|
Андрэй Котлярчун (Бранск, Расія)
НА СУМЕЖЖЫ ТРОХ СЛАВЯНСКІХ КУЛЬТУР: БЕЛАРУСЫ
БРАНСКАГА КРАЮ
ЭТНІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ I СУЧАСНАСЦЬ
Як вядома, аўтахтоннай этнічнай групай паўночна-заходніх раёнаў Бранскай вобл, з'яўляюцца беларусы. Гэты факт адлюстраваны на ўсіх навуковых этнаграфічных картах XIX—ХХстст. Напрыклад, "Дыялекталагічная карта рускай мовы ў Еўропе" (1964) выключав паўноч-на-заходнія раёны Браншчыны ca сферы вялікарускіх гаворак'.
Сучасная Бранская вобласць існуе толькі з 1944 г. Афіцыйны даведнік адзначае, што "да рэвалюцыі 1917 года Браншчына была падзелена паміж Арлоўскай і Чарнігаўскай губернямі" 2.1 тут памыляецца. Невялікі куток на захадзе, a менавіта Стара-Юркавіцкая воласць, была ў складзе "беларус-кай" Магілёўскайгуб., а да 1772г. — у складзе Вялікага Княства Літоўска-га 3. Калі бьшыя паветы Арлоўшчыны (сучасныя Бранскі, Дзяцкаўскі, Ка-рачэўскі, Камарычскі, Брасаўскі, Сеўскі раёны) кампактна заселены вялі-карусамі (рускімі), дык у паўночных паветах Чарнігаўшчыны i ўсходніх Магі-лёўшчыны назіраўся вельмі складаны этнічны малюнак. Дамінавалі тут беларусы, але побач жылі ўкраінцы, пераселеныя сюды ў час Гетманшчыны ў другой палове XVII—XVIII ст., рускія-стараабрадцы з Падмаскоўя, якія аселі ў канцы XVII ст., у мястэчках рысы аселасці традыцыйна жылі габрэі. Ме-навіта тут існаваў унікальны абшар сутыкнення i міксацыі трох усходнесла-вянскіх этнасаў. Першым аб гэтам падрабязна напісаў С. Максімаў Ён жа адзначыў што, жывучы побач, усе тры "рускія" народнасці захоўвалі свой этнонім i экзаэтнонім: "літвіны" (беларусы), "маскалі" (рускія) i "хахлы" (украінцы) 4. На сумежжы трох этнасаў натуральна ўзнікалі народныя жарты i кепікі з мовы i звычаяў суседзяў. Вось як, напрыклад, казалі рускія аб беларусах:
—И мертвый литвин дзекнет;
—Литва— беспятая, лапотница, мезговники, мякинники, белошапни-ки, магерки;
—Волынка да гудок, собери наш домок, соха да борона разорила наши дома.
У сваю чаргу беларусы адказвалі:
—Калі маскаль кажэ суха, то паднімайся да вуха, бо ён брэша;
—Ад чорта адхрысціся, а ад маскаля не адмоліся, ад маскаля палы урэ-зай ды хутчэй уцікай.
Этнічная прадгісторыя беларусаў Браншчыны звязана са старажытным племем радзімічаў, якое, згодна з летапіснымі i археалагічнымі дадзенымі, асела па рацэ Сож i ў міжрэччы Дняпра i Дзясны. Назва народнасці, як свед-чаць летапісы, пайшла ад імя галавы роду Радзіма, з якім яны прыйшлі ад "ляхов". Апошнім разам радзімічы згадваюцца ў крыніцах каля 1169 г. Ціка-ва, што ў першай палове XV ст. вялікі князь літоўскі Казімір пажалаваў свай-му дзядзьку, праваслаўнаму князю Міхайлушку Жыгімонтавічу (сыну забі-тага вялікага князя Жыгімонта) Бранскія землі княства. A менавіта Бранск заходні (на р. Нурэц) i Бранск усходні (на р. Дзясна), Сураж на р. Нарэў i Сураж на p. Іпуць, a таксама Бельск i Старадуб. Магчыма, на той час пра-васлаўнае насельніцтва Падляшша i Паддзясення яшчэ падтрымлівала ра-нейшыясувязі.
Да 1503 г. Бранскі край быў у складзе старабеларускага гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага. Потым— у складзе Расійскай дзяржавы. У 1619—1648 гг. паўночна-заходнія паветы Браншчыны (з гарадамі Старадуб, Почап, Трубчэўск, Мглін, Сураж) зноў увашлі ў склад ВКЛ. Дзеля "ордынацыі замков i вызначэня межы князства літовского" сюды прыбы-ла багата шляхты з-пад Вільні, Мазыра i з іншых месцаў Гарады пачалі атрымліваць прывілеі на магдэбурскае права. У гарадах будаваліся касцё-лы. Шмат беларускай шляхты з сялянамі аселі на малазаселеных землях Мгліна i Суража (сучасныя Мглінскі, Унечскі, Суражскі, Клятнянскі р-ны). Быў заснаваны новы гарадскі цэнтр— Пагар. Пасля Андрусаўскага пера-мір'я (1669) перасяленцы засталіся на Браншчыне, прымалі праваслаўе i прысягалі Расіі. Ix нашчадкі (Патоцкія, Есімантоўскія, Гудовічы, Барш-чэўскія, Жадкевічы, Карпінскія, Зубрыцкія, Лісоўскія, Мацкевічы, Яноў-скія, Тамашэўскія, Якімовічы, Фалькоўскія, Шчэрбы, Адамовічы) дагэ-туль жывуць на Браншчыне, некаторыя маюць старыя дакументы i радаво-ды. Доўгі час мястэчка Папова Гара (сёння Красная Гара) было асноўным уладаннем магілёўскіх праваслаўных уладык. У другой палове XVII ст. i да 1782 г. гэты рэгіён пераважна складаў вайскова-ўрадавую адзінку Ма-лароссіі ("Гетманшчыны")— Старадубскі казацкі полк. Цікава, што мо-вай канцьшярыі i царкоўнага справаводства ўвесь гэты час з'яўлялася ста-рабеларуская (стараўкраінская) мова,— факт, наогул не заўважаны сучас-нымі беларускімі даследчыкамі.
У канцы XIX — першай палове XX ст. заходняя Браншчына дала некалькі вядомых постацей беларускага нацыянальна-культурнага руху— перш за ўсё Марыю Косіч, Мікалая Галадзеда, Паўла Растаргуева. Пасля 1917г. (да 1926г.) гэтыя землі ўваходзілі ў склад Гомельскайгуб. РСФСР. На пачатку 30-хгг. у в. Антонаўка Краснагорскага р-на дзейнічала беларуская школка, якая ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі супраць усяго беларускага не дала асаб-лівага плену.
Складанасць палітычнай гісторыі прывяла да суіснавання некалькіх эт-нонімаў i экзаэтнонімаў беларусаў Браншчыны: хахлы, кацапы, тутэйшыя, літвіны 5. Этнонім беларусы народам не ўжываўся, бо тут у канцы XIX — пачатку XX ст. не было элітарнага нацыянальнага руху, а гэтыя землі ніколі не ўваходзілі ў склад БССР. Але аж да нашага часу сталыя жыхары ўсведам-лялі сваю этнічную адметнасць. Вось што казала ў 1985 г. старая беларуска сяла Балыкіна Почапскага р-на: "Іны завуцца москалі, так ix прозванье, у ix своі завідёнкі…. а ані нас кацапы, а мы іто не кацапы, мы не хохлы, не, мы толькі не ўкраінцы, не, мы пад шляхтай, вунь й лес панскій, і мы за панам, а на том дрэве паненка павесілась…" 6.
Сёння "беларушчына" Браншчыны— ужо гісторыя. Па дадзеных апош-няга перапісу 1989г. у Бранскай вобл, на амаль 1,5 мільёна чалавек жыло ўсяго 11299 беларусаў (0,77% ад усяго насельніцтва). Усе яны— выхад-цы з БССР. 3 ix роднай беларускую мову прызналі толькі 36,2%7. Коліш-нія беларускамоўныя жыхары паўночна-заходніх паветаў зразумела, ус-ведамляюць сябе рускімі. Асіміляцыя паскорылася яшчэ ў другой палове XIX ст., яна звязана з урбанізацыяй i будаўніцтвам Палескай (Бранска-Брэс-цкай) чыгункі. У 1897г. М. Косіч адзначыла, што мужчыны -літвіны пасля службы ў войску масава пераходзілі на рускую мову. Маладзіцы ўжо саро-меліся спяваць па-беларуску. У гарадах месцічы пачалі глядзець на сялян з пагардай: "Мужыкі дзекаюць да цекаюць, а в нас в гораде гаворят па-благородному" 8.
ДАСЛЕДАВАННІ
Трэба адзначыць, што этнаграфічнае вывучэнне беларусаў Бранскага краю добра распрацавана. Першая адпаведная манаграфія пабачыла свет наваг на золку развіцця этнаграфічнай навукі ва Усходняй Еўро-пе. У 1846 г. у Санкт-Пецярбургу была выдадзена малавядомая цяпер кніга "Апісанне Суражскага павета Чарнігаўскай губерні" (сучаснага Суражска-га р-на Бранскай вобл. Расіі). Яе аўтар— мясцовы шляхціц Г. Есімантоўскі, продкі якога аселі на суражскіх землях у пачатку XVII ст., калі гэты край зноў часова ўвайшоў у склад ВКЛ9. У гэтай працы ліберальны землеўла-дальнік шмат піша аб эканамічных шанцах роднага кута. У этнаграфічным раздзеле кнігі распавядалася аб мясцовых сялянах— "літвінах". Падкрэс-ліваліся этнічныя рысы адзення, якія відавочна адрознівалі літвінаў ад су-седніх вялікарусаў. Гэта— жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі— магерка. Сцвярджалася, што ў адрозненне ад "польскіх паноў" мясцовая шляхта размаўляла на мове сялян. Цікава, што тлумачачы незвычайную прывязанасць суражскай шляхты да родных маёнткаў, аўтар спасылаўся на выдатны помнік старабеларускага права Статут ВКЛ 1588 г.—яго артыкул 12 трэцяга раздзела 10.
Наступную працу аб "тутэйшых" беларусах "Беларусы Смаленшчыны з суседзямі" выдаў у 1882 г. вядомы рускі этнограф С. Максімаў. На падста-ве ўласных палявых пошукаў аўтар, здаецца, упершыню даказаў унікаль-насць паўночна-заходняга кутка сучаснай Браншчыны, дзе суіснавалі ўсе тры ўсходнеславянскія этнасы. Гаворачы аб беларусах, аўтар піша, што "паў-ночны кут Чарнігаўскай губерні (паветы Мглінскі і Суражскі) населены бе-ларусамі чыстага бяспрыкладнага тыпу, якія аднак з афіцыйным этнонімам "беларусы" не знаёмы, а называюцца "літвінамі". Па словах этнографа, ужо ў Бранску на кірмашы дамінавала белая магерка i кароткая вузенькая світка, па якой заўсёды пазнаеш беларуса.
Безумоўна, найзначнейшым даследчыкам беларусаў Браншчыны з'яў-ляецца М. Косіч (1850, с. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28.3.1911, там жа; па бацьку— Уладзімірава, па маці—Сілевіч) п. Яе по-стаць даўно ўжо патрабуе асобнай манаграфіі і, вядома ж, не месціцца ў ме-жы нашага артыкула. Адзначым толькі некаторыя яе рысы. Як сцвярджалі сучаснікі, "штуршком да этнаграфічнага вывучэння беларусаў было ў М. Ко-січ, так сказаць, пакрыўджанае пачуццё народнасці". Звычайна адзначаюць, што на выбар шляху М. Косіч паўплываў украінскі этнограф A. Русаў, які жыў у сяле Олешня ва ўкраінскай частцы Чарнігаўскайгуб. На нашу думку, магчымы таксама сувязі М. Косіч з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага, з якім яна не магоа не сустрэцца асабіста ў час вучобы ў Санкт-Пецярбургу. У 1870 г. побач з Косіч у суседнім Старадубе жыў i працаваў Францішак Багушэвіч. 3 другога боку, у с. Слабадзішча, стала пражываў Ігнат Гедройц. Усе працы М. Косіч праходзілі цэнзуру з вялікімі цяжкасцямі. Толькі з дапамогай ра-сійскага акадэміка А. Шахматава, які, дарэчы, увогуле шмат зрабіў для бе-ларусаў у 1901 г. у часопісе "Живая старина" друкуецца манаграфія М. Косіч "Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни". У 1902г. яна выйшла асобным выданнем у сталіцы i адразу была ўзнагароджана высо-кай адзнакай— залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Сёння гэтую працу, якая лічыцца класічнай у беларускай этнаграфіі, энцыклапе-дыяй жыцця беларусаў Браншчыны пачатку XX ст., абавязкова трэба пера-выдаць у Мінску.
Значны уклад у вывучэнне беларусаў Браншчыны зрабіў прафессар Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі А. Рубец. Нарадзіўся ён на Украіне, але яго дзяцінства прайшло ў Старадубе, a прозвішча Рубец належыць стара-свецкаму роду мясцовых мяшчан. У 90-х гг. XIX ст. А. Рубец страціў зрок i вярнуўся ў Старадуб. Тут ён назбіраў вялікую колькасць украінскіх і бела-рускіх народных спеваў (выдадзены бьші толькі ўкраінскія). У 1911 г. у Старадубе была надрукавана кніга А. Рубца "Паданні, легенды i сказы Стара-дубскай сівой мінуўшчыны", сёння практычна забытая. У гэтым выданні змешчаны дзве унікальныя легенды аб "літвінах" Бранскага краю. Першая, запісаная ў сяле Мядзведкава, прысвечана абрадам i звычаям народа. Другая, запісаная у сяле Літоўск, уяўляе сабой рыцарскую легенду, у якой дзей-нічаюць "літоўская каралева Ддвіга, мясцовая княжна Берута, яе дачка Ра-дзіслаўна, князь Сянчьша, рыцар Врата-Смеладовіч з-пад Вільні".
Вялікае месца ў даследаваннях выбранай намі тэмы займаюць працы прафесара Паўла Растаргуева. Нарадзіўся ён у Старадубе 30 чэрвеня 1881 г. у заможнай мяшчанскай сям'і. Пасля заканчэння Маскоўскага універсітэ-та застаўся там жа працаваць. Навуковыя інтарэсы П. Растаргуева бьші цал-кам засяроджаны на праблемах беларускага мовазнаўства. У 1918—1920 гг. ён чытаў курс па беларусазнаўству ў Беларускім народным універсітэце (Масква). У 1926 г. — асноўны дакладчык ад РСФСР у Мінску на славутай Акадэмічнай канферэнцыі па правапісу. У 20-я гг. П. Растаргуеў надрука-ваў шэраг кніг і артыкулаў прысвечаных беларускім гаворкам Браншчыны. Менавіта ён даў назву гэтым гаворкам: "северска-беларускія гаворкі" п. У 1928 г. у Ленінградзе апублікаваны цікавы артыкул П. Растаргуева "Да характарыстыкі гаворкі Старабудскага палка ў 18 стагоддзі" 13. У гэтай працы вырашаецца складанае мовазнаўчае пытанне: украінская ці беларуская гаворка гістарычна панавала ў Старадубе i наваколлі? Выкары-стоўваючы унікальныя матэрыялы —дакументы старадубскіх храмаў, мяш-чанскіх родаў, казацкай старшыны,—аўтар робіць вывад на карысць бела-рускай мовы: "Пры наяўнасці у гэтай пісьмовай мове значнай колькасці ўкраінізмаў (казацкая старшына была прышлая i ўжывала ўкраінскую мову). Мова насельніцтва ніколі не была ўкраінскай […], а беларускай з некато-рымі асаблівасцямі па свайму складу". Гаворка ідзе пра пісьмовую стара-ўкраінскую (старабеларускую) мову, якая была службовай мовай Стара-дубскага палка ў 1650—1782 гг. Больш таго, даследчык адзначыў, што ў ад-розненне ад кніг магістрата i палка метрычныя кнігі i царкоўныя акты піса-ліся на аснове беларускага дыялекта i не заключаюць у сабе ўкраінізмаў Як прыклад прыводзяцца словы: "Лявон, Адарка, Гарасім, унук, унука, удава, саракавуст".
Наступная важная для нас праца належыць вядомаму беларускаму этнографу Аляксандру Сержпутоўскаму Летам 1926 г. па заданию Інбелкуль-та ён адправіўся ў палявую экспедыцыю па ўсходніх паветах Гомельскай губ. РСФСР—сучасных Навазыбкаўскаму і Клінцоўскаму р-нахРасіі. Мэта падарожжа была такая: напярэдадні ўзбуйнення БССР даследаваць побыт i фальклор мясцовых беларусаў Этнограф праехаў па шляху Мглін — Сураж — Клінцы — Добруш, наведаў шмат вёсак. Стацыянарныя росшукі былі зроб-лены ў вёсках Пісарэўка i Краславічы, дзе вучоны запісаў узоры мовы, песні i паданні, апісаў вопратку, працоўныя прылады, будынкі. Была адзначана хуткая асіміляцыя беларускага насельніцтва: "… моладзь i тыя, хто пабываў на вайсковай службе, a таксама гараджане гавораць на мяшанай беларуска-рускай гаворцы […]. У Клінцах мяшанае насельніцтва: на першым месцы ідуць вялікаросы-стараабрадцы, потым габрэі i беларусы, але ў ix мове ўжо шмат рускіх слоў i зваротаў". Галоўныя вынікі А. Сержпутоўскага пацвяр-джаюць палажэнні працы філолага П. Растаргуева. На думку этнографа, ня-гледзячы на тое, што мясцовыя беларусы часцей называлі сабе "хахламі", або "казакамі", нічога ўкраінскага ў ix мове i культуры не было i ўсе дамі-нанты народнай культуры тут—беларускія 14.
Вынішчэнне беларускай гуманітарнай навукі ў сталінскія часы адмоў-на адбілася i на доследах беларусаў Браншчыны. Яны амаль цалкам спыні-ліся. Напрыклад, П. Растаргуеў, апынуўшыся ў канцы 30-хгг. на сціплай пасадзе загадчыка кафедры правінцыйнага Навазыбкаўскага педінстытута, не надрукаваў аб тутэйшых беларусах пры жыцці больш ніводнай працы. Толькі пасля яго смерці (31 сакавіка 1959 г.) у Маскве i Мінску выйшлі яго асноўныя працы15.
У навейшы час (50—90-ягп) вывучэннем беларусаў у Расіі (РСФСР) зай-маліся выключна філолагі. Паступова склаліся дзве навуковыя школы: "мас-коўская" і "ленінградская". Прадстаўнікі першай школы (К. Захарава, В. Ар-лова), як i ix папярэднікі, адносілі паўночны захад Браншчыны да арэала беларускіхгаворак 16. Ленінградская школа на чале з В. Чагішавай стварыла новую канцэпцыю, згодна з якой беларускія гаворкі Браншчыны— асобная група паўднёварасійскіх гаворак. Toe ж падкрэслівае польская калега В. Ча-гішавай, Н. Батожэк п. Ленінградскай школай падрыхтаваны вялікі слоўнік гаворак Браншчыны, але зыходны тэзіс істотна зменшыў, на нашу думку, яго навуковую каштоўнасць, таму што аўтары проста змяшалі вялікарус-кую, украінскую i беларускую лексіку Браншчыны ў адно18. Нарэшце, апошнім часам гісторыяй беларусаў Браншчыны зацікавіліся даследчыкі Беларусі. Унікальнью матэрыялы па старажытнай геральдыцы гарадоў Браншчыны апублікаваў А. Цітоў19. Шкада, што яны амаль не вядомы бранскім даследчыкам.
ПОМНІКІ КУЛЬТУРЫ
На паўночным захадзе Браншчыны паміж шматлікімі помнікамі рус-кай i ўкраінскай архітэктуры захавалася некалькі помнікаў беларус-кага дойлідства. Па-першае, гэта мураваныя касцёлы, узведзеныя ў 1618—1648 гг., калі захад Браншчыны зноў увайшоў у склад ВКЛ. На сён-няшні дзень існуюць: моцна разбураная Праабражэнская царква ("касцёл", як кажуць людзі) у Трубчэўску, пабудаваная ў 1640г., аб чым сведчыў надпіс на муры; значна перабудаваная царква св. Ганны ў Пагары (пачатак XVI ст.), таксама былы касцёл. У Трубчэўску захавалася "камяніца" XVIII ст.—помнік свецкай архітэктуры, тыповы для тагачасных Беларусі і Украіны. Выразныя рысы беларускай готыкі i барока маюць некаторыя праваслаўныя мураваныя цэрквы XVIII ст.: царква Пакрава ў в. Вітаўка Почапскага р-на (апош-няя трэць XVIII ст.); царква Дзмітрыя Салунскага ў в. Старое Задубенне Унечскага р-на (1780). Цікава, што ў XIX ст. на захадзе Браншчыны мясцо-выя землеўласнікі ўзводзілі сядзібныя праваслаўныя цэрквы цапкам у "кас-цельным" (раманскім ці гатычным) стьші. Гэта, напрыклад, мураваная царква Міколы Цудатворца ў в. Смалевічы Клінцоўскага р-на (1858), царква Праабражэння ў в. Тварышычы Жырацінскага р-на (сярэдзіна XIX ст.). Па-раўнальна мала захавалася драўляных храмаў пабудаваных у традыцыях беларускага народнага дойлідства. Гэта Троіцкая царква ў в. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на (1795—1797), царква Пакрава ў в. Высакаселішча Суражскага р-на (1761), царква Успення ў в. Красны Рог (1777)—у маёнтку вядомага рускага пісьменіка А. К. Талстога. Узорны помнік беларускага тыпу знаходзіўся ў прадмесці Навазыбкава—царква ў Людкаве (1754), якая была нядаўна спалена.
У бліжэйшы час трэба, відаць, устанавіць памятныя дошкі на ўсіх пом-ніках беларускай архітэктуры (шмат якім патрэбна i рэстаўрацыя), тым больш што з ix беларускім паходжаннем пагаджаюцца i расійскія даслед-чыкі.
У зборах бранскіх музеяў захоўваецца нямала твораў беларускага іка-напісу XVII—XVIII стст., народнай вопраткі, ручнікоў Нядаўна на месцы партызанскай стаянкі быў знойдзены беларускі друкарскі шрыфт.
Беларускаму грамадству трэба ўвекавечыць памятнымі дошкамі мясці-ны Браншчыны, звязаныя з вядомымі постацямі нацыянальнага руху— ура-джэнцамі тутэйшага краю. Маю на ўвазе М. Косіч (месца яе пахавання— разбураны Разрытаўскі манастыр у 6 км ад в. Расуха); П. Растаргуева (паха-ванны ў Навазыбкаве), М. Галадзеда (нарадзіўся ў в. Стары Крывец). У Ста-радубе нейкі час працаваў Ф. Багушэвіч. Там жа, у Кацярынскай турме, у цар-скія часы адбываў пакаранне Язэп Лёсік. Зрабіўшы такую справу, беларусы споўняць свой гістарычны абавязак.
Спасылкі:
1 Гл.: Русские / Под ред. В. А. Александрова, И. В. Власова, Н. С. Полищук. М, 1997. С. 94.
2 Административно-территориальное деление Брянского края за 1916—1970 годы: Историко-географический справочник. Брянск, 1971. Т. 1. С. З.
3 Карта Могилевской губернии / Сост. Н. Кудрявцев // Энциклопедический словарь Брокгаузаи Ефрона. СПб., 1896. Т. ХГХа. С.572.
4 Максимов С. В. Белорусы Смоленщины с соседями // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье. СПб., 1882. Репринт. Минск. 1994.
5 "Літвйны", жыхары Мглінскага, Унечскага, Суражскага раёнаў, верагодней за ўсё,— наш-чадкі выхадцаў з ВКЛ у 1 — й палове XVII ст.
6 BatoїekN. Leksykalne i semantyczne aspekty analizy porуwnawczej blisko pokrewnych gwar. Olsztyn, 1988. S. 15.
7 Народы России: Энциклопедия. М, 1994. С. 436.
8 КосичМ. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни. СПб., 1902. С. 106.
9 Гл.: Лазаревский А. Описание старой Малороссии: Материалы для истории заселения землевладений и управления. Киев, 1888. Т. 1. Полк стародубский.
10 Гл.: Статут ВКЛ. Мн., 1989. С. 118.
11 Сёння сяло Расуха знаходзіцца ва Унечскім раёне Бранскай вобл.
12 Расторгуев П. В. Северско-белорусские говоры: исследования в области диалектологии иистории белорусских говоров. Л., 1927; ён жа: Говоры восточных уездов Гомельской губернии в их современном состоянии. Минск, 1926.
13 Сборник отдела русского языка и словесности АН СССР. Л., 1928. Т. 101. № 3.
14 Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году. Менск, 1926; Касько У. К. Святлодалёкае зоркі. Мн., 1997.
15 Расторгуев П. А. Говоры Смоленщины. М., 1960; ён жа: Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973.
16 Захарова К. Ф., Орлова В. Г. Диалектное членение русского языка. М, 1970. С. 34.
17 BatoїekN. Leksykalne i semantyczne aspekty… S. 15.
18 Брянские говоры / Под ред. В. И. Чагишевой. Л., 1970-1975. Вып. 1^1.
19 ЦітоўА. Геральдика беларускіх местаў (XVI — пачатак XXст.). Мн., 1998.
Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1
БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/
