МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мікалай Улашчык як постаць беларускага замежжа: старонка з гісторыі дыяспары ў Маскве // Беларуская дыяспара як пасяродніца ў дыялогу цывілізацый

Аўтар: Каўка Аляксей
Кнiга: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў
Год: 2001
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Расія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Аляксей Каўка (Масква)
МІКАЛАЙ УЛАШЧЫК ЯК ПОСТАЦЬ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА: СТАРОНКА 3 ПСТОРЫІ ДЫЯСПАРЫ Ў МАСКВЕ *

Змагару за гістарычную праўду Беларусі" — гэткія словы палымнелі на жалобным вянку, прывезеным з Бацькаўшчыны ў Маскву на апош-няе развітанне з Мікалаем Мікалаевічам Улашчыкам 15 лістапада 1986г. яго духоўнымі вучнямі Генадзем Каханоўскім, Міколам Купавай, Арсенем Лісам, Аляксеем Марачкіным, Міхасём Ткачовым, Вячаславам Чамярыцкім.

Ад тае смутнае падзеі прамінула ладнавата часу. Адбылося i працягва-ецца вяртанне на радзіму нязвыклага маскоўскага Беларуса. Вяртаюцца яго добрае імя, культурны набытак, агалоўнае—Улашчыкавы ідэі нескажонае гісторыі Беларусь Аб уздзеянні яго творчае энергетыкі на сучасны нацыя-нальна-адраджэнчы рух у краіне сведчаць многія станоўчыя факты: Улашчыкавы чытанні з адпаведна выдадзенымі матэрыяламі, ажыўленне айчын-нага краязнаўства, якое ўвесь час не пераставала клапаціць нашага гісторы-ка; пабачыла ўрэшце свет яго запаветная кніжачка пра родную Віцкаўшчы-ну (Была такая веска… Мн., 1989). A нядаўна яшчэ адзін падарунак атры-маў беларускі чытач: Улашчыкавы каларытныя запісы пра студэнцкую ма-ладосць, пазнавальныя адысеі па роднай Беларусі i шырэйшаму свету (Края-знаўства. Нататкі пра бадзянні ў 1924—1929 гады. Мн., 1999). Колькі ж сонечнага святла i цяпла расцярушана на эсэістычных старонках i гэтае не-вялічкае зграбнае кнігі пра нашае Палессе— Мазыршчыну, Тураўшчыну, пра старажытныя Мсціслаў i Полацк, Банцараўскае гарадзішча пад Мінскам, пра спакойную Свіслач, імклівы Днепр. I ў завяршальных радках— прыто-ены смутак ад прадчування навіслай бяды, што неўзабаве абрынецца на га-лоўнага героя гэтага ўзрушлівага аповяду на яго універсітэцкіх сяброў (справа так званага "Саюза вызвалення Беларусі").

Працягваецца выданне археаграфічных, эпісталярных матэрыялаў ву-чонага (спецыяльны, "Улашчыкаў", выпуск "Беларускага гістарычнага аг-ляду". 1996. Т. 3. Сш. 1.; Мемуары i дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусь Мн., 2000). У працэсе гэтай, пераважна бескарыслівай, падзвіжніцкай працы вызначыліся імёны новых улашчыказнаўцаў— Уладзіміра Арлова, Яніны Кісялёвай, Віталя Скалабана, Генадзя Сагановіча…

Сапраўды, прыкметнасць Улашчыкавае постаці ў культуратворчай прас-торы Беларусі ўзмацнілася пасля перанясення з Масквы на радзіму (1987) яго праху'. Аднак варта памятаць i аддаць належнае тым нямногім упар-тым рыцарам Беларушчыны (часткова спомненым напачатку), хто i пры жыцці псторыка шчыраваў над азнаямленнем суродзічаў з яго неардынар-най асобай, наватарскімі працамі. Згадайма хаця б грунтоўную, не менш узрушлівую гутарку з М. Улашчыкам Эрнеста Ялугіна ў "Нёмане" (1981. № 4)— часопісе пад той час з унушальным, больш за сотнютысячным ты-ражом. Не заставаліся без грамадскага розгаласу i Улашчыкавы тэлевізій-ныя выступленні, што сталі магчымымі дзякуючы спрыянню тагачаснага гаспадара "тэле-радыё" Генадзя Бураўкіна, а найперш ініцыятывам Уладзі-міра Содаля, Вольгі Іпатавай (студыі "Роднае слова", "Ліра")—пра пашану да роднае мовы, да нашае спадчыны.

На давяршэнне тэмы вяртання—яшчэ адзін, асабліва знамянальны факт. Ужо два гады як адліты бюст Мікалая Улашчыка (кіраўнік праекта Анатоль Белы, скульптар Уладзімір Шатэрнік) і дастаўлены на Койданаўшчыну— родныя абсягі славутага навукоўца. Мясцовыя ўлады, мабыць, мяркуюць, як найлепш адкрыць помнік. Будзем жа верыць, што ў горадзе з "жалез-ным" прозвішчам Дзяржынск, не распешчаным, як i кожнае беларускае места i мястэчка, рукатворнымі нацыянальнымі сімваламі, у недалёкім часе пры-вабіць пагляды тутэйшага люду бронзавая фігура з цёплым прозвішчам бе-ларускім УЛАШЧЫК. Да таго ж i нагода спрыяе: 95-годдзе— 14 лютага 2001 г.— нашага славутага суайчынніка

Зразумела, "замежны" статус М. Улашчыка адносна Бацькаўшчыны вельмі ўмоўны. На пачатку 30-х ён прымусова быў выдалены з Беларусі, але да апошніх сваіх дзён жыў надзеяй вярнуцца на радзіму. Навуковая дзей-насць М. Улашчыка прайшла ў Маскве, у межах калісьці суцэльнае савец-кае прасторы, уключна з тагачаснай БССР. Але— характар яго прац, дас-ледчыцкай методыкі, не абцяжаранай партыйна-ідэалагічным дактрынёр -ствам, цалкам скіраваны на спасціжэнне ўласна беларускага сэнсу ў дзея-творчым працэсе. 3 гэтага гледзішча Улашчыкавы падыходы i распрацоўкі мінулага Беларусі прынцыпова розніліся ад афіцыйнае канцэпцыі з яе на-цьюнальным самапрыніжэннем, адмаўленнем многавекавых традыцый улас-нае дзяржаўнасці, палітычна -суб'ектнае ролі беларусаў у гістарычным развіцці. "Гэта ж трэба гэтак сябе не паважаць! — не раз з горкім сарказмам каментаваў гісторык падобнага кшталту публікацыі.—Скрозь, бачыце, нас, недарэкаў, няволілі польскія ды літоўскія феадалы, a маскоўскія— баранілі, вызвалялі. I на такой вось лухце,— не стрымліваў абурэння ў размовах,— узгадоўваюць школьнікаў студэнтаў, будучых гісторыкаў".

Даследчыца гістарычнае думкі сярод беларускае эміграцыі на Захадзе слушна звяртае нашу ўвагу на яе альтэрнатыўнасць "бээсэсэраўскай" гіста-рыяграфіі—прыкладам, у пытаннях балцкага субстрата ў этнагенезе бела-русаў, нацьюнальна-беларускае адметнасці ВКЛ, дзяржаваўзнаўленчае ролі БНР, каланіяльнае палітыкі расійскага самадзяржаўя на Беларусі i г. д.2.

Альтэрнатыўнымі ў сваёй аснове з'яўляюцца i працы Улашчыка— найперш дзякуючы пазітыўнай распрацоўцы многіх фальсіфікуемых або цалкам за-моўчваемых праблем мінулага. Талент ад Бога, ад бацькоў прафесіяналізм, сумленнасць у спалучэнні з грамадзянскай мужнасцю — вось якасці, што забяспечвалі яму ўнутраную незалежнасць пры татальным заложніцтве гра-мадскіх навук у адміністрацыйна-каманднай сістэме, грамадскае прызнан-не яго працам.

Толькі пералік буйнейшых манаграфічных штудый гісторыка ўжо ўраж-вае сам па сабе: аб аграрных адносінах у Літве i Заходняй Беларусі напярэ-данні скасавання прыгону (1861); па археаграфіі i крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду; пра "Хроніку Быхаўца", наогул пра бела-руска-літоўскія летапісы— уключна з двума асобнымі тамамі саміх летапіс-ных крыніц; не кажучы пра шматлікія артыкулы, рэцэнзіі на малавывуча -нью або цалкам не распрацаваныя, яшчэ горш, тэндэнцыйна інтэпрэтуемыя праблемы нацыянальнае гісторыі (беларускае тапанімікі, айчыннага кніга-друку, старажытнага адзення, паўстанцкіх падзей 1863 г., спецыфікі мясцо-вае (аўтахтоннае) шляхты, стэрэатыпна ўважанай многімі даследчыкамі за наплывовую, польскую, стан пісьменнасці ў дарэвалюцыйнай Беларусі i г. д. Усё разам узятае3 нагадвае аб існаванні ў абсягах расійскай гістарычнай навукі беларускае школы Улашчыка, якая функцыянавала ў асобе аднаго-адзінага настаўніка. Уладныя начальнікі ад навукі ў самой Беларусі, захоп-леныя шчыраваннем над гістарычнай місіяй КПСС у лесе беларускага народа, пад той час ніколькі не парупіліся аб напаўненні гэтае унікальнае школы дастойнымі вучнямі 4. Тым не менш, школа здзейснілася, стаўшы годным працягам i абагачэннем беларусаведных традыцый расійскіх або расійска-беларускіх гісторыкаў К. Любаўскага, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і адначасова— аканчальным ачышчэннем гэтых традыцый ад налёту заход-нерусізму— даніны свайму часу.

Улашчыкава самабытная i незалежная прысутнасць на расійскім навуко-вым палетку ніколькі не ўшчупляе, хутчэй узбуйняе яго ўласна беларускі статус, замацаваны за ім у энцыклапедычных даведніках Беларусі— не толькі ў якасці гісторыка, але i этнографа, фалькларыста, бібліёграфа, урэшце—літа-ратара. Дарэчы, яго пісьменніцкі талент яскрава пасведчваюць згаданыя на пачатку краязнаўчью нарысы i не менш выразна—успаміны, замалёўкі з пе-ражытага пад сукупнай назвай "Хроніка". Многае з гэтага унікальнага на-бытку прадстаўлена, побач з навуковымі працамі, у адмысловым томе "Выбранных твораў" М. Улашчыка, прынятым да выдання ў пашанотнай серыі выдавецтва "Беларускі кнігазбор".

Адносна "маскоўскае прапіскі" нашага суродзіча напрошваецца адно абагульняючае меркаванне. I зместам сваіх прац, i лініяй, стылем па-водзін—дастаткова таварыскім, камунікатыўным, але i няўступліва-ўпар-тым, калі тое выклікалася інтарэсамі навукі, М. Улашчык з сваім "тихим белорусским упрямством" (акад. М. Ціхаміраў) стаў у вачах расійскіх ка-лег пэўным тыпалагічным увасабленнем беларускага чалавека. Асобай, аднолькава паважанай як за свае яскравае нацыянальнае самавыяўленне, так i за шырокую ўспрымальнасць рускае, сусветнае культуры. Натуральна, што i магутны беларусазнаўчы патэнцыял нашага земляка-выгнанніка здзяйсняўся найчасцей у атмасферы разумения i падтрымкі з боку рускіх людзей, вядомых гісторыкаў М. Беражкова (навуковы кіраўнік Улашчыка-аспіранта), М. Дружыніна, названага М. Ціхамірава, М. Нечкінай, A. Зімі-на, В. Пашуты. Падтрымкі не толькі яго навуковых пошукаў і адкрыццяў але i чалавечае спагадлівасці да прытоенае псіхічнае раны ў глыбінях душы гэтага прываблівага сваёй цягавітасцю, зазвычай немітуслівага маўчуна-беларуса. Пра гэтую таварыскую чуласць нядаўна нагадала нам у сваіх успамінах Г. Харашкевіч, якая добра ведала М. Улашчыка па супольнай рабоце ў Інстытуце гісторыі: "… вечным яго болем было тое, што ён не мог пераехаць у Мінск. "Мяне там не хочуць",—гаварыў нам. Ён расказ-ваў, што прэзідэнт АН БССР вылучаў персанальную стаўку i нават, здаец-ца, кватэру, але непрыняцце свабодамыснага беларуса на яго радзіме было трывалым i ўпартым ды бясконца абражальным для сапраўднага патрыё-та Беларусь Мікалай Мікалаевіч належаў да пакалення, на долю якога выпалі незлічоныя пакуты, але ён змог вытрываць… I ў гэтым галоўны ўрок яго жыцця. Для ўсіх, хто ведаў яго, ён застанецца узорам прыстой-насці і сумленнасці — у жыцці і навуцы" 5.

Не менш уражвае шчырае слова-ўспамін з таго самага пабрацімскага атачэння—В. Буганава, кіраўніка аддзела крыніцазнаўства дакастрычніц-кага перыяду, у якім і працаваў Улашчык: "… мы, калегі і сябры, любілі, шанавалі яго. Ён служыў нам узорам у навуцы, жыцці, ствараў сярод нас асаблівы маральны клімат, мяккі, добразычлівы, чалавечы… У дзень 80-год-дзя ў інстытуце адбылося ўшанаванне М. М. Улашчыка. Прысутнічала да-волі многа калег, сяброў, прыхільнікаў масцітага вучонага. Было шмат вы-ступленняў са словамі ўдзячнасці слаўнаму сыну беларускага народа. Мы ўсе, i гэта адчувалася па атмасферы, што панавала ў зале, перажывалі па-чуццё гонару за Мікалая Мікалаевіча і Беларусь, якая вылучыла такога цудоўнага вучонага, чалавека, нашага пабраціма, асобу светлую i неза-быўную" 6.

А што наш юбіляр? Падзякаваўшы прысутным за давер, увагу, ён павёў кранальную размову пра бацькоўскі кут, пра трапяткія, не пабляклыя ў па-мяці юначыя перажыванні-ўражанні ад Скарыніцкага лесу па дарозе з Сен-ніцы на Віцкаўшчыну, перапоўненага залівістым птушыным рознагалос-сем. 3 непрытоеным сумам канстатуючы, пад завяршэнне, няўхільнае, ад "прагрэсу", збядненне, асірачэнне прыроды i на радзіме, i тут, у ваколіцах агромністае Масквы. Гэты светла-шчымлівы, несціханы ў сэрцы покліч роднае зямлі скрозь чуцён у яго лістах на Бацькаўшчыну Як вось у гэтым, адным з апошніх, пасланых да сястры Вольгі Мікалаеўны ў Мінск (май 1986 г.) з падмаскоўнага рэабілітацыйнага санаторыя "Успенскае": "Учора я пайшоў, пайшоў, перабраўся праз мост на другі бераг [ракі]. Ішоў i зайзд-росціў Людзі скрозь длубаюцца ў зямлі, кідаюць гной, робяць грады, у бліжніх агародах ужо падраслі пер'і цыбулі. Успомніў 1921 [г.], калі вяс-ною пайшоў араць, як хораша было ісці за плугам i адчуваць холад, а ззаду гракі i гракі, a ўверсе сотні жаваранкаў На Нарачы я чуў пару жаваранкаў, a ва ўсім Падмаскоўі—ні разу [не чутно спеўных птушак-вяснянак i значна далей, у разложыстых палях Тульшчыны, за Акой.—А. К]. Трэба заносіць у Красную кнігу ці проста закупіць за граніцаю. Між іншым, у Васільева (надта цікавая кніга) прачытаў што на Палессі ў разумнага старшыні калга-са, які забараніў хімікаты i карыстаецца толькі гноем, усе ваколічныя звяры i птушкі збегліся i зляцеліся ў гэты неатручаны аазіс"7 .

Вяртаючыся да ўспрымання М. Улашчыка маскоўскім навуковым ася-роддзем, трэба таксама спаслацца на трапныя назіранні, роздумы над Улаш-чыкавай постаццю іншых вядомых расійскіх вучоных— археолага Л. Аляк-сеева 8, гісторыкаў С. Шміта, У Кучкіна, І. Касцюшкі 9, доктара тэхнічных навук, спецыяліста па беларуска-літоўскай генеалогіі, прафесара А. Нарбу-та 10, філолага Ю. Лабынцава.

У расійскім кантэксце нашага суайчынніка трэба, нарэшце, згадаць адну сапраўды лёсаносную падзею ў яго жыцці—сустрэчу ўлетку 1935-га, у Бы-хаве, на радзіме студэнцкага сябра Сяргея Шутава, з маладой ленінградкай Наталляй Маркаўнай Шамарынай (1907—1985), навукоўцам-фізіёлагам, ад-данай, да скону, абранніцы рыцара Беларусі i беларушчыны. Яе жаночая ахвярнасць, празорлівасць былі незаменнымі, часам проста ратавальнымі на цярністым, пакутным шляху мужа. У многім дзякуючы жонцы, яе сяб-роўцы Надзеі Міхельсон, a праз ix— хадайніцтву акадэміка Л. Арбелі, віцэ-прэзідэнта АН СССР, М. Улашчыка, безнадзейна хворага, вычарпанага фізічна, асуджанага на скананне вязня ў канцы 1942 г. раптам дачасна вы-зваляюць з-за калючага дроту; годам пазней ён, з большага акрыялы, з рэка-мендацыяй таго ж Арбелі падаецца ў Маскву для наступления ў аспіранту-ру Інстытута гісторыі. Так распачаўся запознены шлях у навуку М. Улашчыка, пазней, у 1950-м, зноў, у чацвёрты раз, гвалтоўна абарваны, амаль на цэлую пяцігодку, гулагаўскім канвоем.

Такім чынам, расійскі раздзел у драматычным жыццярысе "свободолюбивого белоруса" ў многім павучальны, сімвалічны. Прынамсі, з агуль-нейшага бачання ўзаемаадносін i асобных людзей, i народаў-суседзяў Калі яны, узаемадачыненні, вольнью ад вялікадзяржаўнае пыхі, ад усялякіх шаві-ністычных памкненняў, могуць быць сапраўды шчырымі, братэрскімі, здат-нымі справай гарманізаваць i роднасць, i адрознасць, i раўнапраўе, i непад-робную прыязнь бакоў

Істотная i наступная акалічнасць. Выйсце, узнанне Улашчыка у міжна-родным навуковым свеце адбывалася з расійскага інфармацыйнага поля. Адсюль яго наватарскія працы пра Беларусь разыходзіліся па буйнейшых кнігасховішчах, даследчых асяродках тагачасных савецкіх рэспублік, а так-сама Цэнтральна-Усходняй i Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі, выклі-каючы немалы розгалас. Прыкладам, толькі "Нарысы па археаграфіі i кры-ніцазнаўству…" (1973) спарадзілі каля двух дзесяткаў рэцэнзій у рускім, беларускім, украінскім, літоўскім, польскім, чэшскім, англійскім, амеры-канскім (ЗША) друку. Гэтая, на свой лад энцыклапедычная беларусазнаў -чая праца ў значнай ступені спрычынілася i спрычыняецца да ўзнаўлення нескажонага, аб'ектыўнага аблічча беларускае краіны, прыцярушанага, праз доўгія сталецці, пьшам тэндэнцыйных, a здаралася, проста фальсіфікуе -мых інтэрпрэтацый з боку сумежных, найчасцей расійскіх i польскіх, гісто-рыкаў i палітыкаў 11.

Наогул працы Улашчыка адкрывалі свету i саму Беларусь, i яе гістарыч-ную панараму, багатую спадчыну, традыцыі развітой духоўнай i палітычнай культуры, вопыт яе адносін з іншымі краінамі і народамі, многавекавога змагання за сваю незалежнасць, а нярэдка— за нацыянальнае самавыжы-ванне як такое. Наш гістарыёграф-майстар крыніцазнаўчага аналізу разам з іншым пераканаўча адвёў як надуманыя, матываваныя палітыкай міфы аб місійнай ролі царскай Расіі на беларускіх землях, агаляючы ісцінную, не раз трагічную цану, якую мусілі плаціць беларусы за прымусовае апякун-ства збоку.

Глыбокі знаўца свае справы, чалавек-легенда, Улашчык быў фігурай надзвычай прыцягальнай для многіх даследчыкаў, рупліўцаў беларускае думкі, асабліва для нацыянальна свядомай моладзі, якая ў глухія часы застою, асімілятарскага шалу ў БССР мужна перахоўвала адраджэнскі сцяг, каб разгарнуць, высока ўзняць яго ў новым вызвольным паходзе. Да Улаш-чыкавае ідэальнае Беларусі былі працягнуты нябачныя жывыя ніці ад многіх калег-навукоўцаў, пісьменнікаў мастакоў з розных куткоў планеты. Скажам— ад Янкі Запрудніка з Нью-Йорка, Аляксандры Бергман, Юркі Туронка з Варшавы, Антона Антановіча, Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) з Вільні, Сяргея Шутава, Валянціна Грыцкевіча з Ленінграда, Юзіка Бара-ноўскага з Казахстана, Льва Барага з Уфы, Янкі Бялькевіча з Мелітопаля. Хінуліся да яго мудрае i чулае істоты маскоўскія беларусы ўключна з імё-намі таксама значнымі на кулыурнай ніве Бацькаўшчыны,— Канстанцыі Буйло, Міхайлы Грамыкі, Валянціны Шчадрыной. Нямала запамінальных сустрэч з Улашчыкам, Улашчыкавай Беларуссю пашчасціла перажыць i аўтару гэтых радкоў a пазней пераказаць чытачам настрой i змест тых нязмушаных, даверлівых роздумаў магутнага віцкаўца пра нашае роднае, трывучае, неўміручае п.

Калі ж казаць пра ўласна беларускі абшар, паштовая карэспандэнцыя склала некалькі дзесяткаў аб'ёмістых папак Улашчыкавай эпісталярыі, пе-рададзенай яго сынам Аляксандрам, разам з усім бацькавым архівам, на захаванне ў Цэнтральную бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусь Нам ужо даводзілася закранаць, збольшага, эпісталярную частку твор-чай спадчыны Мікалая Мікалаевіча 13. Прыкметную i бясцэнную нястры-маным, гарачым пульсаваннем на яе старонках шматмернае, невычэрпнае беларускае думкі, беларускае духоўнасці, разамкнутай як найшырэй у міжна-роднай гісторыка-кулыурнай прасторы. Гэтым жа разам хацелася б пад-крэсліць выключную чуласць, здзіўляючую абавязковасць вучонага ў абы-ходжанні са сваімі карэспандэнтамі. Практычна аніводзін сігнал з бацькаў-шчыны не пакідаў ён без належнага водгуку.

Вось, прыкладам, спавядальны, ледзь не "аварыйны" сваім псіхілагіч-ным напружаннем ліст М. Ткачова, выкладчыка-гісторыка Гродзенскага уні-версітэта (былога педінстытута) ад 25 мая 1979 г.: "Мне няма больш да каго звярнуцца, акрамя Вас, за парадаю адносна таго, якія тэмы найбольш важ-ныя для распрацоўкі нашай гісторыі, чым грунтоўна заняць студэнтаў, га-дуючы з ix думаючых людзей. Тую паклю, якой тут ім забіваюць галовы (а сярод ix ёсць талковыя), не ўспрымаю" (АК).

Рэакцыя з Масквы— неадкладная. Але замест дэталізацыі пытання (на-звы канкрэтных тэмаў) вядомы крыніцазнаўца-фундаменталіст, ён жа да-сведчаны педагог-практык, робіць акцэнт на выйсцевым і, мабыць, галоў-ным пункце навучання будучых спецыялістаў-гісторыкаў, на фарміраванне ў ix зацікаўлення першакрыніцамі, што, у сваю чаргу, патрабуе належнае моўнае падрыхтоўкі: "Пра студэнтаў, якім абы скончыць,— гаварыць не будзем, а пра тых, з якіх нешта будзе, трэба клапаціцца… Дбайныя студэнты з першага ці другога курса бяруць тэмы, якія пазней робяцца курсавымі, a яшчэ пазней дыпломнымі, a пасля дысертацыямі. Добра, каб i ў Вас пай-шо так. Якія варта даваць тэмы? Тут шмат што ўпіраецца ў польскую мову. Абавязкова трэба прымушаць перспектыўных студэнтаў вучыць польскую мову, бо без гэтага надта шмат крыніц нельга ім рэкамендаваць. Дарэчы, трэба увесь час тлумачыць, што вывучыць мову проста. Колькі ўжо чуў ды i на сабе выпрабаваў, што трэба пачынаць чытаць Сянкевіча, яго трылогію ў арыгінале, іншае прыкладзецца. Трэба рэкамендаваць: нямецкую, бо ў свой час у Каралеўцы (Кёнігсбергу) выйшла шмат каштоўных прац, якія нам трэба ведаць" 14.

Не адзін з даследчыкаў асабліва з ліку апанаваных новымі ідэямі, не раз "канфліктнымі" з традыцыйнымі трактоўкамі, імкнуўся ў сваіх пошу-ках заручыцца досведам, думкай Улашчыка. Так бьшо i з наватарскай вер-сіяй старажытнае Літвы Міколы Ермаловіча, якая прабівалася на Божы свет з немалымі перашкодамі i толькі праз трыццаць гадоў была абнародавана спецыяльнай брашурай. A між тым яшчэ ў студзені 1969г. нястомны руплі-вец з Маладзечна паслаў вядомаму земляку ў Маскву свой рукапіс "Па сля-дах аднаго міфа" з просьбай выказаць адпаведнае меркаванне. Адначасова гэты ж зварот падтрымоўвае i акадэмік Пятро Глебка, зацікаўлены думкай Улашчыка— наколькі доказныя Ермаловічавы высновы і, адпаведна, "ці мэтазгодна ix ставіць на шырокае абмеркаванне" (АК). Улашчык увогуле падтрымаў неардынарнае памкненне малодшага калегі, хаця i не ўтаіў пэў-нага сумневу наконт яго погаяду на месцазнаходжанне летапіснае Літвы (Верхняе Беларускае Панямонне, XI—ХІПстст.). Адных звестак старажыт-нарускіх, якімі пераважна абгрунтоўваў аўтар свае довады, было, на думку Улашчыка, замала. Паўставала патрэба, дзеля пераканаўчае доказнасці, глыбей скарыстаць даныя археалагічнае навукі, не выключаючы спецыяльных археалагічных раскопак на месцы пошукавае "Літвы", а таксама— у выву-чэнні адпаведных лацінамоўных, старанямецкіх, старалітоўскіх крьшіц. Свае развагі над узнятым пытаннем Мікалай Мікалаевіч i выказаў у грунтоўным лісце (люты 1969 г.): "Шаноўны Мікалай Іванавіч, узнятая Вамі праблема вельмі складаная. Па сутнасці, яна распадаецца на некалькі меншых, кожная з якіх вымагае спецыяльных доследаў Як мне здаецца, цэнтральным з'яўляецца пытанне адносна тэрыторыі, на якой жыла тая Літва, што дала назву народу i дзяржаве. Па-другое, трэба больш-менш дакладна вызна-чыць час, калі балцкае насельніцтва гэтага раёна было асімілявана нашымі прыходамі. Калі гэта будзе зроблена, рэшту будзе вырашыць значна прас-цей" (АК).

Затое адразу i безагаворачна абодва вучоныя сышліся ў поглядзе на ас-ноўную дзяржаватворчую ролю старажытнага Новагародка ў станаўленні Вялікага Княства Літоўскага. "Калі была каланізавана тэрыторыя Літвы? Крыніцы гавораць, што першаю сталіцаю Літвы быў Навагрудак (Нава-грудчане завуць гэты горад Наваградак), але сучасная літоўская i польская гістарыяграфія адмаўляе гэта. Адмаўленне гэта ў вельмі значнай частцы мае "патрыятычны" характар, бо літоўцам здаецца абразлівай думка, што ix першая сталіца была заснавана не на літоўскай тэрыторыі. Я кепска ведаю археалогію Літвы на сённяшні дзень, але да нядаўняга яшчэ часу было вя-дома, што ў Жэмайціі наваг у сярэдзіне XVIct. не было гарадоў у поўным сэнсе гэтага слова, [гэта значыць] паселішчаў дзе б насельніцтва займалася галоўным чынам гандлем i рамяством. Зараз шмат капаюць у Вільні, але я таксама не ведаю, [ці] удакладнілі час, калі Вільня стала горадам. Магчыма, значна пазней, чым Навагрудак. A паколькі сталіцы засноўвалі ў найбольш эканамічна развітых гарадах, то пэўна можна заставацца пры старым поглядзе, што першаю сталіцаю такі быў Навагрудак" (АК).

Творчыя ўзаемадачыненні, не пазбаўленыя пэўнае палемічнасці, двух магутных гістарычных постацей— Улашчыка i Ермаловіча— заслугоўвалі б асобнага разгляду. Тут зазначым толькі, што Мікалай Мікалаевіч добра ра-зумеў нутрана падзяляў шляхетнае, дзёрзкае парыванне свайго суродзіча "паказаць усю безгрунтоўнасць міфа аб літоўскім заваяванні" Беларусі, высакароднасць яго выкліку, кінутага айчыннай гістарыяграфіі: "Мы i так спазніліся. Чатырыста гадоў нас, беларусаў, водзяць за нос літоўскім завая-ваннем i прадаўжаюць вадзіць, а мы не толькі не аспрэчваем гэтага, а самі паўтараем [заезджаныя?] байкі" (з ліста М. Ермаловіча да М. Улашчыка ад 6 сак. 1969 г. —АК).

Напэўна, несправядлівым, перабольшаным было падазрэнне Міколы Іванавіча наконт зайдрасці яго старэйшага таварыша па цэху гісторыкаў— маўляў тое, што мог зрабіць ён, Улашчык, у адкрыцці старажытнае Літвы на ўласна беларускіх землях, адкрыта кімсьці іншым (з ліста да Міхала Бе-лямука ад 15 крас. 1988 г.15). Хаця i аўтар "Старажытнае Беларусі" добра ўсведамляў i высока цаніў ролю i месца гэтай неардынарнай асобы ў бела-рускай навуцы. Пра тое найлепш сведчаць Ермаловічавы рэцэнзіі на Улаш-чыкавы працы аб летапісах, прачулае слова на яго 70-годдзе ў часопісе "Беларусь" (1976. № 3; нататка, на жаль, не адлюстравана ў біябібліяграфіч-ным паказальніку М. Улашчыка), цёплыя лісты i паштоўкі на той самы мас-коўскі адрас на працягу 70-х — пачатку 80-хгг. Як, урэшце, i гэты востры i ўдзячны водгук на Улашчыкаў крытычны разгляд універсітэцкага падруч-ніка па гісторыі Беларусі (Нёман. 1983. № 3): "Добра, што ёсць каму схапіць фальсіфікатараў за руку"16.

Аднак пры ўсёй значнасці i неадкладнасці сцісла навуковых праблем, тыя не вычэрпвалі i не высушвалі жывога, дасціпнага розуму абаяльнага чалавека. Прываблівала таксама яшчэ адна якасць Улашчыкавае натуры — каларытнай спалучанасцю ў ёй высокага акадэмізму i практычнага жыцця-любнага, зноў жа гісторыкаацэначнага стаўлення да навакольнага свету. У гэтых адносінах многа цікавага, непаўторнага нясуць у сабе Улашчыкавы краязнаўчыя працы, роздумы-меркаванні— шчодра расцярушаныя на ар-кушах яго перапіскі. "Пазнай свой край— любі свой край!"— пад гэтай ці падобнай незнарочыстай шапкай калісьці збяруцца i надрукуюцца яго думкі-іскрынкі—накшталт тых, што выпраменьваюць з разваг над лістом школь-ніка-краязнаўцы Алеся Навіцкага ca слынных Гудзевічаў на Мастоўшчыне: "Якія збіраць матэрыялы? У Вас, так разумею, сабраны экспанаты пра старую вёску, але міне 50 гадоў і ўсё, што мы бачым вакол сябе, стане мінулым i Вашы дзеці будуць слухаць Вашу гаворку як нешта амаль фантастычнае. Таму добра заставіць для будучых людзей як мага лепш арганізаваны паказ сённяшняга дня. Калісь я пісаў, што трэба як мага больш фатаграфаваць хаты, аборы i г. д. на розных стадыях ix пабудовы. Трэба збіраць усякую дробязь (зараз дробязь), посуд, варта сабраць пугі, якія ёсць у пастухоў (да-рэчы, даўно прабую дастаць троха пянькі, каб звіць адмысловую кручкава-ную пугу i здаць у музей, але нідзе ні пянькі, ні наваг ільну" (ліст датаваны 19сак. 1986г.—АК).

У такім двухіпастасна-цэльным стане даследчыка i творцы гісторыі яго i заспелі за рабочым стадом апошнія хвіліны жыцця. На валіку пішу-чае машынкі засталася незавершанай старонка пра Літоўскі статут 1529 г. п, побач, на падваконніку,— кавалачак пугі-навіванкі, плеценай вучоным з пянькі, дасланае гудзевіцкімі вучнямі. Падагульненні? Высновы? Маг-чыма, найлепшым развязаннем таго i другога будзе кніга ўспамінаў пра Мікалая Улашчыка, плануемая Нацыянальным навукова-асветным цэнт-рам імя Ф. Скарыны. А пакуль што абмяжуемся невялічкай вытрымкай з будучага выдання: "Калі мне часам бывае цяжка, я кожны раз успамінаю пра тое, з якою сілаю Мікалай Мікалаевіч пераадольваў цяжкасці прыму-совага адлучэння ад роднага краю, як ён апантана наганяў у працы тыя гады, якія ў яго адабралі. Адразу ў самога прыбывае моцы. Так, ён са-праўды быў i застаецца маяком для нас усіх, хто ведаў яго, прыкладам самаахвярнасці i мэтанакіраванасці" 18.

Цяжка, часам да безнадзейнасці роспачна бывае і, пэўаа, будзе не адна-му з нас— шукальнікаў Беларускае Праўды на ростанях зямных i касміч-ных (траплялі ж у кос мае i беларусы…). I тады ў самы раз азірнуцца на таго Чалавека, каму было намнога цяжэй, безвыходней. Які, аднак, вытрываў, выжыў перамог— на цярністым шляху да Бацькаўшчыны-Беларусі.

Спасылкі:

* Па просьбе аўтара рэдкалегія пакідае яго адметны стыль.

1 СагановичГ. "Я всё-таки что-то сделал" // Нёман. 2000. № 4. С. 179.

2 Сяргеева Г. Г. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях нацыянальнай эміграцыі // Беларусіка = Albarathenica. Мн., 1995. Кн. 5. С 45 i інш.

3 Гл.: УлашчыкМ. М. Біябібліяграфічны паказальнік / Склад. КаўкаА. К., СкалабанВ. У., ЧыгіроваР. М. Мн., 1996.

4 "Я на пенсіі, кансультант,— з сумам прызнаваўся М. Улашчык у лісце да латышскага гісто-рыкаП. Строда 19красавіка 1983 г.— На жаль, пасля сябе нікога не пакідаю. Тыя, хтоў ней-кай меры займаюцца маімі праблемамі,— не тое: Беларусь для ix толькі прадмет вывучэння". Далей— пра свае няпростыя адносіны з гісторыкамі БДУ: "У мінулым годзе універсітэт у Мін-ску выпусціў вучэбны дапаможнік для студэнтаў гуманітарных факультэтаў рэспублікі пагісторыі Беларусі дасавецкага перыяду. Такой макулатуры даўно не бачыў Аблаяў кнігу, аледалікатна, цяпер іначай нельга" (гл. рэц.: УлашчыкМ. "Гісторыя с… "Историей" // Нёман.1983. № 3. С. 168-171).

5 Беларускі гістарычны агляд. 1999. Т. 6. Сш. 1—2. Снеж. С. 247.

6 Русь — Литва — Беларусь: Проблемы национального самопознания в историографии и культурологии: По материалам Международной научной конференции, посвященной 90-летиюН. Н. Улащика (Москва, 1 февраля 1996г.). М., 1997. С.21.

7 Ксеракопія ліста ў асабістым архіве аўтара артыкула (далей спасылкі на падобныя крыніцыпа ходу тэксту пазначаны АК).

8 Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. З. Сш. 1. Трав. С. 107-109.

9 Русь — Литва — Беларусь. С. 6-14, 35^19, 50-56.

10 Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. З. Сш. 1—2. Трав. С. 128—131.

11 М. Банкоўскі, беларусістка са Швейцарыі, вывучаючы тэму адлюстравання Беларусі ў ма-тэрыялах заходніх гісторыкаў i падарожных у XIX — пачатку XX ст., трапна i дакладна зазна-чыла вострую праблему безыменнасці, "анамістычную мімікрыю" гэтае краіны, пераважна заслоненай у адпаведных публікацыях "імёнамі больш магутных суседзяў" // Кантакты i ды-ялогі. 2000. № 6. С 34.

12 КаўкаА. Казаў Улашчык // КаўкаА. Будам жыць! Мн., 1998.

13 КаўкаА. Гісторык — мысляр — патрыёт… // Літ. i мастацтва. 1999. Ібліп.

14 Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3. Сш. 1. Трав. С. 83.

15 Полацак. 1991. № 6-7. C.37.

16 Полацак. 1991. № 6-7. С.39.

17 Артыкул надрукаваны пасля смерці аўтара: Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3. Сш. 1. Трав. С. 7-17.

18 ГрыцкевічВ. Застаўся маяком // Тамсама. С. 120.


Крыніца: Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2001 г., ISBN 985-6638-15-1

БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ—БІБЛІЯТЭКА: http://kamunikat.net.iig.pl/



У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by