. I калі чуюць, як размаўляюць паміж сабой хоць бы i ўкраінцы, то гучна абураюцца: "Што гэта ім тут не падабаецца, бач ты, яшчэ i па-свойму тут калякаюць". Могуць яшчэ дадаць: "Па-наехалі да нас у Расію розныя чуркі". Мне даводзілася быць сведкам такіх выказванняў I калі я іншым разам даводзіў, што, здаецца ж, i яны таксама не рускія, а беларусы, то чуў у адказ: "Так, я беларус, але жыву я ў Расіі, дык што тут ужо… Да таго ж, мы амаль аднолькавыя. А вось хахлы, якія "запа-дэнцы", дык тыя супраць нашых". Безумоўна, такія людзі таксама не адчу-ваюць патрэбнасці ў ІТБК.
Аднак i тут ёсць бачныя зрухі. Напрыклад, адзін мой бьшы таварыш па службе ў арміі па прозвішчу Лецка ўвесь час мяне дапякаў: "Навошта ты стварыў беларускае таварыства, табе што, не падабаецца жыць у Расіі, ты што—нацыяналіст? [Беларусы, дарэчы вельмі баяццагэтага слова.—А. Р.]. Ты яшчэ i грошы з казны вобласці на мерапрыемства просіш?" Але не так даўно я зноў сустрэўся з ім. Сустрэча была больш сяброўскай. Лецка казаў, што некалькі разоў бачыў мяне па тэлевізары, як мы "сваей грамадой розныя мерапрыемствы праводзім. "Ну, малайцы! А ты ведаеш, я ж таксама па дзеду беларус, у мяне таксама душа іншым разам "шчыміць", хочацца дакрануцца да чагосьці роднага…"
На людзей такога кшталту ("сарамлівых") вельмі дзейнічае, калі рап-там афіцыйнью сродкі масавай інфармацыі безумоўна, лепш расійскія, ухва-ляць ix нацыю, вось тады i яны згадваюць, што нейкім бокам маюць дачы-ненне да Беларусь
4. НЕДАСВЕДЧАНАСЦЬ
Вельмі шмат у Іркуцку беларусаў, якія лічаць, што ix мова i культура маюць вялікі аўтарытэт i значэнне, бо, як казаў А. Міцкевіч, гэта — "адна з найбольш старажытных i добра распрацаваных славянскіх моваў". Але самі яны, на жаль, у свой час не змаілі ёю авалодаць, дык "ця-пер ўжо i позна яе вучыць i згадваць". Дарэчы, "недасведчаныя" беларусы недалёка адышлі ад "сарамлівых", толькі яны саромеюцца не сваей мовы, а таго, што самі не надта добра яе ведаюць. Шмат хто з такіх беларусаў нават не жадае паспрабаваць штосьці даведацца аб сваей мове ці гісторыі, выказваючы думку, што "нам ужо позна, вось каб хто ўзяўся нашых дзяцей вучыць, то гэта было б вельмі добра, а нас, на жаль, нашы бацькі не прыму-шалі вучыць беларускую мову". Такім людзям я заўжды даводжу, што трэба толькі пачаць размаўляць на беларускай мове, што яе вывучыць не цяжэй, чым, напрыклад, англійскую ці якую іншую. Дый i вучыцца ніколі не позна. Аднак беларусы ўпартыя, калі вырашылі што не— дык не зрушыш.
I ўсё ж наш актыў вырашыў працаваць i з такімі. Мы нават пастанавілі, што наша арганізацыя будзе называцца не Цэнтр беларускай культуры, бо слова "цэнтр" як-быццам бы звужае магчымасць удзелу "недасведчаных", а назва "таварыства", здаецца, мае больш шырокае значэнне. Яно мае на ўвазе адкрытую арганізацыю, дзе ўсё пабудавана на сяброўскіх узаемаад-носінах. Сябрамі ІТБК могуць быць грамадзяне незалежна ад нацыяналь -насці, незалежна ад ступені валодання беларускай мовай. Галоўнае патра-баванне — жаданне працаваць на карысць нашай грамады.
Быў момант, што некаторыя нашы сябры прапаноўвалі на пасяджэннях рады размаўляць толькі на беларускай мове. Аднак такая пастаноўка пы-тання ва ўмовах Іркуцка не спрыяе ўмацаванню нашых шэрагаў. Мы пры-нялі рашэнне, што працоўнай мовай застаецца руская. Але ўсе святы мы праводзім менавіта на беларускай мове, i ў падрыхтоўцы да любога мера-прыемства, нягледзячы на тое, дзе i з кім мы яго праводзім, выкарыстоўва-ецца толькі наша гаворка.
Прывяду цікавыя прыклады.
Аднаго разу мы проводзілі "гуканне вясны" сумесна з дзяўчатамі з педка-леджа № 1 (гэта было ix жаданне: больш даведацца пра старажытныя этнагра-фічнью святы беларусаў). Дык з гэтымі дзяўчатамі я правёў некалькі заняткаў каб навучыць ix беларускай мове для ўдзелу ў карагодах i абрадавых дзеях.
Другі выпадак здарыўся летась на Купалле. Адна жанчына раней ак-тыўна ўдзельнічала ў нашых мерапрыемствах, але потым неяк адышла. Аднак вырашыла са сваімі сябрамі правесці Купалле. Яна прыйшла да мяне i папрасіла… перакласці на рускую мову словы "Купалінкі", бо ў свя-це будуць удзельнічаць у асноўным рускія. Ёй хацелася, каб яны лепш зра-зумелі сэнс свята, i таму трэба спяваць на рускай мове. Безумоўна, я не толькі не задаволіў яе просьбу, але пераканаў яе, што словы "Купалінкі" маюць магічныя асаблівасці i таму яны павінны гучаць на той мове, як у старажытныя часы.
Паступова беларусы нават "недасведчаныя", калі толькі ўдаецца заці-кавіць ix нашымі мерапрыемствамі, пачынаюць больш ведаць і… карыстац-ца патроху беларускімі словамі. Ну, напрыклад, ужо амаль усе мае знаёмцы, нават рускія, частуюць мяне "гарбатай", а не "чаем", калі я заходжу да ix. Шмат хто пераняў маю звычку адказваць па тэлефоне: "Слухаю" i г. д.
5. САВЕЦКАЯ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ (ПРАРАСІЙСКАЯ) АДУКАЦЫЯ
Утым, што беларусам "пашанцавала" болей за ўсіх у плане савецкага "выхавання", здаецца, нікога пераконваць не трэба. Праўда, на ад-ным з пасяджэнняў секцыі "Нацыянальныя адносіны" губернскага сходу Іркуцкай вобласці (дзе я быў абраны ў якасці эксперта) выступаў прад-стаўнік Бурацкага цэнтра і таксама абураўся прарасійскай адукацыяй свай-го этнасу. Маўляў, "амаль ніхто з буратаў не хоча размаўляць на сваей род-най мове". Аднак бураты хоць могуць сябе адрозніваць па знешніх прыкме-тах. А што рабіць беларусам? На вялікі жаль, можна пачуць ад цэлага шэра-га нашых суродзічаў дзікае выказванне: "Мы, можа, i беларусы, аднак народ наш рускі".
Я дагэтуль памятаю такі выпадак. Яшчэ на пачатку нашай дзейнасці мне падказалі адрас адной "беларускі", якая дужа "прыкметная". Я ас-меліўся i пайшоў да яе ў госці, каб расказаць пра нашы задумкі. Сапраў-ды, дзверы мне адчыніла тыповая беларуска, нават знешне. A калі зага-варыла, дык я адчуў яе традыцыйны беларускі акцэнт. Аднак калі я ска-заў, што адна з нашых мэтаў— вывучэнне беларускай мовы, яна нечака-на заявіла: "Тут бы сваю мову вывучыць, а вы кажаце пра беларускую…" Мяне гэта моцна ўразіла. Жанчына не толькі не жадала вывучаць беларускую мову, не толькі не жадала ўступаць у ІТБК, але i не лічыла сваей мовай беларускую.
Прарасійская адукацыя i савецкая прапаганда нарабіла шмат шкоды для нашага народа. Мы не толькі сталі цурацца сваей мовы, але i сказілі нашу гісторыю, прынізілі нашу славу, нашы сімвалы. У першыя гады дзейнасці нашага таварыства дый i цяпер часам кажуць: "А чаму ў нас літоўскі герб на эмблеме?"
Але бывае i горш. Аднаго разу на імпрэзе мяне пазнаёмілі з дэпутатам Заканадаўчага сходу Іркуцкай вобласці па прозвішчу Турык. Гэты чалавек спачатку сказаў, што яго продкі паходзяць з вядомага на Беларусі горада Турава i тут жа дадаў: "Ну, усім вядома, што такога народа, як беларусы, ніколі не існавала. Гэта бальшавікі ў 1919 годзе яго прыдумалі…" I такое кажа чалавек, які лічыць сябе адукаваным. Але, на самой справе, нават сёння мала што змянілася у расійскай гістарыяграфіі. Я вучуся на 6 курсе гістарычнага факультэта Іркуцкага дзяржаўнага універсітэта. I адчуваю, што "спецыялістаў" па гісторыі ў расійскіх ВНУ добра навучаюць гісто-рыі Расіі, гісторыі паўднёвых i заходніх славян (мы павінны ведаць ледзь не ўсіх балгарскіх або сербскіх князёў), аднак не чуваць аніводнага слова пра гісторыю бліжэйшых народаў-"братоў"— беларускага i ўкраінскага. ТТТто гэта— неабачлівасць ці свядомая тактыка? Маўляў, "і сапраўды не было ніколі такіх народаў, усё бальшавікі напрыдумвалі, каб у ААН лягчэй праводзіць пасяджэнні".
Затое ў Іркуцку вельмі добра ўладкаваліся палякі. 3 імі яшчэ з савецкага часу заігрываюць дый шчыра сябруюць. Праўда, i самі палякі не спяць у шапку. I каталіцкі касцёл, i консульства адчынілі, i навукоўцаў заахвочваюць працы пісаць, i дзяцей штогод у Польшчу возяць адпачываць за кошт дзяр-жавы, i моладзь адпраўляюць вучыцца ў польскія ВНУ Але, самае галоў-нае, гісторыю Каралеўства Польскага ў ІДУ выкладае шчыры паляк— док-тар гістарычных навук Баляслаў Сяргеевіч Шастаковіч*, які ўсіх студэнтаў робіць трохі "палякамі". Тут хочаш ці не хочаш, а пашукаеш польскія карат… Але гэта так, да слова. Дзеля параўнання. Мне здаецца, што каб была большая зацікаўленасць у пашырэнні нацыянальнай ідэі ў Рэспубліцы Беларусь, то i з прарасійскай адукацыяй у нас у Іркуцку было б вырашана пытанне. Але… пра гэта трохі ніжэй.
6. ХАТНІ КАНСЕРВАТЫЗМ
Беларусы— даволі кансерватыўная нацыя. Я назваў бы гэта "хатнім кансерватызмам". Чаму? Нашы беларусы любяць сядзець у сваей хаце. У мяне тое-сёе ёсць i… добра. А што там навокал, дык гэта не мая справа. Toe ж i ў дачыненні да сваей нацыянальнай прыналежнасці, грамад-скай актыўнасці. Я ведаю многіх суродзічаў, якія ганарацца сваім беларускім паходжаннем не горш за мяне дый i беларускую мову добра ведаюць. Аднак ім зусім не трэба кудысьці ісці. Навошта? У сваей хаце можна пасядзець. Ну, магчыма, да су седа схадзіць, які таксама беларус. Пагаманіць з ім, чарку перакуліць, дый i досыць.
Але, калі б у нас не было катастрафічнага становішча з нацыянальнай культурай, то можна было б, магчыма, i пагадзіцца з такой пазіцыяй. Аднак цяпер нам трэба як мага больш збіраць у свае шэрагі сяброў, тым больш свядомых беларусаў.
* Шастаковічы— родам з Беларусі, з палітычных пасяленцаў XIX ст. — Рэдкал.
7. НЕДАСТАТКОВАЯ ПРЫСУТНАСЦЬ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
Адна з асноўных прычын пасіўнасці мясцовых беларусаў— гэта ад-сутнасць у ix свядомасці бацькаўшчыны. Дакладней, яна прысутні-чае, але вельмі цьмяна, неакрэслена.
3 аднаго боку, ёсць край, дзе нарадзіліся нашы продкі, a хтосьці нара-дзіўся i сам. Але, з другога, гэты край паводзіць сябе ў адносінах да нас не зусім па-бацькоўску. У яго няма асаблівага жадання падтрымліваць развіццё беларускіх суполак у Расіі, прынамсі, некаторых. Беларусь іграе тут у палі-тычныя гульні. Але пры чым тут палітыка? Нам патрэбна радзіма, у якой ёсць цэласная сістэма па захаванню i развіццю беларускай мовы i культуры. Навошта мы аб'ядналіся? Каб не забыць свае карані, сваю мову, гісторыю, ганарыцца сваім паходжаннем! Але як ставіцца да ўсяго гэтага наша краі-на? Даволі абыякава! Ёй усё роўна, ці захаваецца наша мова, ці будзем мы помніць свае карані, ці будзем мы ганарыцца сваім паходжаннем. Здаецца, наваг наадварот— іншым разам узнікае нейкае здзіўленне. Нас у сваёй краіне называюць "нацыяналістамі", прычым гучьщь гэта амаль як "нацысты". Але пачакайце: калі мы не будзем "нацыяналістамі", дык нам i зусім няма патрэ-бы аб'ядноўвацца ў адну грамаду. Навошта тады ўсе гэтыя гульні "мы— беларусы"? Якія ж мы беларусы, калі наваг на дзяржаўным узроўні мову сваю не шануем? Таму i раблю я вывад: нам, як тым габрэям у пачатку ста-годдзя, трэба шукаць бацькаўшчыну. Калі гаварыць сур'ёзна, то трэба нам навучыцца "выжываць" ва ўмовах яе недастатковай прысутнасці. Мне ўсё болей i болей сяброў кажуць: "А навошта мы збіраемся ды беларускую мову вучым, дзе мы на ёй размаўляць будзем?" Я ўсім кажу: "Знойдзем, дзе i калі". Дарэчы, вялікім стымулам для нашых сяброў стаў прыезд гісторыка Алега Латышонка з Беластока, які завітаў у грамаду. Упершыню яны пачулі добрую, чыстую беларускую гаворку не ад мяне, а ад зусім новага чалавека. Я доўгі час гэта выкарыстоўваў даказваючы: "Бачыце, не адзін я на ўсім свеце на беларускай мове размаўляю. Бачыце, яшчэ ёсць жывая патрэба ў на-шай мове".
8. КЕПСКАЯ РАБОТА АКТЫВУ ІТБК
Што датычыцца апошняй праблемы, то яна мае як суб'ектыныя пры-чыны, так i аб'ектыўныя. Я, можа, не стаў бы i называць ix у сён-няшніх умовах. Toe, што мы ёсць, гэта ўжо вялікі крок наперад. Але каб працаваць больш актыўна, трэба мець нам больш часу. Бо ўсе мы дзесьці працуем, усе маем сем'і. Рознага клопату як заўжды хапае. Але толькі праводзіць святы— асабіста мяне гэта ўжо не задавальняе. Я хацеў бы стала, прафесійна працаваць на карысць нашай нацыі. Мне здаецца, што мена-віта цяпер, калі мы атрымалі сваю сядзібу, нам Бог дае шанц актывізаваць сваю дзейнасць, i калі мы яго не выкарастаем, то… не апраўдаем давер Бога. Я ўпэнены— хто змагаецца, той i перамагае! Беларусь— гэта святое! Таму — жыве Беларусь!
Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/
